Дрысвяты, в., Браслаўскі раён
- Подробности
- Створана 28.08.2017 12:23
- Адноўлена 15.09.2020 09:44
Назва | Дрысвяты |
Адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка | вёска |
Вобласць | Віцебская |
Раён | Браслаўскі |
Сельскі савет | Відзаўскі |
Першае ўзгадванне | пачатак XV ст. |
Тапанімічнае паходжанне назвы | утворана ад назвы возера Браслаўскага раёна, шляхам трансфармацыі літоўскага тэрміна driektis- "выцягнутае", "расцягнутае" |
Вёска Дрысвяты размешчана на паўднёва-ўсходнім беразе вялізнага возера Дрысвяты (пл. 44 км ), большая частка якога знаходзіцца ў межах Літвы (літ. назва Друкшай). За 32 км на паўднёвы захад ад Браслава. Назва вёскі паходзіць ад назвы возера. Існуе некалькі версій яе паходжання. Чаргаванне гукаў «д» і «р» некаторыя даследчыкі звязваюць з фіна-ўгорскай асновай і перакладаюць як «возера», «вада». Магчыма, назва ўтварылася шляхам трансфармацыі літоўскіх слоў «driektis» – выцягнутае, расцягнутае, ці «drutas» – вялікі, шырокі. Выдатны літоўскі мовазнаўца К. Буга не выключаў, што дадзены тапонім паходзіць ад славянскага «дрыва» – крывавы. У XIX ст. на хвалі русіфікатарскай палітыкі ўзнікла версія, згодна якой назва возера і вёскі паходзіць ад слоў «тры святыя». Узнікла нават паданне, што вялікая княгіня Алена пабудавала на востраве храм у імя трох свяціцеляў: Святога Васіля Вялікага, Рыгора Багаслова і Іаана Златавуста. Адметна, што ў некаторых тагачасных выданнях назву сталі пісаць у форме «Трысвяты». У гістарычных крыніцах вёска, былое мястэчка, згадваецца пад назвамі Дрысвет, Дрысват, Дрысвата, Ісдрысвата, Дрысвяты. Пачатковыя старонкі гісторыі паселішча звязаны з востравам Замак (пл. 0,26 км2), дзе захаваліся гарадзішча, селішча і культурны пласт сярэднявечнага мястэчка. Пры даследаванні гарадзішча знойдзены сляды паселішча днепра-дзвінскай культуры, у XI–XIII ст. Дрысвяты з'яўляліся ўмацаваным пунктам паўночна-заходняга парубежжа Полацкага княства, мелі прыкметы гарадскога паселішча. Матэрыялы раскопак сведчаць аб даволі высокім узроўні рамеснай вытворчасці, гандлёвых сувязях жыхароў паселішча. Тут знойдзена праселка з кірылічным надпісам.
У перыяд Вялікага княства Літоўскага на гарадзішчы існаваў замак, побач размяшчалася мястэчка. У гістарычных крыніцах Дрысвяты пачынаюць згадвацца з пачатку XV ст. (1402, 1413). Ёсць меркаванні, што ў Дрысвятах, дзе існаваў вялікакняжацкі двор, прыпыняўся фландскі рыцар-авантурыст, падарожнік Жыльбер дэ Ляноі. У 1517 г. праз Дрысвяты з пасольствам у Маскву праязджаў вядомы дыпламат і падарожнік С. Герберштэйн. 3 XVI ст. Дрысвяты згадваюцца як «место». У фундацыйным акце Жыгімонта I ад 6 лютага 1514 г. загадвалася: «воеводе... Виленскому пану Миколаю Радивилу державцы Дрысвяцкому, абы збудовал церков Матки Божое набожества светого рымского костёла в месте... Дрысвяцком». 3 Дрысвяцкага касцёла паходзіць вядомы абраз «Пакланенне вешчуноў» (пач. XVI ст.).
Востраў Замак злучаўся з берагам возера двума мастамі, якія згадваюцца ў шэрагу гістарычных крыніц. У 1622 г. мястэчка на востраве згарэла і было адноўлена на беразе. Пэўны час будаваліся дамы і на востраве. У 1682 г. дзяржаўца Дрысвят гетман вялікі літоўскі К. Я. Сапега загадаў перанесці ўсе будынкі мяшчан на востраве «да плацаў сваіх» у мястэчку. Інвентар 1722 г. яшчэ згадвае на востраве «двор стары і збудаванняў гаспадарчых 18 з садам нямалым, астраколам абнесены». Пададзена апісанне рэшткаў замка. У мястэчку названы Рынак, які быў з трох бакоў забудаваны, вуліцы Крывая, Залужа, вуліцы ад плябаніі і ад Рынка да маста. У мястэчку меліся 52 дамы, 25 корчмаў (11 піўных і 14 гарэлачных), касцёл, плябанія, царква. Дрысвятам належала 40 валок зямлі, 42 агародных пляца. Налічвалася 350–400 жыхароў, якія займаліся ў асноўным сельскай гаспадаркай, рыбалоўствам, гандлем. Мелася ўсяго тры рамеснікі – кравец, мяснік і півавар. У 1762 г. колькасць дымоў у мястэчку зменшылася да 39.
Дрысвяты як парубежнае паселішча шмат пацярпелі ад ваенных дзеянняў, аб чым ёсць звесткі ў крыніцах XV–XVIII ст. У XV–XVI ст. замак на востраве меў даволі важнае значэнне. Дрысвяты і наваколле мелі статус асобнай тэрытарыяльнай адзінкі «замкавая зямля», якая непасрэдна падпарадкоўвалася ваяводзе віленскаму. На поўнач і ўсход ад мястэчка размяшчаліся гаспадаркі баяраў, якія атрымлівалі зямельныя надзелы яшчэ з часоў Вітаўта за абавязак несці ваенную службу. Многія з баярскіх гаспадарак далі пачатак сучасным вёскам у наваколлі Дрысвятаў (Станкавічы, Пашавічы, Бейнары, Анісімавічы і інш.). Пасля адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы 1565–1566 гг. Дрысвяты ўвайшлі ў склад Браслаўскага павета. Па дакументах XVII–XVIII ст. вядомы Дрысвяцкі ключ як частка Віленскай эканоміі. У XVIII ст. гэта вялізная тэрыторыя ад возера Дзісна на поўдні да азёраў Струста і Снуды на поўначы. Меліся 135 вёсак, 667 дымоў, 16 тыс. дзесяцін зямлі.
Да канца XVIII ст. Дрысвяты былі дзяржаўным уладаннем і аддаваліся ў часовае карыстанне ваяводам віленскім. Дзяржаўцамі гэтых уладанняў былі пераважна прадстаўнікі роду Радзівілаў. Сярод іх крыніцы згадваюць Мікалая (1470–1522), Крыштафа (1547–1603), Кароля (Пане Коханку; 1734–1790). У канцы XVII ст. дзяржаўцам быў гетман вялікі літоўскі і ваявода віленскі К. Я. Сапега. Адміністрацыйна-судовае кіраванне ў Дрысвятах ад імя дзяржаўцы ажыццяўляў намеснік. У 1780 г. Дрысвяцкі ключ перайшоў у прыватную ўласнасць Радзівілаў (у якасці кампенсацыі за 2 млн. злотых, якія дзяржаўная казна была павінна магнатам). Ад Радзівілаў Дрысвяты ў 1790 г. набывае вядомы дзяржаўны дзеяч, кампазітар М. К. Агінскі. У 1794 г. ён прадае маёнтак і ў гэтым жа годзе ўносіць у фонд паўстання Касцюшкі 118 тыс. злотых. У жніўні 1794 г. паўстанцкі атрад пад камандаваннем М. Агінскага дзейнічае непадалёку ад Дрысвятаў. Пры падаўленні паўстання мястэчка было разрабавана і спалена. Паводле люстрацыі 1794 г. тут налічвалася 45 дымоў. У канцы XVIII ст. існавала парафіяльная школа (1781 – 15 вучняў, 1782 – 19). У XIX ст. Дрысвяты – цэнтр воласці Браслаўскага павета Віленскай губерню, з 1843 г. Новааляксандраўскага павета Ковенскай губ. Дрысвяцкі ключ распаўся на шэраг дробных маёнткаў. У 1794–1865 гг. Дрысвятамі валодалі Лапацінскія. За ўдзел у паўстанні 1863 г. Г. Лапацінская была выслана ў Тамбоўскую губерню, а яе маёмасць распрададзена. 3 1865 г. уладальнікам Дрысвятаў стаў рыжскі губернатар А. Эцінген, у пачатку XX ст. маёнткам валодалі бароны Гільдэнбанды. У канцы XIX ст. у мястэчку 205 жыхароў.
У 1-ю сусветную вайну восенню 1915 г. паселішча акупіравана на кароткі тэрмін немцамі, вызвалена рускімі войскамі і з'яўлялася прыфрантавым мястэчкам. У час баявых дзеянняў амаль поўнасцю разбурана. У 1918–1919 гг. дзейнічаў валасны ваенна-рэвалюцыйны камітэт. У ліпені 1920 г. Дрысвяты былі заняты часцямі Чырвонай Арміі пад камандаваннем Г. Гая. У 20–30-я гады Дрысвяты – цэнтр гміны Браслаўскага павета, 74 дамы, 375 жыхароў (1931). У гады Вялікай Айчыннай вайны ў наваколлі дзейнічала Дрысвяцкая брыгада Арміі Краёвай. Вызвалены 10 ліпеня 1944 г. 517-м стралковым палком 1-га Прыбалтыйскага фронту.
У 1952–1953 гг. па ініцыятыве суседніх гаспадарак Беларусі, Літвы і Латвіі ў Дрысвятах пабудавана ГЭС «Дружба народаў». Урачысты пуск станцыі адбыўся 19 ліпеня 1953 г. У 1971 г.– 99 гаспадарак, 275 жыхароў. У 1995 г. 142 двары, 376 жыхароў. Цэнтр сельсавета і саўгаса «Авангард». Маюцца сярэдняя школа, клуб, бібліятэка, фельчарска-акушэрскі пункт, аддзяленне сувязі, 2 крамы. Шмат легенд і паданняў звязаны з востравам Замак. Па водле аднаго з іх, замак і мястэчка былі знішчаны ў час вайны са шведамі. Перад гэтым усё самае каштоўнае схавалі ў падзямеллі пад замкам. 3 таго часу нікому не ўдавалася пабываць там.
Помнікі: селішча і гарадзішча на востраве Замак, грунтавы могільнік ва ўрочышчы Пашавічы, рэшткі парка XIX ст., царква (1908 г., арх. А. Шпакоўскі), касцёл (1929 г., арх. Л. Вітан-Дубейкаўскі), помнік землякам, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну. У наваколлі – рэшткі абарончых умацаванняў 1-й сусветнай вайны.
ЛІТАРАТУРА
1. Дрысвяты // Памяць: Браслаўскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: К. В. Велічковіч [і інш.] ; уклад. К. С. Шыдлоўскі ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Паліграфафармленне, 1998. – С. 676–678.
2. Дрысвяты людзьмі багаты / падрыхт. М. Дзянісаў // Браслаўская звязда. – 2003. – 2 крас. – С. 2.
3. Жучкевич, В. А. Дрисвяты / В. А. Жучкевич // Краткий топонимический словарь Белоруссии / В. А. Жучкевич. – Минск : Издательство БГУ, 1974. – С. 109
3. Кузняцоў, С. На скрыжыванні трох граніц / С. Кузняцоў // Звязда. – 2005. – 27 верас. – С. 10 ; 28 верас. – С. 4.
4. Набеева, А. Пяць прычын наведаць Дрысвяты / А. Набеева // Браслаўская звязда. – 2017. – 27 сак. – С. 5.
5. Шпакоўская, Г. Дрысвяты / Г. Шпакоўская // Народнае слова. – 2006. – 16 верас. – С. 4–5.
6. Шыдлоўскі, К. Дрысвяты / К. Шыдлоўскі // Браслаўская звязда. – 1992. – 22 студз. – С. 4 ; 29 студз. – С. 3–4 ; 1 лют. – С. 3 ; 5 лют. – С. 3–4 ; 19 лют. – С. 4 ; 22 лют. – С. 2–3 ; 26 лют. – С. 2, 4.