Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Гісторыя. Аршанскі раён. Рэвалюцыйныя падзеі і ўстанаўленне савецкай улады

 

25 кастрычніка 1917 г. тэлеграф прынёс вестку аб звяржэнні Часовага ўрада ў Петраградзе і аб пераходзе ўлады да Саветаў.

Аршанскі ВРК прыняў меры па ўстанаўленні ўлады Саветаў ва ўсім павеце і яго населеных пунктах. Ва ўсе 16 валасцей былі пасланы прадстаўнікі ВРК. У сваіх выступленнях на шматлюдных сходах і мітынгах сялян яны растлумачвалі значэнне перамогі Кастрычніцкай рэвалюцыі і дэкрэтаў II з'езда Саветаў аб міры і зямлі, заклікалі да іх ажыццяўлення. У адной з адозваў да сялян Аршанскага павета ВРК абяцаў сялянам раздачу памешчыцкіх зямель, а загадам па валасцях забараніў плату за арэнду памешчыцкай зямлі, лугоў.

Галоўная роля ў арганізацыі Савецкай улады на Аршаншчыне належыла Ваенна-рэвалюцыйнаму камітэту і перавыбранаму пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі Аршанскаму Савету рабочых і салдацкіх дэпутатаў.

Першым суровым выпрабаваннем для новай улады стаў мяцеж польскага корпуса пад камандаваннем генерал-лейтэнанта Ю. Р. Доўбар-Мусніцкага, які выклікаў усеагульнае абурэнне працоўных Беларусі. Актыўнае супраціўленне мяцежнікам аказалі жыхары Аршаншчыны. Аднымі з першых на барацьбу з польскімі легіянерамі падняліся працоўныя Оршы і сяляне навакольных вёсак. За кароткі тэрмін з рабочых горада і сялян вёсак Кудаева, Міцькаўшчына, Салаўёва, Якубава і і інш. у в. Берасценава былі сфарміраваны першыя чырвонагвардзейскія атрады – пяхотны колькасцю каля 700 чалавек і конны, які налічваў 400 вершнікаў. Для ўзбраення атрадаў, якія надалей будуць названы Другім Аршанскім атрадам Чырвонай гвардыі, былі атрыманы вінтоўкі і кулямёты з ваенных складоў, размешчаных у Оршы. На чале атрада стаяў старшыня Берасценаўскага Савета рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў бальшавік Б. М. Зысман.

Атрад пачаў рух у бок завода Выдрыца і вёскі Арахі. У выніку рашучых дзеянняў чырвонагвардзейцаў асноўныя сілы палякаў, размешчаныя ў мястэчках Бабінавічы і Дабрамысль, былі разбіты, у палон трапілі сотні салдат і афіцэраў, было захоплена шмат амуніцыі і зброі. Контррэвалюцыйнае выступленне польскага корпуса на Аршаншчыне было ліквідавана.

У канцы 1917 – пачатку 1918 г. працягваўся працэс станаўлення органаў Савецкай улады, ажыццяўленне сацыяльна-эканамічных і культурных пераўтварэнняў.

18 лютага 1918 г. аднавіла ваенныя дзеянні кайзераўская Германія. Яна мела намер не толькі ліквідаваць Савецкую ўладу, але і далучыць да Германіі тэрыторыі Украіны, Беларусі і Прыбалтыкі. Для барацьбы з агрэсарам пачалося стварэнне Рабоча-Сялянскай Чырвонай Арміі. За кароткі тэрмін на Усход было эвакуіравана каля 6 тыс. вагонаў з абсталяваннем, боепрыпасамі і харчаваннем.

Нягледзячы на складаную палітычную абстаноўку ў краіне, ваеннае супрацьстаянне Германіі, на Аршаншчыне працягваліся мерапрыемствы па ўмацаванні Савецкай улады. Галоўную ролю ў гэтым адыгрывалі бальшавікі. Іх партыйныя ячэйкі ўзнікалі не толькі ў горадзе, на прамысловых прадпрыемствах, але і ў вёсках Аршаншчыны. Да канца сакавіка ў павеце налічвалася 125 членаў бальшавіцкай партыі.

3 устанаўленнем нямецкай акупацыі ў частцы Аршанскага павета камітэт РКП(б) арганізаваў нелегальную рэвалюцыйную работу сярод насельніцтва акупіраванай тэрыторыі, выдаваў лістоўкі і іншую літаратуру. Бальшавікі праводзілі растлумачальную работу і сярод нямецкіх войскаў.

Пасля заключэння Брэсцкага мірнага дагавору на радзіму вярталіся тысячы рускіх ваеннапалонных.

На акупіраванай тэрыторыі Аршаншчыны былі адменены дэкрэты Савецкай улады, аднаўлялася памешчыцкая ўласнасць на зямлю. Германскія акупанты бессаромна рабавалі мясцовае насельніцтва, вывозілі хлеб, жывёлу, абсталяванне прамысловых прадпрыемстваў і сыравіну. Пры малейшым супраціўленні нямецкім уладам сялян забівалі. Акупанты спалілі в. Навасёлкі Аршанскага павета, а многіх яе жыхароў расстралялі.

Значныя сацыяльна-эканамічныя пераўтварэнні адбываліся на вёсцы. Вясной 1918 г. у неакупіраванай частцы Аршанскага павета ажывілася выкананне Дэкрэта аб зямлі. Галоўную ролю ў гэтым адыгрывалі створаныя па дэкрэту ВЦВК і СНК РСФСР камітэты вясковай беднаты (камбеды). Аб'яднаўшы бяднейшае сялянства, якое складала большую частку вясковага насельніцтва, яны выконвалі размеркавальныя функцыі, займаліся зборам харчавання для Чырвонай Арміі, барацьбой са спекуляцыяй і г.д. Па ўсім павеце да лістапада было арганізавана больш за 600 камбедаў.

На пачатку 1919 г. камбеды, выканаўшы ў асноўным пастаўленыя перад імі палітычныя і сацыяльна-эканамічныя задачы, зліліся з валаснымі і пасялковымі Саветамі, якія да гэтага часу ў выніку перавыбараў сталі бальшавіцкімі.

12 верасня 1918 г. у Оршы было дасягнута пагадненне паміж Савецкай Расіяй і Германіяй аб перамяшчэнні дэмаркацыйнай лініі да ранейшай паўночнай граніцы павета. А ў выніку прайшоўшай у Германіі буржуазна-дэмакратычнай рэвалюцыі Савецкі ўрад 13 лістапада ануляваў Брэсцкі дагавор. Пачалася эвакуацыя нямецкіх войск з заходняй часткі Оршы і з тэрыторыі павета. У хуткім часе Савецкая ўлада была адноўлена. У справаздачы Аршанскага павятовага выканкама (снежань 1918 г.) зазначалася: «Самай важнай з'явай за справаздачны перыяд у Аршанскім павеце было аднаўленне Савецкай улады ў 5 валасцях (Баранскай, Коханаўскай, Старасельскай, Смалянскай і Стара-Талачынскай), якія былі пад акупацыяй Германіі. Гэтыя воласці былі пакінуты германцамі... Паўсюль былі арганізаваны Ваенна-рэвалюцыйныя камітэты, якія бліскуча выканалі свае задачы. Арганізацыя гэтых валасцей прайшла вельмі хутка, бо настрой у іх быў суцэльна на карысць Савецкай улады».

У 1918–1920 гг. неаднаразова мянялася адміністрацыйна-тэрытарыяльная прыналежнасць Аршанскага павета. 7 лістапада 1917 г. Орша і павет, знаходзячыся ў складзе Магілёўскай губерні, уваходзяць у Заходнюю вобласць. 3 13 верасня 1918 г. яна была перайменавана ў Заходнюю камуну. 3 1 студзеня па 2 лютага 1919 г. Аршаншчына ў складзе Магілёўскай губерні Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. У сувязі са стварэннем Літоўска-Беларускай ССР Магілёўская губерня адыходзіць да РСФСР. 26 красавіка 1919 г. Магілёўская губерня была ліквідавана. Аршанскі павет уваходзіць у Гомельскую губерню РСФСР, а з 18 лістапада 1920 г. пераводзіцца ў склад Віцебскай губерні РСФСР.

Барацьба з унутранай і знешняй контррэвалюцыяй патрабавала напружання ўсіх сіл Савецкай краіны. 3 пачатку верасня 1918 г. рэспубліка была абвешчана ваенным лагерам. У 1918–1919 гг. праводзіліся надзвычайныя палітычныя і сацыяльна-эканамічныя мерапрыемствы, атрымаўшыя назву палітыкі «ваеннага камунізму». На Аршаншчыне праводзілася нацыяналізацыя буйной і сярэдняй прамысловасці. Так, напрыклад, у кастрычніку 1918 г. быў абвешчаны ўласнасцю дзяржавы Баранскі драцяна-цвіковы завод. У лютым–кастрычніку 1919 г. у Оршы былі нацыяналізаваны півавараны завод, друкарня і іншыя прыватныя прадпрыемствы.

У раёне ішоў працэс калектывізацыі. Першыя сельскагаспадарчыя камуны на Аршаншчыне былі створаны ў 1918 г. Гэтаму папярэднічаў зварот загадчыка аддзела земляробства Аршанскага павета К. В. Падаляка да ўсіх «беспрытульных батракоў», у якім прапаноўвалася «працаваць і адстойваць свае правы разам у агульнай арганізацыі». Зварот заклікаў без прамаруджвання арганізоўваць камуны і арцелі, папярэдне вызначыўшы «наяўнасць маёмасці сваёй і ў панскім маёнтку».

Ужо ў 1919 г. у Аршанскім павеце значылася 7 камун і арцель «Чырвоны бераг». Праіснавалі гэтыя камуны нядоўга, бо ў большасці сваёй былі яны невялікія (5–6 сямей, у якіх пераважалі непаўналетнія). Так, у арцелі «Машкова – Ліпкі» з 23-х членаў арцелі палавіну складалі малалетнія дзеці.

Сацыяльна-эканамічныя пераўтварэнні адбываліся ў надзвычай складаны час. Савецкая краіна знаходзілася ў акружэнні варожых дзяржаў. Палыхала грамадзянская вайна. Сотні аршанцаў абаранялі заваёвы Кастрычніка на франтах грамадзянскай вайны. Так, 20 красавіка 1919 г. Аршанскі камітэт РКП(б) пастанавіў мабілізаваць на Усходні фронт 10 працэнтаў камуністаў, а 25 красавіка было мабілізавана яшчэ 50 працэнтаў камуністаў. Сваіх членаў накіроўвала на фронт і створаная ў кастрычніку 1918 г. гарадская камсамольская арганізацыя. Змагаліся з ворагамі Савецкай улады і прадстаўнікі іншых левых партый Аршаншчыны. У красавіку 1919 г. правялі мабілізацыю ў Чырвоную Армію бундаўцы Оршы. У лістападзе на франты грамадзянскай вайны былі мабілізаваны амаль усе члены Аршанскага саюза эсэраў-максімалістаў.

Нягледзячы на складанае становішча ў першыя паслярэвалюцыйныя гады, на Аршаншчыне вялося культурнае будаўніцтва: адкрываліся школы, хаты-чытальні, клубы. 10 лютага 1919 г. у Оршы быў адкрыты Пралетарскі універсітэт – папярэднік Аршанскага рабфака. Недахоп настаўніцкіх кадраў прымусіў адкрыць у Оршы 10-месячныя педагагічныя курсы.

У былых памешчыцкіх сядзібах адкрываліся бібліятэкі, дзіцячыя дамы. Так, напрыклад, у в. Гарадня, у былым памешчыцкім доме спачатку была адкрыта школа, куды аршанскія чыгуначнікі прывозілі дзяцей з горада на асобным цягніку. Пазней тут пачаў працаваць дзіцячы дом, дзе знайшлі сабе прытулак сотні дзяцей, згубіўшых бацькоў у гады грамадзянскай вайны.

Рэвалюцыя, грамадзянская вайна і ваенная інтэрвенцыя нанеслі вялікія матэрыяльныя і маральныя страты грамадству. Але нарэшце наступіў доўгачаканы мірны час, які даў магчымасць узяцца за будаўніцтва новага жыцця.

Перамога над унутранымі і знешнімі ворагамі дала магчымасць маладой Савецкай краіне перайсці да мірнага гаспадарчага будаўніцтва. Цэнтр усёй работы перамясціўся на ліквідацыю вынікаў чатырохгадовай імперыялістычнай і трохгадовай грамадзянскай войнаў.

Перад мясцовымі дзяржаўнымі і партыйнымі органамі паўстала задача выключнай важнасці – у кароткі тэрмін аднавіць народную гаспадарку, стварыць перадумовы для перабудовы эканомікі. Нездарма гэта актуальнае пытанне было ў цэнтры ўвагі дэлегатаў павятовай канферэнцыі РКП(б) і павятовага з'езду Саветаў, якія адбыліся ў сакавіку 1920 г.

У працоўных калектывах узмацнялася выхаваўчая і арганізатарская работа, праводзіліся суботнікі і нядзельнікі, накіраваныя на ліквідацыю разрухі, наладжванне работы прамысловасці і транспарту.

3 мэтай паказу першых поспехаў у адбудове народнай гаспадаркі і распаўсюджвання лепшага вопыту ў кастрычніку 1924 г. была праведзена Аршанская акруговая выстаўка. На ёй былі прадстаўлены вырабы прамысловых прадпрыемстваў, саматужных промыслаў, дзяржаўнага і кааператыўнага гандлю, прадукцыя сельскай гаспадаркі.

Тэмпы калектывізацыі на Аршаншчыне былі лепшымі ў рэспубліцы, бо ў 1931 г. «За паспяховае правядзенне веснавой сяўбы і дасягненні ў галіне калектывізацыі» Аршанскі раён быў узнагароджаны Пераходным сцягам імя ЦСПСБ і легкавой аўтамашынай («Ленінскі прызыў», № 72 за 10 ліпеня 1931 г.).

У сярэдзіне 1931 г. на Аршаншчыне налічвалася 324 калгасы. Самая вялікая колькасць іх – 21 – у Межаўскім сельскім Савеце, у Сталінскім існаваў толькі адзін калгас. У той жа год была прынята пастанова Наркамзему і Белкалгасцэнтру аб арганізацыйна-гаспадарчым узмацненні калгасаў. Прапаноўвалася выдаць калгаснікам працоўныя кніжкі і весці запісы выпрацаваных працадзён. У пастанове ставілася задача – завяршыць у асноўным у 1932 г. суцэльную калектывізацыю. I ўсё ж завяршыць яе ў вызначаны час не ўдалося, бо ў 1935 г. быў прыняты новы закон аб сельгаспадатку. Згодна яму падатковыя стаўкі для гаспадарак аднаасобнікаў павышаліся на 60–80 %, а «кулацкія» гаспадаркі абкладаліся падаткам у індывідуальным парадку. Новы закон, як сцвярджала газета «Ленінскі прызыў», быў «накіраваны на тое, каб яшчэ больш умацаваць калгасы, хутчэй зрабіць калгаснікаў заможнымі, каб спрыяць канчатковаму знішчэнню рэшткаў кулацтва».

Непамерныя падаткі знішчылі аднаасобнікаў, якія яшчэ заставаліся на хутарах. Хутары, да гаспадароў якіх ездзілі пераймаць вопыт сяляне з-за Урала і Украіны, зруйнавалі, моладзь паўцякала на будоўлі.

У хуткім часе мірная праца была перапынена вераломным нападам фашысцкай Германіі.

 

Дэлегаты 1-й Аршанскай канферэнцыі «Саюза металістаў». 1924 г. Першая піянерская арганізацыя ў пасёлку Барань. 1924 г.Дабраахвотная пажарная дружына ў пасёлку Барань. 1933 г.

 

ЛІТАРАТУРА

1. Жуковский, В. В. Первая мировая война и революционные события / В. В. Жуковский // Оршеведение : производственно-практическое издание / В. В. Жуковский. – Орша : Оршанская типография, 2009. – С. 155–164.

2. Игнатьева, Т. Революции и восстания. Восстановление разрушенного хозяйства / Т. Игнатьева // На главной магистрали : к юбилеям Орши, Друцка, Копыси и Толочина / сост. Г. Ч. Лянькевич ; ред. В. М. Дедушкин и др. – Минск : Книгосбор, 2008. – С. 49–55.

3. Ликвидация левоэсеровских восстаний в Орше и Сенно : (из книги Даубе В. П. «Ликвидация левоэсеровского мятежа в Орше и Сенно. Под знаменем Октября») // Экскурсія да вытокаў горада Сянно : краязнаўчыя нарысы / В. В. Бандарэвіч. – Мінск : Литература и искусство, 2008. – С. 101–107.

4. Лютынскі, В. Аршаншчына 1918 – 1920 гг. / В. В. Лютынскі // Памяць: Орша. Аршанскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.] ; склад. Т. Г. Ігнацьева [і інш.] ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 1999. – Кн. 1. – С. 170–174.

5. Лютынский, В. «Глядзяць на Польшчу як на Радзіму...» / В. Лютынский // Телеком-экспресс (Орша). – 2009. – 23 июля. – С. 7.

6. Лютынский, В. На крутом переломе / В. Лютынский // Телеком-экспресс (Орша). – 2008. – 6 марта. – С. 8.

7. Рэвалюцыйныя падзеі на Аршаншчыне // Ленінскі прызыў (Орша). – 1958. – 30 снеж. – С. 2.

8. Смалякоў, Г. Копысь: даваенныя пяцігодкі / Г. Смалякоў // Аршанская газета. – 1993. – 9 лістап. – С. 2.

9. Танчэўская, А. С. Калектывізацыя на Аршаншчыне / А. С. Танчэўская // Памяць: Орша. Аршанскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.] ; склад. Т. Г. Ігнацьева [і інш.] ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 1999. – Кн. 1. – С. 206–207.

10. Шышкевіч, А. Орша ў 20–30-я гады / А. Шышкевіч // Мой родны край – Аршаншчына : гісторыка-краязнаўчы зборнік дляпачатковага азнаямлення / аўт.-склад.: Т. М. Вароніна, А. М. Шышкевіч. – Віцебск, 2000. – С. 93–97.

11. Яны змагаліся за ўладу Саветаў на Аршаншчыне // Памяць: Орша. Аршанскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.] ; склад. Т. Г. Ігнацьева [і інш.] ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 1999. – Кн. 1. – С. 191–192.

12. Яршова, Л. Кастрычніцкая рэвалюцыя і ўстанаўленне ўлады Саветаў / Л. Яршова // Памяць: Орша. Аршанскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.] ; склад. Т. Г. Ігнацьева [і інш.] ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 1999. – Кн. 1. – С. 167–170.