Гарадок, г., Гарадоцкі раён
- Подробности
- Створана 29.08.2017 12:23
- Адноўлена 14.09.2020 15:07
Назва | Гарадок |
Адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка | горад |
Вобласць | Віцебская |
Раён | Гарадоцкі |
Першае ўзгадванне | 2-ая пал. XIII cт. |
Статус горада | 1772 |
Тапанімічнае паходжанне назвы | "гарадок" выкарыстоўваецца ў значэннях "маленькі горад", "умацаванне", "цэнтр рамяства і гандлю" |
Гарадок знаходзіцца на рацэ Гаражанка, у 30 км ад Віцебска ў напрамку на поўнач. Праз горад праходзяць чыгунка і аўтамабільная шаша Віцебск – Невель (Расія). Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2016 года складала 12186 жыхароў.
Узнік на месцы старажытнага ўмацаванага паселішча, якое, відаць, знаходзілася ў пойме Гаражанкі. Як «Гарадок каля Полацка» ўпамінаецца ў летапісах 2-й палавіны XIII ст. у сувязі з бітвай, якая адбылася паміж палачанамі і літоўскім войскам на чале з Мінгайлам. У выніку Гарадок быў знішчаны. Паводле пісьмовых крыніц, у канцы XVI ст. тут стаяў замак, які абаранялі магутныя валы і 5 вежаў. На карце 1579 г., складзенай С. Пахалавіцкім, паказаны Вялікі і Малы Гарадок. А на карце Т. Макоўскага 1613 г. Гарадок пазначаны як мястэчка Віцебскага ваяводства ВКЛ. Пад 1650 г. у Гарадку ўпамінаецца Ільінская царква, пераўтвораная ва ўніяцкую, у гэтым жа годзе яе вярнулі праваслаўным. Паводле некаторых звестак, у XVI ст. Гарадок меў свой герб: выява льва на залатым полі.
Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 г. Гарадок увайшоў у склад Расійскай імперыі. У 1777 г. цэнтр Гарадоцкага павета Полацкай губерні, атрымаў статус горада і герб з выявай «Пагоні». 3 1796 г. цэнтр Беларускай, а з 1802 г. – Віцебскай губерняў.
У 1801 г. – 234 будынкі, 1713 жыхароў; меліся царква, манастыр, магазін.
На працягу 2-й палавіны XIX ст. паводле праекта планіроўкі 1846 г. горад рос уздоўж шашы Віцебск – Пецярбург. Пасля 1904 г., калі была пракладзена чыгунка, Гарадок развіваўся паміж вакзалам і рынкам.
У 1905 г. у Гарадку 5023 жыхары, 16 вуліц, 2 плошчы, 2 царквы, 10 сінагог, 14 заводаў, фабрыка, паравы млын, бібліятэка, 5 вучылішчаў, лячэбніца, аптэка.
3 17 ліпеня 1924 г. горад стаў цэнтрам Гарадоцкага раёна Віцебскай акругі. У 1939 г. у Гарадку жыло 7300 чалавек.
10 ліпеня 1941 г. Гарадок акупіравалі нямецка-фашысцкія захопнікі. За час акупацыі яны амаль поўнасцю разбурылі горад, у ім і ў раёне загубілі больш за 8 тыс. мірных жыхароў. Захопнікі стварылі тут лагер смерці. 24 снежня 1943 г. у выніку Гарадоцкай аперацыі Гарадок вызвалілі воіны 1-га Прыбалтыйскага фронту.
Пасля вайны горад паступова адбудаваўся. У 1959 г. яго насельніцтва склала 7600 чалавек. У 1966 г. быў распрацаваны праект планіроўкі, у 1977 г. – генеральны план горада. Узведзены сучасныя будынкі, створаны новыя мікрараёны са шматпавярховымі дамамі.
У сучасным горадзе працуюць прадпрыемствы лёгкай, дрэваапрацоўчай, харчовай прамысловасці, ільнозавод, рамонтны завод. Гарадок вядомы як цэнтр ганчарнага промыслу (так званая гарадоцкая кераміка). Дзейнічае аграрна-тэхнічны каледж, 2 сярэднія школы, дзіцяча-юнацкая спартыўная школа, школа мастацтваў, 2 дашкольныя ўстановы, Дом культуры, 2 бібліятэкі, раённы краязнаўчы музей, Дом рамёстваў і фальклору. У Гарадку знаходзяцца РУП «Гарадоцкі цэнтр спорту і турызму "Раўбічы"» і гасцініца «Раўбічы».
У горадзе ёсць вайсковыя могілкі, на якіх у 1974 г. створаны мемарыяльны комплекс «Бессмяротнасць», магілы ахвяр фашызму. Пастаўлены помнікі воінам-вызваліцелям, савецкім танкістам. У межах горада знаходзяцца помнікі археалогіі: могільнік і селішча часоў Кіеўскай Русі. Захаваліся жылыя дамы канца XIX – пачатку XX ст. Яны з'яўляюцца помнікамі архітэктуры.
У горадзе выдаецца раённая газета «Гарадоцкі веснік».
ЛІТАРАТУРА
1. Бынькоў, А. Езярышча / А. Бынькоў, С. Кавалеўскі // Народнае слова. – 2000. – 26 жн. – С. 4–5.
2. Езерище // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.:Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 1. – С. 418.
3. Езерище // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.] / редкол.: Г. П. Пашков [и др.]. – Минск : БелЭн, 2006. – Т. 3 : Герасименко–Картель.– С. 491–492.
4. Езярышча // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / рэдкал. Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 1998. – Т. 6 : Дадаизм–Застава. – С. 383–384.
5. Езярышча // Падарожжа па Беларусі: гарады і гарадскія пасёлкі / В. М. Князева. – Мінск : Беларусь, 2005. – С. 73.
6. Жучкевич, В. А. Городок / В. А. Жучкевич // Краткий топонимический словарь Белоруссии / В. А. Жучкевич. – Минск : Издательство БГУ, 1974. – С. 81.
7. Каролевич, Э. Городок – Езерище: что интересного? / Э. Каролевич // Витебские вести. – 2016. – 18 окт. – С. 5.
8. Наумова, А. Станция – на загляденье / А. Наумова // Гарадоцкі веснік. – 2013. – 22 чэрв. – С. 5.
9. Семёнова, С. «Маладзей і квітней, Езярышча!» / С. Семёнова // Гарадоцкі веснік. – 2016. – 23 ліп. – С. 4.
10. Яковлева, С. Погостите в Езерище! / С. Яковлева // Гарадоцкі веснік. – 2013. – 22 кастр. – С. 2.