Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Браслаў, г., Браслаўскі раён

 

Назва Браслаў
Адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка  горад
Вобласць Віцебская 
Раён Браслаўскі
Першае ўзгадванне 1065
Тапанімічнае паходжанне назвы 1) ад балтыйскага "brasta" - брод2) ад імя полацкага князя Брачыслава

 

Браслаў з'яўляецца адным са старажытных гарадоў Беларусі. Ён знаходзіцца на паўночным беразе возера Дрывяты, за 220 км на захад ад Віцебска, 40 км ад чыгуначнай станцыі Друя на лініі Варапаева – Друя. Аўтадарогамі злучаны з Друяй, Мёрамі, Шаркаўшчынай, Відзамі, Даўгаўпілсам (Латвія). На пачатак 2016 года ў горадзе пражывала 9857 жыхароў.

У IX ст. на гэтым месцы існавала паселішча латгалаў і крывічоў. У XI ст. на месцы спаленага паселішча быў заснаваны Браслаў. Ён з'яўляўся абарончым пунктам паўночна-заходняга рубяжа Полацкага княства. На развіццё выцягнутай з усходу на захад планіровачнай структуры Браслава паўплывала яго ўнікальнае месцазнаходжанне – на вузкім перашыйку паміж азёр, якія прыкрывалі яго з усіх бакоў. Паходжанне назвы звязана з імем полацкага князя Брачыслава Ізяслававіча. Пры ім тут былі пабудаваны гарадскія ўмацаванні. Існуе таксама іншая версія паходжання назвы горада. Паводле яе гэта назва мае балцкую аснову: «брасла» азначае «брод», што магло быць пераасэнсавана славянамі.

У пісьмовых крыніцах Браслаў упершыню ўпамінаецца ў летапісе Быхаўца і хроніцы М. Стрыйкоўскага пад 1065 г. у сувязі з нападам на яго літоўскіх князёў-братоў Кернуса і Гімбута. У летапісах горад называецца Браславль, Браславль Завельскі. У XI–XIII ст. насельніцтва займалася ў асноўным сельскай гаспадаркай, паляваннем, рамёствамі, гандлем. 3 пачатку XIV ст. Браслаў – велікакняжацкае ўладанне. У XIV ст. ён быў завешчаны вялікім князем Гедзімінам свайму сыну Яўнуту. У XV ст. Браслаў стаў цэнтрам Браслаўскага павета Віленскага ваяводства. 8 кастрычніка 1500 г. вялікі князь Аляксандр у час свайго знаходжання ў Браславе даў яму прывілей на няпоўнае магдэбургскае права. 3 1506 г. пасля смерці Аляксандра ўладальніцай Браслава стала яго жонка Алена, дачка вялікага князя маскоўскага Івана III. Яна заснавала тут жаночы праваслаўны манастыр. У 1500 г. на востраве Неспіш быў мужчынскі (спачатку праваслаўны, пазней уніяцкі) манастыр. Дзяржаўцамі Браслава як велікакняжацкага ўладання былі Сапегі, Масальскія, Скумін-Тышкевічы. Паводле інвентара 1554 г., у Браславе 5 вуліц, 110 дымоў. Тут стаялі царква, касцёл, былі таксама бальніца, 40 корчмаў, сядзіба Масальскіх. Налічвалася каля 1 тыс. жыхароў. У XVI–XVII ст. вялікую ролю адыгрываў замак, які ўпершыню ўпамінаецца ў 1514 г. У 2-й палове XVII–XVIII ст. Браслаў моцна пацярпеў у час шматлікіх ваенных дзеянняў. Некалькі разоў быў цалкам разбураны. У 1661 г. Варшаўскі сейм вызваліў горад ад усіх падаткаў на 4 гады. У 1792 г. прывілеем Станіслава Аўгуста Панятоўскага Браславу быў нададзены ўласны герб «Вока прадбачання»: у блакітным полі выява залатога сонца, а на яго фоне трохвугольнік з чалавечым вокам. 3 канца XVIII ст. Браслаў – мястэчка, цэнтр воласці Браслаўскага павета. У 1793 г. было ўтворана Браслаўскае ваяводства, пасля пажару ў 1794 г. цэнтр ваяводства перанесены з Браслава ў Відзы.

У выніку 3-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 г. Браслаў адышоў да Расійскай імперыі як мястэчка, цэнтр воласці Браслаўскага павета, які ўваходзіў у склад Віленскай, з 1797 г. – Літоўскай, а з 1801 г. – Віцебскай губерняў. 3 1843 г. мястэчка Браслаў было ў складзе Новааляксандраўскага павета Ковенскай губерні. У 1850-я гг. у мястэчку 60 двароў, 220 жыхароў, бальніца, вучылішча, піваварня, касцёл, сінагога. У1897 г. тут пабудавана Мікалаеўская царква. У 1913 г. у Браславе было 1550 жыхароў, працавалі бальніца, сельскае вучылішча, вінакурны завод.

У час 1-й сусветнай вайны з канца 1915 г. да лютага 1918 г. недалёка ад Браслава праходзіла лінія фронту. У лютым–пачатку снежня 1918 г. Браслаў акупіравалі нямецкія войскі.

У пачатку 1919 г. мястэчка стала цэнтрам раёна, з лютага 1919 г. – цэнтрам павета Літоўскай ССР, Літоўска-Беларускай ССР. У снежні 1919 г. да чэрвеня 1920 г. Браслаў быў акупіраваны польскімі войскамі. 5 чэрвеня 1920 г. мястэчка вызваліла Чырвоная Армія, але ў кастрычніку 1920 г. яго зноў занялі польскія войскі. Мястэчка апынулася на тэрыторыі так званай Сярэдняй Літвы, якая ў лютым 1922 г. увайшла ў склад Польшчы. Браслаў стаў цэнтрам павета Віленскага ваяводства. У 1921 г. у Браславе 1587 жыхароў, 243 дамы, працавалі млын, тартак, цагельня, дробныя крамы. У 1920-я гг. грамадскі цэнтр быў перанесены на заходнюю ўскраіну Браслава. Тут былі пабудаваны грамадскія і гаспадарчыя будынкі, 2-павярховыя жылыя дамы для павятовай адміністрацыі і інш. чыноўнікаў.

У 1939 г. разам з усёй Заходняй Беларуссю Браслаў увайшоў у склад БССР. Яго насельніцтва ў гэты час складала 4,9 тыс. чалавек. У 1940 г. Браслаў – цэнтр Браслаўскага раёна Вілейскай вобласці.

У гады Вялікай Айчыннай вайны 27 чэрвеня 1941 г. Браслаў акупіравалі нямецка-фашысцкія захопнікі. За час акупацыі яны загубілі ў горадзе і раёне 5456 чалавек. У Браславе дзейнічала патрыятычнае падполле. 6 чэрвеня 1944 г. горад вызвалены часцямі Чырвонай Арміі і партызанамі.

У верасні 1944 г. Браслаў увайшоў у склад Полацкай, у 1954 г. Маладзечанскай, а ў 1960 г. – Віцебскай абласцей. У 1959 г. яго насельніцтва складала 4,2 тыс. чалавек, у 1969 г. – 4,6 тысячы. Генеральны план Браслава распрацаваны ў 1972 г., у 1981 г. зроблена яго карэкціроўка. Архітэктурна планіровачную структуру горада вызначаюць Замкавая гара і ўзгоркавая мясцовасць вакол яе. У старой частцы Браслава, якая прымыкае да Замкавай гары, захаваліся фрагменты забудовы XIX – пачатку XX ст. Старая частка найбольш шчыльна забудавана. Грамадскі цэнтр знаходзіцца ў заходняй частцы. Горад развіваецца ў паўночна-ўсходнім напрамку.

У горадзе дзейнічаюць прадпрыемствы лёгкай, харчовай прамысловасці. Працуюць гімназія, 2 сярэднія і базавая школы, школа мастацтваў, спартыўная школа, 2 бібліятэкі, Дом культуры. 3 1984 г. дзейнічае Браслаўскае музейнае аб'яднанне.

Ёсць брацкія магілы савецкіх воінаў і партызан, ахвяр фашызму. У горадзе пахаваны доктар С.Т. Нарбут, які ў пачатку XX ст. жыў у Браславе і на ўласныя сродкі пабудаваў бальніцу.

Старажытнае гарадзішча Замкавая гара адносіцца да помнікаў археалогіі. Захаваліся помнікі архітэктуры XIX ст.: Свята-Успенская царква і касцёл Раства Найсвяцейшай Дзевы Марыі, а таксама драўляны шацёр над калодзежам, выкананы ў традыцыях народнага дойлідства.

У горадзе выдаецца раённая газета «Браслаўская звязда».

 

Браслаў. На ўездзе ў горад. Фатаграфія з сайта http://www.fotobel.byБраслаў. Від на горад і возера Дрывяты з Замкавай гары. Фатаграфія з сайта http://planetabelarus.byБраслаў. Гасцініца. Фатаграфія з сайта http://www.fotobel.by/goroda/braslav/Браслаў. Музей традыцыйнай культуры. Фатаграфія з сайта http://vaspan.byБраслаў. Вуліцы горада. Фатаграфія з сайта http://www.fotobel.byБраслаў. Вуліцы горада. Фатаграфія з сайта http://www.fotobel.by

 

ЛІТАРАТУРА

1. Браслав // Города Беларуси. Витебщина: в некоторых интересных исторических сведениях / Ю. Татаринов. – Минск : Энциклопедикс, 2006. – С. 67–77. – (Беларусь историческая).

2. Браслав // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова (гл. ред.) [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 1. – С. 93–95.

3. Браслав // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.] / редкол. Г. П. Пашков (гл. ред.) [и др.]. – Минск : БелЭн, 2006. – Т. 2 : А–Герань. – С. 489–490.

4. Браслав и его окрестности : путеводитель / текст К. Шидловский ; фото С. Плыткевич. – Минск : РИФТУР, 2006. – 80 с.

5. Браслаў // Памяць: Браслаўскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: К. В. Велічковіч [і інш.] ; уклад. К. С. Шыдлоўскі ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Паліграфафармленне, 1998. – С. 668–670.

6. Браслаў // Гарады і гарадскія пасёлкі Беларусі / адк. рэд. Л. К. Калошына. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1981. – С. 28–29.

7. Браслаў // Нашы гарады / У. А. Малішэўскі, П. М. Пабока. – Мінск : Народная асвета, 1991. – С. 131–134.

8. Браслаў // Рэспубліка Беларусь. Вобласці і раёны : энцыклапедычны даведнік / аўтар-склад. Л. В. Календа. – Мінск : БелЭн, 2004. – С. 114–116.

9. Жучкевич, В. А. Браслав / В. А. Жучкевич // Краткий топонимический словарь Белоруссии / В. А. Жучкевич. – Минск : Издательство БГУ, 1974. – С. 35.

10. З гісторыі даўно мінулых дзён // Браслаўская звязда. – 2010. – 24 лют. – С. 2.

11. Лешніца, К. Браслаўскае сонца / К. Лешніца // Звязда. – 2023. – 26 кастр. – С. 11.

12. Ляўковіч, А. Сціплая абаяльнасць «азёрнага горада» / А. Ляўковіч // Звязда. – 2004. – 12 чэрв. – С. 4.

13. Семянчук, Г. М. Браслаў / Г. М. Семянчук // Археалогія Беларусі : энцыклапедыя : у 2 т. / рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.) [і інш.], склад. Ю. У. Каласоўскі. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2009. – Т. 1 : А–К. – 115–116.

14. Ходас, В. І. Браслаўшчына ад старажытнасці да сучаснасці / В. І. Ходас. – Мінск : Галіяфы, 2015. – 295 с. : іл.

15. Шелест, Э. Город с глазами – озёрами / Э. Шелест // Народная газета. – 2006. – 24 жн. – С. VII. – (Прил.: «Союзное Вече»).

16. Шыдлоўскі, К. Назва горада: міфы, меркаванні і факты / К. Шыдлоўскі // Браслаўская звязда. – 1996. – 13 сак. – С. 2, 4.