Селішча, в., Ушацкі раён
- Подробности
- Створана 06.09.2017 12:23
- Адноўлена 15.07.2021 09:08
Назва | Селішча |
Адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка | вёска |
Вобласць | Віцебская |
Раён | Ушацкі |
Сельскі савет | Кубліцкі |
Першае ўзгадванне | 1552 |
Тапанімічнае паходжанне назвы | назва вытворнае ад слова "сяло", "селішча" - рэшткі старажытнага неўмацаванага паселішча |
Вёска Селішча, цэнтр сельсавета, ўпамінаецца ў пісьмовых крыніцах з 1552 г. як двор Селішча, уладанне І. Корсака. Налічвалася 17 дымоў сялян, якія плацілі мядовую дань, 6 дымоў вольных земляробаў, якія давалі чацвёрты сноп.
У XIXст. цэнтр аднайменнага маёнтка ў Лепельскім павеце Віцебскай губерні. У склад маёнтка ўваходзілі 4 фальваркі і 22 вёскі. Паводле інвентара 1846 г., мястэчка, 12 двароў, 63 жыхары, уладанне памешчыкаў Эдуарда і Кацярыны Сяляваў, якім належала 5000 дзесяцін зямлі. У 1878 г. уладанне памешчыка А. Шырына, якому належала 3005 дзесяцін зямлі. У 1886 г. прыватнае ўладанне, 17 двароў, 110 жыхароў, піцейны дом.
У пачатку XXст. – 49 дзесяцін раллі. У 1905 г. 16 двароў, 41 жыхар. У 1910 г. адкрыта земская школа, на базе якой пасля рэвалюцыі створана пачатковая школа, дзе ў 1924 г. вучылася 46 дзяцей з 7 вёсак. 3 20 жніўня 1924 г. сяло ў Чарапоўшчынскім сельсавеце Ушацкага раёна. Паводле перапісу 1926 г., 36 двароў, 298 жыхароў. У 1930 г. створаны калгас.
У 1941 г. 54 двары, 224 жыхары. У Вялікую Айчынную вайну акупанты спалілі 3 двары, загубілі 14 мірных жыхароў, 13 загналі ў германскую няволю, 12 загінулі на фронце, 2 – у партызанах.
3 16 ліпеня 1954 г. цэнтр сельсавета. Цэнтральная сядзіба калгаса «XXI партз’езд». Размешчаны механічныя майстэрні, магазін, ферма, фельчарска-акушэрскі пункт, комплексна-прыёмны пункт, аддзяленне сувязі, аўтаматычная тэлефонная станцыя. На 1 студзеня 2001 г. 139 двароў, 330 жыхароў.
У скверы ў 1967 г. пастаўлены абеліск воінам, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну.
У цэнтры вёскі знаходзіцца помнік архітэктуры позняга барока – кляштар бернардзінцаў, пабудаваны ў 1726 г.
За 0,1 км на ўсход ад вёскі знаходзіцца археалагічны помнік – курганны могільнік, 115 насыпаў вышынёй 1–2 м.
ЛІТАРАТУРА
1. Вашкевіч, А. Да возера Светлага туліцца вельмі прыгожы куток / А. Вашкевіч // Лепельскі край. – 2001. – 6 лют. – С. 3
2. Віталёва, В. Селішча / В. Віталёва // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2001. – Т. 6. Кн. 1 : Пузелі–Усая. – С. 277.
3. Макарэвіч, С. Ускрай блакітных азёр / С. Макарэвіч // Літаратура і мастацтва. – 2009. – 23 кастр. – С. 16.
4. Селішча // Памяць: Ушацкі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Г. К. Кісялёў [і інш.] ; уклад. М. М. Кірпіч ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Белта, 2003. – С. 625.