Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Бібліятэкі. Бешанковіцкі раён

 

Першы камень у падмурак Бешанковіцкай ЦБС быў закладзены яшчэ 25 кастрычніка 1917 года, калі ў вёсцы Пяцігорск адкрылася першае ў краі народнае таварыства самаадукацыі. Другі лёг у аснову 1 лістапада 1918 года з адкрыццём у мястэчку Ула народнага тэатра, наступныя – 30 сакавіка, 1 верасня і 1 кастрычніка 1919 года, бо ў гэтыя дні пачалі дзейнічаць Стрыжаўская (у в. Слабодка), Бешанковіцкая і Ульская бібліятэкі.

25 красавіка быў адкрыты Стрыжаўскі народны тэатр, а ў чэрвені ўсё таго ж 1919 года пачалі працаваць хаты-чытальні ў Бачэйкаўскай (у 28 населеных пунктах), Марцінаўскай (3), Станіславоўскай (5), Стрыжаўскай (8), Ульскай (2) і Бешанковіцкай (29) валасцях.

Архіўныя дакументы данеслі да нас прозвішчы першых энтузіястаў бібліятэчнай справы. У прыватнасці, загадчыкамі гэтых устаноў былі: у в. Высокая Гара – К. Я. Мітрошанка; Забелле – М. Арлоўскі; Промыслы – С. Корбут, з 23 студзеня 1920 года Г. Ц. Корбут; Жарнасекава – Ф. Краско; Грудзінава – А. Бурынаў, Шышова – М. Курмель, Навасёлкі – П. Панкевіч, з 15 лютага 1920 года К. Мураўскі; Багданава – М. Петухоўская; Грыцькаўка – Н. Тарашкевіч; Клешчыно – А. Цяслёнак; Бачэйкава – К. Зігерн-Корн, з 5 лютага 1920 года К. Я. Мітрошанка, Стрыжава – В. М. Вятоха, потым С. П. Лабанаў; Вадапоева – М. Акаловіч; Долгае – В. Якубава; Пяцігорск – І. Кулак, потым А. А. Міхайлоўская; Быстры – К. В. Кежа.

Загадчыкамі цэнтральных бібліятэк працавалі: у Бачэйкаве – М. Рыбакоў, потым Г. Дзятлоўскі, з 20 сакавіка 1920 года М. І. Гайсёнак; Бешанковічах – спачатку А. М. Міхайлава, потым В. І. Пятрова, Натарыус, Гавурын, І. П. Іофе, з ліпеня 1922 года Ю. Гафмейсцер; Стрыжава – Я. З. Карпека; Вярхоўі – А. М. Акаловіч; Уле – В. Х. Казлоўская.

Як правіла, хаты-чытальні размяшчаліся ў населеных пунктах пры школах, а то і ў прыватных дамах. Бібліятэкі мелі асобныя памяшканні.

Нягледзячы на тое, што колькасць хат-чытальняў з кожным годам павялічвалася – на канец 1919 года іх было 111, а на канец 1920-га – 282 адзінкі (амаль у кожнай вёсцы) – у некаторых месцах яны наадварот пачалі скарачацца ў сілу розных прычын. Вось аб чым сведчыць выпіска з пратакола агульнага сходу школьных работнікаў Стрыжаўскай воласці: паколькі літаратуры не вельмі шмат, мэтазгодна скараціць колькасць хат-чытальняў да 5 адзінак. Яны павінны застацца толькі пры бібліятэцы в. Слабодка, таварыстве самаадукацыі ў в. Пяцігорск, а таксама ў в. Вадапоева і Быстры. Літаратуру астатніх размеркаваць па тых установах, якія засталіся...

Не ўсюды ішлі на такі крок. У некаторых валасцях было наадварот: у сакавіку 1921 года адкрыліся новыя хаты-чытальні ў Ржаўцы, Крывіне, Асінаўцы, Старых і Новых Санніках, Лапах, Семянцове і Крывым Сяле Бешанковіцкай воласці.

Сталі засноўвацца і культурна-асветніцкія гурткі ў вёсках Стрыжава і Ула, драматычныя – у Бешанковічах пры валасным аддзеле народнай адукацыі, а таксама яўрэйскі імя Пераца, потым у в. Бачэйкава. У Бешанковічах была і першамайская педагагічная бібліятэка, адкрытая 1 мая 1920 года.

Хаты-чытальні, як правіла, выпісвалі наступныя газеты: «Правда», «Петроградская правда», «Известия», «Беднота». У цэнтральных бібліятэках выбар быў значна большы.

У 1922 годзе асноўны фонд Бешанковіцкай бібліятэкі складаў 1400 экз. кніг, Бачэйкаўскай – 785. Чытачоў было адпаведна 938 і 35. У Першамайскай бібліятэцы на 600 экз. кніг прыпадала 77 чытачоў, у Ульскай – 30 чытачоў.

Дзве Бешанковіцкія бібліятэкі размяшчаліся па Берагавой вуліцы ў хаце Рапапорта. Аклад бібліятэкара ў іх на 1920 год складаў 7тыс. рублёў. Кнігі выдаваліся чытачам выключна пад залог у 100 рублёў.

Цікавы і такі факт. Напрыклад, хатай-чытальняй у в. Вярхоўе загадваў эстонец Густаў Пенерт, які пазней узначальваў тут мясцовую партячэйку. У 1920 годзе аналагічнай установай у в. Дукоўшчына кіраваў Амос Высагорац, бацька будучага Героя Савецкага Саюза М. А. Высагорца. Яшчэ адзін загадчык хаты-чытальні ў Вярхоўі Іосіф Гутковіч стаў старшынёй Макаравіцкага сельсавета. Загадчыкам хаты-чытальні ў Драздах працаваў родны брат генерал-маёра С. І. Воранава – Сяргей, у Навіках – будучы беларускі партыйны і савецкі дзеяч Ц. С. Гарбуноў.

З 1921 года ў цэнтральных бібліятэках пачала ўводзіцца і пасада намесніка загадчыка, што сведчыць аб росце колькасці чытачоў і кніг. Напрыклад, у Бешанковічах яе займала А. А. Фідэльман, у Бачэйкаве – А. С. Кісель.

Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны (на 15 верасня 1939) у раёне было 27 бібліятэк з фондам – 16400 кніг. На 1967 год у раёне налічвалася 28 масавых бібліятэк. Кніжны фонд складаў 248.609 экз. Паслугамі бібліятэк карысталіся 17273 чытачы. За 1967 год яны прачыталі 229 тысяч кніг і перыядычных выданняў.

У лютым 1975 года Міністэрства культуры СССР зацвердзіла «Палажэнне аб цэнтралізацыі дзяржаўных масавых бібліятэк». Сэнс перакладу бібліятэчнага абслугоўвання на цэнтралізаваную сістэму заключаўся ў павышэнні ўзроўню і якасці працы з чытачамі, у больш поўным выкарыстанні бібліятэчных рэсурсаў для задавальнення ўзрослых духоўных патрэбаў людзей.

Бешанковіцкі раён адзін з першых у вобласці здзейсніў пераход на централізаваную бібліятэчную сістэму. Бешанковіцкая ЦБС стала ў той час школай перадавога вопыту для бібліятэк Віцебскай вобласці па пытаннях цэнтралізацыі. Вялікую працу бібліятэкары раёна правялі па ачыстцы кніжнага фонду ад састарэлай літаратуры, складанні каталогаў, стварэнні даведачнага апарата, удакладненні зон бібліятэчнага абслугоўвання насельніцтва. У Бешанковіцкую ЦБС у 1975 годзе ўвайшло 48 бібліятэк. Сталі стварацца новыя аддзелы. У выніку, магчымасці выбару патрэбнай кнігі для чытачоў рэзка ўзраслі. Заўважнай стала роля інфармацыйнай працы: звесткі аб новых паступленнях кніг для розных груп чытачоў, улёткі, бюлетэні. З'явіўся і свой бібліёграф, яго задачай было навучыць чытачоў карыстацца каталогамі. Але самым вялікім дасягненнем стала стварэнне аддзела камплектавання. Гэты аддзел вызваліў працоўны час (асабліва для масавай работы), у першую чаргу, сельскага бібліятэкара для працы з фондамі і каталогамі.

З'явілася і метадычная дапамога. Самы актыўны ўдзел у стварэнні цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы ў раёне прынялі: Петухова Майя Аляксандраўна, Качан Лідзія Антонаўна, Кавалеўская Людміла Фёдараўна, Савік Святлана Сяргееўна, Берднік Марыя Трафімаўна, Жук Вера Мікалаеўна.

Ветэранамі бібліятэчнай справы Бешанковіцкай ЦБС з'яўляюцца: Баталка Ганна Прохараўна (Рубежская с/б-ка), Барсукова Ніна Кірылаўна (Сініцкая с/б-ка), Берасцень Ніна Васільеўна (Бешанковіцкая б-ка), Берднік Марыя Трафімаўна (Бешанковіцкая б-ка), Дзятлава Марыя Іванаўна (Першамайская с/б-ка), Дубко Таісія Міхайлаўна (Хоцінская с/б-ка), Качан Лідзія Антонаўна (Бешанковіцкая б-ка), Краско Галіна Андрэеўна (Кляшчынская с/б-ка), Круглікава Марыя Фёдараўна (Жаўрская с/б-ка), Петухова Мая Аляксандраўна (Бешанковіцкая б-ка), Рыбачок Людміла Мікалаеўна (Сокараўская с/б-ка), Савік Святлана Сяргееўна (Бешанковіцкая б-ка), Чупец Соф'я Іосіфаўна (Дапанская с/б-ка).

На сённяшні дзень у сістэме бібліятэк Бешанковіцкага раёна працуюць 34 бібліятэчныя работнікі. У раёне дзейнічае «Бешанковіцкая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма», якая аб'ядноўвае 13 дзяржаўных бібліятэк: цэнтральную раённую бібліятэку, раённую дзіцячую бібліятэку, Бешанковіцкую гарпасялковую бібліятэку-філіял № 15, 8 сельскіх бібліятэк-філіялаў і дзве бібліятэкі-клубы. Бібліятэчны фонд на 01.01.2019 года склаў 173137 асобнікаў. Штогод чытачамі бібліятэк становіцца звыш 10 тысяч жыхароў раёна.

Пры бібліятэках створана 21 аматарскае аб'яднанне. Сярод іх клубы аматараў чытання «Крынічка» (Сініцкая сельская бібліятэка-клуб), «Почемучка» (Ржаўская сельская бібліятэка), клубы развіцця дзіцячай творчасці «Чараўнічкі» (Ульская сельская бібліятэка), эколага-пазнавальныя клубы «Кропелькі» (Палітаддзельская сельская бібліятэка), клубы зносін «Сударушки» (Астровенская сельская бібліятэка), здаровага ладу жыцця «Надзея» (Сініцкая сельская бібліятэка-клуб), «Падлетак» (Астравенская сельская бібліятэка), краязнаўчыя клубы «Прыдзвінне» (ЦРБ), «Знаўцы» (Бачэйкаўская сельская бібліятэка ім. Б. П.Беляжэнкі) і іншыя.

Бібліятэкі сеткі працуюць па мэтавых праграмах: «Дар дабрыні і міласэрнасці» (Астровенская сельская бібліятэка), «Мой родны кут – мой клопат і мой лёс» (Бачэйкаўская сельская бібліятэка імя. Б. П. Беляжэнкі), «Зялёная аптэка» (Паліатддзельская бібліятэка ), «Мая ціхая Радзіма – экалогія роднага краю» (Задарожская сельская бібліятэка), «Свет кнігі адкрыем для дзіцячага сэрца, дапаможам дзіцяці вакол агледзецца» (Сініцкая сельская бібліятэка), праграма нацыянальнага адраджэння «Край наш найдзівосны» (Вярхоўская сельская бібліятэка).

Структура Бешанковіцкай ЦБС:

arrow Бешанковіцкая цэнтральная раённая бібліятэка;

arrow Бешанковіцкая гарпасялковая бібліятэка – філіял № 15;

arrow Дзіцячая раённая бібліятэка – філіял № 1 (г. п. Бешанковічы);

arrow Астровенская сельская біблітэка – філіял № 19;

arrow Бачэйкаўская сельская бібліятэка імя Б. П. Беляжэнка – філіял № 42;

arrow Вярхоўская сельская бібліятэка – філіял № 8;

arrow Драздоўская сельская бібліятэка – філіял № 4;

arrow Задарожская сельская бібліятэка – філіял № 24;

arrow Палітаддзельская сельская бібліятэка – філіял № 6;

arrow Ржаўская сельская бібліятэка – філіял № 11;

arrow Сакораўская сельская біблітэка-клуб – філіял № 33;

arrow Сініцкая сельская бібліятэка-клуб – філіял № 25;

arrow Ульская сельская бібліятэка – філіял № 24.

 

ЛІТАРАТУРА

1. Апанасёнок, В. С книгой в школе и на отдыхе / В. Апанасёнок // Зара (Бешанковічы). – 2013. – 9 жн. – С. 7.

2. Ворошко, С. Дом, где живут книги / С. Ворошко // Зара (Бешанковічы). – 2008. – 12 верас. – С. 1.

3. Казак, Л. Дом, где хозяйничает книга / Л. Казак // Зара (Бешанковiчы). – 2005. – 13 верас. – С. 1.

4. Казак, Л. Зберагчы традыцыі, шукаем новае / Л. Казак // Зара (Бешанковічы). – 2001. – 10 ліп. – С. 3.

5. Канапелька, З. Захаваць народную спадчыну / З. Канапелька // Зара (Бешанковічы). – 2004. – 3 студз. – С. 5.

6. Капойка, А. «Да дабра праз слова» / А. Капойка // Бібліятэчны свет. – 2012. – № 6. – С. 16.

7. Капойка, А. Справы бібліятэчныя – справы цікавыя / А. Капойка // Зара (Бешанковічы). – 2008. – 28 сак. – С. 8.

 

СПАСЫЛКІ

arrow Афіцыйны сайт Бешанковіцкай ЦБС