Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Беразвечча, м., Глыбоцкі раён

 

Назва

Беразвечча (зараз у межах г. Глыбокае)

Адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка  мястэчка
Вобласць Віцебская 
Раён Глыбоцкі
Першае ўзгадванне 14 ст.

 

Беразвечча ў старажытных дакументах і картах сустракаецца пад назвамі Бярэзавец, Берэзбеч, Бярэзбічы, Бярэзвячы. Самае старажытнае паселішча на Глыбоччыне, якое ўпершыню ў пісьмовых крыніцах упамінаецца ў 14 стагоддзі. Вялікі князь полацкі Андрэй Альгердавіч, які княжыў у 1350–1387 гг., даў грамату нашчадкам вядомага княжацкага роду Корсакаў – Фёдару і Дзмітрыю – на ўладанне землямі сяла Семенцава каля Беразвечча і ўстанаўленне заходняга парубежжа. Граніца ўладанняў была зацверджана па рацэ Палавіцы, возеры Белым, каля вёскі Залессе. Забаранялася хадзіць праз «рубеж», а за пераход кожны павінен быў заплаціць тры грыўны. На грамаце была прымацавана пячатка князя. Грамата знаходзіцца ў гістарычным архіве ў Вільнюсе.

У пачатку 16 стагоддзя ў Беразвеччы была праваслаўная царква, месца пахавання продкаў Корсакаў. У 1519 г. у час паходу рускіх войск на Літву Беразвечча спалена. У сярэдзіне 16 стагоддзя належала Дзмітрыю Багданавічу Корсаку, які ў той час быў ваяводам мсціслаўскім і старостам дзісенскім. Паводле «Полацкай рэвізіі» 1552 г. у мястэчку 40 дамоў і 40 мяшчан. 30 красавіка 1638 г. Іосіф Корсак завяшчаў заснаваць тут базыльянскі кляштар, якому перадаваліся землі маёнткаў Беразвечча і Вярбілава (цяпер Вольберавічы ў Докшыцкім раёне). На сродкі гэтых маёнткаў манахі павінны былі пабудаваць царкву. Гэта дарэнне было пацверджана каралём Уладзіславам IV у 1638 г., потым зацверджана сеймам у 1647 г. У сваім завяшчанні Корсак адзначаў, што малыя дзеці застаюцца без хрышчэння, «просты люд жыве без вянчання, самавольна скасоўвае свае шлюбы, вядзе жыццё ў розным блуканні».

У 1643 г. адкрыты мужчынскі кляштар, у 1756–1763 гг. пабудаваны новы мураваны кляштар з царквой і іншымі будынкамі, Беразвечча стала месцам знаходжання ўніяцкага мітрапаліта Лісоўскага, пад кіраўніцтвам якога быў зроблены пазалочаны іканастас з каванага жалеза.

У 1782 г. было заснавана 6-класнае вучылішча, дзе навучаліся дзеці шляхты з Дзісенскага, Браслаўскага, Барысаўскага паветаў. На сродкі манастыра тут працавалі 4 прафесары і настаўнікі. У Віленскім універсітэце кляштарам утрымлівалася да 20 стыпендыятаў. Кляштар быў у ліку буйнейшых уніяцкіх на тэрыторыі Рэчы Паспалітай. У канцы 18 стагоддзя вучылішча было ператворана ў 4-класнае публічнае, якое ўтрымлівалася на даходы кляштара, вялося навучанне дзяцей у вёсках. У 1834 г. яно было перайменавана ў праваслаўнае духоўнае вучылішча і перададзена ад уніятаў у праваслаўнае кіраванне. Беразвецкаму кляштару належалі маёнтак Вярбілава, дзе таксама былі манахі ў мясцовым кляштары, навакольныя вёскі Забелле, Мікулічы, Засценкі, Дзмітраўшчына, Бурэц і іншыя.

У 1835 г. праведзена рэвізія маёмасці кляштара: у наяўнасці – буйной жывёлы 219 галоў, хлеба 611 чацвярцей, коней 12, гарэлкі 469 вёдзер.

На царкоўнай вежы быў вялікі гадзіннік, які званіў праз кожныя 15 хвілін і праз гадзіну. Двухпавярховы корпус кляштара быў злучаны з 2 царкоўнымі будынкамі, паблізу знаходзіўся вялікі сад з алеямі. Гаспадарчыя забудовы прыстасаваны для вялікай гаспадаркі. Працавалі вінакурны завод, 2 млыны. Для царкоўных служкаў было пабудавана 12 драўляных дамоў.

У 1843 г. вучылішча перайшло пад кіраўніцтва Літоўскай духоўнай семінарыі, усе ўладанні кляштара канфіскаваны, землі распрададзены і падзелены паміж вёскамі. Усё гэта прывяло да заняпаду кляштара, у 1874 г. ён быў зачынены. Страціліся каштоўныя дакументы і акты існавання кляштара і вучылішча на працягу двух вякоў. Бібліятэка, у якой было шмат кніг на розных мовах, раскрадзена.

У 1901 г. выдзелены сродкі для рамонту царкоўных пабудоў, перабудаваная царква адкрыта ў 1910 г., пазней адкрыты вучылішча і жаночы кляштар, які праіснаваў да 1-й сусветнай вайны.

У 1920–1939 гг. тут размяшчаўся полк польскіх пагранічных войск, у 1939–1941 гг. створана турма НКУС.

У верасні 1941 г. нямецка-фашысцкія захопнікі стварылі Беразвецкі лагер смерці (шталаг № 351), у якім загінула каля 27 тыс. савецкіх і італьянскіх ваеннапалонных.

У сярэдзіне 1960-х гадоў Беразвечча злучылася з г. Глыбокае і ўвайшло ў яго склад.

 

Беразвечча (Глыбокае). Касцёл Святых апосталаў Пятра і Паўла. Галоўны фасад. Здымак Я. Булгака 1930-х гг. Выява з сайта https://radzima.orgБеразвечча (Глыбокае). Касцёл Святых апосталаў Пятра і Паўла. Бакавы фасад. Здымак Я. Булгака 1930-х гг. Выява з сайта https://radzima.orgБеразвечча (Глыбокае). Касцёл Святых апосталаў Пятра і Паўла. Апсіда. Здымак Я. Булгака 1930-х гг. Выява з сайта https://radzima.orgБеразвечча (Глыбокае). Касцёл Святых апосталаў Пятра і Паўла. Фотаздымак пач. ХХ ст. Выява з сайта https://radzima.orgБеразвечча (Глыбокае). Касцёл Святых апосталаў Пятра і Паўла. Паштоўка 1930-ых гг. Выява з сайта https://radzima.orgБеразвечча (Глыбокае). Касцёл Святых апосталаў Пятра і Паўла. Панарама над возерам Падлазна. Паштоўка часоў нямецкай акупацыі, выдадзеная ў серыі «Krajavidy Bielarusi» паводле здымка Яна Булгака. Апошняя са шматлікіх паштовак Беразвечча, якія выдадзены за перыяд 1910-1944 гг. Выява з сайта https://radzima.org

 

ЛІТАРАТУРА

1. Березвечский женский общежительный монастырь в честь Архистратига Михаила // Полоцкие епархиальные ведомости. – 2007. – № 5 (сент.). – С. 2.

2. Березвечье, (бел. Беразвечча) // Города, местечки и замки Великого княжества Литовского : энциклопедия / редсовет: Т. В. Белова (пред.) [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2009. – С. 71–72.

3. Бунто, І. У. З гісторыі населеных пунктаў Глыбоччыны / І. У. Бунто // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Глыбоцкага раёна / рэд.: Б. І. Сачанка [і інш.] ; маст. А. М. Хількевіч. – Мінск : БелЭн, 1995. – С. 438–445.

4. Гавораць вязні... : з успамінаў былых вязняў Беразвецкага лагера смерці // Памяць: Глыбоцкі раён. – Мн. : БелЭн, 1995. – С.195.

5. Кудзінаў, У. Беразвечча / У. Кудзінаў // Полымя. – 1972. – № 2. – С.101.

6. Лагер смерці ў Беразвеччы // Памяць : Глыбоцкі раён. – Мн. : БелЭн, 1995. – С.191–193.

7. Лукьянова, Н. Пристанище веры в Березвечье / Н. Лукьянова // Народнае слова. – 2009. – 6 кастр. – С. 8.

8. Плавінскі, Г. Нашы храмы і зараз радуюць глыбачан і гасцей горада: цікава ведаць пра Глыбокае / Г. Плавінскі // Вольнае Глыбокае. – 2014. – 18 верас. – С. 11.

9. Сауліч, У. Беразвечча : дарога з нябыту / У. Сауліч // Сельская газета. – 2015. – 26 марта. – С. 15.

10. Саулич, В. В Березвечье вернулись монахини. Почти через столетие / В. Саулич // Вiцебскi рабочы. – 2008. – 2 лют. – С. 12.

11. Скрабатун, У. З жыцця Беразвецкага манастыра, 1910-я гг. / У. Скрабатун // Вольнае Глыбокае. – 2014. – 10 крас. – С. 11.

12. Сьведчанне веры : [З гiсторыi дамiнiканцаў у Вiцебску. Знiшчэнне ў канцлагеры Беразвечча пад Глыбокiм 8 ксяндзоў фашыстамi] // Наша нiва. – 2000. – 4 лiп. – С. 9.

13. Устинов, А. Березвечская обитель – духовный и просветительский центр нашего края / А. Устинов // Веснік Глыбоччыны. – 2016. – 30 крас. – С. 8.

14. Усцінава, Г. Як сімвал памяці / Г. Усцінава // Клiч Радзiмы (Шаркаўшчына). – 2006. – 21 кастр. – С. 2.

15. Усцінаў, А. Такое дарагое і вечнае Беразвечча / А. Усцінаў // Веснік Глыбоччыны. – 2013. – 23 кастр. – С. 3.