Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Відзы, г. п., Браслаўскі раён

 

Назва Відзы
Адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка  гарадскі пасёлак
Вобласць Віцебская 
Раён Браслаўскі
Сельскі Савет Друеўскі
Першае ўзгадванне сярэдзіна XV ст.
Тапанімічнае паходжанне назвы балтыйская назва "відзы" - жыхары гістарычнай вобласці Латвіі Відземе

 

Гарадскі пасёлак Відзы размешчаны на раўніннай тэрыторыі Дзісенскай нізіны паміж азёрамі Відзаўскае, Маруга, Ніпалаты. За 41 км на поўдзень ад Браслава. Паводле аднаго з меркаванняў назва паходзіць ад балцкага этноніма відзы – жыхары гістарычнай вобласці Латвіі Відземе, якія маглі перасяліцца ў гэтыя мясціны. Не выключна, што назва паходзіць ад балцкай асновы «Уісііпіз» – сярэдзіна. Паданне тлумачыць паходжанне назвы ад слова «відзець». Цікава адзначыць, што падобныя назвы даволі распаўсюджаны на Беларусі і ў Літве: Відзеўшчына (Маладзечанскі раён), Відзейкі (Свіслацкі раён), Відзенічы (Талачынскі раён), Відзюны (Астравецкі раён), Відзяны (Браслаўскі раён), Відзёны, Буйвідзы, Відзінішкі, Відзішкі (Літва).

Вядомы з сярэдзіны XV ст. Вялікі князь Жыгімонт Кейстутавіч (1432–1440) аддаў землі паміж рэкамі Дзісна і Дрысвята, якія зваліся Ловішчам, братам Доўгірду, Даўкшу і Нарушу. Нарушэвічы заснавалі мястэчка Відзы. У гістарычных крыніцах сустракаюцца варыянты назваў – Віды, Відзе. Пад 1481 г. згадваецца Відзскі фальварак – адна з першых на Беларусі панскіх гаспадарак. Пад 1507 г. упамінаецца «волость Виды» ў складзе Браслаўскага павета. У 1492 г. тагачасны ўладальнік Відзаў Я. Ганусовіч, маршалак земскі літоўскі перадаў «двор Відзы» віленскаму біскупу В. Табару (1491–1507). Гэта наданне пацвердзіў у 1494 г. Аляксандр Ягелончык. У наваколлі Відзаў стала фарміравацца латыфундыя – буйная зямельная гаспадарка Віленскага біскупства. У 1731 г. латыфундыя займала плошчу каля 120 км, налічвала 140 сялянскіх, 28 шляхецкіх, 54 мяшчанскіх дымоў (гаспадарак). Да латыфундыі адносілася 21 вёска: Балікі, Біцюны, Бубі, Бучаны, Пакульня, Пушкі, Эйцмяны, Мешкелі і інш. Самім мястэчкам валодала некалькі гаспадароў, якія неаднойчы мяняліся.

У 1524 г. частку Відзаў за 400 коп літоўскіх грошаў набыў віленскі ваявода А. Гаштольд. У XVI ст. Відзы лічыліся мястэчкам. У 1539 г. тут было 15 корчмаў. У канцы XVI ст. у біскупскай частцы налічвалася 5 дамоў рынкавых і 20 дамоў вулічных. У 1481 г. быў пабудаваны першы касцёл, пры ім існаваў шпіталь. У розныя часы ў Відзах мелі ўладанні і пабудовы бернардзінцы, канонікі-рэгулярныя, канонікі-латэранскія, дамініканцы, езуіты. Дзейнічалі таксама праваслаўная, стараверская, іудзейская, магаметанская, пратэстанцкая суполкі.

У 1629 г. частка Відзаў стала ўладаннем пацаў. Гетман літоўскі, ваявода віленскі М. К. Пац адпісаў свае відзскія ўладанні канонікам-рэгулярным з мэтай завяршэння будаўніцтва касцёла св. Пятра і Паўла ў Вільні, славутага багатым скульптурным аздабленнем інтэр'ера. Паводле рэестра падымнага 1690 г. біскупскія ўладанні ў Відзах налічвалі 129 дымаў, уладанні канонікаў-рэгулярных – 53 дымы, плябаніі – 8 дымаў, Ваўжэцкіх (разам з некалькімі вёскамі) – 15 дымаў. У пачатку XVIII ст. езуіты адкрылі ў Відзах рэзідэнцыю, мелі тут невялікі касцёл, школу. У інвентары 1731 г. апісана частка Відзаў, якая належыла біскупу Я. Зяновічу, названы вуліцы: Рыначная, Дворная, Казіная, Віленская, адзначаны рамеснікі: краўцы, цесляры, шаўцы, каваль, кушнер, шынкары.

Паводле люстрацыі 1794 г. у Відзах 182 дамы, 1270 жыхароў. 50 дамоў у мястэчку належыла Ваўжэцкім, якія таксама мелі значныя ўладанні ў наваколлі. Найбольш вядомы прадстаўнік роду Ваўжэцкіх – Т. Ваўжэцкі, паплечнік Т. Касцюшкі, адзін з кіраўнікоў паўстання 1794 г. У 1793 г. сойм ухваліў перанос з Браслава ў Відзы месца правядзення павятовых сеймікаў, судовых устаноў, архіва. Пасля пажару 1794 г. у Браславе Відзы сталі цэнтрам Браслаўскага павета. 3 1795 г. у складзе Расійскай імперыі.

Напярэдадні вайны 1812 г. тут размяшчаліся часці 30-тысячнага гвардзейскага корпуса пад камандаваннем вялікага князя Канстанціна Паўлавіча. 4–5 ліпеня ў Відзах месцілася галоўная кватэра Аляксандра I і стаўка камандуючага 1-й арміі Барклая дэ Толі. 7–11 ліпеня была галоўная кватэра I. Мюрата. Пры адступленні французаў 28 лістапада ў Відзах адбыўся бой паміж французамі і атрадам рускай кавалерыі. Мястэчка значна пацярпела. У 1825 г. у Відзах 822 жыхары, 498 дамоў, павятовая школа, 2 шынкі, лазня. Будучы студэнтам Віленскага універсітэта, у Відзы да свайго дзядзькі Маеўскага прыязджаў А. Міцкевіч. У пачатку 1820 г. тут жыў нейкі час дзекабрыст А. Поджыа. Пасля пажару 24 жніўня 1835 г. цэнтр павета з Відзаў пераносіцца ў мястэчка Езяросы (пазней Новааляксандраўск).

3 1843 г. Відзы – заштатны горад Ковенскай губерні, цэнтр воласці. Размяшчэнне на паштовым тракце Дзвінск – Вільня спрыяла хуткай адбудове паселішча. У 1860 г. у Відзах 3498 жыхароў, 248 двароў, касцёл, капліца, сінагога, 5 яўрэйскіх малітоўных дамоў, мячэць, гарадская дума, мужчынскае і жаночае народныя вучылішчы, паштовая станцыя, аптэка. Тры разы на год праводзіліся кірмашы, найбольш вядомыя продажам коней і гусей (у год прадавалася да 100 тыс. гусей). У горадзе меліся Рынкавая вуліца, плошчы, Салявы і Конскі рынкі. У 1892 г. 5,6 тыс. жыхароў, з іх іудзеяў – 4,263, католікаў – 678, старавераў – 394, магаметан – 148, праваслаўных – 59, пратэстантаў – 11. У 1908 г. 5,9 тыс. жыхароў.

У 1-ю сусветную вайну з восені 1915 г. акупіраваны нямецкімі войскамі. У час баявых дзеянняў горад амаль поўнасцю быў разбураны. Савецкая ўлада ўстаноўлена ў снежні 1918 г. Дзейнічаў валасны Савет рабочых і сялянскіх дэпутатаў. У жніўні 1919 г. акупіраваны польскімі войскамі, у ліпені 1920 г. заняты часцямі Чырвонай Арміі. У перыяд Заходняй Беларусі Відзы – мястэчка, цэнтр гміны Браслаўскага павета, 431 дом, 2326 жыхароў (1931). Дзейнічала найбольш актыўная ў павеце арганізацыя КПЗБ. 3 1939 г. у складзе БССР, з 15 студзеня 1940 г. гарадскі пасёлак, цэнтр раёна Вілейскай вобласці.

У чэрвені 1941 г. акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У Відзах і раёне акупантамі было знішчана 4154 чалавекі. Утворана гета, насельніцтва якога было адпраўлена ў канцлагеры Заходняй Еўропы і ў большасці загінула. 2 ліпеня 1944 г. партызаны брыгады «Спартак» разам з літоўскімі партызанамі атрада «Жальгірыс» з боем занялі Відзы і 2 дні іх утрымлівалі. Вызвалены 8 ліпеня 1944 г. часцямі 6-й гвардзейскай арміі 1-га Прыбалтыйскага фронту.

3 1944 г. раённы цэнтр Полацкай, з 1954 г. Маладзечанскай абласцей. 3 1960 г. гарадскі пасёлак Браслаўскага раёна Віцебскай вобласці. У 1969 г. 2,6 тыс. жыхароў. Побач з Відзамі існавала некалькі прадмесцяў, гісторыя якіх цесна звязана з гісторыяй мястэчка: Відзы-Лаўчынскія (гл. асобны артыкул), Відзы-Альбрэхтоўскія (пазней в. Рэгуляры, зараз не існуе) – дзяржаўны двор, пазней уладанне канонікаў-рэгулярных, Відзскі двор (сучасная в. Падварынка) – уладанне біскупаў, пазней належалі выхадцам з Грэцыі Пізані.

У 1995 г. у Відзах 840 двароў, 1949 жыхароў. На пачатак 2016 г. – 1670 жыхароў. Маюцца цагельны завод, лясніцтва, вучылішча механізацыі сельскай гаспадаркі, сярэдняя і музычная школы, Дом культуры, 2 бібліятэкі, бальніца, мытны пераход на мяжы з Літвой. Захавалася некалькі паданняў, звязаных з касцёлам.

Помнікі: магіла Т. Ваўжэцкага, Троіцкі касцёл і стараверская царква (абодва пач. XX ст.), фрагменты местачковай забудовы пач. XX ст., вадзяны млын, 2 брацкія магілы савецкіх воінаў і партызанаў. У наваколлі захаваліся жалезабетонныя ўмацаванні часоў 1-й сусветнай вайны.

 

Браслаўскі раён. Гарадскі пасёлак Відзы. Фотаздымак з сайта https://www.kp.byБраслаўскі раён. Гарадскі пасёлак Відзы. Фотаздымак з сайта http://kraj.byБраслаўскі раён. Гарадскі пасёлак Відзы. Фотаздымак з сайта http://mapio.net

 

ЛІТАРАТУРА

1. Бялько, Ж. На стыку гісторыі і легенд: назвы вёсак відзаўскай акругі / Ж. Бялько // Браслаўская звязда. – 2021. – 2 ліп. – С. 3.

2. Відзы // Гарады і гарадскія пасёлкі Беларусі / адк. рэд. Л. К. Калошына. – Мінск : БелCЭ імя П. Броўкі, 1981. – С. 47–48.

3. Відзы // Памяць: Браслаўскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: К. В. Велічковіч [і інш.] ; уклад. К. С. Шыдлоўскі ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Паліграфафармленне, 1998. – С. 671–672.

4. Видзы // Города Беларуси. Витебщина: в некоторых интересных исторических сведениях / Ю. Татаринов. – Минск : Энциклопедикс, 2006. – С. 155–184. – (Беларусь историческая).

5. Видзы // Путешествие в Сарью: белорусская старина / Ю. Татаринов. – Минск : Минсктиппроект, 1999. – С. 139–176. – (Беларусь историческая).

6. Видзы // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.] / редкол. Г. П. Пашков [и др.]. – Минск : БелЭн, 2006. – Т. 2 : А–Герань. – С. 654–655.

7. «Відзы! Відзы!» // Мастацкая культура Віцебскага Паазер'я: ад старажытнасці да пачатку XX стагоддзя / А. У. Русецкі, Ю. А. Русецкі. – Мінск : БелЭн, 2005. – С. 49–50.

8. Волынец, Н. Одна земля / Н. Волынец // Народная газета. – 2004. – 29 верас. – С. 4.

9. Жучкевич, В. А. Видзы / В. А. Жучкевич // Краткий топонимический словарь Белоруссии / В. А. Жучкевич. – Минск : Издательство БГУ, 1974. – С. 50.

10. Лешніца, К. Браслаўшчына. Відзы / К. Лешніца // Звязда. – 2023. – 23 жн. – С. 11.

11. Маліноўскі, М. Гусі выратавалі Рым і ... узбагацілі Відзы / М. Маліноўскі // Культура. – 2005. – 22–28 кастр. – С. 14.

12. Пашкевіч, Т. Відзы: ад прадзедаў да нашых дзён / Т. Пашкевіч // Витебские вести. – 2016. – 15 сент. – С. 6.

13. Регион-тур. Приглашают Видзы Браславского района / подгот. А. Козловская // Віцебскі рабочы. – 2013. – 24 студз. – С. 10, 15.

14. Сауліч, У. Тры замалёўкі з натуры ў Відзах / У. Сауліч // Віцебскі рабочы. – 1997. – 18 кастр. – С. 6.

15. Субат, У. Відзы: віруе жыццё на памежжы / У. Субат // Сельская газета. – 2020. – 29 фев. – С. 24–25.