Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Опса, аг., Браслаўскі раён

 

Назва Опса
Адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка  аграгарадок
Вобласць Віцебская 
Раён Браслаўскі
Сельскі Савет Опсаўскі
Першае ўзгадванне 1500

 

Опса размешчана на беразе аднайменнага возера. За 18 км на поўдзень ад Браслава на шашы Браслаў – Паставы. Назва мае балцкае паходжанне ў сэнсавым значэнні «ўзбярэжжа». Паводле легенды назва звязана з магілай любімага пса мясцовага пана (гл. раздзел Легенды і паданні). У крыніцах упершыню ўпамінаецца ў 1500 г. 7 жніўня 1550 г. вялікі князь Аляксандр перадаў у часовае карыстанне аднаму са смаленскіх князёў Глазыне двор Опсу з «волосткою Опскою». Опса з'яўлялася вялікакняжацкім уладаннем, цэнтрам воласці.

У канцы XVI ст. Опса – цэнтр неградовага староства. Старостамі-дзяржаўцамі былі А. Марштын, Ю. Остык, Я. Розен, Т. Дусяцкі-Рудаміна, Зяновіч, Цеханавецкія. У 1676 г. будуецца драўляны касцёл (філіял браслаўскай парафіі). Адзін з опсаўскіх старостаў – Я. Цеханавецкі, які жыў у XVIII ст., ажаніўся з мясцовай прыгажуняй Я. Струтынскай. Неўзабаве паміж Цеханавецкімі і Струтынскімі адбыўся канфлікт, які стаў шырока вядомы ў Рэчы Паспалітай. У 1764 г. Я. Цеханавецкі быў забіты ў Опсе. Яго жонка пэўны час была каханкай караля Станіслава Аўгуста. Па просьбе караля на ёй ажаніўся граф М. Мануццы, які стаў уладальнікам Опсаўскага староства. Паводле інвентару 1779 г. у склад староства ўваходзілі Угорскае, Купчэльскае, Петкунішскае, Далёкаўскае і Заборніцкае войтаўствы. Налічваліся 357 дымоў, 62 валокі аседлых, 775 коней, 131 вол. Гадавы даход складаў 43 641 злоты. «Мястэчка Опса на Слабадзе» мела 9 дымоў, 1,7 валокі зямлі, 2 валы, 18 коней. Названы прозвішчы гаспадароў: Мілінта, Ясюлевіч, Белюн, Кульпа і інш. Побач з мястэчкам знаходзіліся панскі двор, касцёл, карчма, вадзяны млын. У 1790 г. у мястэчку 19 дымоў, 120–130 жыхароў.

У маі 1794 г. каля мястэчка адбылася сутычка паміж паўстанцамі і расійскімі часцямі. 3 боку паўстанцаў у баі ўдзельнічала каля 300 чалавек, яны пацярпелі паражэнне, 57 чалавек былі забіты, 60 трапілі ў палон. 3 канца XVIII ст. існавала самастойная каталіцкая парафія (62 паселішчы), мелася парафіяльная школа (1781 – 21 вучань, у тым ліку 6 шляхціцаў, 10 мяшчан, 5 сялян, 1782 – 22 вучня, у тым ліку 2 шляхціцы, 4 мяшчан, 16 сялян). У вайну 1812 г. 6 ліпеня ў Опсе знаходзілася галоўная кватэра Барклая дэ Толі, 11 ліпеня – галоўная кватэра I. Мюрата. 3 1829 г. Опса – уладанне Плятэраў. У 1829 г. адбыўся вялізны пажар, які знішчыў палову мястэчка. У сярэдзіне XIX ст. Опса – мястэчка, цэнтр воласці Новааляксандраўскага павета, 11 дамоў, 163 жыхары (1859), касцёл, млын-вятрак. У склад воласці ўваходзіла 71 вёска, налічвалася 2378 сялян. У 1866 г. заснавана сельскае вучылішча, якое валодала 1205 сажнямі зямлі. У пачатку XX ст. 415 жыхароў, у маёнтку – 55 жыхароў, народнае вучылішча, касцёл, пазыкова-ашчаднае таварыства. У 1909 г. 467 жыхароў. У 1903 г. пабудаваны мураваны палац Плятэраў.

У 1-ю сусветную вайну ў мястэчку размяшчаліся шматлікія тылавыя ўстановы, штабы расійскай арміі, у маёнтку – шпіталь. Праз мястэчка прайшла ваенная вузкакалейка Друя – Браслаў – Опса – лінія фронту. У 1918–1919 гг. дзейнічаў валасны рэўкам. У 20–30-я гады мястэчка, цэнтр гміны, 153 дамы, 907 жыхароў, касцёл, сінагога, школа агульнаадукацыйная, школа сельскагаспадарчая, пошта, крамы, чыгуначная станцыя. У 1929 г. адбыўся моцны пажар, пацярпела значная частка мястэчка. У Вялікую Айчынную вайну ў Опсе размяшчаліся паліцэйскі і нямецкі гарнізоны. 22 красавіка 1944 г. гарнізоны разгромлены партызанамі брыгады «Спартак». 2 ліпеня 1944 г. Опса вызвалена партызанамі брыгады імя Жукава. У гады акупацыі яўрэйскае насельніцтва мястэчка знішчана ў Браслаўскім гета.

У 1995 г. – 246 дамоў, 605 жыхароў. З 2005 г. – аграгарадок. У 2010 г. – 248 гаспадарак, 593 жыхары. Цэнтр сельсавета, сядзіба калгаса імя Заслонава. Маюцца школа, школа-інтэрнат, дзіцячы сад, Дом культуры, бібліятэка, сталовая, магазіны, бальніца, аддзяленне сувязі, прадпрыемствы бытавога абслугоўвання. Існуе шэраг легенд і паданняў, звязаных з маёнткам і паркам, касцёлам.

Помнікі: курганная група ў лесе непадалёку ад вёскі, маёнтак з паркам, самы стары дуб Браслаўшчыны, забудова цэнтральнай плошчы мястэчка (пачатак XX ст.), касцёл (пачатак XX ст.), помнік землякам, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну, брацкая магіла партызанаў, курган над магілай ахвяр фашызму.

 

Браслаўскі раён. Вёска Опса. Фатаграфія з сайта https://radzima.orgБраслаўскі раён. Вёска Опса. Фатаграфія з сайта https://radzima.orgБраслаўскі раён. Вёска Опса. Фатаграфія з сайта https://radzima.org

 

ЛІТАРАТУРА

1. Бальшакоў, І. Опса : мінулае і сучаснае / І. Бальшакоў // Браслаўская звязда. – 1973. – 27 снеж. – С. 3.

2. Мушыкля, Т. Вёсцы Опса – 500 гадоў / Т. Мушыкля // Браслаўская звязда. – 2000. – 7 кастр. – С. 2.

3. Опса // Памяць: Браслаўскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: К. В. Велічковіч [і інш.] ; уклад. К. С. Шыдлоўскі ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Паліграфафармленне, 1998. – С. 683–684.

4. Опса // Путешествие в Сарью : белорусская старина / Ю. Татаринов. – Минск : Минсктиппроект, 1999. – С. 177–183.

5. Опса // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова (гл. ред.) [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2011. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 2. – С. 224–225.

6. Опса – Достопримечательности и туризм [Электронный ресурс] // VEDAJ.BY – Архитектура и культура Беларуси. – Режим доступа: https://vedaj.by/index.php/ru/goroda/vitebsk/braslav/opsa. – Дата доступа: 12.08.2017.