Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Помнікі археалогіі. Аршанскі раён

 У валдайскі познеледавіковы перыяд на тэрыторыі Беларусі ўтварыліся тысячы азёр, у басейне р. Днепр завяршылася фарміраванне ўступа першай надпоймавай тэрасы. Гэты перыяд у Беларускім Падняпроўі суадносіцца з так званай грэнскай археалагічнай культурай. Суровыя кліматычныя ўмовы спрыялі таму, што людзі пачалі будаваць жытлы з касцей мамантаў. Яны былі наземнымі, акруглай формы, з агнішчам у цэнтры пабудовы. Шчыльнасць засялення была вельмі нізкай. Таму першабытныя стаянкі знаходзяць рэдка.

У Аршанскім раёне ў 1984 годзе выяўлена стаянка рубяжа позняга палеаліту і ранняга мезаліту, якая адносіцца да ранняга этапу грэнскай культуры. Датуецца яна IX–VIII тыс. да н. э. Знаходзіцца за 500 м на захад ад вёскі Берасценава на першай надпоймавай тэрасе правага берага Дняпра. У 1987–1988 гг. У. П. Ксяндзоў выявіў тут рэшткі гаспадарчых пабудоў, крамянёвыя прылады працы і інш.

Стаянкі каменнага веку – найбольш старажытныя помнікі. На тэрыторыі Аршаншчыны яны вядомы ў пяці месцах уздоўж берагоў Дняпра і размешчаны на берагавых тэрасах. Рэльефна стаянкі не выдзяляюцца сярод мясцовасці – факт іх наяўнасці вызначаецца толькі па аналізе культурнага слоя, маюць плошчу да 1000 м2. На тэрыторыях стаянак выяўлены крамянёвыя прылады працы (тапары, наканечнікі стрэл, разцы, скрабкі), а таксама вялікая колькасць крамянёвых пласцін і адшчэпаў. Зрэдку на стаянках сустракаюцца абломкі ляпных гліняных сасудаў.

Пачатак вывучэння помнікаў археалогіі Аршанскага Падняпроўя адносіцца да XIX стагоддзя. Асабліва паспяховая праца па выяўленні помнікаў, якія ўтрымлівалі матэрыялы жалезнага веку і ранняга сярэдневякоўя, была праведзена ў 1920-я гады беларускімі археолагамі А. М. Ляўданскім, С. А. Дубінскім, І. А. Сербавым. У 1928 годзе С. А. Дубінскім праводзіліся раскопкі на гарадзішчы каля в. Чаркасова, атрыманыя матэрыялы былі апублікаваны. У пасляваенны перыяд звесткі, атрыманыя археолагамі ў 1920-х гг., былі правераны і істотна дапоўнены Л. В. Аляксеевым. Сярод новых помнікаў, выяўленых даследчыкам, можна адзначыць гарадзішчы каля вёсак Вярхоўе і Баркі. Шэраг новых помнікаў былі адкрыты Л. Д. Побалем (гарадзішчы каля вёсак Барадзіно, Забалацце, доўгі курган каля в. Запруддзе і інш.), Л. А. Міхайлоўскім (гарадзішча каля в. Барэйшава), невялікія раскопкі на гарадзішчы каля в. Ляўкі праводзіліся Г. В. Штыхавым. Пачынаючы з 1987 года, вялікія археалагічныя даследаванні на тэрыторыі Аршанскага раёна праводзіць В. М. Ляўко. Значную працу па выяўленні новых помнікаў, складанні апісанняў і картаграфаванні праводзяць аршанскія краязнаўцы А. М. Шынкевіч, Э. Э. Навагонскі, Ю. А. Копцік.

На тэрыторыі Аршанскага раёна налічваецца больш за 30 археалагічных помнікаў (гарадзішчаў, селішчаў, курганных могільнікаў), якія ўтрымліваюць матэрыялы жалезнага веку і ранняга сярэдневякоўя.

Тыя гарадзішчы, што ўжо вывучаліся ўзнагароджвалі даследчыкаў шматлікімі знаходкамі. Гэта часткі посуду, прылады працы і зброя з косці, рогу і каменю, упрыгожанні. Асабліва цікавыя вырабы з жалеза. Месцы, дзе на Аршаншчыне існуюць такія помнікі, найчасцей у сваёй назве ўтрымліваюць корань «горад»: Гарадзец, Гарадок, Гарадзішча. Сустракаюцца і іншыя – Замак, Царкавішча, Батарэя і нават Талерка. Амаль на кожным гарадзішчы знойдзены сляды вытворчасці мясцовага жалеза. Яно выплаўлялася ў невялікіх печах-домніцах з балотнай жалезнай руды.

Шмат дзе ў нашых мясцінах побач з былымі пасяленнямі зберагліся асобныя курганы. А таксама іх вялікія і малыя групы – курганныя могільнікі. У народзе іх называюць не толькі курганамі, але і капцамі, а найчасцей – валатоўкамі. Бо, паводле многіх паданняў, у іх пахаваны легендарныя героі – волаты. Археалагічныя даследванні буйнейшага на Аршаншчыне курганнага могільніка ля вёскі Чаркасава далі знаходкі шкляных пацерак, бразготак, спражак, прыладаў працы і ганчарнага посуду.

Гарадзішчы, селішчы, курганныя могільнікі і курганы выяўлены каля вёсак Барадзіно, Барэйшава, Вусце, Вялікае Бабіна, Гараны, Горная Веравойша, Гразівец, Кучына, Ларынаўка, Ляўкі, Рагозіна, Халмы, Чаркасова, Яромкавічы і інш. Самыя шматлікія з іх – курганныя могільнікі і адзіночныя курганы крывічоў IX–XIII стагоддзя. Найбольш іх уздоўж азёр Вялікае Арэхаўскае, Перавалачна, Карэсіна. Гэта тлумачыцца тым, што прыблізна тут пралягаў волак аднаго з адгалінаванняў шляху з «варагаў у грэкі».

На паўночнай ускраіне Оршы ў 1978 годзе на ворыве былі знойдзены некалькі дзесяткаў разбітых крамянёў. Сярод іх былі адшчэпы, пласціны, нуклеўсы – рэчы, што вырабляліся толькі першабытным чалавекам. Яны і паслужылі падставай для меркавання, што ў гэтым месцы знаходзіцца помнік каменнага веку. Відаць, у той далёкі час узровень вады ў Дняпры быў вельмі высокі, што прымусіла першабытнага чалавека сяліцца так далёка і на такой вышыні.

У 1987 годзе археалагічны атрад Інстытута гісторыі Акадэмии навук БССР пачаў раскопкі помніка. Было ўскрыта 300 м2, знойдзены першабытныя прылады працы. Залягалі яны на глыбіні да 0,4 м ад сучаснай паверхні, частка была вырыта плугамі на паверхню. Прылады вырабляліся з крэйдавага крэменю. Усяго было знойдзена каля 3 тысяч вырабаў, сярод іх скрабкі, якімі здымалі рэшткі мяса са скур жывёлы. Скуры затым выкарыстоўваліся для перакрыцця і ўцяплення будынкападобных жытлаў, з іх выраблялі абутак і адзенне.

Сведчаннем апрацоўкі і вырабу прылад з косці з'яўляюцца разцы. На стаянцы былі знойдзены праколкі, скоблі, нажы, вырабленыя з пласцін і адшчэпаў. Аднак найбольшую цікавасць для археолагаў прадстаўляюць наканечнікі стрэл. Па іх можна меркаваць аб узросце стаянкі. На жаль, знойдзены толькі адзін наканечнік, выраблены з пласціны. Сыравінай для вырабу прылад працы служылі таксама дрэва і косць, але да нашага часу такія ўзоры не захаваліся. Асноўным заняткам старажытнага чалавека, мяркуючы па знаходках, былі паляванне на птушак і дзікіх жывёл, рыбалоўства.

У 1988 годзе ў Оршы быў выяўлены яшчэ адзін помнік каменнага веку. Знайшоў яго школьнік Сяргей Кузняцоў. Знаходзіцца помнік таксама на беразе Дняпра, каля вады, на ўзроўні 8 м над ёй. Археолагі сумесна з вучнямі школы № 17 правялі даследаванне першабытнай стаянкі. Было ўскрыта 168 м2 глебы на глыбіню каля 1 м. У раскопе знойдзена вялікая колькасць каменных прылад працы і адходаў іх вытворчасці – 1858 адзінак. Вырабляліся яны з вельмі якаснага крэйдавага крэменю чорнага або шэрага колеру. Сярод прылад нуклеўсы, праколкі, скрабкі, наканечнік стралы, сякера. Разам з імі знойдзены рэшткі ляпной пасудзіны. Датуецца стаянка канцом неалітычнай эпохі, гэта значыць, канцом 3-га тыс. да н. э.

 

ЛІТАРАТУРА

1. Археалогія Беларусі : энцыклапедыя : у 2 т. / рэдка.: Т. У. Бялова [і інш.] ; склад. Ю. У. Каласоўскі. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2009. – Т. 1 : А–К. – 496 с. : іл.

2. Аршанскі раён // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 87–117.

3. Каласоўскі, Ю. А. Археалагічныя помнікі Аршаншчыны жалезнага веку / Ю. А. Каласоўскі // Памяць: Орша. Аршанскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; склад.: Т. Г. Ігнацьева [і інш.] ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 1999. – Кн. 1. – С. 30–35.

4. Левко, О. Н. Средневековая Орша и ее округа : историко-археологический очерк / О. Н. Левко. – Орша : Оршанская типография, 1993. – 51 с.

5. Шинкевич, А. Н. Оршанщина: памятники природы и старины : (топография и реестр объектов по состоянию на 2000 г.) / А. Н. Шинкевич. – Горки : Отдел культуры Горецкого райисполкома, 2001. – 38 с.

6. Шынкевіч, А. М. Аршанская даўніна / А. М. Шынкевіч. – Мінск : Полымя, 1992. – 141