Кублічы, аг., Ушацкі раён
- Подробности
- Створана 06.09.2017 12:23
- Адноўлена 15.09.2020 13:51
Назва | Кублічы |
Адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка | аграгарадок |
Вобласць | Віцебская |
Раён | Ушацкі |
Сельскі савет | Кубліцкі |
Тапанімічнае паходжанне назвы | у аснове тэрміна кубел (кублік) - "бочачка", "кадка" |
Вёска Кублічы – цэнтр сельсавета, знаходзіцца за 20 км ад раённага цэнтра.3 пісьмовых крыніц вядома з XV ст. у складзе Полацкага ваяводства Вялікага княства Літоўскага. У 1511 г. кароль Жыгімонт падараваў 2 службы «людзей путных у Кублічах» полацкім баярам Міхаілу і Івану Невельскім. У 1552 г. маёнтак і двор Кублічы – уладанне пана Ф. Кубліцкага. «3 дымы к тому двору ему конем служат. 14 дымоў вольных людзей дают яму всякого збожжа четвертую долю». У 1593 г. Кублічы – цэнтр воласці, у якой размяшчаўся праваслаўны храм Казьмы і Дзям’яна. У пачатку XVIIст. уладанне паноў Сяляваў. У маёнтку на беразе возера Красніца размяшчалася праваслаўная царква. У 1622 г. архімандрыт Нікан Сялява з братамі прадаў маёнтак ротмістру войска польскага І. Палозчыку. 3 1667 г. – уладанне полацкага гараднічага І. Кубліцкага, у 1719 г. – уладанне смаленскага стражніка і яго жонкі Элеаноры Гушчаў. У 1713 г. пабудавана Петрапаўлаўская царква.
У XIX ст. мястэчка, маёнтак у Лепельскім павеце Віцебскай губерні. Паводле інвентара 1846 г., мястэчка, 20 двароў, 87 жыхароў, 1 маёнтак, які складаўся з 15 вёсак, уладанне памешчыка П. Сялявы, 2241 дзесяціна зямлі. У 1846 г. адкрыта народнае вучылішча і пабудаваны інтэрнат на 44 вучні. Мелася царкоўнапрыходская школа. На 1880 г. мястэчка, 8 двароў, 120 жыхароў, цэнтр Кубліцкай воласці. Размяшчаліся валасное праўленне, 2 праваслаўныя царквы, 3 яўрэйскія школы, піваварны завод, 2 гарбарныя заводы, заезны двор, 17 лавак, штогод праходзілі 3 ярмаркі (2 лютага, 29 чэрвеня, 1 кастрычніка) і штотыднёвы кірмаш у сераду.
На пачатку XX ст. у мястэчку было 128 двароў, 1800 жыхароў, у тым ліку звыш 1600 яўрэяў, якія займаліся гандлем. У 1905 г. маёнтак, 1 двор, 50 жыхароў, 155 дзесяцін зямлі, належаў двараніну Арлоўскаму. У 1921 г. у мястэчку працавалі майстэрні – кравецкая «Новае жыццё» і шавецкая «Пагранічнік». На базе дарэвалюцыйнага народнага вучылішча адкрыта працоўная школа 1-й ступені, у якой у 1924 г. вучылася 166 вучняў з Кубліч і 9 з маёнтка. Школа размяшчалася ва ўласным будынку.
3 20 жніўня 1924 г. – цэнтр сельсавета Ушацкага раёна. Паводле перапісу 1926 г., у маёнтку 19 двароў, 103 жыхары. У 1929 г. у маёнтку створаны калгас «Барацьбіт». Працавалі вапнавы завод, сталярная, ганчарная і рымарская майстэрні, кузня. У 1930 г. у мястэчку створаны калгас «1 Мая». Працавала кузня. 3 1938 г. вёска, сюды былі сселены жыхары в. Чырвоная Горка.
У 1941 г. – 141 двор, 310 жыхароў. У Вялікую Айчынную вайну акупанты двойчы знішчалі вёску, яны спалілі 115 двароў, загубілі 170 жыхароў, 21 забралі ў германскую няволю, 10 загінулі на фронце, 6 – у партызанах. У красавіку 1944 г. размяшчаўся штаб 1-й партызанскай брыгады імя А. В. Суворава.
У 1969 г. 123 двары, 361 чалавек. Цэнтральная сядзіба саўгаса «Кублічы». Ёсць школа, бібліятэка, збожжасховішча, механічная майстэрня, ветэрынарны ўчастак, аўтаматычная тэлефонная станцыя, аддзяленне сувязі, магазін, фельчарска-акушэрскі і пажарны пункты, лясгас.
У 1954 г. на брацкай магіле савецкіх воінаў і партызан на плошчы пастаўлены абеліск. У 1976 г. на будынку школы ў гонар 1-й партызанскай брыгады імя А. В. Суворава ўстаноўлена мемарыяльная дошка.
У 2010 г. – 168 двароў, 332 чалавекі. Цэнтр КУСГП «Кублічы», сярэдняя школа-сад, Дом культуры, ФАП, бібліятэка. Археалагічныя помнікі – гарадзішча і курганныя могільнікі днепра-дзвінскай культуры.
ЛІТАРАТУРА
1. Жучкевич, В. А. Кубличи / В. А. Жучкевич // Краткий топонимический словарь Белоруссии / В. А. Жучкевич. – Минск : Издательство БГУ, 1974. – С. 187.
2. Кублічам– 40 гадоў // Патрыёт (Ушачы). – 2003. – 22 студз. – С. 3.
3. Казакевіч, З. Дарога да Быкава / З. Казакевіч // Витебский проспект. – 2009. – 18 июня. – С. 4–5.
4. Кублічы // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / рэдкал. Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 1999. – Т. 8 : Канто–Кулі. – С. 554.
5. Кублічы // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.] / рэдкал.: Т. У. Бялова [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2013. – Т. 4 : З–Л. – С. 610–611.
6. Кубличи // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2011. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 2. – С. 9–10.
7. Кублічы // Памяць: Ушацкі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Г. К. Кісялёў [і інш.] ; уклад. М. М. Кірпіч ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Белта, 2003. – С. 609–610.