Лынтупы, г. п., Пастаўскі раён
- Подробности
- Створана 19.04.2017 12:23
- Адноўлена 22.09.2020 10:32
Назва | Лынтупы |
Адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка | гарадскі пасёлак |
Вобласць | Віцебская |
Раён | Пастаўскі |
Першае ўзгадванне | 1385 |
Тапанімічнае паходжанне назвы | назва вытворнае ад фінскага lintu - "птушка" і балтыйскага upis –"рака" |
Лынтупы – гарадскі пасёлак у Пастаўскім раёне. Знаходзіцца на р. Лынтупка, за 42 км ад Паставаў, 292 км ад Віцебска. Чыгуначная станцыя на лініі Полацк – Вільнюс; аўтадарогамі звязаны з Паставамі і гарадскім пасёлкам Свір. 1519 жыхароў (2016). На 1 студзеня 2017 г. у Лынтупах пражывае 1478 жыхароў.
Першае ўпамінанне Лынтупаў у архіўных дакументах адносіцца да 1385 г. У 1459 г. віленскім ваяводам Андрэем Даўгірдовічам пабудаваны касцёл, пры якім быў шпіталь. 3 сярэдзіны XVI ст. мястэчка ў Ашмянскім павеце Віленскага ваяводства Вялікага княства Літоўскага. Па інвентарызацыі 1591 г. у мястэчку была плошча і 2 вуліцы – «Да млына» і «Да сяла Судоўскага», 28 дымоў, каля 150 жыхароў. Сядзіба ўладара маёнтка складалася са старога дома з 6 памяшканнямі і гаспадарчымі пабудовамі. Уладальнікамі Лынтуп былі Астроўскія, Гільзены, Бучынскія.
3 1795 г. у складзе Расійскай імперыі. 3 9 верасня 1801 г. у Завілейскім павеце Віленскай губерні. У 1812 г. мястэчка занята войскамі Напалеона. Жыхары мястэчка прымалі ўдзел у паўстанні 1830–1831 гг., 5 мая 1831 г. атрады паўстанцаў былі ў Лынтупах, адкуль накіраваліся ў Ашмянскі павет.
3 1843 г. Лынтупы – цэнтр воласці ў Свянцянскім павеце Віленскай губерні. 3 1854 г. маёнтак ва ўладанні Юрыя Бішэўскага, нашчадкі якога валодалі ім да 1939 г. У канцы XIX ст. маёнтак складаўся з мястэчка Лынтупы, вёсак Шудаўцы, Казнадзеюшкі, Пожлікі, Пешкаўцы і засценкаў Стукаўшчызна, Яўнелішкі, Жакі, Балдук, Сенькішкі, або Балдучок, Трабуцішкі, Ігнацішкі (усе яны належалі да Лынтупскай сельскай суполкі). У Лынтупах была яўрэйская суполка (151 чалавек у 1847 г.). У 1885 г. у Лынтупах 13 двароў, 214 жыхароў, валасное праўленне, касцёл, яўрэйскі малітоўны дом, школа (пабудавана ў 1866), багадзельня, 3 крамы, карчма, праводзіліся кірмашы. У 1897 г. у мястэчку 685 жыхароў, праз яго ў канцы XIX ст. пракладзена вузкакалейка Новасвянцяны – Глыбокае. У пачатку XX ст. пабудаваны двухпавярховы мураваны палац (захаваўся), раней Бішэўскім закладзены парк з рэдкімі пародамі дрэў, выкапаны ўручную 3 ставы, якія злучаліся ручаямі. У 1904 г. Бішэўскім пабудаваны вінакурны завод. 3 1909 г. існавала народнае вучылішча.
У 1908 г. на месцы ранейшага драўлянага касцёла пабудаваны мураваны (захаваўся). У 1-ю сусветную вайну ў 1915 г. лінія фронту праходзіла праз мястэчка, Лынтупы былі акупіраваны (1915–1918) кайзераўскімі войскамі. 3 1919 г. акупіраваны польскімі войскамі. У 1918 г. – сярэдзіне 1920 гг. на кароткі час тут усталявалася Савецкая ўлада.
3 1921 г. Лынтупы – цэнтр гміны ў Свянцянскім павеце Віленскага ваяводства Польшчы. Вучылішча рэарганізавана ў прагімназію. На спіртзаводзе дзейнічала ячэйка КПЗБ. У 1937 г. у мястэчку 194 двары, 1355 жыхароў.
3 19 верасня 1939 г. у складзе БССР. 3 15 студзеня 1940 г. у Свянцянскім, з 25 лістапада 1940 г. у Пастаўскім раёне Вілейскай вобласці, цэнтр Лынтупскага сельсавета. Быў створаны калгас «1 Мая», прагімназія пераўтворана ў няпоўную сярэднюю школу з беларускай мовай навучання.
У 1941–1944 гг. Лынтупы акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі, моцна разбураны. Вызвалены 6 ліпеня 1944 г. часцямі 357-й стралковай дывізіі. 19–20 мая 1942 г. у Лынтупах акупанты правялі масавыя расстрэлы мірных жыхароў. У пачатку вайны ў ваколіцах Лынтуп дзейнічала партызанская група на чале з былым старшынёй Свянцянскага райвыканкама Ф. Р. Маркавым (з 1 студзеня 1944 г. – Герой Савецкага Саюза), якая ў канцы 1942 г. стала часткай брыгады імя К. Я. Варашылава. За баявыя заслугі былая піянерважатая Лынтупскай школы Г. І. Маслоўская, разведчыца партызанскай брыгады імя Варашылава, удастоена звання Героя Савецкага Саюза.
3 20 верасня 1944 г. Лынтупы ў Пастаўскім раёне Маладзечанскай вобласці. Адноўлена дзейнасць калгаса, які ў сакавіку 1957 г. ператвораны ў саўгас па адкорме буйной рагатай жывёлы. Пасля вайны ў Лынтупах былі аптэка, бальніца, пачатковая школа (рускамоўная), маслабойня, лесапільня і сталярны цэх, каля Лынтупаў – смалакурны завод, дзе выпрацоўвалі дзёгаць і шкіпінар.
У 1967 г. электрыфікаваны. 3 22 жніўня 1967 г. гарадскі пасёлак, цэнтр пасялковага савета (сельсавет скасаваны 14 ліпеня 1967 г.). У 1975 г. у Лынтупах 2 тыс. жыхароў. У пачатку 1990-х гг. у пасёлку адкрыты пашывачны цэх Віцебскай фабрыкі «Сцяг індустрыялізацыі», пры саўгасе адкрыты цэх па намотцы электраматораў і трансфарматараў, у 1992 г. дапаможны цэх па пашыве дзіцячых куртак. У гарадскім пасёлку маюцца аптэка, бальніца, ветэрынарны ўчастак, 2 дзіцячыя сады, спіртзавод, Дом быту, лясніцтва, міліцэйскі ўчастак, 5 магазінаў, лазня, метэастанцыя, АТС, філіял ашчаднага банка, філіял ПМК-21, пажарная служба, пошта, нафтабаза, электрастанцыя, цэх дрэваапрацоўкі, сталовая, хлебанарыхтоўчае прадпрыемства, сярэдняя школа, бібліятэка. У школе дзейнічаюць музей баявой славы 357-й стралковай ордэна Суворава дывізіі (заснаваны ў 1964 г.) і «Беларуская хатка» (адкрыта ў 1992 г. М. І. Нячаевай).
У Лынтупах 4 брацкія магілы ахвяр фашызму, брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан (пахаваны 111 воінаў і партызан, якія загінулі ў ліпені 1944 г. пры вызваленні Лынтупаў і навакольных вёсак, сярод пахаваных – Герой Савецкага Саюза А. К. Галубкоў. Астанкі загінуўшых перанесены ў мястэчка ў маі 1955 г.), помнік землякам. Помнікі архітэктуры пачатку XX ст. – сядзіба і Андрэеўскі касцёл. На паўночны захад ад Лынтупаў знаходзіцца курганны могільнік балтаў X –XI ст.
ЛІТАРАТУРА
1. Быхавец, І. Лынтупы і наваколле : гістарычны нарыс / І. Быхавец. – Паставы, 1993. – 84 с.
2. Зверуго, Я. Г. Лынтупы / Я. Г. Зверуго // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2011. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 2. – С. 90.
3. Жучкевич, В. А. Лынтупы / В. А. Жучкевич // Краткий топонимический словарь Белоруссии / В. А. Жучкевич. – Минск : Издательство БГУ, 1974. – С. 215.
4. Лынтупы // Падарожжа па Беларусі: гарады і гарадскія пасёлкі / В. Князева. – Мінск : Беларусь, 2005. – С. 76–77.
5. Лынтупы // Памяць: Пастаўскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Г. К. Кісялёў [і інш.] ; уклад.: К. І. Козак, А. І. Кузняцоў ; рэд.-склад. Г. К. Кісялёў ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Белта, 2001. – С. 652–654.
6. Лынтупы // Путешествие в Сарью: белорусская старина / Ю. Татаринов. – Минск : Минсктиппроект, 1999. – С. 68–89. – (Беларусь историческая).
7. Лынтупы // Чароўны край – Пастаўшчына : вучэбны дапаможнік па курсе «Паставазнаўства» / І. М. Пракаповіч. – 2-е выд., дапрац. і дап. – Мінск : Ковчег, 2014. – С. 270–279.
8. Шпакоўская, Г. Лынтупы / Г. Шпакоўская // Народнае слова. – 2006. – 1 жн. – С. 4–5.