Радзюкі, аг., Шаркаўшчынскі раён
- Подробности
- Створана 11.09.2017 12:23
- Адноўлена 25.10.2017 13:34
Назва | Радзюкі |
Адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка | аграгарадок |
Вобласць | Віцебская |
Раён | Шаркаўшчынскі |
Радзюкі, аграгарадок, цэнтр сельсавета і сельскагаспадарчага прадпрыемства. Размешчаны за 5 км на паўднёвы ўсход ад раённага цэнтра, на аўтамабільнай дарозе Шаркаўшчына – Глыбокае, на р. Бярозаўка. У 1866 г. існавалі сумежна 2 фальваркі пад назвай Радзюкі, 15 і 25 жыхароў. Уваходзілі ў Ігуменскую воласць Дзісенскага павета Віленскай губерні. У пачатку ХХ стагоддзя маёнткі – Радзюкі 1-я, 2 жыхары, 129 дзесяцін зямлі, і Радзюкі 2-я, 18 жыхароў, 129 дзесяцін зямлі, належалі Бароўскім. З 1921 г. – фальваркі Радзюкі 1-я, 8 дамоў, 50 жыхароў, і Радзюкі 2-я, 5 дамоў, 31 жыхар, у Шаркаўшчынскай гміне Дзісенскага павета Віленскага ваяводства. Згодна з «Даведнікам Дзісненскага павета» ў 1930 годзе ў маёнтку Радзюкі налічвалася 153 дзесяціны зямлі, лес, 48 чалавек (арандатары, запашнікі, парабкі, млынары). Маёнткам кіраваў аканом, зямля здавалася ў арэнду. У 1939 годзе былі адкрыты хата-чытальня і клуб. Пасля Вялікай Айчыннай вайны будынак разабралі і перавезлі кудысьці, а гаспадарчыя пабудовы (свірны, хлявы, каморы) выкарыстоўваліся створаным калгасам, рэарганізаваным з часам у буйны саўгас. Пазней на месцы маёнтка пабудуюць кантору саўгаса, узвядуць абеліск-помнік землякам. На тэрыторыі былой сядзібы Бароўскіх з’явіцца гандлёвы цэнтр, двухпавярховыя будынкі сельскага Савета і пошты, ФАПа і стацыянарнага аддзялення райбальніцы. Пазней з’явілася бібліятэка і сельскі Дом культуры.
На 1 студзеня 2003 года 244 двары, 563 жыхары.
Па стане на 1 студзеня 2017 года на тэрыторыі сельсавета налічваецца 641 гаспадарка, пражывае 1556 чалавек.
Большасць працаздольнага насельніцтва працуе ў камунальным унітарным вытворчым сельскагаспадарчым прадпрыемстве імя Маркава Шаркаўшчынскага раёна і аддзяленні «Светлы шлях» ААТ «Шаркаўшчынскі агратэхсэрвіс», размешчаных на тэрыторыі сельсавета.
Насельніцтва сельсавета абслугоўваюць 4 фельчарска-акушэрскія пункты: Радзюкоўскі, Дулінскі, Балкалаўскі, Шкунцікаўскі.
На тэрыторыі сельсавета размешчана адна дзяржаўная ўстанова адукацыі «Радзюкоўская базавая школа Шаркаўшчынскага раёна».
Культурнае абслугоўванне насельніцтва ажыццяўляюць Радзюкоўскі сельскі Дом культуры, Пашкоўскі сельскі клуб і 2 бібліятэкі: Радзюкоўская, Пашкоўская.
Насельніцтва сельсавета абслугоўваюць 5 крам, астатнія населеныя пункты абслугоўваюць аўтакрамы.
Маецца адно аддзяленне паштовай сувязі ў аг. Радзюкі і два паштовыя аддзяленні перасоўнай сувязі ў в. Балкалы і в. Шкунцікі, якія забяспечваюць дастаўку перыядычных выданняў насельніцтву адзін раз у дзень пяць дзён на тыдзень.
На тэрыторыі сельсавета працуе адзін комплексны прыёмны пункт у аг. Радзюкі.
У аграгарадку функцыянуе фізкультурна-аздараўленчы цэнтр «Радзюкі», у якім маюцца трэнажорная зала, більярд, настольны тэніс.
10 ліпеня 2016 года быў адкрыты знак у памяць аб загінуўшых яўрэях, вязнях Шаркаўшчынскага гета ў аграгарадку Радзюкі.
ЛІТАРАТУРА
1. Ардынская, Л. Гданьск–Радзюкі. Шлях да Бацькаўшчыны цягам 12 гадзін і даўжынёй каля 1000 кіламетраў / Л. Ардынская // Вольнае Глыбокае. – 2014. – 23 студз. – С. 4–5.
2. Ардынская, Л. Мясціны, знітаваныя з душой / Л. Ардынская // Звязда. – 2013. – 20 жн. – С. 5.
3. Корсак, Э. Уздоўж Бярозаўкі-ракі аграгарадок з назвай Радзюкі / Э. Корсак // Белорусская нива. – 2010. – 16 окт. – С. 3.
4. Общие сведения о сельсовете[Электронный ресурс] // Шарковщинский районный исполнительный комитет. – Режим доступа: http://sharkovshchina.vitebsk-region.gov.by/ru/raduk. – Дата доступа: 16.08.2017.
5. Радзюкі // Памяць: Шаркаўшчынскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Л. М. Драбовіч [і інш.] ; уклад. Л. М. Лабачэўская ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Белта, 2004. – С. 490–491.