Сарочына, в., Ушацкі раён
- Подробности
- Створана 19.04.2017 12:23
- Адноўлена 15.07.2021 09:06
Назва | Сарочына |
Адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка | вёска |
Вобласць | Віцебская |
Раён | Ушацкі |
Сельскі савет | Сарочынскі |
Першае ўзгадванне | 1495 |
Тапанімічнае паходжанне назвы | аснова можа мець рознае сэнсавае значэнне: "сарока" (птушка), "сарочын" (выхадзец з Блізкага Усходу) |
Вёска Сарочына, цэнтр сельсавета, ўпершыню ўпамінаецца ў 1495 г. як маёнтак, уладанне княгіні Іванавай-Тучынай у Вялікім княстве Літоўскім. У 1665 г. маёнтак належаў панам Шчытам, якія падаравалі яго Ю. Шчыту. У гэты час тут згадваецца праваслаўная царква. У XIX ст. цэнтр маёнтка Анцібор (Сарочына) у Лепельскім павеце Віцебскай губерні. Паводле рэвізіі 1833 г., у маёнтку 214 сялянскіх душ, уладанне памешчыка І. Корсака. У склад маёнтка ўваходзілі вёскі Сарочына, Славені, Красоўшчына. Паводле інвентара 1846 г. у ім было 6 двароў, 80 жыхароў. У 1854 г. пабудавана драўляная праваслаўная царква Архістратыга Міхаіла. У царкве ўшаноўвалася ікона Сарочынскай Божай Маці. Адбываўся хрэсны ход у дзень Узнясення Гасподняга з Апанаскавіцкай царквы ў Сарочынскую. У Сарочыне ў дзень Узнясення Гасподняга адбывалася ярмарка. У 1876 г. гэта ўладанне памешчыка М. Корсака, які валодаў 550 дзесяцінамі зямлі. У 1886 г. сяло, 11 двароў, 80 жыхароў, праваслаўная царква.
У пачатку XX ст.99 дзесяцін раллі. Адносілася да Апанаскавіцкага праваслаўнага прыхода царквы Святога Духа. У 1905 г. у сяле 16 двароў, 100 жыхароў, у маёнтку 1 двор, 12 жыхароў. У 1910 г. у сяле была адкрыта земская школа, на базе якой у 1918 г. была створана школа 1-й ступені, у 1924 г. тут вучыліся дзеці з 11 навакольных населеныхпунктаў. 3 20 жніўня 1924 г. цэнтр Сарочынскага сельсавета Ушацкага раёна. Паводле перапісу 1926 г., Сарочына – вёска: 17 двароў, 95 жыхароў; хутар: 7 двароў, 39 жыхароў і маёнтак: 5 двароў, 95 жыхароў. У 1930 г. створаны калгас.
У 1941 г. 20 двароў, 80 жыхароў. У Вялікую Айчынную вайну 2 вяскоўцы загінулі на фронце, 5 – у партызанах. Зараз вёска ў складзе саўгаса-камбіната «Арэхаўна». Ёсць магазін, аддзяленне сувязі, аўтаматычная тэлефонная станцыя, механічныя майстэрні, ферма, фельчарска-акушэрскі пункт, Дом культуры.
У 1966 г. у скверы пастаўлены абеліск воінам, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну.
У 2010 г. 96 двароў, 245 жыхароў. Цэнтр КУСП «Арэхаўна», базавая школа, клуб, бібліятэка, ФАП, крама.
ЛІТАРАТУРА
1. Варатынская, Г. Аб’яднаныя песняй / Г. Варатынская // Патрыёт (Ушачы). – 2009. – 6 чэрв.– С. 8.
2. Москаленко, Г. Незыблемость вечного / Г. Москаленко // Беларуская думка. – 2011. – № 7. – С. 8–13.
3. Сарочына // Памяць: Ушацкі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Г. К. Кісялёў [і інш.] ; уклад. М. М. Кірпіч ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Белта, 2003. – С. 625.
4. Сорочино // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2011. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 2. – С. 484–485.