Помнікі археалогіі. Бешанковіцкі раён
- Подробности
- Створана 18.10.2018 09:34
- Адноўлена 21.03.2019 15:49
Засяленне прасторы цяперашняй тэрыторыі Бешанковіцкага краю пачалося ў старажытныя часы. Яскравым сведчаннем гэтага з'яўляюцца археалагічныя помнікі Прыдзвіння – стаянкі першабытнага чалавека каменнага веку, а таксама гарадзішчы, селішчы, курганы. На тэрыторыі Прыдзвінскага краю гарадзішчы будавалі плямёны днепра-дзвінскай культуры. Гэтыя помнікі сівой даўніны здаўна цікавілі беларускіх вучоных.
Пачынаючы з 1928 года, навуковыя экспедыцыі Акадэміі навук БССР каля 15 разоў наведалі нашу мясцовасць. Раскопкі гарадзішчаў каля вёсак Бортнікі Ульскага сельсавета, Варахобкі і Стрыжава Драздоўскага сельсавета, у в. Рубеж і іншых у розныя часы праводзілі Л. В. Аляксееў, І. А. Карандзей, А. М. Ляўданскі, М. Ф. Кусцінскі, Л. Д. Побаль і іншыя вядомыя археолагі рэспублікі. Устаноўлена, што галоўным заняткам насельніцтва гарадзішчаў былі жывёлагадоўля, земляробства, паляванне, рыбная лоўля, хатнія рамёствы. Вядомы таксама гарадзішчы каля г. п. Бешанковічы, на правым беразе Заходняй Дзвіны, каля вёсак Галі, Дуброва, Фролкавічы.
Усяго на тэрыторыі раёна да 1985 года, калі частка яе адышла да Шумілінскага раёна, налічвалася 22 гарадзішчы, некаторыя з іх умацаваны ірвамі, насыпнымі валамі.
Да помнікаў археалогіі ў Бешанковіцкім раёне адносяцца гарадзішчы каля вёсак Беркава, Бортнікі, Застарынне, Рубеж, Гракава, Чарнагосце, Янаўшчына; курганныя могільнікі каля вёсак Давыдкавічы, Жарнасекава, Жданава, Замашэнне, Зарэчча, Крупеніна, Узрэчча, Ульянаўка, Фролкавічы; курганы каля вёсак Бортнікі-1-я, Зарэчча, Прыгожае. Сустракаюцца курганы як адзіночныя, так і групавыя. З групавых вызначаецца больш 10 курганоў каля в. Крупеніна, 30 насыпаў каля в. Замашэнне, 5 каля в. Абухава і Жарнасекава. 2 курганы былі побач з вёскай Давыдкавічы Драздоўскага сельсавета. Сярод насельніцтва курганы вядомы пад самымі рознымі назвамі. Нярэдка іх называюць «валатоўкамі», што звязана з міфічнымі ўяўленнямі аб тым, што ў курганах пахаваны волаты – моцныя людзі вялікага росту. У іншых месцах курганы вядомы пад назвай «капцы». Гэта беларускі фразеалагізм, які ўжываецца ў сэнсе «канец», «смерць». Такі абрад з'яўляецца паганскім і звязаны з дахрысціянскім уяўленнем аб замагільным жыцці.
Ёсць на тэрыторыі раёна і стаянкі першабытнага чалавека. Яны шырока вядомыя, адносяцца да эпохі неаліту і бронзы. Размешчаны яны ля в. Асавец Верхнякрывінскага сельсавета. Раскінуўся гэты могільнік на плошчы ў некалькі квадратных кіламетраў. Тут беларускі археолаг М. М. Чарняўскі знайшоў адзін з найбольшых у Беларусі культурных пластоў каменнага веку. Ён дасягае ў таўшчыню да 1,5 м.
Спіс помнікаў археалогіі. Бешанковіцкі раён
ЛІТАРАТУРА
1. Акулёнак, Л. Археалагічныя скарбы тарфянога балота / Л. Акулёнак // Зара (Бешанковiчы) – 2005. – 19 жн. – С. 6.
2. Акулёнак, Л. На старажытных паселішчах / Л. Акулёнак // Зара (Бешанковiчы). – 2007. – 31 жн. – С. 7.
3. Акулёнак, Л. Экскурсія ў мінулае / Л. Акулёнак // Зара (Бешанковічы). – 2008. – 15 жн. – С. 3.
4. Крачкоўскі, А. Старажытнае паселішча Асавец / А. Крачкоўскі // Зара (Бешанковічы). – 2002. – 6 ліп. – С. 2.
5. Леаненка, С. Крыж знік, і лёс яго невядомы / С. Леаненка // Зара (Бешанковічы). – 2013. – 3 верас. – С. 3.
6. Леаненка, С. У пошуках скарбу гісторыі / С. Леаненка // Зара (Бешанковічы). – 2013. – 3 верас. – С. 3.
7. Чарняўскі, М. М. Новыя знаходкі археолагаў / М. М. Чарняўскі // Зара (Бешанковічы). – 2009. – 4 верас. – С. 5.