Друя, г. п., Браслаўскі раён
- Подробности
- Створана 28.08.2017 12:23
- Адноўлена 15.09.2020 09:35
Назва | Друя |
Адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка | гарадскі пасёлак |
Вобласць | Віцебская |
Раён | Браслаўскі |
Сельскі савет | Друеўскі |
Першае ўзгадванне | 1386 |
Тапанімічнае паходжанне назвы | назва ад імя ракі Друя (drutas- "вялікі", " шырокі") |
Гарадскі пасёлак Друя размешчаны на беразе Заходняй Дзвіны пры ўпадзенні ў яе р. Друйкі. За 30 км на паўночны ўсход ад Браслава. Існуе шэраг меркаванняў аб паходжанні назвы паселішча. Большасць з іх зыходзяць з таго, што яна ўтварылася ад назвы ракі. Паводле фіна-ўгорскай версіі чаргаванне гукаў «д» і «р» можа азначаць у перакладзе «вада». Паходжанне тапоніма звязваюць таксама з балцкім «сіпііаз» – вялікі, шырокі. У літаратуры пач. XX ст. сустракаюцца паралелі паміж назвай Друя і словам «драць» (нібыта дзякуючы стромкаму цячэнню ракі і падводным камяням у гэтым месцы абдзіраліся лодкі, плыты). Цікавым з'яўляецца меркаванне, выказанае ў часопісе «Крывіч» за 1923 г., што слова «друя» ў беларускай мове азначае «другая». Так маглі назваць паселішча, перанесенае ў іншае, другое месца.
Упершыню Друя згадваецца ў 1386 г. у хроніцы М. Стрыйкоўскага. Верагодна, што паселішча існавала ўжо ў перыяд Полацкага княства. На карысць гэтага меркавання тое, што ў вусці Друйкі знаходзіцца камень з надпісам XII ст.: «ІС ХС НИКА ГИ ПОМОЗИ РАБУ (СВ)ОЕМУ...» і шасціканцовым крыжом. Некаторыя даследчыкі звязваюць з Друяй Новы замак Полацкай зямлі, які паводле «Хронікі Германа Вартберга» знаходзіўся ў 11 мілях ад Дзінабурга. У скарзе на дзеянні крыжаносцаў, складзенай у 1413 г., згадваецца «de Drucha villa». У ХІV–XV ст. Друя – умацаваны пункт Полацкай зямлі, які належаў служылым людзям Полацкага замка. «Мещане друйские» прыцягваліся да будаўніцтва замкавых умацаванняў у Полацку. У 1490 г. Друя знаходзілася ва ўладанні князя Ц. Масальскага, які атрымаў ад вялікага князя Аляксандра прывілей на месца, замак і друйскія воласці. 22 сакавіка 1506 г. Аляксандр надае прывілей на Друйскае «имение..., лежащее в Полоцкой земле», а таксама вёскі Залессе, Чурылавічы Г. Масальскай. Масальскія атрымалі права на вольны гандаль па Дзвіне. Паводле Полацкай рэвізіі 1552 г. Друя знаходзілася ва ўладанні братоў Юрыя і Івана Масальскіх. Івану належала 56 дымоў мяшчан і слуг, 7 корчмаў, 26 дымоў «к замку людей отчизных» і 6 дымоў «людей вольных». Ю. Масальскі валодаў 48 дымамі мяшчан. Замак знаходзіўся ў агульным карыстанні.
Пасля адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы 1565–1566 гг. Друя ўвайшла ў склад Браслаўскага павета. 17 верасня 1579 г. у Друі пабываў С. Баторый, які з войскам вяртаўся з-пад Пскова. У 1600 г. канцлер Вялікага княства Літоўскага Л. Сапега набыў маёнткі Друя, Чурылавічы, Дзедзін, Залессе, а ў 1611 г. – частку горада. Асноўная ж частка Друі заставалася за Масальскімі. 8 жніўня 1618 г. Я. С. Сапега падпісвае прывілей на заснаванне побач з Друяй новага горада пад назвай Сапежын, разлічваючы ператварыць яго ў значны рамесны, гандлёвы і абарончы пункт. Сапежын атрымаў магдэбургскае права. Мясцовае кіраванне ажыццяўляў магістрат на чале з войтам, пасаду якога зацвярджалі аднак самі Сапегі. Герб Сапежына змяшчаў адлюстраванне віціны з ветразем на хвалях. Паводле прывілея справаводства ў магістраце павінна было весціся на лацінскай або польскай мовах. Прывілей Я. С. Сапегі неаднойчы пацвярджаўся Вялікімі князямі літоўскімі ў XVII–XVIII ст. 3 пераходам пад юрысдыкцыю Сапегаў усёй Друі магдэбургскае права пашырылася на іншыя часткі горада. Паводле інвентара 1643 г. у Друі выразна вылучалася некалькі частак. Найбольш старажытныя, у вусці Друйкі, налічвала 103 дымы. У Сапежыне мелася 108 дымоў, тут знаходзіліся рынак, Ратуша і большасць культавых збудаванняў Друі. Побач размяшчалася прадмесце з замкам. Існавала таксама задзвінская частка Друі – Прыдруйск (сучасны пасёлак Піедруя ў Латвіі). Усяго ў Друі налічвалася 306 дымоў, каля 100 корчмаў, каля 2 тыс. жыхароў. Сярод рамеснікаў былі рыбакі, ганчары, алейнікі, шаўцы, рымары, сядляр, каваль, кравец, цясляр і інш. Паводле магістрацкіх актаў XVIII ст. вядомы таксама шапнікі, сніцары, ткачы, катляры, бляхары, мечнік, ліцейшчык і інш.
У XVII–XVIII ст. Друя адносілася да сярэдніх гарадоў Беларусі, з'яўлялася значным рамесным і гандлёвым цэнтрам, дзе існавала цэхавая арганізацыя рамеснікаў. Гандлёвае значэнне Друі было абумоўлена Заходняй Дзвіной – важнейшай гандлёвай артэрыяй у сярэднявеччы. У XVIII ст. праз Друю праходзіў таксама сухапутны гандлёвы шлях з Тарапца ў Крулявец. У гэты перыяд Друя вылучалася вытворчасцю і гандлем юфцю. У XVI–XVIII ст. у горадзе існавала мытная служба. Да ліку асноўных заняткаў жыхароў Друі адносілася таксама сельская гаспадарка. У XVII–XVIII ст. Друя цэнтр латыфундыі – буйнога землеўладання Сапегаў (у XVIII ст. называлася Друйскім графствам). Адметная роля Друі і як культурнага асяродка. Адсюль паходзіць Друйскае Евангелле XVI ст. – адзін з шэдэўраў беларускай рукапіснай кнігі. Сярод рамеснікаў былі музыкі, скамарохі, муляры ці багамазы. Тут нават навучалі іканапісу. За ўсю гісторыю Друі ў горадзе было пабудавана каля 20 храмаў. Многія з іх з'яўляліся выдатнымі помнікамі дойлідства. У горадзе дзейнічала некалькі манастыроў, у тым ліку бернардзінскі, дамініканскі, праваслаўны. Пры дамініканскім кляштары існаваў шпіталь, у якім у 1677 г. знаходзіўся кароткі час на лячэнні вядомы харвацкі асветнік і энцыклапедыст Ю. Крыжаніч.
Значныя разбурэнні нанеслі Друі войны XVI–XVII ст., у час якіх горад неаднойчы разбураўся дашчэнту. У 1700 г. Аляксандр Сапега перадаў друйскія ўладанні ў дзяржанне барону Мантэўфелю, у 1705 г. імі кароткі час валодалі Агінскія. У 1701 г. праездам з Біржаў у Друі пабываў Пётр I, ён жа ў 1720 г. зрабіў грашовы ўклад у праваслаўны манастыр. Пацярпеў горад і ў час Паўночнай вайны 1700–1721 гг. У 1725 г. у Друі налічвалася ўсяго 116 дамоў. У выніку 1-га падзелу Рэчы Паспалітай да Расіі адышоў Прыдруйск. У Друі размяшчаліся пагранічныя часці Рэчы Паспалітай. 16 мая 1776 г. у горадзе адбыўся вялізны пажар, падчас якога згарэла 125 дамоў. У 1790 г. налічвалася 488 драўляных дамоў, 13 камяніц, 6 заезжых дамоў, 3,4 тыс. жыхароў. 3 канца XVIII ст. ёсць звесткі аб парафіяльнай школе (1774 – 9 вучняў, 1781 – 19, 1782 – 16). Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай Друя ўвайшла ў склад Расіі, была мястэчкам, пазней заштатным горадам Дзісенскага павета Мінскай, з 1842 г. Віленскай губерні.
У канцы XVIII ст. праз Друю праходзіў паштовы тракт Пецярбург – Вена, у пачатку XIX ст., 27 лютага 1800 г. указам Сената Друі было пацверджана права на самакіраванне. Праект герба ад 1860 г. змяшчаў адлюстраванне яліны, трох шасціканцовых крыжоў і Пагоні. У XIX ст. уладальнікамі Друі былі Ігестромы, Мілашы. У час вайны з французамі ў наваколлі Друі адбылося некалькі сутычак часцей корпуса П. Вітгенштэйна пад камандаваннем Я. Кульнева з французскай кавалерыяй. У 1825 г. у Друі налічваліся 2447 жыхароў, 426 драўляных дамоў, 15 камяніц, 54 лаўкі, 31 піцейны дом, дзейнічалі 3 манастыры. У 1864 г. 16 малюнкаў з выглядам архітэктурных помнікаў і прадметаў даўніны Друі зрабіў мастак Дз. Струкаў. У 1875 г. замалёўку бернардзінскага касцёла зрабіў Н. Орда. У 1904 г. насельніцтва Друі складала 5472 чалавекі. Меліся 359 дамоў, 52 лаўкі, 13 культавых пабудоў, 3 гарбарныя заводы (10 рабочых), 275 рамеснікаў. Штогод праводзілася 8 кірмашоў. У пачатку XX ст. ствараюцца першыя рабочыя арганізацыі.
У час 1-й сусветнай вайны Друя – прыфрантавы горад з 5-тысячным гарнізонам расійскіх войск, вялізнай колькасцю тылавых устаноў. Для патрэб фронту была пабудавана вузкакалейка Бальбінава – Друя – Браслаў – Опса.
10 сакавіка 1917 г. арганізаваны Савет афіцэрскіх і салдацкіх дэпутатаў, пазней Савет рабочых дэпутатаў. Савецкая ўлада ўстаноўлена ў лістападзе 1917 г. У лютым–снежні Друя акупіравана германскімі войскамі. Пасля вызвалення ў складзе Браслаўскага раёна (павета). 3 сакавіка 1919 г. цэнтр павета. 22 жніўня 1919 г. у Друі адбыўся з'езд батракоў Браслаўшчыны. 30 жніўня 1919 г. горад заняты польскімі часцямі. 5 ліпеня 1920 г. – войскамі Чырвонай Арміі. У 20-30-я гады – мястэчка Браслаўскага павета, цэнтр гміны, 514 дамоў, 3375 жыхароў (1931). 3 верасня 1939 г. у складзе БССР, з 15 кастрычніка 1940 г. гарадскі пасёлак Мёрскага (з 1963 – Браслаўскага) раёнаў. У гады Вялікай Айчыннай вайны акупантамі было створана яўрэйскае гета, жыхары якога расстраляны. Вызвалена 6 ліпеня 1944 г. часцямі 29-й Полацкай стралковай дывізіі.
У 1971 г. 2,5 тыс. жыхароў. У 1995 г. – 702 двары, 1614 жыхароў. У 2010 г. – 422 гаспадаркі, 1442 жыхары. Маюцца прафтэхвучылішча меліярацыйных работ, сярэдняя школа, дзіцячы сад, Дом культуры, бібліятэка, бальніца, магазіны, прадпрыемствы бытавога абслугоўвання, чыгуначная станцыя. Шэраг легенд і паданняў звязаны з былым бернардзінскім кляштарам, з востравам на р. Заходняя Дзвіна.
Помнікі: камень з надпісам XII ст., кляштар бернардзінцаў з касцёлам св. Троіцы, рэшткі парка, драўляная царква на могілках, помнік у гонар перамогі над французамі атрада Я. Кульнева, магіла ахвяр фашызму на месцы расстрэлу жыхароў гета, помнік на брацкай магіле воінаў-вызваліцеляў, фрагменты забудовы пач. XX ст.
ЛІТАРАТУРА
1. 625-годдзе сёлета святкуе мястэчка Друя // Вольнае Глыбокае. – 2011. – 17 лют. – С. 5.
2. Бакевич, Э. Из окна Европа видна / Э. Бакевич // Витебские вести. – 2014. – 30 янв. – С. 22.
3. Высоцкая, Н. Друя ў складзе Расійскай імперыі / Н. Высоцкая // Браслаўскія чытанні : матэрыялы VI-й навукова-краязнаўчай канферэнцыі прысвечанай 150-й гадавіне з дня нараджэння браслаўскага лекара, грамадскага дзеяча Станіслава Нарбута (1853–1926) 7–8 мая 2003 года / рэд. К. Шыдлоўскі, А. Панцялейка, Г. Падалян. – Браслаў : Браслаўскае музейнае аб'яднанне, 2003. – С. 15–18.
4. Гісторыя порта ў Друі [Электронный ресурс] // Пасольства Рэспублікі Польшча ў Мінску : тэкставая версія. – Рэжым доступа: http://www.minsk.msz.gov.pl/be/aktualnosci/historia/0_____________________drujaby. – Дата доступа: 28.08.2017.
5. Гучок, Я. Беларусь у магдэбургскім праве / Я. Гучок // Туризм и отдых. – 2013. – 18 апр. – С. 1, 10 ; 25 апр. – С. 5 ; 2 мая. – С. 5 ; 16 мая. – С. 5.
6. Девяшкин, А. Браславщина – сказка наяву / А. Девяшкин // Белорусская лесная газета. – 1997. – 9 окт. – С. 7.
7. Друя // Гарады і гарадскія пасёлкі Беларусі / адк. рэд. Л. К. Калошына. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1981. – С. 90–91.
8. Друя // Памяць: Браслаўскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: К. В. Велічковіч [і інш.] ; уклад. К. С. Шыдлоўскі ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Паліграфафармленне, 1998. – С. 674–676.
9. Жучкевич, В. А. Друя / В. А. Жучкевич // Краткий топонимический словарь Белоруссии / В. А. Жучкевич. – Минск : Издательство БГУ, 1974. – С. 110.
10. З гісторыі гарадоў і пасёлкаў // Край блакітных азёр / Л. У. Дучыц. – Минск : Полымя, 1988. – С. 15–18.
11. Набеева, А. 630-годдзю Друі прысвячаецца / А. Набеева // Браслаўская звязда. – 2016. – 16 сак. – С. 7.
12. Набеева, А. Пяць прычын наведаць Друю / А. Набеева // Браслаўская звязда. – 2017. – 9 сак. – С. 5.
13. «Друйскі трыместр» // Мастацкая культура Віцебскага Паазер'я : ад старажытнасці да пачатку ХХ стагоддзя / А. У. Русецкі, Ю. А. Русецкі. – Мінск : БелЭн, 2005. – С. 54–64.
14. Субат, У. П. Друя : ад працавітага хутара да турыстычнай Меккі / У. Субат // Сельская газета. – 2017. – 1 апр. – С. 24.
15. Фотафакт: у Лондане знайшліся старыя здымкі Друі Браслаўскага раёна [Электронный ресурс] // Край.by : информ.-новост. портал. – Рэжым доступа: https://kraj.by/belarus/news/kultura/-fotafakt-u-londane-znayshlisya-stariya-zdimki-drui-braslauskaga-rayona-2015-08-25. – Дата доступа: 28.08.2017.
16. Шпакоўская, Г. Друя / Г. Шпакоўская // Народная слова. – 2006. – 15 ліп. – С. 4–5.
17. Шульман, А. Подземный ход в прошлое / А. Шульман // Мишпоха. – 2000. – №7. – С. 53–55.
18. Ярашэвіч, А. З гісторыі Друі / А. Ярашэвіч // Браслаўская звязда. – 1989. – 18 сак. – С. 3–4.