Гісторыя. Рэвалюцыйныя падзеі і ўстанаўленне савецкай улады. Бешанковіцкі раён
- Подробности
- Створана 20.04.2017 08:40
- Адноўлена 17.05.2017 07:44
26 кастрычніка (8 лістапада па н. ст.) 1917 года ў Наддзвінне прыйшла вестка аб перамозе ўзброенага паўстання ў г. Петраградзе. У архіўных дакументах таго часу занатавана, што Савецкая ўлада ў Бешанковічах устаноўлена 26 лістапада (па н. стылю), у Бачэйкаўскай і Бешанковіцкай валасцях – 1 снежня. У гэты дзень былі створаны валасныя рэвалюцыйныя камітэты, якія ўзначальвалі: у Бешанковічах – У. А. Матусевіч, у Бачэйкаве – А. М. Корань, у Астроўне – А. С. Саланікін, у Уле – І. К. Цяцерын. На сходах сялян, што прайшлі ў вёсках і мястэчках Лепельскага павета, рэвалюцыйная ўлада атрымала ўсебаковую падтрымку. Рэвалюцыя знайшла падтрымку і ў астатніх валасцях і мястэчках Наддзвіння. Аднак у павеце працягвалі заставацца органы ўлады, прызначаныя Часовым урадам, у прыватнасці павятовыя камісары. Рашэннем надзвычайнага з'езда Саветаў Віцебскай губерні, які праходзіў з 10 па 19 снежня, яны былі ліквідаваны. Разгарнулася дзейнасць па стварэнні апарата Савецкай улады ў валасцях – валасных Саветаў сялянскіх дэпутатаў. У Бешанковічах, Уле, Стрыжаве, Астроўне, Бачэйкаве актыўнымі барацьбітамі за ўладу Саветаў сталі бальшавікі А. Х. Лабсвірс, І. Пестуноў, В. Берднік, Э. Фельдманіс, А. Х. Гейнэ.
18.02.1918 года войскі кайзераўскай Германіі, парушыўшы ўмовы перамір'я, пачалі наступленне і захапілі большую частку Віцебшчыны. Бешанковічы апынуліся ў прыфрантавой паласе. 15 сакавіка 1918 года нямецкія войскі знаходзіліся за 6 вёрст ад Бачэйкава. Неўзабаве яны акупіравалі і гэты населены пункт, а потым дайшлі да Свячы. У Бешанковічы з Лепеля часова пераведзены павятовы цэнтр. 23–24.04.1918 года на з'ездзе валасных Саветаў створаны Бешанковіцкі павет з неакупіраваных частак Лепельскага і Полацкага паветаў, сфарміраваны выканкам павятовага Савета (старшыня Т. Лабсвірс). З 28.09.1919 года пасля выгнання акупантаў павятовы цэнтр зноў у Лепелі, Бешанковіччына ў складзе Лепельскага павета.
У красавіку 1918 года была створана першая ў акрузе і адна з першых у Віцебскай губерні сельскагаспадарчая камуна «Буй». У ліпені 1918 года бяднейшыя сяляне вёсак Бараўцы і Крывіна занялі панскі маёнтак і на яго базе стварылі камуну, у якую ўвайшлі 37 чалавек. Ранняй вясной 1919 года, паводле ўспамінаў першага старшыні камуны, а з 1920 года старшыні першага ў раёне калгаса «Перамога» Казіміра Паўлавіча Бараноўскага, у камуне засталося 6 гаспадароў. Праз год гаспадарка стала больш магутнай і ператварылася ў калгас. Савецкая ўлада падтрымала маладую арцель. Калгасу далі 20 пудоў насення. Ураджай на калгасным полі быў сабраны вышэйшы, чым у аднаасобнікаў, і гэта было для сялян самай лепшай агітацыяй. У пачатку 1930-х гадоў да арцелі далучыліся суседнія вёскі Кошчава і Ранчыцы. Калектыўная гаспадарка прадаўжала аб'ядноўваць усё новыя і новыя вёскі. Пазней узбуйнены калгас стаў называцца «ХХ з'езд КПСС».
З 1.10.1928 года па 1.05.1929 года арганізавана 14 калгасаў. Фарсіраванне працэсаў калектывізацыі суправаджалася раскулачваннем заможных сялян. Да вясны 1933 года абагульнена 80 % сялянскіх гаспадарак.
Асноўнымі прамысловымі прадпрыемствамі ў 1930-я гг. былі электрастанцыя, арцель «Чырвоны смалакур», цагельны завод, абутковая арцель, панчошная арцель. Ільнозаводы былі ў Уле, Храпавішчах, Астроўне, лесапільная арцель – у Уле.
У 1931 годзе створаны Бешанковіцкая, Бачэйкаўская і Астровенская МТС.
Сельская гаспадарка раёна спецыялізавалася на льномалочным кірунку.
ЛІТАРАТУРА
1. Касцюковіч, А. Кастрычнік на Прыдзвінні / А. Касцюковіч // Зара (Бешанковічы). – 1990. – 7 лістап. – С. 1.
2. Крачкоўскі, А. В. Край наш Наддзвінскі / А. В. Крачкоўскі. – Мінск : Полымя, 1990.– 80 с. : іл.– (Па родным краі).
3. Крачкоўскі, А. У гады станаўлення. Перадваенныя пяцігодкі / А. Крачкоўскі // Зара (Бешанковічы). – 2004. – 3 жн. – С. 2.
4. Крачкоўскі, А. Удзельнікі кастрычніцкіх падзей / А. Крачкоўскі // Зара (Бешанковічы). – 2004. – 3 жн. – С. 3, 4.
5. Новік, А. Першыя / А. Новік // Зара (Бешанковічы). – 1990. – 6 кастр. – С. 2.
6. Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Бешанковіцкага раёна / рэдкал. І. П. Шамякін [і інш.]. – Мінск : БелСавЭн, 1991. – 423 с.
7. Прус, Е. «А хотелось бы еще немного пожить, узнать, чем кончится эта суматоха, которая ведётся по всему земному шару...» / Е. Прус // Народнае слова. – 1996. – 8 кастр. – С. 4, 5.
8. Раён напярэдадні Вялікай Айчыннай // Зара (Бешанковічы). – 1997. – 7 кастр.– С. 4.
9. Сталінскія рэпрэсіі // Зара (Бешанковічы). – 2002. – 19 лістап. – С. 3.