Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Заходняя Дзвіна, рака, г. Віцебск

 

Заходняя Дзвіна – рака ў Расіі, Беларусі і Латвіі. Даўжыня 1020 км. Плошча вадазбору 87,9 тыс. км2. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 666 м3/с. Агульнае падзенне ракі на Беларусі 38 м. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,12 %0.

Пачынаецца на Валдайскім узвышшы з возера Каракіна (Цвярская вобл., Расія) на вышыні 221 м над узроўнем мора, упадае ў Рыжскі заліў Балтыйскага мора.

Асноўныя прытокі на Беларусі: Усвяча, Обаль, Палата, Дрыса (справа), Каспля, Лучоса, Ула, Ушача, Дзісна і Друйка (злева).

Цячэ на Беларусі пераважна з усходу на захад па Суражскай нізіне, паміж Гарадоцкім і Віцебскім узвышшамі і на большым сваім працягу – па Полацкай нізіне. Даўжыня ў межах Беларусі 328 км, плошча вадазбору 33,2 тыс. км2. Даліна трапецападобнай формы, каля г. п. Руба – каньёнападобная. Шырыня яе ў асноўным 3–4 км, паблізу ўпадзення Улы і на крайняй усходняй частцы Беларусі дасягае 10–15 км. Глыбіня ўрэза зменьваецца ад 20–30 м да 40–50 м.

У будове даліны часцей за ўсё вылучаецца пойма і 2 (некаторыя даследчыкі адзначаюць 3–4) надпоймавыя тэрасы. Пойма ў межах Суражскай нізіны вузкая – да 60 см. Адрозніваюць 2 узроўні: нізкі (1,5–2 м над летнім урэзам ракі, заліваецца ў разводдзе кожны год) і высокі (4–5 м, заліваецца толькі пасля мнагаснежных зім). Аналагічная будова захоўваецца да Віцебска, прычым шырыня нізкай поймы 40–50 м, а высокай не перавышае 15–20 м. Каля г. п. Руба пойма звужаецца да 10–20 м. На Полацкай нізіне яна таксама вузкая, з двума ўзроўнямі: ніжняя (2,5–3,5 м над летнім узроўнем вады) шырынёй 5–10 м і верхняя (5–5,5 м) 15–20 м. Толькі на асобных участках пойма пашыраецца да 300– 500 м (зрэдку да 3 км). Рэчышча звілістае, зарастае пераважна каля берагоў. Шырыня яго да вусця р. Ула 60–120 м, зрэдку да 190 м, каля мяжы з Латвіяй 100–140 м, зрэдку да 240 м.

Суднаходству па рацэ перашкаджаюць парогі – на працягу 12 км вышэй Віцебска цягнецца Вярхоўскі парог, утвораны выхадам блізка да дзённай паверхні дэвонскіх даламітаў: парожыстыя ўчасткі трапляюцца ў сутоках Дзісны і Зах. Дзвіны каля г. Дзісна, а таксама каля г. Верхнядзвінск. Дно пясчана-камяністае і пясчанае або пясчана-галечнае. Берагі ўмерана-стромкія, супясчаныя, радзей – пясчана-гліністыя з валунамі, вышынёй да 8 м, зрэдку да 22 м.

Жыўленне ракі мяшанае (пераважна снегавое з вялікай доляй грунтавога). Асаблівасць рэжыму – высокае веснавое разводдзе, нізкая летне-асенняя межань з частымі дажджавымі паводкамі, устойлівая зімовая межань. На перыяд веснавога разводдзя прыпадае 56 %, летне-асеннюю межань 33 %, зімовую – 11 % гадавога сцеку. Веснавое разводдзе доўжыцца 60–70 дзён (з канца сакавіка да 1-й дэкады чэрвеня). Сярэдняя вышыня над самай нізкай межанню 4,4–9 м, найбольшы ўзровень у межах Беларусі 13,5 м (1931). Летне-асенняя межань (доўжыцца 4–5 месяцаў) нярэдка парушаецца дажджавымі паводкамі вышынёй да 6 м. Зімовая межань каля 70–80 дзён. Замярзае ў 1-й дэкадзе снежня, крыгалом у 1-й дэкадзе красавіка. Найбольшая таўшчыня лёду 50–78 см (люты – сакавік). Веснавы ледаход 4–10 сутак. Найбольшы расход вады каля Віцебска 3320 мэ/с (1991), Полацка 4060 м3/с (1956), найменшы адпаведна 8 м3/с (1940) і 25,4 м3/с (1938–1939). Гадавы сцёк завіслых наносаў каля 320 тыс. т. Вада на працягу года (за выключэннем перыядаў веснавога разводдзя і летне-асенніх паводак) гідракарбанатна-кальцыевага класа з рэзка выражаным гідракарбанатным характарам.

У рацэ водзяцца шчупак, акунь, плотка, лешч, лінь, карась звычайны, верхаводка, гусцяра; каштоўныя – судак, мінога ручаёвая, стронга ручаёвая, галавень і інш.

Са старажытных часоў Заходняя Дзвіна – важны гандлёвы шлях, у 9-11 ст. па ёй праходзіла адно з адгалінаванняў шляху «з варагаў у грэкі». Суднаходства ажыццяўляецца ад Веліжа (Расія) да Верхнядзвінска, у ніжнім цячэнні (у межах Латвіі) – на асобных участках.

Гарады і пасёлкі гарадскога тыпу на Беларусі: Сураж, Руба, Віцебск (порт), Бешанковічы, Полацк, Наваполацк, Дзісна і Верхнядзвінск.

У маляўнічых мясцінах зона адпачынку рэспубліканскага значэння Ула, курорт рэспубліканскага значэння Верхнядзвінск; дзіцячы санаторый «Лукі», санаторыі-прафілакторыі «Жалезнякі», «Лясная паляна», «Бадзёрасць», «Студэнцкі» і інш. (Віцебскі р-н, г. Віцебск), «Крыніца», «Палімір», «Прамень» і інш. (г. Наваполацк).

 

Віцебск. Рака Заходняя Дзвіна ў межах горада. Фотаздымак з сайта https://ru.wikipedia.org/Рака Заходняя Дзвіна ў Бешанковічах. Фотаздымак з сайта http://beshankovichy.byРака Заходняя Дзвіна ў Полацку. Фотаздымак з сайта https://tonkosti.ru/Рака Заходняя Дзвіна за Суражам. Фотаздымак з сайта http://surazh.byРака Заходняя Дзвіна ў Верхнядзвінску. Фотаздымак з сайта http://orda.of.by/Рака Заходняя Дзвіна каля в. Гараны пад Полацкам. Фотаздымак з сайта https://be.wikipedia.org/

 

ЛІТАРАТУРА

1. Абрамова, И. Седая Двина - река-кормилица... / И. Абрамова // Віцьбічы = Витьбичи. – 2009. – 18 июля. – С. 10.

Из истории рыболовства и судоходства на реке в г. Витебске.

2. Віцебск і Заходняя Дзвіна // Звязда. – 2009. – 26 мая. – С. 6.

3. Волчек, А. А. Цикличность годового стока Западной Двины / А. А. Волчек // Вестник Полоцкого государственного университета. – 2006. – № 3 (В). – С. 172–177.

Анализ водного режима реки.

4. Дединкина, С. Мониторинг бассейна Западной Двины по программе ТАСИС / С. Дединкина // Народнае слова. – 2000. – 25 мая. – С. 2.

5. Западная Двина // Витебск : энциклопедический справочник / редкол.: И. П. Шамякин [и др.].– Мн., 1988. – С. 184–186.

6. Западная Двина – Даугава. Река и время / Л.С. Аносова [и др.]. – Мн., 2006. – 270 с.

7. Заходняя Дзвіна // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / рэдкал.: Г.П. Пашкоў [і інш.]. – Мн., 1998. – Т. 7. – С. 23–24.

8. Заходняя Дзвіна // Блакітны скарб Беларусі : энцыклапедыя / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мн., 2007. – С. 200–201.

9. Парфомук, С. И. Анализ многолетних колебаний годового стока воды реки Западная Двина / С. И. Парфомук // Вестник Полоцкого государственного университета. – 2006. – № 3 (В). – С. 178–182.

10. Фауна и экология птиц бассейна реки Западная Двина. – Витебск : ВГУ им. П. М. Машерова, 2000. – 109 с.

11. Черкасова, О. А. Рекреационное использование реки Западная Двина в черте г. Витебска / О. А. Черкасова, И. И. Бурак // Веснiк Вiцебскага дзяржаўнага унiверсiтэта. – 2007. – № 4. – С. 149–156.

12. Шышанаў, В. Да гiсторыi злучэння Заходняй Дзвiны з Дняпром праз Лучосу i Аршыцу. 19 – пач. 20 ст. / В. Шышанаў // Вiцебскі сшытак. – 2000. – № 4. – С. 212–216.