Лужкі, аг., Шаркаўшчынскі раён
- Подробности
- Створана 08.09.2017 12:23
- Адноўлена 22.09.2020 10:28
Назва | Лужкі |
Адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка | аграгарадок |
Вобласць | Віцебская |
Раён | Шаркаўшчынскі |
Першае ўзгадванне | 1514 |
Тапанімічнае паходжанне назвы | назва ад асновы "луг" |
Аграгарадок Лужкі з’яўляецца цэнтрам сельсавета, за 30 км на ўсход ад раённага цэнтра, на р. Мнюта.
Упершыню згадваецца ў 1514 годзе як маёнтак. Уласнасць Сапегаў, Жабы, а прыкладна з 1840 г. Чапскіх. У 1744 г. заснаваны калегіум піяраў, які дзейнічаў да XX ст. Пабудаваны Міхайлаўскі касцёл з цэглы (1744–1756). Паводле каралеўскага прывілея ад 14 студзеня 1745 г., мястэчка. 3 1793 г. цэнтр воласці Дзісенскага павета Мінскай, з 1842 г. Віленскай губерняў. У 1794 г. пабудавана праваслаўная царква Раства Багародзіцы (у 1831 і 1885 пашкоджана пажарамі, у 1934 прыбудаваны бабінец і двух'ярусная званіца над ім). У 1861 г. 639 жыхароў. У 1862 г. адкрыта земскае народнае вучылішча. У 1886 г. 77 двароў, 924 жыхары, вадзяны млын, конная паштовая станцыя, малітоўны дом, народнае вучылішча, піваварны завод, 14 крам. У 1901 г. адкрыта царкоўнапрыходская школа. У 1905 г. – 1357 жыхароў, 617 дзесяцін зямлі. Непадалёку ад мястэчка размяшчаўся маёнтак Лужкі Зіберг-Плятэраў, 111 жыхароў, 5191 дзесяціна зямлі. З 1939 года ў складзе БССР. Паводле перапісу 1921 г., мястэчка – цэнтр гміны Дзісенскага павета Віленскага ваяводства, 212 дамоў, 1362 жыхары. 3 12 кастрычніка 1940 г. цэнтр сельсавета. З 1941 па 1944 акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі. З 1962 года – у Мёрскім, з 1966 – у Шаркаўшчынскім раёнах.
На 1 студзеня 2003 года 381 двор, 870 жыхароў.
Сёння насельніцтва сельсавета складае 2067 чалавек (па стане на 1 студзеня 2017 года).
Асноўным напрамкам эканомікі з'яўляецца вытворчасць сельскагаспадарчай прадукцыі. На тэрыторыі сельсавета аграпрамысловы комплекс прадстаўляюць камунальнае ўнітарнае вытворчае сельскагаспадарчае прадпрыемства «Гарадзец» і 8 фермерскіх гаспадарак.
На тэрыторыі сельсавета ажыццяўляюць сваю дзейнасць участак УКП ЖКГ Шаркаўшчынскага раёна, участак РЭС, участак ДРБУ-131, лужкоўскае лясніцтва.
Функцыянуе 37 аб'ектаў сацыяльнай інфраструктуры.
У аграгарадку маецца сярэдняя школа, дзіцячы сад, Дом культуры, бібліятэка, бальніца, аптэка, аддзяленне сувязі і інш. Тут знаходзіцца брацкая магіла савецкіх воінаў, сінагога, вадзяны млын (XIX – пач. XX ст.).
ЛІТАРАТУРА
1. Деревня Лужки // Приглашаем в путешествие по Шарковщине : [путеводитель]. – Новополоцк : О. В. Молодечкин, 2012. – С. 8–9.
2. Жучкевич, В. А. Лужки/ В. А. Жучкевич // Краткий топонимический словарь Белоруссии / В. А. Жучкевич. – Минск : Издательство БГУ, 1974. – С. 211.
3. Информация о сельском Совете [Электронный ресурс] // Шарковщинский районный исполнительный комитет. – Режим доступа: http://sharkovshchina.vitebsk-region.gov.by/ru/luzhkovskiy_ss. – Дата доступа: 16.08.2017.
4. Корсак, Э. «Лужкі» ужо маюць гэты статус / Э. Корсак // Клiч Радзiмы (Шаркаўшчына). – 2006. – 18 лют. – С. 1–2.
5. Лужкі // Памяць: Шаркаўшчынскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал. : Л. М. Драбовіч [і інш.] ; уклад. Л. М. Лабачэўская ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Белта, 2004. – С. 487–488.
6. Лужки // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2011. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 2. – С. 81–82.
7. Лужки // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7т.]/ редкол.: Г. П. Пашков [и др.]. – Минск : БелЭн, 2007. – Т. 4 : Картография–Миноговые – С. 556.
8. Райчонак, С. Гасціннасцю душы віталі ўсіх Лужкі / С. Райчонак // Кліч Радзімы (Шаркаўшчына). – 2014. – 30 ліп. – С. 1–2.