Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Гісторыя. Дарэвалюцыйны перыяд. Бешанковіцкі раён

 

Засяленне прасторы цяперашняй тэрыторыі Бешанковіцкага краю пачалося ў старажытныя часы. Яскравым сведчаннем гэтага з'яўляюцца археалагічныя помнікі Прыдзвіння – стаянкі першабытнага чалавека каменнага веку, а таксама гарадзішчы, селішчы, курганы.

У 2-й палавіне 9 стагоддзя тэрыторыя Віцебшчыны, а разам з ёю і Наддзвінне, увайшла ў склад Кіеўскай Русі.

У 10 стагоддзі ўтварылася Полацкае княства, якое займала тэрыторыю сучасных Віцебскай, паўночнай часткі Мінскай і Магілёўскай абласцей. Зручнае геаграфічнае становішча ў басейнах Заходняй Дзвіны, Бярэзіны, Нёмана садзейнічала развіццю самастойнай эканомікі і культуры Полацкай зямлі, устанаўленню яе шырокіх гандлёвых сувязей з шэрагам краін Захаду і Усходу і з Паўднёвай Руссю. Гэтаму ў многім спрыяла тое, што праз Полацкае княства, у тым ліку па тэрыторыі Бешанковіцкага раёна, праходзіў водны шлях з «варагаў у грэкі», што спрыяла развіццю рамёстваў, гандлёвых сувязей.

У канцы 13–14 стагоддзяў пісьмовыя крыніцы ўпамінаюць афіцыйныя дагаворы паміж Рыгай, Полацкам і Віцебскам, пазней Улай і Бешанковічамі аб гандлі па Заходняй Дзвіне. Штогод на наддзвінскіх прыстанях грузілі воск, мёд, пяньку, іншыя тавары.

Зручнае геаграфічнае становішча садзейнічала росту і эканамічнаму развіццю наддзвінскіх паселішчаў, аднак прыродныя ўмовы (шмат лясоў, азёр, балот, пераважнасць пясчаных глеб) не спрыялі развіццю пашавага земляробства на бешанковіцкай зямлі. Таму гаспадарка тут мела больш прамысловы характар, была развіта эксплуатацыя лясоў: бортніцтва, паляванне, а таксама рыбалоўства і жывёлагадоўля.

У пісьмовых крыніцах Бешанковічы ўпершыню ўпамінаюцца ў 1447 г. (паводле А. П. Сапунова) або 1460 г. (паводле В. В. Турчыновіча).

Па паданні Бешанковічы некалі знаходзіліся на месцы сучаснай вёскі Мількавічы, на левым беразе Заходняй Дзвіны, пазней паселішча было перанесена на 6 вёрст ніжэй. Даследчыкі тапанімікі лічаць, што назву Бешанковічы атрымалі ад слова «бешань» – надзвычай імклівая плынь на сярэдзіне ракі.

З пачатку 14 ст. тэрыторыя раёна знаходзілася ў складзе Вялікага княства Літоўскага (з 1504 – у Полацкім ваяводстве), пасля Люблінскай уніі 1569 г. – у складзе Рэчы Паспалітай.

Многія вёскі і мястэчкі моцна пацярпелі падчас Лівонскай вайны 1558–1583 гг. Тут адбываліся баі паміж войскамі Івана Грознага і С. Баторыя, па тэрыторыі раёна арміі ваюючых бакоў праходзілі ў 1564, 1566, 1568, 1579, 1580 гг.

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) правабярэжная частка Бешанковіччыны была далучана да Расійскай імперыі, пасля другога падзелу (1793) далучылася і левабярэжная (увайшла ў склад Лепельскага павета Полацкай, з 1802 г. – Віцебскай губерні).

Вялікае значэнне для эканамічнага развіцця Бешанковіч, Улы і іншых населеных пунктаў мела будаўніцтва і здача ў эксплуатацыю ў 1797–1805 гг. Бярэзінскай воднай сістэмы, каб транспартаваць лесаматэрыялы з Мінскай губерніі ў Рыгу.

На ўсю Віцебскую губерню Бешанковічы славіліся сваім Петрапаўлаўскім кірмашом, які ў 18 ст. з'яўляўся адным з самых буйных на тэрыторыі Беларусі.

У Айчынную вайну 1812 года каля вёсак Астроўна, Кукавячына, Дарагакупава адбыліся жорсткія баі рускіх войск з арміяй Напалеона. 11 ліпеня 1812 года Бешанковічы былі заняты французскімі войскамі, якія размясцілі тут свой гарнізон. Некалькі дзён у Бешанковічах размяшчаўся штаб імператара.

У 1-й палове 19 ст. у Беларусі, як і ў Расіі, пачаліся працэсы распаду феадальна-прыгонніцкіх адносін. Павелічэнне паншчыны прывяло да рэзкага збяднення сялян. Нізкая агратэхніка была прычынай частых неўраджаяў, раслі нядоімкі сялян. Усё гэта выклікала шматлікія паўстанні, якія закранулі і Наддзвінне. Адным са значных сялянскіх выступленняў быў бунт у 1822 годзе ў мястэчку Бешанковічы, што належала графу Іахіму Храптовічу. Не вытрымаўшы прыгнёту з боку яго старасты, рамеснікі Бешанковіч і прылеглых вёсак падалі цару петыцыю, дзе скардзіліся на ўмовы жыцця і працы. Бунт местачкоўцаў з Бешанковіч, як і хваляванні сялян Наддзвінскага краю супраць графа, быў задушаны. Але, нягледзячы на гэта, дружнае выступленне жыхароў Бешанковіч супраць панскага прыгнёту паказала сілу і згуртаванасць сялянства ў барацьбе за лепшую долю.

 

Сядзіба Храптовічаў у Бешанковічах. Н. Орда, 1876. Выява з сайта https://vedaj.byУла. Н. Орда. Выява з сайта https://vedaj.by

 

У 1830-я гады ў маёнтках Фролкавічы (1832) і Харакова (1834) з'явіліся першыя прамысловыя прадпрыемствы – вінакурныя заводы.

Па-ранейшаму Заходняя Дзвіна была судаходнай, у 1843 г. на ёй з'явіліся першыя параходы. У 1855 г. у Бешанковічах, Уле, фальварку Быстры, вёсках Вяжышча, Парэчча і іншых існавалі паромы.

У 2-й палове 19 ст. на Бешанковіччыне было 53 маёнткі (усяго каля 80 тыс. дзесяцін зямлі), самыя буйныя ў Уле, Сокараве, Бачэйкаве, Фролкавічах, Вярхоў'і, Бешанковічах.

У пачатку 20 ст. на адзін маёнтак прыпадала больш за 650 дзесяцін зямлі, на сялянскі двор – 8–9 дзесяцін.

У рэвалюцыю 1905–1907 гг. сялянскія выступленні на Бешанковіччыне набылі востры палітычны характар. Гэтаму садзейнічала агітацыя Віцебскай арганізацыі РСДРП (мела філіі ў Бешанковічах), Полацкай арганізацыі РСДРП, Віцебскага сацыял-дэмакратычнага камітэта Бунда.

 

ЛІТАРАТУРА

1. Берасцень, Г. Магдэбургскае права Бешанковіч / Г. Берасцень // Зара (Бешанковічы). – 1999. – 23 сак.

2. Крачкоўскі, А. В. Край наш Наддзвінскі / А. В. Крачкоўскі. – Мінск. : Полымя, 1990.– 80 с. : іл. – (Па родным краі).

3. Крачкоўскі, А. Соржыцкі бунт [у 1862 годзе] / А. Крачкоўскі // Зара (Бешанковічы). – 2007. – 8 чэрв. – С. 3.

4. Крачкоўскі, А. Фельдмаршал быў згодны з Меншыкавым... / А. Крачкоўскі // Зара (Бешанковічы). – 2007. – 20 ліп. – С. 2.

5. Крачкоўскі, А. Французы ў Бешанковічах / А. Крачкоўскі // Зара (Бешанковічы). – 2007. – 20 ліп. – С. 3.

6. Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Бешанковіцкага раёна / рэдкал. І. П. Шамякін [і інш.]. – Мінск : БелСавЭн., 1991. – 423 с.