Гісторыя. Гарадоцкі раён. Дарэвалюцыйны перыяд
- Подробности
- Створана 22.09.2017 08:40
- Адноўлена 25.09.2017 08:20
У летапісах другой паловы XIII ст. Гарадок згадваецца як «Гарадок каля Полацка» ў сувязі з бітвай палачан з літоўскім войскам на чале з Мінгайлам, у ходзе якой Гарадок быў знішчаны.
У 1551 г. упамінаецца ў «рэестры» сярэбшчыны з гарадоў ВКЛ, згодна з якім «с места Городка» плацілі ў казну «20 коп грошей...». У канцы 1570 г. упамінаецца Вялікі і Малы Гарадок. На пачатку XVII ст. – мястэчка ў Віцебскім павеце таго ж ваяводства Вялікага княства Літоўскага (ВКЛ), дзяржаўная ўласнасць.
У сярэднявечча гарадоцкія землі ўваходзілі ў склад Полацкага княства, а з XIV ст. – Вялікага княства Літоўскага. Пагранічнае становішча іх абумовіла ўзвядзенне тут абарончых умацаванняў. Заснаваны на паўвостраве возера Езярышча замак у час ваенных дзеянняў паміж Вялікім княствам Літоўскім і Рускай дзяржавай не адзін раз разбураўся, затым зноў аднаўляўся. Канчаткова ён прыйшоў у заняпад у XVII ст. З гэтага часу пачынаецца ўздым Гарадка, які адзначаны на карце С. Пахалавіцкага 1579 г.
У 1772 г. у выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай Гарадок далучаны да Расійскай імперыі. У 1777 г. атрымаў статус горада і стаў цэнтрам Гарадоцкага павета Полацкай губерні, з 1796 г. – Беларускай, з 1802 – Віцебскай губерні. Далейшая гісторыя Гарадоччыны непарыўна звязана з гісторыяй Беларусі, а з 1917 года – з гісторыяй Савецкай дзяржавы.
Плошча Гарадоцкага павета ў другой палове XIX – пачатку XX ст. складала 3107,1 кв. вярсты, налічвалася 94 сельскія вобшчаствы, 1744 паселішчы. У склад яго ўваходзіла 21 воласць: Болецкая, Бяскатаўская, Вайханская, Віраўлянская, Вышацкая, Вярэцкая, Горкаўская, Дубакрайская, Дубінінская, Зайкаўская, Казьянская, Мішневыцкая, Обальская, Паташанская, Руднянская, Селішчанская, Стайкаўская, Старынская, Уладзімірская, Ціясцянская, Халамерская.
Насельніцтва абкладвалася шматлікімі падаткамі і выплатамі. Не ўсе маглі іх своечасова ўносіць. Меліся нядоімкі. Людзі неслі значныя матэрыяльныя страты ў выніку розных няшчасных выпадкаў. У 1886 г. у павеце здарыліся 63 пажары, агонь знішчыў 138 двароў. У 1895 г. у выніку 73 пажараў у павеце згарэлі 96 дамоў, а ў 1905 г. ад агню пацярпелі 615 пабудоў. Абсалютная большасць насельніцтва жыла ў сельскай мясцовасці.
Пасля адмены прыгоннага права, нягледзячы на феадальныя перажыткі, галоўны з якіх – памешчыцкае землеўладанне, развіваліся капіталістычныя адносіны. У паслярэформенны перыяд у памешчыцкіх маёнтках Віцебшчыны існавалі адработачная і змешаная сістэмы гаспадарання. Пераважала першая з іх. За арэнду ворнай зямлі, іншых угоддзяў сяляне са сваім інвентаром апрацоўвалі землі памешчыкаў. У многіх маёнтках адпрацоўкі спалучаліся з наёмнай працай.
У гэты час змянілася спецыялізацыя памешчыцкіх і сялянскіх гаспадарак. У 60–70-ыя гг. яны аддавалі перавагу вырошчванню збожжавых культур. У наступныя дзесяцігоддзі ў выніку сусветнага аграрнага крызісу рэзка знізіліся цэны на хлеб. Сельскія гаспадары пачалі скарачаць пасяўныя плошчы пад збожжавыя культуры і пашыралі вытворчасць бульбы і льну. Атрыманае валакно і семя ішлі на продаж і складалі галоўны прыбытак гаспадарак. Памешчыкі губерні пераходзілі да развіцця жывёлагадоўлі, арганізоўвалі малочную гаспадарку.
У памешчыцкіх гаспадарках разводзілася пародзістая жывёла. З пачатку XX ст. з Полацкага павета разам з прылягаючымі да яго валасцямі Гарадоцкага і Дрысенскага паветаў вывозілася 182 000 пудоў садова-агародніннай прадукцыі. Садаводства шырока вялося ў маёнтку Мяжа. З агародніны і ягад тут выраблялі віно.
Узмацніўся працэс расслаення сялян. Сярод іх былі тыя, што куплялі зямлю, участкі розных памераў, нават да 1 000 дзесяцін і больш. Гэта ўжо былі прадстаўнікі сельскай буржуазіі.
У 1877 г. у Гарадоцкім павеце прыватнаўласніцкія землі складалі 35,2 %, надзельныя 45,8 %; астатнія 19 % зямлі, належалі дзяржаве, царкве і інш. Сяляне цярпелі ад беззямелля і малазямелля. Ім прыходзілася арандаваць землі ў памешчыкаў за адробкі і грашовую плату. Адчувалася аграрная перанаселенасць. У канцы XIX ст. лішак рабочых рук у павеце складаў 17950 чалавек.
Часта насельніцтва займалася промысламі, адыходніцтвам, наймалася на працу да памешчыкаў і заможных сялян. Асобныя жыхары вёсак адпраўляліся ў прамысловыя гарады Расіі, перасяляліся ў Сібір. Каб здабыць сродкі, сяляне вымушаны былі шукаць працу ў гарадах. Нашы землякі ў тыя часы наймаліся на лесасплаўныя, дарожна-будаўнічыя, сельскагаспадарчыя работы, на заводы Пецярбурга. Пры гэтым селянін пастаянна вяртаўся да свайго месца жыхарства. Гонка плытоў у Рыгу патрабавала плытагонаў, у перыяд навігацыі сплаўляўся лес у раку Заходнюю Дзвіну з Межанскага краю.
Лічыліся суднаходнымі рэкі Мяжа і Каспля. Сплаўнымі былі Обаль і Лужаснянка. 3 Белага – Мяжою – у Дзвіну, а адтуль у Рыгу сплаўлялі збожжа. Па рацэ Мяжа хадзілі баркі з грузам ад 8 да 10 тон. Сплаў малых барак і плытоў з грузам працягваўся з красавіка да чэрвеня. Па рацэ Обаль лес сплаўляўся ў Полацк і Рыгу. Гэты лес і дровы падвозіліся да лесасплаўных пунктаў, возка лесу была самым распаўсюджаным адыходніцкім заняткам.
У XIX ст. у жыхароў гэтых мясцін існавалі іншыя адыходніцкія промыслы, якія былі звязаны з апрацоўкай лесу. Гэта выраб паташу, смалы, дзёгцю, драўнянага вугалю, нарыхтоўка будаўнічага лесу і дроў.
Адным з заняткаў, якія непасрэдна патрабавалі, каб селянін доўгі час працаваў не на сваім полі, быў паташны промысел. Мэтай гэтага занятку было атрыманне паташу, шчолачнай солі, якая ў XIX ст. шырока выкарыстоўвалася для вырабу шкла, мыла, фаянсавай палівы, для мыцця воўны, адбельвання і фарбавання тканін, ачысткі сукна. Паташ выкарыстоўваўся таксама ў кандытарскай вытворчасці і фармакалогіі.
У паслярэформенны час захавалася рамесная вытворчасць. У першай палове 60-х гг. у Гарадку працавалі 215 майстроў, 114 рабочых і 61 вучань. Найбольш шматлікімі былі спецыяльнасці пекараў, мяснікоў, шаўцоў, краўцоў, гарбароў, кавалёў, ганчароў. У справаздачы Віцебскага губернатара за 1894 г. адзначаецца занятых рамеснай справай у Гарадку 278 чалавек і 2481 – у павеце. Праз 3 гады, у 1897 г., у горадзе налічвалася 233 майстры, 76 рабочых і 54 вучні. Прамысловы пераварот прывёў да развіцця машыннай вытворчасці. Найбольшая колькасць фабрычна-заводскіх прадпрыемстваў знаходзілася ў сельскай мясцовасці, была набліжана да перапрацоўкі сельскагаспадарчай сыравіны. У 1862 г. у Гарадку існавалі 3, у павеце – 11 фабрык і заводаў, а ў 1896 г. – 10 і 44 адпаведна. Гэта былі мылаварныя, гарбарныя, вінакурныя, мукамольныя, цагляныя прадпрыемствы. З'явілася вытворчасць сінельнанабойных тканін і сельтэрскай вады. Уладальнікамі дробных прадпрыемстваў з'яўляліся дваране і заможныя сяляне, у горадзе – мяшчане, у большасці сваёй з ліку яўрэйскага насельніцтва.
Крызіс 1900–1903 гг. прывёў да скарачэння рамеснай вытворчасці, адбываўся рост фабрычна-заводскай прамысловасці. У 1904 г. у Гарадку дзейнічалі 16 фабрык і заводаў, на якіх былі заняты 57 рабочых. Чорнарабочым ў месяц плацілі: 5 руб. мужчынам і 3–4 руб. жанчынам. Праца прыслугі ацэньвалася: 3–4 руб. жанчыне і 8 руб. мужчыну.
У 1912 г. у Гарадку налічвалася 240 гандлёвых і прамысловых устаноў. Праводзіліся 3 кірмашы. Прадаваліся гатовае аддзенне, сані, яйкі, куры, жывёла.
У 1905 г. пачалася буржуазна-дэмакратычная рэвалюцыя. Узмацніўся сялянскі рух. У Гарадоцкім павеце ён выражаўся ў патравах памешчыцкіх угоддзяў, высечках лесу – памешчыцкага і казённага. У Гарадку і павеце распаўсюджваліся пракламацыі.
У час рэвалюцыі, у 1906 г., з'явіўся царскі ўказ аб аграрнай рэформе, ініцыятарам якой быў П. А. Сталыпін. У 1908 г. у Гарадоцкім павеце на хутары адышлі жыхары двух населеных пунктаў з 30 дварамі. У 1911 г. пажадалі весці хутарскую гаспадарку сяляне вёскі Завань. Далейшае ажыццяўленне Сталыпінскай зямельнай рэформы было спынена Першай сусветнай вайной. Ад заняткаў была адарвана вялікая колькасць рабочых рук. Даныя перапісу 1917 г. сведчаць, што ў Віцебскай губерні з вёсак прызвалі ў войска 52,2 % працаздольных мужчын.
Насельніцтва прыцягвалася да розных відаў работ: узвядзенне абарончых збудаванняў, перавозка воінскіх грузаў, прагон гуртоў жывёлы, рамонт і пракладка дарог. Да канца 1915 г. Гарадоцкі павет не мог паставіць на гэтыя работы ніводнага чалавека. Улады рабілі прымусовы набор сялян. У Гарадку мясцовая паліцыя забірала на акопныя работы выпадковых людзей, што прыязджалі на базар, у асноўным з беднага насельніцтва. Іншых хапалі на вуліцах і з дамоў.
Пачаў адчувацца недахоп прадуктаў харчавання. Насельніцтва на ўсе цяжкасці ваеннага часу адказвала пратэстам. У Гарадоцкім павеце быў зроблены напад на валасную касу. Сяляне адмаўляліся выконваць нарады на перавозку ваенных грузаў. Так паступілі ў снежні 1915 г. жыхары некалькіх валасцей павета. Тыя ж, каго паліцыя змагла сабраць, раз'ехаліся, бо ў Гарадку не аказалася стражнікаў для іх аховы. Адбываліся выступленні сялян у час мабілізацыі ў армію. 27 верасня 1915 г. навабранцы разграмілі 5 прадуктовых крам на станцыі Езярышча. Такія ж выступленні салдат мелі месца на чыгуначнай станцыі ў Залуччы і былі выкліканы адсутнасцю прадуктаў харчавання і ростам цэн на іх.
Але сярод жыхароў павета былі і добраахвотнікі, якія самі вызваліся ісці на вайну. Імперыялістычная вайна рэзка пагоршыла стан сельскай гаспадаркі, прамысловасці, выклікала незадаволенасць працоўных слаёў насельніцтва, абвастрыліся ўсе супярэчнасці. У краіне нарастаў рэвалюцыйны крызіс.
У выніку Лютаўскай рэвалюцыі, якая ліквідавала самадзяржаўе, у краіне склалася двоеўладдзе: Саветы – орган улады працоўных і Часовы ўрад, які абараняў інтарэсы буржуазіі. У пачатку сакавіка весткі пра гэтыя падзеі дасягнулі Беларусі. У гарадах і мястэчках прайшлі мітынгі, дэманстрацыі. Працоўныя Гарадка вызвалілі з турмы 90 зняволеных, арыштавалі турэмную адміністрацыю. Пачалі стварацца Саветы рабочых, сялянскіх і салдацкіх дэпутатаў. Часовы ўрад назначыў у губерні і паветы сваіх камісараў, да якіх пераходзіла мясцовая ўлада. Гэтую пасаду ў Гарадоцкім павеце з 15 мая займаў Вальдэмар Генрыхавіч Дзідрых, аграном, салдат 298-га пяхотнага запаснога палка.
У першыя дні сакавіка быў арганізаваны Савет рабочых, сялянскіх і салдацкіх дэпутатаў у Гарадку. У маі адбыўся з'езд сялянскіх дэпутатаў. Каля 500 чалавек прадстаўлялі інтарэсы сельскіх жыхароў павета. Выпрацаваны з'ездам парадак арганізацыі сялянскіх Саветаў даваў права ўдзельнічаць у выбарах сельскаму працоўнаму насельніцтву, дасягнуўшаму 18-гадовага ўзросту, незалежна ад полу, нацыянальнасці і веравызнання. Ад кожнай воласці і ад гарадскога земляробчага насельніцтва ў павятовы Савет сялянскіх дэпутатаў выбіралася па 3 дэпутаты.
У сакавіку-красавіку 1917 г. у павеце, як у цэлым па Беларусі, пашыраецца сялянскі рух. У другой палове ліпеня ў Гарадку ўзнікла бальшавіцкая арганізацыя. Яна аб'ядноўвала прыкладна 10 чалавек. У верасні сюды прыбыў 10-ы аўтамабільны дывізіён і 298-ы запасны пяхотны полк. Сярод салдат таксама знаходзіліся бальшавікі.
На другі Усерасійскі з'езд Саветаў быў выбраны дэлегатам прапаршчык Хананян, прадстаўнік бальшавікоў. На пасяджэнні савета 16 кастрычніка дэлегатамі з'езда быў прыняты наказ аб неадкладным перамір'і і прапанове ўмоў дэмакратычнага міру, поўнай дэмакратызацыі арміі, аб нацыяналізацыі банкаў, транспарту, прамысловасці і кантролі Саветаў над размеркаваннем прадуктаў першай неабходнасці, аб перадачы ўсёй улады Саветам.
ЛІТАРАТУРА
1. Гарадоцкі павет // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 1997. – Т. 5 : Гальцы–Дагон. – С. 45.
2. Камінскі, М. І. Гарадоцкі павет / М. І. Камінскі // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. / рэдкал.: Б. І. Сачанка [і інш.] ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1994. – Т. 2 : Беліцк–Гімн. – С. 479.
3. Городокский район. – Витебск : Витоблтип, 2005. – [18] с.
4. Зайкоўскі, Э. М. Гарадоччына ў неаліце і бронзавым веку / Э. М. Зайкоўскі // Гарадоччына ўчора, сёння, заўтра : матэрыялы I Гарадоцкіх краязнаўчых чытанняў, 26 кастрычніка 2007 г. / рэдкал.: А. М. Дарафееў [і інш.]. – Гарадок, 2008. – С. 16–19.
5. Садоўская, С. І. У складзе Расійскай імперыі / С. І. Садоўская // Памяць: Гарадоцкі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Н. А. Бурунова [і інш.] ; уклад. С. І. Садоўская ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Беларусь, 2004. – С. 63–68.
6. Шагалеева, Т. А. Прыгонная Гарадоччына / Т. А. Шагалеева // Памяць: Гарадоцкі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Н. А. Бурунова [і інш.] ; уклад. С. І. Садоўская ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Беларусь, 2004. – С. 84–92.
7. Якаўлева, С. Наш горад. Вытокі / С. Якаўлева // Гарадоцкі веснік. – 2017. – 1 ліп. – С. 8.
8. Яковлева, С. Несчастный год / С. Яковлева // Гарадоцкі веснік. – 2012. – 25 жн. – С. 5.