Асвея, г. п., Верхнядзвінскі раён
- Подробности
- Створана 07.09.2017 12:23
- Адноўлена 10.09.2020 10:32
Назва | Асвея |
Адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка | гарадскі пасёлак |
Вобласць | Віцебская |
Раён | Верхнядзвінскі |
Першае ўзгадванне | 1503 |
Тапанімічнае паходжанее назвы |
назва паходзіць ад тэрміна "звей" - звеяны пясок, не замацаваны расліннасцю, звычайна ля берага возера, ракі. "І мяне па ветравому звею, ці па тым пяску павядуць..." С. Ясенін |
Асвея – гарадскі пасёлак, на паўднёвым беразе Асвейскага возера, размешчаны за 40 км ад райцэнтра і 37 ад чыгуначнай станцыі Верхнядзвінск на лініі Полацк – Даўгаўпілс (Латвія). Цэнтр Асвейскага сельскага Савета. На 2010 г. у Асвеі налічвалася 1300 жыхароў, на пачатак 2017 г. – 1211 жыхароў.
Першае летапіснае ўпамінанне пра Асвею зафіксавана падчас урэгулявання канфлікту паміж Вялікім княствам Літоўскім і Маскоўскім княствам у 1503 г. як прыватна-ўласніцкае мястэчка ў Вялікім княстве Літоўскім. Першым валадаром прыазёрнага краю на пачатку ХVI ст. зафіксаваны Полацкі ваявода Станіслаў Глебавіч. Асвея была дадзена яму князем Аляксандрам. У тым самым стагоддзі маёнтак перайшоў да роду Кішкаў. З 1600 г. Асвея становіцца маёмасцю магутных Сапегаў. Нашчадкі славутага канцлера Вялікага княства Літоўскага Льва Сапегі валодалі мястэчкам і навакольнымі землямі на працягу амаль 1,5 стагоддзя.
3 1695 г. Асвея – горад Полацкага ваяводства. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 г. увайшла ў склад Расійскай імперыі як мястэчка, цэнтр воласці Дрысенскага павета. У 1749 г. Юзаф Сапега прадаў Асвею за мільён злотых мінскаму ваяводу Яну Аўгусту Гільзэну. У часы гаспадарання Гільзэнаў Асвея перажыла сапраўдны росквіт. Тут былі пабудаваны велічны палац і касцёл, разбіты парк, хуткую славу прыдбаў гімназіум, дзейнічаў шпіталь пры кляштары.
Пасля 40-гадовага гаспадарання Гільзэнаў маёнтак пераходзіць у валоданне дзяржаўнага радцы графа Юзафа Шадурскага. Да гэтага часу мястэчка набыло функцыі важнага цэнтра прыцягнення гандлёвага капіталу, значэнне якога перарасло межы павета. Да пачатку ХХ ст. акрамя названых пабудоў і ўстаноў у Асвеі функцыянавалі праваслаўная царква, народнае вучылішча, лячэбніца, чатыры яўрэйскія малітоўныя дамы. У мястэчку працавалі дзесяткі крамаў і лавак, двойчы на год праводзіліся людныя кірмашы. У 1897 г. у Асвеі было 2830 жыхароў, у 1905 г. – 3700 жыхароў.
З 1924 г. цэнтр Асвейскага раёна і сельскага Савета, да 1930 г. і з 21 чэрвеня 1935 г. у Полацкай акрузе. З 20 лютага 1938 г. уваходзіць у склад Віцебскай вобласці і ў верасні гэтага ж года набывае статус гарадскога пасёлка.
У Вялікую Айчынную вайну з 12 ліпеня 1941 г. Асвейшчына была акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. 10 верасня 1942 г. яе вызвалілі партызаны, але ўжо ў лютым 1943 г. яна была зноў захоплена і спалена немцамі (адноўлена толькі пасля вайны). У раёне дзейнічала Асвейскае партыйна-патрыятычнае падполле і Прошкаўскае камсамольска-маладзёжнае падполле, на базе якіх у канцы красавіка 1942 г. узнік партызанскі атрад імя Фрунзе. У гарадскім пасёлку і раёне дзейнічалі Асвейскія падпольныя райкамы КП(б)Б і ЛКСМБ, партызанскія брыгады 1-я Дрысенская, «За Савецкую Беларусь», імя К. К. Ракасоўскага, Расонская імя Сталіна, Асвейская імя Фрунзе, выдавалася падпольная газета «Ленінскі шлях». Вызвалена Асвейшчына 17 ліпеня 1944 г.
Бурлівыя падзеі ХХ стагоддзя не садзейнічалі развіццю Асвеі. Двойчы спустошаная войнамі, размешчаная далёка ад новых важных шляхоў, найперш чыгункі, пацярпелая ад эканамічных эксперыментаў, Асвейшчына не аднавіла свайго насельніцтва, страціла статус раённага цэнтра і ўвайшла ў ХХІ ст. з самай нізкай па Беларусі шчыльнасцю насельніцтва, з руінамі знявечаных храмаў і нешматлікімі адмецінамі колішняга працвітання.
У 1998 г. – 1,9 тыс. жыхароў. Працуюць торфабрыкетны завод і цагельня, участак ПМК меліярацыі.
З 2007 г. гарадскі пасёлак Асвея набывае статус аграгарадка. На тэрыторыі аграгарадка функцыянуюць бібліятэка, дзіцячая музычная школа, гарадскі Дом культуры, філіял тэрытарыяльнага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, аптэка, сярэдняя агульнаадукацыйная школа, лясніцтва, раённая бальніца, паліклініка, аддзяленне сувязі і г. д.
ЛІТАРАТУРА
1. Асвея // Памяць: Верхнядзвінскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: У. С. Богаў [і інш.] ; уклад. А. Ф. Бубала ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Паліграфафармленне, 2000. – Кн. 2. – С. 334–335.
2. Жучкевич, В. А. Освея / В. А. Жучкевич // Краткий топонимический словарь Белоруссии / В. А. Жучкевич. – Минск : Издательство БГУ, 1974. – С. 273.
3. Ивашкевич, В. Освея празднует 500-летний юбилей / В. Ивашкевич // Віцьбічы = Витьбичи. – 2003. – 25 сент. – С.4.
4. Край Асвейскіх азёр = Край Освейских озер / А. Ф. Бубала, В. І. Рудой ; фота А. Ф. Бубала, А. У. Маладзечкін, В. Л. Салаўёў. – Наваполацк : А. У. Маладзечкін, 2007. – 44 с.
5. Мандрык, І. Асвея – паселішча незвычайнае / І. Мандрык // Белорусская нива. – 2003. – 18 окт. – С. 8.
6. Насевіч, В. Л. Асвея / В. Л. Насевіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. / рэдкал.: М. В. Біч [і інш.] ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 1993. – Т. 1 : А – Беліца. – С. 212.
7. Орлова, Е. Освея – берег священный / Е. Орлова // Народная газета. – 2003. – 30 верас. – С. 6.
8. Освея // Города, местечки и замки Великого княжества Литовского : энциклопедия / редсов.: В. П. Саламаха [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2009. – С. 243–244.
9. Освея // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.] / редкол.: Г. П. Пашков [и др.]. – Минск : БелЭн, 2007. – Т. 5 : Минск–Педиатрия. – С. 623.
10. Осипова, О. Родом из глубины веков / О. Осипова // Народная газета. – 2003. – 30 верас. – С. 2.
11. Пакульневіч, Я. Сэрцам выпеставаная прыгажосць / Я. Пакульневіч // Дзвiнская праўда (Верхнядзвiнск). – 2003. – 19 верас. – С. 1, 3.
12. Рагін, Я. Губернатар вострава Ду... Ёсць вакансія! / Я. Рагін, К. Антановіч // Культура. – 2017. – 1 ліп. – С. 1, 10.
13. Шпаковская, Г. Асвея / Г. Шпаковская // Народнае слова. – 2003. – 22 ліп. – С. 4–5.