Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Гісторыя. Верхнядзвінскі раён. Дарэвалюцыйны перыяд

 

У пісьмовых крыніцах упершыню г. Дрыса ўпамінаецца ў «Хроніцы польскай, літоўскай, жамойцкай і ўсяе Русі» М. Стрыйкоўскага пад 1386 г., калі ў час міжусобнай вайны Дрысенскі замак захапіў і падпаліў князь Андрэй Полацкі. Летапісная назва горада – Дрысь, Дрисса, Дриза. Паводле археалагічных даследаванняў горад існаваў значна раней летапіснага ўпамінання.

Крыху пазней, у 1499 годзе вялікім князем літоўскім Аляксандрам згадана «дрысецкая валостка», якую «бояре полоцкии держат(ь)... по годам судят(ь) и рядят(ь)». Ва ўсіх выпадках пад Дрысаю разумеецца не паселішча на месцы сучаснага Верхнядзвінска, а воласць у вярхоўях ракі Дрысы.

І ўсе ж самай ранняй з надзейных згадак пра паселішча пры ўпаданні Дрысы ў Дзвіну на сённяшні дзень трэба лічыць звестку са славутай кнігі вядомага аўстрыйскага дыпламата 16 ст. С. Герберштэйна «Запіскі аб маскоўскіх справах». У іх Герберштэйн апісвае сваю дарогу па замерзлай Дзвіне ад крэпасці Вяты, якая знаходзіцца на левым беразе Дзвіны, недалёка ад вёскі Пруднікі Мёрскага раёна, да Полацка ў сакавіку 1517 года. Між іншым, ён называе населены пункт Дрыса. Яна была тады, відаць, звычайным неўмацаваным сялом, бо Герберштэйн заўсёды адзначаў крэпасці і замкі. Дрыса ж так не названа. Сяло Дрыса ў першай палове 16 ст. належала знакамітаму полацкаму Спаса-Еўфрасіннеўскаму манастыру, а таксама шляхцічам Ракусам і Храшчам.

У 1534 годзе пачалася чарговая вайна Вялікага княства Літоўскага супраць Рускай дзяржавы. Улетку наступнага года маскоўскія палкаводцы на чале пскавічоў і наўгародцаў уварваліся ў землі Полацкага ваяводства і пабудавалі на воз. Себеж крэпасць (цяпер. г. Себеж). Планы пабудовы крэпасці супраць Себежа распрацоўваліся ўрадавымі коламі ВКЛ яшчэ падчас вайны, але да практычных захадаў прыступілі ў 1537 годзе. Першая з вядомых на сённяшні дзень дакументальных згадак пра Дрыскі замак датуецца 1546 г. Варта ўдакладніць час пабудовы замка. У 1546 г. ён ужо існаваў, а ўзведзены ён пры полацкім ваяводзе Станіславе Давойне, прыкладна ў 1543–46 гг. Пабудова замка стала моцным штуршком для развіцця Дрысы не толькі як ваеннай крэпасці, але і як важнага эканамічнага цэнтра Полацкага ваяводства. Замак знаходзіўся ў непасрэдным кіраванні полацкага ваяводы Давойны, які прызначаў сюды сваіх намеснікаў.

Горад хутка развіваўся і ўжо ў сярэдзіне 60-х гадоў сёлы дрыскіх мяшчан знаходзіліся на левым, супрацьлеглым ад яго беразе Дзвіны. Гэта сведчыць пра тое, што земляробства займала вялікае месца ў структуры заняткаў мяшчан. Вельмі важнае значэнне ў іх эканамічнай дзейнасці меў таксама гандаль соллю, збожжам, лесам і іншымі таварамі.

У той жа час урад пастаянна клапаціўся пра падтрыманне ў належным стане баяздольнасці дрыскай крэпасці. Асаблівую актуальнасць гэта задача набыла ў другой палове 50-х гг., калі ўсё больш і больш рэальнай станавілася перспектыва вайны з Рускай дзяржавай. У 1558 годзе цар Іван Грозны распачаў вайну супраць Лівонскага ордэна. Вайна сур'ёзна пагражала ваенна - стратэгічным і эканамічным інтарэсам ВКЛ, таму яно выступіла на баку Ордэна. Ваеннае значэнне Дрысы, размешчанай на мяжы інтарэсаў Лівонскага ордэна і Рускай дзяржавы, істотна вырасла.

Пасля ўзяцця 15 лютага 1563 года войскамі Івана Грознага Полацка значэнне Дрысы яшчэ больш узрасло. У 1563 годзе абавязкі дрыскага дзяржаўцы (кіраўніка) выконваў ротмістр Ян Лапот, які паказаў сябе не толькі дзейным военачальнікам, але і здольным кіраўніком. Не ў апошнюю чаргу дзякуючы яго намаганням Дрыса падчас Інфлянцкай вайны так і не была ўзята рускімі войскамі.

Для таго, каб замацавацца на занятых полацкіх землях, маскоўскія ўлады пачалі будаваць тут крэпасці. Былі ў планах і пабудовы замкаў на рацэ Сар'і і пры ўпадзенні Свольны ў Дрысу. Ваенная небяспека прымушала ўвесь час у Дрысе трымаць гарнізон наёмнікаў.

У 1579 годзе войскі Стэфана Баторыя адваявалі Полацк, а ў 1582 годзе скончылася Інфлянцкая вайна. Усталяваўся мір. Вялікія літоўскія князі за асаблівыя заслугі даравалі феадалам маёнткі, якія потым перадаваліся па спадчыне або прадаваліся.

З 1632 г. на тэрыторыі Полаччыны зноў пачаліся ваенныя деянні, а населеныя пункты, тыя ж Дрыса, Асвея і інш. часта ўпамінаюцца як падчас ваенных дзеянняў, так і ў дагаворах аб перамір'ях паміж варагуючымі бакамі.

Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) значная частка Дрысенскага павета (на тэрыторыі якога знаходзіцца Верхнядзвінскі раён) увайшла ў склад Полацкага намесніцтва. У 1777 г. Дрыса з мястэчка стала горадам, цэнтрам павета. 21 верасня 1781 г. зацверджаны герб Дрысы – на залатым полі шчыта – вершнік з узнятым мячом.

У 1796 г. насельніцтва павета складала 30385 душ мужчынскага полу. У снежні 1796 года павет быў скасаваны, яго тэрыторыя перададзена ў склад Беларускай губерні. У 1797 годзе насельніцтва Дрысы налічвала 1310 душ. У 1802 годзе Дрысенскі павет быў адноўлены ў складзе Віцебскай губерні. Імператрыца Кацярына ІІ, хаця і аб'явіла аб захаванні на далучанай тэрыторыі палажэнняў Статута ВКЛ, тым не менш праводзіла палітыку пашырэння расійскага заканадаўства. З гэтай мэтай вялася падрыхтоўка да фарміравання і функцыянавання органаў дваранскага самакіравання. На выбарах у 1789 г. прадвадзіцелем дваран Дрысенскага павета стаў былы камергер каралеўскага двара Ф. Лускін, які меў 2106 прыгонных. Сялянства знаходзілася ў поўнай залежнасці ад шляхты. Па рэвізіі 1810 года ў Дрысенскім павеце было 27660 душ, казённых – 74, духоўных – 3044, езуіцкіх – 252.

Аснову сялянскай гаспадаркі складала земляробства. Але жылі сяляне ў вельмі цяжкіх умовах. З кожнага двара спаганяўся падымны падатак, уносілі натуральны аброк і чынш – грашовы аброк. Сярод прыгонных пачалі ўзнікаць хваляванні.

У 1838 годзе ў г. Дрыса пражывала 828 чалавек, з якіх: 12 персанальных дваран, 12 разначынцаў, 10 свяшчэннікаў з сем'ямі, 14 адстаўных салдат з жонкамі, 3 купцы, 754 мяшчаніны, 3 аднадворцы, 3 дваровых людзей, 116 чалавек унутранай варты, 45 кантаністаў.

На тэрыторыі павета дзейнічала 52 вінакурныя заводы і 56 мукамольных. Важную ролю ў эканамічным развіцці ў першай палове 19 ст. адыгрываў гандаль. Гэтаму садзейнічала выгаднае размяшчэнне Дрысы ля р. Зах. Дзвіна. Аснова гандлю – купля – продаж лесу. Быў дзягцярны завод, гарбарнае прадпрыемства і інш. Насельніцтва горада ў 1848 г. – 1036 чалавек.

У вайне 1812 года ўся Дрысеншчына, дзе дзейнічаў 1-шы корпус генерала Вітгенштэйна, стала на справе тым лагерам, які закрыў дарогу французам на Пецярбург. Агульнавядомы па рамане Л. Талстога «Вайна і мір» умацаваны «Дрисский лагерь» не адыграў той ролі, якая адводзілася яму дарадцам цара генералам Фулем.

Згодна з планам Фуля, абарончую вайну на тэрыторыі Беларусі патрэбна было весці дзвюма арміямі – адна (120 тыс.), заняўшы Дрысенскі лагер, мелася ўтрымліваць праціўніка з фронту, другая (80 тыс.) – дзейнічаць на флангах. План быў распрацаваны ў Пецярбургу, але без удзелу вядомых рускіх генералаў. Інжынерныя даследаванні і будаўніцтва лагера вяліся ў 1811–12 гг. Адначасова працавала больш за 2 тыс. чалавек, якія мяняліся праз 3 тыдні. Гэта былі сяляне прылягаючых і суседніх паветаў. Лагер быў размешчаны ў лукавіне Зах. Дзвіны паміж г. Дрыса і в. Шатрова. Лагер быў пабудаваны, але знаходзіўся ў баку ад усіх галоўных шляхоў, не прыкрываў ніводны з іх і ў тактычных адносінах быў нявыгадны.

Кампенсаваць недахопы магла значная перавага ў ваенных сілах, але яе не было. Супраць корпуса дзейнічаў корпус французскага маршала Удзіно (37 тыс. чалавек), у Вітгенштэйна – 24 тыс. У чэрвені адбылася бітва пры Вількаміры, дзе авангард пяхотнага корпуса пад камандаваннем Я. П. Кульнёва стрымаў націск амаль усяго корпуса Удзіно, даўшы магчымасць адыходу корпуса Вітгенштэйна.

16–28 чэрвеня пад націскам французскіх войск 1-ая Заходняя Армія адступала. На ваенным савеце з удзелам цара, які прыехаў у Дрысу, было прынята рашэнне пакінуць Дрысенскі лагер і ісці да Віцебска для злучэння з 2-ой арміяй Баграціёна.

З 2–14 ліпеня па 19–31 ліпеня на тэрыторыі павета ішлі баі паміж корпусам генерала Вітгенштэйна і корпусам маршала Удзіно. 18–30 ліпеня адбылася вядомая Клясціцкая бітва, у выніку якой корпус Вітгенштэйна ва ўпартым баі пад Галоўчыцамі прымусіў маршала Удзіно адступіць. Трэці дзень славутай бітвы стаў апошнім у жыцці генерала Кульнёва, які загінуў у час праследавання французаў на р. Дрыса паблізу Сівошына.

У 1848 г. насельніцтва Дрысенскага павета падзялялася на праваслаўных (33987), католікаў (22301), раскольнікаў (217), лютэран, рэфармістаў (55), іудзеяў (2653).

У 1855, 1978 гадах Дрыса перажыла вялікія паводкі. Вынікі іх аказаліся жахлівыя, бедствы, прычыненыя імі, вялікія. Пераважная большасць дамоў аказалася непрыгоднай для жылля, усе масты былі разбураны або знесены вадой і г. д.

У 1861 годзе быў падпісаны Маніфест і «Палажэнні» аб адмене прыгоннага права. Прыгонныя сяляне атрымалі, хоць і не адразу, асабістую волю, фармальную незалежнасць ад пана. Але пры раздзеле зямлі землеўладальнікі выбіралі сабе лепшыя ўчасткі, а большасць сялян была пастаўлена ў такія ўмовы, пры якіх яна зноў павінна была ісці ў кабалу да сваіх ранейшых гаспадароў. У выніку ўсяго гэтага пачаліся хваляванні сялян. У 1863 годзе ў сувязі з дзеяннямі паўстанцаў у Дрысенскім павеце было ўведзена ваеннае становішча. У спіс палітычна ненадзейных у Віцебскай губерні трапілі многія памешчыкі з Дрысенскага павета.

Незадаволенасць вынікамі рэформы і ўмовамі жыцця неаднаразова прыводзіла да хваляванняў сялян павета ў 60–90 гады. У маі 1884 года паведамлялася пра захоп сялянамі вёсак Вялікае Сяло, Гарадзілавічы, Галькаўшчына і інш. «спрэчных зямель у памешчыка Шадурскага». Вясной 1891 і ў чэрвені 1891 г. адбыліся буйныя выступленні ў Сар'янскай воласці. Хваляванні адбываліся і сярод рабочых павета (у 1895 годзе ў павеце было 49 заводаў, фабрык з колькасцю рабочых 90 чалавек).

Істотнай падтрымкай для сельскага насельніцтва былі саматужныя і лясныя промыслы, рыбалоўства і садаводства. Рамеснікаў было ў Дрысе – 280 чалавек, у павеце – 1514. Збыт усіх саматужных вырабаў і сельскагаспадарчай прадукцыі адбываўся на кірмашах і таржках у Асвеі, Валынцах і інш. населеных пунктах. Усяго ў 1893 г. у павеце было 330 гандлёвых і прамысловых устаноў.

Пасля першага Усерасійскага перапісу насельніцтва (1897) колькасць жыхароў Дрысенскага павета складала 97083 чалавек.

Буржуазная рэформа сялянскага надзельнага землеўладання ў Расіі (рэформа Сталыпіна) стварала больш спрыяльныя ўмовы для капіталістычных адносін у сельскай гаспадарцы. Яна ўмацавала сялянскую буржуазію, паскорыла рост капіталізму ў сельскай гаспадарцы, аднак не вырашыла аграрнага пытання і абвастрыла класавыя супярэчнасці ў вёсцы.

З 1910 па 1916 гг. былі атрыманы акты, пацвярджаючыя права ўласнасці на зямлю. У Дрысенскім павеце сярэдняя колькасць зямлі на 1 хутар складала 8,5 дзесяціны. Гэта вельмі мала. У 1912–13 гг. была арганізавана эканамічная дапамога сялянскай гаспадарцы. У 1913 годзе ў Дрысенскім павеце арганізаваны 4 пракатныя станцыі, на якіх меліся сельскагаспадарчыя прылады, машыны. У 1908–1910 гг. прывозіліся мінеральныя ўгнаенні, існавалі земляробчыя гурткі, ствараліся крэдытныя кааператывы, сялянскія асноўныя касы, касы дробнага крэдыту.

Асноўнымі культурамі, якія вырошчваліся ў Дрысенскім павеце былі: азімае жыта (48,8 % агульнай плошчы), авёс (13,1 %), ячмень (19,9 %), гарох і боб (4 %), бульба (5,5 %), кармавыя культуры (0,1 %), тэхнічныя (8,4 %). Пашыраліся саматужныя промыслы: вырабы колаў, саней, калёс, драўлянага посуду, выганка дзёгцю і інш. Усяго імі было занята ў 1910 годзе 7484 (19,8 %) мужчын і 2929 (8,1 %) жанчын.

Самымі буйнымі землеўладальнікамі ў павеце былі ў 1912 годзе С. Лапацінскі (маёнтак Сар'я), М. Храпавіцкі (Каханавічы), А. Гласка (Зябкі), І. Плятэр-Зіберг (Баліны), Р. Пржэціжэўская (Старая Сволна).

20 стагоддзе пачалося ў павеце хваляваннямі сялян. Дзейнічалі розныя рабочыя арганізацыі і гурткі (1902 г. – Асвея). У лютым 1905 года – выступленні ў маёнтках Новікі і Юстыніянава, у сакавіку – у маёнтку Лісна і інш. Адміністрацыя не спраўлялася з сялянскімі хваляваннямі. Сяляне патрабавалі ад уладальнікаў маёнткаў водпуску лесу і харчоў, зерня і дроў па больш таннай цане і г. д. 25 лістапада Дрысенскі павятовы прадвадзіцель дваранства паведамляў Віцебскаму губернатару, што патрабуемыя сялянамі ўступкі раўназначны разарэнню, што ўсюды ёсць агітатары, якія выклікаюць хваляванні сялян. Пачалі дзейнічаць рэвалюцыйныя камітэты (снежань 1905 – студзень 1906 года м. Расіца). Рэвалюцыйныя выступленні працягваліся ў 1907–08 гадах. У студзені былі хваляванні шаўцоў у майстэрнях Дрысы, яны выстаўлялі эканамічныя патрабаванні.

Вялікім выпрабаваннем для працоўных Дрысеншчыны стала першая сусветная вайна. Было аб'яўлена ваеннае становішча. 15 жніўня ў Дрысе была створана асобая рэквізіцыйная камісія па гатоўнасці абсталявання фабрык і заводаў горада да эвакуацыі. Праходзілі рэквізіцыі жывёлы і фуражу ў сялян. У гады вайны многія сельскія гаспадаркі развальваліся, прыходзілі ў заняпад і маёнткі. Жыццё людзей пагаршалася, дастаўка тавараў першай неабходнасці складала 5–10 % ад плана, непамерна раслі цэны. Сусветная вайна яшчэ больш абвастрыла супярэчнасці ў грамадстве. Нягледзячы на ваенны час, мелі месца выступленні сялян супраць памешчыкаў, пачаліся самавольныя высечкі лесу, у павеце распаўсюджваліся лістоўкі антыўрадавага зместу. Адбываліся сутычкі з паліцыяй.

Перамога лютаўскай буржуазна-дэмакратычнай рэвалюцыі ажывіла грамадска-палітычнае жыццё. 7 сакавіка створаны выканаўчы камітэт. Памешчыкі, чыноўнікі, святары не прызнавалі рэвалюцыю. У сакавіку ў Дрысе створаны Савет рабочых дэпутатаў, у якім у асноўным былі прадстаўлены меншавікі і бундаўцы. Хваляванні сялян працягваліся. Для падтрымання ўлад у Дрысу прыбыў узвод салдат, але зрабіць штосьці было ўжо немагчыма. Працягвалася барацьба за бальшавізацыю Саветаў. У Дрысе яна закончылася перамогай бальшавікоў у сярэдзіне лістапада, а ў павеце ўлада да Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў перайшла ў студзені – лютым 1918 года.

 

Асвея. Палац Шадурскіх і парафіяльны касцёл. 1875–1876. Выгляд бакавых фасадаў касцёла і званіцы. З левага боку паказаны палац. Малюнак Напалеона Орды. Выява з сайта  http://globus.tut.by/Асвея. Палац Шадурскіх. 1875–1876. Выгляд палаца з боку ракі. Малюнак Напалеона Орды. Выява з сайта  http://globus.tut.by/

 

ЛІТАРАТУРА

1. Верхнедвинск или Дрисса / Ю. А. Татаринов // Татаринов, Ю. А. Города Беларуси. Витебщина / Ю. А. Татаринов. – Мн., 2006. – С. 24–29.

2. Верхнее Поднепровье и Белоруссия. Полное географическое описание нашего Отечества / сост. : В. П. Семенов (Тян-Шанский), И. В. Довнар-Запольский, Д. З. Шендрик [и др.]. – Мн., 2006. – 456 с.

3. Верхнядзвінскі раён // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. / рэдкал.: М. В. Біч [і інш.]. – Мн., 1993. – Т. 2. – С. 249–250.

4. Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Верхнядзвінскага раёна: у 2 кн. / рэдкал. : У. С. Богаў [і інш.]. – Мн., 1999. – Кн. 1. – 528 с.