Мёры, г., Мёрскі раён
- Подробности
- Створана 30.08.2017 12:23
- Адноўлена 22.09.2020 10:37
Назва | Мёры |
Адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка | горад |
Вобласць | Віцебская |
Раён | Мёрскі |
Першае ўзгадванне | 1514 |
Тапанімічнае паходжанне назвы | у напісанні назвы горада захаваная адна са стадый трансфармацыі прозвішча Маер і Мэер у беларускім вымаўленні Маёры або Міёры |
Горад Мёры (яго называлі таксама Міёры, Міры, Меры) знаходзіцца на беразе Мёрскага возера, за 190 км на паўночны захад ад Віцебска. Чыгуначная станцыя на лініі Друя – Варапаева. Аўтадарогамі злучаны з Дзіснай, Верхнядзвінскам, Браславам, Шаркаўшчынай. У 2003 г. – 9100 жыхароў.
У пісьмовых крыніцах упамінаюцца пад 1514 г. як маёнтак Мярэя Браслаўскага павета ВКЛ. Як маёнтак Мёры, а такая назва ўжывалася да XIX ст., называюцца ў вопісе войска ВКЛ 1567 г. У 1644 г. тут стаяў праваслаўны манастыр, які ў 1690 г. М. Мірскі падараваў уніятам. У 1691 г. пабудаваны касцёл. У XVIII ст. існавала 5 маёнткаў пад назвай Мёры. Гэтыя маёнткі належалі Мірскім, Перасвет–Солтанам, Беліковічам, Клотам, Зіновічам, Пуцятам.
У выніку 2-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 г. Мёры адышлі да Расійскай імперыі як мястэчка, цэнтр воласці Дзісенскага павета Мінскай, а з 1842 г. Віленскай губерняў. У 1866 г. тут адкрыта народная школа. У 1886 г. насельніцтва мястэчка складала 110 жыхароў. Тут стаялі 3 карчмы, штогод праводзіліся 2 кірмашы. У канцы XIX ст. дзейнічалі 2 школы. У 1903 г. у Мёрах 145 жыхароў, вучылішча, царкоўнапрыходская школа.
У 1918 г. Мёры акупіравалі германскія войскі, у 1919–1920 – польскія войскі.
Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 г. Мёры як цэнтр гміны Дзісенскага павета Віленскага ваяводства адышлі да Польшчы. У 1927 г. – 422 жыхары. Стаялі крама, аптэка, працавалі 2 млыны, да 1931 г. дзейнічала запалкавая фабрыка.
Увосень 1939 г. Мёры далучаны да БССР. 3 15 студзеня 1940 г. – цэнтр Мёрскага раёна Вілейскай вобласці.
У Вялікую Айчынную вайну 3 ліпеня 1941 г. Мёры акупіравалі нямецка-фашысцкія захопнікі. За перыяд акупацыі фашысты загубілі ў Мёрах 662 чалавекі. 4 ліпеня 1944 г. войскі 1-га Прыбалтыйскага фронту і партызаны вызвалілі Мёры ад захопнікаў.
У 1944 г. Мёры ўключаны ў Полацкую, а ў 1954 г. – у Маладзечанскую вобласці. 3 1960 г. у складзе Віцебскай вобласці. 7 жніўня 1957 г. Мёрам нададзены статус гарадскога пасёлка. У 1959 г. – 1900 жыхароў, у 1970 – 5700 жыхароў, а ў 2017 – 8001 жыхар.
Забудова пераважна аднапавярховая сядзібнага тыпу, будуюцца 2-5 павярховыя дамы. Першы генеральны план гарадскога пасёлка складзены ў 1971 г. 7 жніўня 1972 г. Мёрам нададзены статус горада. У 1980 г. распрацаваны генеральны план забудовы горада. У горадзе ўтворана набярэжная. Архітэктурна-планіровачная структура горада кампактная, сетка вуліц прамавугольная з дробнымі кварталамі. Асноўныя кампазіцыйныя восі – вуліцы Камуністычная і Дзяржынскага. На іх перакрыжаванні створана плошча – адміністрацыйна-грамадскі цэнтр. Зона адпачынку – парк на паўвостраве возера, лесапарк з 2 штучнымі вадаёмамі. Прамысловая зона размешчана ў паўночна-заходняй і ўсходняй частках.
Працуюць прадпрыемствы харчовай, камбікормавай прамысловасці, а таксама пачатковай апрацоўкі лёну.
У Мёрах дзейнічаюць 3 дзіцячыя сады, 3 сярэднія школы, дзіцяча-юнацкая спартыўная школа, школа мастацтваў, Цэнтр дзяцей і моладзі, Цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, Дом культуры, 2 бібліятэкі, гісторыка-этнаграфічны музей, гасцініца.
Тут ёсць брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан, помнік Вызвалення.
3 помнікаў архітэктуры захаваўся Успенскі касцёл (1907).
У горадзе выдаецца раённая газета «Міёрскія навіны».
ЛІТАРАТУРА
1. Горнова, Т. Миорам – 500! / Т. Горнова, Т. Пастернак // Витебские вести. – 2014. – 11 сент. – С. 1, 10, 15.
2. Жучкевич, В. А. Миоры / В. А. Жучкевич // Краткий топонимический словарь Белоруссии / В. А. Жучкевич. – Минск : Издательство БГУ, 1974. – С. 235.
2. Ермалёнок, В. А. Миоры / В. А. Ермалёнок, С. М. Шрубок // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.] / редкол.: Г. П. Пашков [и др.]. – Минск : БелЭн, 2007. – Т. 5 : Минск–Педиатрия. – С. 106–108.
3. Мёры // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.] / рэдкал.: В. В. Калістратава [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2014. – Т. 5 : Л–М. – С. 476–477.
4. Міёры // Падарожжа па Беларусі: гарады і гарадскія пасёлкі / В. Князева. – Мінск : Беларусь, 2005. – С. 77
5. Міёры // Рэспубліка Беларусь. Вобласці і раёны : энцыклапедычны даведнік / аўт.-склад. Л. В. Календа. – Мінск : БелЭн, 2004. – С. 142–143.
6. Миоры // Путеводитель по городам и районным центрам Республики Беларусь = Guidebook of the cities and regional centers of the Republic of Belarus / cост. А. Варивончик [и др.]. – Минск : Харвест, 2004. – С. 216–217.
7. Миоры // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2011. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 2. – С. 134–136.
8. Миоры // Туристская энциклопедия Беларуси / под общ. ред. И. И. Пирожника ; редкол.: Г. П. Пашков [и др.] ; сост.: Л. В. Ловчая, Т. И. Жуковская. – Минск : БелЭн, 2007. – С. 342.
9. Некалькі слоў пра Міёры // Мастацкая культура Віцебскага Паазер'я: ад старажытнасці да пачатку XX стагоддзя / А. У. Русецкі, Ю. А. Русецкі. – Мінск : БелЭн, 2005. – С. 112–114.
10. Польскі, Л. Старонкі местачковага рамана / Л. Польскі // Краязнаўчая газета. – 2016. – № 32 (верас.). – С. 7–8 ; № 33 (верас.). – С. 7–8 ; № 34 (верас.). – С. 7–8.