Гісторыя. Глыбоцкі раён. Рэвалюцыйныя падзеі і ўстанаўленне савецкай улады
- Подробности
- Створана 20.09.2017 08:40
- Адноўлена 01.09.2020 15:58
Хваля палітычных пераўтварэнняў, выкліканых Кастрычніцкім пераваротам у Петраградзе, даволі хутка дасягнула Дзісеншчыны. Дзісенскі Савет, якім кіраваў член ВЦВК бальшавік Кашура, выконваў ролю своеасаблівага сувязнога цэнтра дзвюх губерняў – Віленскай і Ковенскай і меў прамую тэлеграфную сувязь з Петраградам. У лістападзе Савецкая ўлада была ўстаноўлена ў Глыбокім і іншых населеных пунктах. Усюды пачалі фарміравацца атрады Чырвонай гвардыі «для барацьбы з праціўнікамі рэвалюцыі... і для падтрымання парадку на месцы», як было запісана ў пратаколе аднаго з агульных сходаў.
Людзі з адной мясцовасці нярэдка аказваліся па розныя бакі барыкад, паколькі па-рознаму бачылі перспектывы развіцця роднага краю, прапаведавалі часам дыяметральна процілеглыя ідэі, дзейнічалі ў розных партыях і рухах. Закранула гэта размежаванне і ўраджэнцаў Глыбоччыны. Адны з іх, такія як Вацлаў Ластоўскі і Клаўдзій Дуж-Душэўскі, стаялі ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці, марылі аб вольнай Беларусі, аб тым часе, калі беларускі народ зможа заняць сваё пачэснае месца ў супольнасці народаў, і сваёй дзейнасцю набліжалі гэты час, іншыя, такія як Б. М. Волін, свой лёс звязалі з партыяй бальшавікоў і верна служылі ёй і Савецкай Расіі.
18 лютага 1918 года германскія войскі парушылі перамір’е з Расіяй і актывізавалі ваенныя дзеянні. Знясіленая доўгімі гадамі акопнай вайны, рэвалюцыйнымі падзеямі, дэзерцірствам руская армія адыходзіла на ўсход. Глыбокае знаходзілася ў зоне адступлення 3-й арміі Заходняга фронту. Ужо 20 лютага нямецкія войскі занялі мястэчка. Звестак пра гэты час на Глыбоччыне вельмі мала. Вядома, напрыклад, што ў ліпені 1918 года тут адбыўся нелегальны настаўніцкі з’езд, на якім настаўнікам Сабалеўскаму і Шпілеўскаму было даручана ўстанавіць кантакт з Наркамасветы савецкай Расіі. Яны здолелі дайсці да Масквы і наркам асветы Луначарскі выдаў «хадакам» два мільёны рублёў «на падтрымку спакутаванаму ў акупацыі настаўніцтву». Гэтыя грошы былі раздзелены паміж настаўнікамі краю як заработная плата.
Лістападаўская рэвалюцыя ў Германіі паскорыла вызваленне акупіраваных тэрыторый Беларусі і ўзнаўленне Савецкай улады. Так, ужо ў лістападзе 1918 года, калі нямецкая акупацыя дажывала свае апошнія дні, у Глыбокім быў створаны Савет рабочых і сялянскіх дэпутатаў, у які ўвайшлі ваеннаслужачы С. В. Стоцік, настаўнікі М. В. Яноўскі, А. А. Скабалеўскі, рабочы Х. Я. Смольскі інш. Савет устанавіў сувязь з салдацкім камітэтам, утвораным у германскай часці, якая размяшчалася ў Беразвецкім кляштары. Для забеспячэння бяднейшай часткі насельніцтва харчаваннем і барацьбы са спекулянствам быў створаны Камітэт беднаты на чале з Х. Я. Смольскім. 10 снежня 1918 года агульны сход грамадзян Глыбокага і Глыбоцкай воласці выбраў двух дэлегатаў – Жыня і Сабалеўскага – на павятовы з’езд Саветаў у Дзісну. Потым Сабалеўскі на з’ездзе быў абраны і ў склад павятовага выканкама, дзе ўзначальваў аддзел народнай асветы.
11 снежня 1918 года Глыбокае занялі часткі Пскоўскай дывізіі Чырвонай Арміі.
Устанаўленне Савецкай улады адбывалася ў складаных абставінах, далёка не ўсё насельніцтва прымала новую ўладу, а хутчэй метады яе ўстанаўлення, палітыку ў адносінах да сялянства. Нямецкую рэквізіцыю замянілі харчразвёрсткай, абавязковымі падаткамі, зноў пачаўся дыктат сілы, пагрозы, на гэты раз рэвалюцыйным судом. Паводле рашэння Дзісенскага павятовага выканкама ад 23 снежня 1918 года ўстанаўліваўся натуральны падатак – 1 фунт жыта з дзесяціны. Пры ажыццяўленні такой палітыкі не абыходзілася без прымусу, таму яна не магла не выклікаць незадаволенасці, асабліва з боку моцных сялянскіх гаспадарак.
Сітуацыя ў павеце была складаная, не хапала газы, солі, хлеба. Дзейнічала картачная сістэма. Тым, хто меў карткі, вышэйназваныя прадукты адпускаліся за грошы, хто не меў такіх картак – павінны былі разлічвацца хлебам. Нормы такога абмену ўстанаўліваў харчаддзел павятовага выканкама. З пакінутых гаспадарамі маёнткаў, фальваркаў насельніцтва расцягвала маёмасць, жывёлу. Дзісенскі павяткам прымае рашэнне «камандзіраваць начальніка Дзісенскай павятовай міліцыі разам з прадстаўнікамі харчовага аддзела і нарадам чырвонаармейцаў у тыя раёны, дзе мела месца расцягванне маёмасці». 25 снежня 1918 года новай «абавязковай пастановай» Дзісенскі павятовы Савет са спасылкай на палажэнне аб павятовых саўнаргасах, зацверджанае з’ездам Саветаў народнай гаспадаркі Заходняй камуны 18 кастрычніка 1918 года, распарадзіўся ўзяць на ўлік у магазінах і складах павета вырабы з жалеза, земляробчыя і сельскагаспадарчыя прылады. Уладальнікам магазінаў, складоў прадпісвалася ў трохдзённы тэрмін даць звесткі валасным саветам пра наяўнасць азначаных прадметаў у валасцях і мястэчку Глыбокае. Калі гэтыя прылады не зарэгістраваныя, то іх будуць канфіскоўваць, а ўладальнікаў будуць аддаваць пад рэвалюцыйны суд як спекулянтаў. Гэтая ж пастанова прадпісвала браць на асобы ўлік усе канцэлярскія тавары. І зноў трохдзённы тэрмін, і зноў пагроза канфіскацыі і рэвалюцыйнага суда. 25 снежня валасным саветам быў выдадзены строгі цыркуляр, у якім пад пагрозай рэвалюцыйнага суда забаранялася без дазволу Савецкай улады забіваць жывёлу (кароў, цялят). Выдаваўся такі дазвол толькі ў выключным выпадку і толькі на неплемянную жывёлу і маладняк.
У лютым 1919 года была створана Літоўска-Беларуская ССР (ЛітБел), у склад якой увайшла і Віленская губерня, у тым ліку і Глыбоччына. Частыя змены ў адміністратыўным падпарадкаванні зусім зблыталі і без таго складаную палітычную сітуацыю на Дзісеншчыне. Усё гэта сведчыла пра нетрываласць улады, нягледзячы на жорсткія спосабы яе ўсталявання.
У сярэдзіне мая 1919 года па загаду Дзісенскага павятовага выканкама ўлада поўнасцю пераходзіла да яго, былі распушчаны Дзісенскі павет вайсковых часцей і Дзісенскі рэўкам. Пра настроі насельніцтва ў гэты час яскрава сведчыць справаздача старшыні судова-следчай камісіі Віленскага губваенкама Беліна і палітагітатара Афанасьева ад 1 ліпеня 1919 года аб паездцы ў Чарневіцкую воласць з інспекцыяй стану партыйнай і савецкай работы: «Калі размова зайшла пра камуністычную партыю, у натоўпе пачуўся грозны гул і крыкі «не жадаем камуністаў, дайце нам бальшавікоў». Калі ж людзям прыезджыя агітатары растлумачылі, што бальшавікі і камуністы гэта адно і тое ж, «пасыпаліся пагрозы ў бок павятовых камуністаў, гаворачы, што камуністы рабаўнікі, якія забіраюць пад пагрозай зброі апошні пуд хлеба і кавалак сала...». Інспектары робяць вывад, што неабходна правесці бязлітасную чыстку камуністычных ячэек у павеце, бо нельга паручыцца, што пры такім стане рэчаў на гэтай глебе не ўспыхне паўстанне. І як заўсёды адказнасць за правалы ў сваёй палітыцы ўлада спіхвала на мясцовых кіраўнікоў. Некаторыя члены выканкама былі арыштаваны і пасаджаны ў турму.
Вясной 1919 года польскае войска захапіла Вільню і Гродна. Яны занялі Паставы і рухаліся ў напрамку да Глыбокага. Глыбоцкі Савет накіраваў ім насустрач свой атрад на чале са Стоцікам. У раёне станцыі Варапаева адбыўся бой, у якім камандзір атрада загінуў. Легіянеры адступілі, атрад вярнуўся ў Глыбокае, дзе з ваеннымі ўшанаваннямі былі пахаваны загінуўшыя.
У Вільні Юзаф Пілсудскі звярнуўся з адозвай да жыхароў былога Вялікага княства Літоўскага, у якой абяцаў, што народ сам будзе вырашаць свае ўнутраныя справы – нацыянальныя і рэлігійныя. Адбыліся пэўныя кантакты і прадстаўнікоў БНР з польскімі ўладамі. Тое, што беларускія ўлады віталі польскую палітыку, можна растлумачыць і антыбеларускай пазіцыяй бальшавікоў. Але створаная Беларуска-Літоўская дзяржава праіснавала зусім нядоўга.
Ваенная сітуацыя складвалася на карысць Польшчы. У ваеннай зводцы палявога штаба Рэўваенсавета рэспублікі ад 19 жніўня 1919 года паведамлялася пра баі, якія вялі адступаючыя часці Чырвонай Арміі ў полацкім накірунку ў раёне Забор’я, Глыбокага і на ўсход ад Докшыц. Такім чынам, з канца лета 1919 года Глыбоччына аказалася пад польскай акупацыяй. Тут быў уведзены асаблівы адміністратыўны падзел: павет – раён-гміна. На тэрыторыі раёна былі гміны: Глыбоцкая, Залеская, Пліская, Празароцкая. У наваколлі Глыбокага размяшчалася 8-я пяхотная дывізія, у самім Глыбокім размяшчаўся палявы шпіталь. У кастрычніку 1919 года польскія ўлады пачалі перапіс насельніцтва.
Школы не працавалі, але спробы праводзіць заняткі самачынна зафіксаваны ўладамі. 30 верасня школьны інспектар Віленскай акругі загадаў зачыніць рускія і беларускія школы, якія працавалі самачынна.
Цяжкае становішча насельніцтва, выкліканае вайной, разрухай, антысанітарыяй, ускладнілася шматлікімі захворваннямі. У канцы лістапада ў в. Харошкі распаўсюдзілася эпідэмія тыфу.
У кастрычніку 1919 года лінія фронту праходзіла па Заходняй Дзвіне да Полацка, праз Лепель на Барысаў і на поўдні па рацэ Бярэзіна. Урад Савецкай Расіі гатовы быў пайсці на значныя тэрытарыяльныя ўступкі польскаму боку (за кошт беларускіх зямель), але апошні не прыняў гэтых прапаноў, бо спадзяваўся на большае. Вясной 1920 года польскія войскі пачалі лакальнае наступленне на Беларусі. 14 мая на ўчастку Полацк – Дзісна войскі паўночнай групы Чырвонай Арміі фарсіравалі Заходнюю Дзвіну і захапілі плацдармы на левам беразе ракі, 15 армія прарвала фронт паміж Полацкам і Лепелем і разам з Паўночнай групай пайшла ў наступленне. Палякі былі адкінуты аж за Паставы, было вызвалена і Глыбокае. Уладу тут пачаў ажыццяўляць рэвалюцыйны камітэт. Але на пачатку чэрвеня перавага зноў была на польскім баку. Як паведамлялася ў ваеннай зводцы ад 5 чэрвеня 1920 года пад націскам праціўніка Чырвоная Армія пакінула мястэчка Глыбокае. Члены Глыбоцкага рэўкама перабраліся ў Дзісну, дзе сталі працаваць ў павятовым рэўкаме. Так, А. Сабалеўскі ўзначаліў аддзел народнай асветы.
У пачатку ліпеня Чырвоная Армія перайшла ў наступленне. Актыўныя баявыя дзеянні вяліся амаль па ўсёй тэрыторыі Глыбоччыны. 5 ліпеня адбыўся жорсткі бой чырвонай конніцы з польскімі жаўнерамі, у якім апошнія панеслі значныя страты. Калі ў выніку прарыву чырвонаармейскага коннага корпуса Гая Глыбокае было занята, то за 6–9 кіламетраў на ўсход ад мястэчка ўсё яшчэ ішлі баі з адыходзячымі ад Падсвілля праз Несцеравічы і Шарагі польскімі часцямі. Жорсткія сутычкі адбываліся на пагорках паміж вёскамі Леднікі, Кавалі, Мацясы. 7 ліпеня камандарм М. Тухачэўскі напісаў прадстаўленне Рэўваенсавету рэспублікі аб узнагароджанні тых, хто вызначыўся ў баях на Глыбоччыне.
Дваццаты год дабавіў акопаў у краі. Яшчэ ў лістападзе 1919 года 8-я польская пяхотная дывізія правяла іх інвентарызацыю: «...былыя расійскія – Запруддзе, Пятроўскія, Дзегцяры, Марцыбыліна, Асінаўка, Забелле, Шунеўцы, Кішкілёва, Жураўнёва, Лаўцы (13 верст); былыя бальшавіцкія – Глыбокае, Зевалічы, Мураўёўка (2,33 вярсты); былыя расійскія – Загор’е, Зубкі, Галасуй, Зарубчыкі, Гаспероўшчына, Палавіца, Бушыкі, Андрэеўшчына, Карпікі, Стрыеўшчына (5 вёрст); Надазер’е, Слабада (1,5 вярсты); Дубравы, Псуя, Пруднікі, Цераздвор, Доўгае...» (усяго 14 населеных пунктаў і 23 вярсты). На Глыбоччыне пасля тых баёў засталося нямала брацкіх магіл. На жаль, ніводная з магіл чырвонаармейцаў не захавалася.
Пасля ўдалага наступлення Чырвонай Арміі фронт адкаціўся далёка на Захад. На Дзісенскі павет, у тым ліку і на Глыбоччыну пашырылася ўлада Ваенна-рэвалюцыйнага камітэта БССР. Але і гэта ўлада была нядоўгай. Чырвоная Армія, якая дайшла ледзь не да Варшавы, пацярпела паражэнне і пачала адкочвацца назад. Восенню 1920 года лінія фронту праходзіла ў многіх месцах па тых пазіцыях, што былі ў пачатку савецка-польскай вайны.
12 кастрычніка 1920 года ў Рызе было заключана перамір’е, а 18 сакавіка 1921 года падпісаны Рыжскі мірны дагавор, паводле якога Дзісенскі павет Віленскага ваяводства, а разам з ім і Глыбоччына ўвайшлі ў склад Польскай дзяржавы. Дзісна стала парубежным горадам. Дзяржаўная граніца праходзіла па фарватары Заходняй Дзвіны, ад яе за 800 м стаяла дзісенская пагранзастава, якая знаходзілася за 69 км ад Глыбокага. Далей на поўдзень лінія кардона праходзіла каля в. Ветрына, на ўсход ад вёсак Язна, Празарокі, уздоўж Галубіцкай пушчы, на ўсход ад Докшыц каля в. Камайск, каля в. Восава, на поўдзень ад Гняздзілава. Такім чынам, Глыбоччына стала прыгранічнай зонай, а сам горад ад нейтральнай паласы знаходзіўся за 25–27 км.
Для правядзення агітацыйнай работы па апалячванні насельніцтва ў Глыбокім каля касцёла быў спецыяльна пабудаваны «Дом людовы» (народны дом), у якім праходзілі сходы польскіх нацыяналістычных арганізацый. Ксяндзы заклікалі праваслаўных у каталіцызм, прыцягнулі ў Глыбокае ўніяцкага святара, які, выступаючы перад праваслаўнымі, заклікаў іх пераходзіць у ўнію. Беларусы праваслаўнага веравызнання не мелі права займаць пасады ў дзяржаўных установах, арміі. Праваслаўным святарам прапаноўвалася вывучаць польскую мову, размаўляць на ёй у цэрквах, вымаўляць пропаведзі. У дзяржаўных установах забаранялася размаўляць на беларускай мове. Вялікую ўвагу польскія ўлады звярталі на школы. У першыя ж гады яны пасылалі настаўнікаў на курсы польскай мовы і перападрыхтоўку ў Кракаў. У сярэдзіне 1920-х гадоў усе беларускія і рускія школы былі зачынены, а выкладанне ў школах было пераведзена на польскую мову. Было забаронена выданне газет і кніг на беларускай мове. У Глыбокім была адкрыта гімназія і агульнаадукацыйная сямігадовая школа.
Нівеліруючы нацыянальны склад насельніцтва беларускіх тэрыторый пад пануючую канцэпцыю адзіных польскіх зямель, урад Польшчы ўвёў жорсткі паліцэйскі рэжым. Апорай гэтага рэжыму сталі асаднікі, набраныя пераважна з былых легіянераў Пілсудскага, удзельнікаў польска-савецкай вайны 1919–1920 гг. У якасці заахвочвання ўрад выдзяляў асаднікам зямельныя надзелы. У Віленскім ваяводстве на кожнага асадніка ў сярэднім прыходзілася 16,5 га зямлі. Асаднікам прадастаўлялася зброя (карабін, вінтоўка) і права сачыць за лаяльнасцю грамадзян у адносінах да ўлад, калі гэта лаяльнасць парушалася, асаднік мог арыштоўваць і дастаўляць вінаватых у паліцэйскі пастарунак. На Глыбоччыне асаднікаў было больш за 100 чалавек. Асаднікаў баяліся, не ўступалі з імі ў канфлікты, трымаліся з імі насцярожана.
У Беразвеччы размяшчаўся штаб польскіх пагранічных войск, тут была арганізавана база для закідвання агентуры ў СССР. У сакрэтных дакументах яна мела назву «Пляцуўка-2». У Падсвіллі будаваліся казармы кавалерыйскага палка.
Паводле перапісу насельніцтва ў 1921 г. на тэрыторыі Дзісенскага павета, адміністрацыйны цэнтр якога знаходзіўся ў Глыбокім, пражывала 84 307 беларусаў, што складала 56,4 % усяго насельніцтва.
У 1924 г. у Польшчы была створана «Незалежная сялянская партыя» (НПХ), рэвалюцыйная партыя польскіх працоўных сялян. У сваёй праграме НПХ ставіла задачай устанаўленне ўлады рабочых і сялян, патрабавала зямлю для сялян без выкупу, самавызначэнне для прыгнечаных нацый і інш. У Заходняй Беларусі пачалі стварацца арганізацыі НПХ, у тым ліку і ў Глыбокім. У студзені 1925 г. у Глыбокім адбыўся мітынг сялян, скліканы дзеячамі НПХ, у якім прынялі ўдзел больш за 2 тысячы чалавек. На мітынгу была прынята рэзалюцыя аб неабходнасці стварэння трывалага саюзу рабочых і сялян.
У ліпені 1925 г. была створана Беларуская сялянска-рабочая грамада (БСРГ) – масавая легальная арганізацыя нацыянальна-вызваленчага характару. Яе кіраўнікамі былі Тарашкевіч, Рак-Міхайлоўскі, Мятла, Валошын.
Дзейнічала на Глыбоччыне і Таварыства беларускай школы (ТБШ), якое стварала гурткі самаадукацыі, бібліятэкі-чытальні, перасоўныя бібліятэкі, народныя дамы (клубы). Ідэя адраджэння роднай школы на «мове матчынай» і з дапамогай настаўнікаў, агульны культурна-асветніцкі ўздым, прапаганда ведаў былі асноўнай мэтай таварыства. Беларускія школы на Глыбоччыне былі адкрыты і працавалі некалькі гадоў у вёсках Жабінка і Баяры Пліскай воласці, Руднікі Празароцкай воласці. Усяго ў Дзісенскім павеце было адкрыта 7 школ. Польскія ўлады закрывалі ўправы таварыства, клубы, бібліятэкі, арыштоўвалі і судзілі кіраўнікоў таварыства. У 1928 – ліпені 1930 г. была забаронена дзейнасць 6 акруговых упраў і больш за 300 гурткоў, у выніку чаго колькасць членаў ТБШ скарацілася ўтрая. Закрываліся і школы. Да 1933 г. на тэрыторыі Заходняй Беларусі ўжо не існавала ніводнай беларускай школы.
На шлях барацьбы за родную мову і адраджэнне беларускасці ўставалі розныя людзі: ад дастаткова вядомых, такіх, як паэт А. Дубровіч ці мастак Я. Драздовіч, да простых сялян, але адраджэнцаў па духу, такіх, як С. Рудак з в. Горкі.
У 1927 г. Глыбокае мела статус горада, тут было 5612 жыхароў, знаходзілася адміністрацыя Глыбоцкай гміны, усе органы ўлады Дзісенскага павета, тры банкаўскія ўстановы – філіял Віленскага сельскагаспадарчага прамысловага банка, Дзісенскі павятовы банк, Яўрэйскі народны банк. Выходзіла штодзённая газета «Голас Дзісны», працавала друкарня.
У гандлёвай сферы дзейнічала аб'яднанне (таварыства) польскіх купцоў, працавалі рыбалавецкае, дабрачыннае таварыствы, некалькі кааператываў. Рынак працаваў тры дні на тыдзень: у панядзелак, чацвер, пятніцу. Збожжам гандлявалі ў горадзе 42 купцы, якія куплялі яго ў насельніцтва оптам. Цана на жыта на працягу некалькіх гадоў трымалася стабільна: 2 злотыя за пуд.
Продаж розных тавараў вялі шматлікія крамы і магазіны, толькі на продажы галантарэі спецыялізавалася 80 такіх устаноў, дзе манаполію трымалі яўрэйскія купцы. Газай і бензінам гандлявалі на Глыбоччыне фірмы «Галіцыя» і канцэрн «Мазут».
У Глыбокім быў дзяржаўны шпіталь. Платнае лячэнне гараджан і сельскіх жыхароў вялі 3 урачы-тэрапеўты, 3 зубныя ўрачы і 4 фельчары, 2 акушэркі, быў тут і адзіны на ўсю акругу ветэрынарны ўрач – Канаплянскі. Некалькі аптэк належала А. Файертагу. Аптэчных складоў было шэсць. Была наладжана вытворчасць цукерак (2 цукерні), пашыў шапак, выраб скур (4 гарбарні), працавалі прыватныя краўцы, шаўцы.
У наваколлях Глыбокага абаснавалася 36 буйных землеўладальнікаў, якім належалі лепшыя землі. Г. Граўз у в. Акунёва меў 1292 га зямлі, Сігізмунд Аскерка ў Азерцах – 966 га, Масальскія ў Глыбокім – 931 га, Кулешын у в. Жукі – 243 га. У Беразвеччы віленскае зямельнае таварыства апрацоўвала 419 га зямлі.
Частка насельніцтва Глыбокага займалася сельскай гаспадаркай па трохпольнай сістэме. У аграрнай палітыцы польскія ўлады падтрымлівалі памешчыкаў і заможных сялян. Так, уладальнік Глыбоцкага маёнтка Масальскі адразу пасля ўстанаўлення польскай улады пачаў распродаж сваіх зямель. Спачатку ён прадаў вялікае балота сялянам вёскі Бацілоўшчына, а потым лясы Альхоўку, Харашчанскі, Лявоніху побач з горадам пад высечку. Землі з-пад гэтых лясоў былі прададзены сялянам вёсак Чачалі, Харошкі. Польскія ўлады праводзілі ў вёсцы хутарызацыю і адначасова развівалі асадніцкую гаспадарку.
У кастрычніку 1923 г. была створана Камуністычная партыя 3аходняй Беларусі як састаўная аўтаномная частка адзінай Кампартыі Польшчы. Як і ўся КПП КПЗБ, змагалася за перамогу пралетарскай рэвалюцыі ў Польшчы, за ліквідацыю памешчыцкага землеўладання і перадачу сялянам зямлі без выкупу, за права на самавызначэнне Заходняй Беларусі аж да аддзялення ад Польшчы і ўз'яднанне з БССР. Глыбокае ўваходзіла ў сферу дзейнасці Глыбоцка-Пастаўскага акруговага камітэта КПЗБ. Дзейнічала арганізацыя КПЗБ і ў Глыбокім. Найбольш актыўнымі яе членамі былі Х. Крэйніс, М. Крэйніс, Зубовіч, А. Міхасёнак. Яны займаліся распаўсюджаннем падпольнай літаратуры, праводзілі тайныя сходы.
У сярэдзіне 1930-х гадоў польская дэфензіва правяла масавыя арышты сярод падпольшчыкаў Глыбоцка-Пастаўскага акруговага камітэта КПЗБ. Сярод арыштаваных былі Андрэй Плескачэўскі, Уладзімір Жукоўскі з Глыбокага, Кузьма Ляшчынскі з в. Новыя Шарабаі, Васіль Шарабайка з в. Зарубіна, Ягор Рэдзька з в. Каралевічы, Станіслаў Яркавец з в. Шоці і інш.
Дзейнічалі на Глыбоччыне і арганізацыі камсамола Заходняй Беларусі. У сваёй рабоце яны прытрымліваліся ў асноўным тых жа метадаў, што і іх старэйшыя таварышы з КПЗБ: распаўсюджанне літаратуры, пракламацый, вывешванне транспарантаў, сцягоў, арганізацыя мітынгаў, дэманстрацый.
У 1930 г. у трэці раз праводзіліся выбары ў польскі сейм. Ю. Пілсудскі ў суправаджэнні вялікай групы афіцэраў у межах выбарчай кампаніі прыбыў у Глыбокае. 3 нагоды яго прыбыцця пры ўездзе ў горад была збудавана святочная аздобленая брама. Гэты візіт садзейнічаў прыцягненню галасоў выбаршчыкаў на карысць Пілсудскага. Тым не менш, на выбарах 13 ліпеня за спіс № 47 Беларускага сялянска-рабочага клуба ў Дзісенскім павеце аддалі свае галасы 5025 выбаршчыкаў (у Паставах – 1616, у Браславе – 1723).
Усеагульны эканамічны крызіс у заходніх краінах (1929–1933) моцна адбіўся на стане насельніцтва Заходняй Беларусі, падаткі павялічыліся ў тры разы. Найбольш цяжкім з падаткаў быў пазямельны. Да яго далучаліся розныя надбаўкі, у тым ліку 10 % надбаўка на экспартныя прэміі буйным землеўладальнікам і гандлярам хлебам. Падобна іншым падаткам пазямельны ўзрастаў з года ў год.
У 1930-я гады на Глыбоччыне вялося будаўніцтва брукаваных гасцінцаў. Паколькі яны мелі стратэгічнае значэнне, будавалі надзейна і хутка. У 1936 г. у Глыбокім быў пабудаваны буйны мясакамбінат, пачаў працаваць генератар гарадской электрастанцыі, які працаваў да 1960-х гадоў.
У 1930-я гады на Глыбоччыне актыўна развівалася краязнаўства: існавала ў Глыбокім таварыства краязнаўцаў, яно выдавала часопіс «Зямля Дзісеньская» на польскай мове. На старонках часопіса змяшчаліся артыкулы пра мінулае горада, яго выдатных людзей і іншыя звесткі аб тагачасным жыцці. Сярод аўтараў гэтых публікацый быў і вядомы беларускі мастак, ураджэнец Глыбоччыны Язэп Драздовіч, які некаторы час працаваў у глыбоцкай гімназіі настаўнікам малявання. Найвялікшай жа заслугай таварыства было выданне ў 1935 г. кнігі «Глыбокае» на польскай мове. Аўтар гэтай працы О. Гедэман раней выдаў некалькі кніг па гісторыі Браслаўшчыны і Дзісеншчыны, якія атрымалі высокую адзнаку навукоўцаў і мясцовых жыхароў. Да выхаду кнігі Гедэмана навукоўцы карысталіся галоўным чынам «Матэрыяламі па гісторыі і геаграфіі Дзісенскага і Вілейскага паветаў Віленскай губерні» А. Сапунова і В. Друцкага-Любецкага, выдадзенымі ў Віцебску ў 1896 г. на рускай мове. Гэта даследаванне змяшчала некаторыя гістарычныя звесткі пра Глыбокае і наваколле, але не такія падрабязныя, як у кнізе Гедэмана. Пасля смерці Гедэмана адна з вуліц Глыбокага была названа яго імем.
У 1920–1930-я гады ў Глыбокім выдаваліся паштоўкі, іх выданнем займаўся мастак В. Уладзіміраў. 3 тагачаснай Глыбоччынай звязана творчая дзейнасць паэта Алеся Дубровіча, мастака Я. Драздовіча, які праводзіў тут археалагічныя раскопкі, ажыццяўляў вандроўкі, у час якіх ствараў свае мастацкія творы. 3 Глыбоччынай былі цесна звязаны пісьменнікі Т. Даленга-Мастовіч, М. Машара.
1 верасня 1939 г. Германія аб'явіла вайну Польшчы. Так пачыналася адна з найвялікшых трагедый XX стагоддзя – другая сусветная вайна. 17 верасня 1939 г. Чырвоная Армія ўступіла ў межы Заходняй Беларусі. Як толькі савецкія часці занялі Глыбокае, быў прызначаны ваенны камендант горада. 19 верасня стала працаваць Часовае ўпраўленне – адміністрацыйная ўлада Глыбоцкага павета. Пачало яно сваю дзейнасць з прадуктовых пытанняў і гандлю. На гэты час у Глыбокім быў развіты кустарна-гарбарны промысел, 2 заводы па перапрацоўцы льнонасення, ільнозавод, 2 невялікія друкарні, 2 электрастанцыі, 4 млыны, 14 невялікіх хлебапякарняў, кааператывы.
Новыя гарадскія ўлады выдалі загад гандляваць з 9 да 19 гадзін (цэны не павінны былі перавышаць тыя, што былі 15 верасня), абменьваць 1 злоты на 1 рубель, хлебапякарням выпякаць па 300 кг хлеба штодзень, каб забяспечыць насельніцтва нормай 0,5 кг на чалавека (насельніцтва ў Глыбокім было каля 10 тысяч чалавек). Дзелавая актыўнасць насельніцтва адыходзіла ў падполле з-за небяспекі экспрапрыяцыі маёмасці і капіталаў, тым больш, што кантроль за гандлем і рамёствамі ўскладаўся на ваеннага каменданта.
У Глыбокім праходзілі масавыя мерапрыемствы і народныя гулянні. 19 верасня выступаў ансамбль народных танцаў СССР.
25 верасня пачала выходзіць газета «За свабоднае жыццё».
22 кастрычніка 1939 г. адбыліся выбары ў Народны сход Заходняй Беларусі. У Глыбокім удзел у галасаванні прынялі 5621 чалавек. Праз тыдзень у Беластоку Народны сход аб'явіў аб уваходжанні заходнебеларускіх зямель у склад БССР.
3 прыходам новай улады жыхары Глыбоччыны змаглі пераканацца ў тым, якімі «метадамі» яна будуе новае жыццё і «сацыяльна справядлівае» грамадства. Чуткі аб рэпрэсіях у БССР неаднойчы даходзілі сюды з-за кардона. Рэпрэсіі супраць насельніцтва заходніх абласцей пачаліся ўжо з 1939 г. і разгортваліся так паслядоўна, што, пэўна, ажыццяўляліся паводле плана. Галоўныя элементы гэтага плана былі ўжо адпрацаваны ў Расіі і ўсходніх раёнах БССР, у ходзе калектывізацыі і палітычных працэсаў 1930-х гадоў. Дырэктывы ішлі з Масквы, але дакументальна афармляліся праз Мінск – у выглядзе пастаноў Вярхоўнага Савета і Саўміна БССР.
Восенню 1939 г. на Глыбоччыне было арганізавана 11 калгасаў: у вёсках Ульянова, Кашталянаўшчына, Узрэчча, Пятроўшчына, Верхняе, Канстанцінава, Квачы, Наваполле, Мамаі, Кавалі, Залессе, саўгас «Азярцы».
Унутрыпалітычнае жыццё ў раёне абвастралася з кожным днём. Яшчэ ў 1939 г. у Беразвеччы на тэрыторыі былога кляштара была адкрыта турма НКУС, у дакументах яна называлася турмой НКУС г. Глыбокае, а на самой справе была міжраённай. 1 чэрвеня 1940 г. народны камісар унутраных спраў БССР, пракурор і народны камісар юстыцыі выдалі сумесны сакрэтны загад «Аб замацаванні за турмамі НКУС БССР раёнаў заходніх абласцей БССР для накіравання і ўтрымання арыштаваных». У мэтах разгрузкі некаторых турмаў НКУС БССР ад перанасялення зняволенымі і скарачэння адлегласці перавозак апошніх у месцы зняволення, аб'яўляўся пералік усіх раёнаў заходніх абласцей БССР з назвамі турмаў, куды трэба было накіроўваць з гэтых раёнаў арыштаваных. Так, у турму г. Глыбокае накіроўвалі зняволеных з Глыбоцкага, Докшыцкага, Шаркаўшчынскага, Гадуцішкаўскага, Пліскага, Мёрскага, Дунілавіцкага, Пастаўскага, Дзісенскага, Браслаўскага раёнаў. Але не толькі ў турмы НКУС траплялі ахвяры палітычных рэпрэсій, сотні ні ў чым не вінаватых людзей сем'ямі вывозілі ў Сібір і Казахстан.
15 студзеня 1940 г. у складзе Вілейскай вобласці былі ўтвораны Глыбоцкі і Пліскі раёны.
У Глыбоцкі раён увайшлі гарадскі і дзесяць сельскіх саветаў: Абрубскі, Верхнянскі, Дзеркаўшчынскі, Залескі, Капыльшчынскі, Літоўшчынскі, Лучайкаўскі, Мамайскі, Тумашэўскі, Узрэцкі – усяго 7440 двароў і 37 740 жыхароў. Першым старшынёй Глыбоцкага райвыканкама быў выбраны П.А. Куксёнак з Расоншчыны.
У Пліскім раёне было 18 сельсаветаў: Асінаўскі, Астроўскі, Валодзькаўскі, Верацейскі, Галубіцкі, Драбаўшчынскі, Зашчаслянскі, Каралевіцкі, Кукроўскі, Кульгайскі, Лужкоўскі, Міцькоўскі, Пліскі, Празароцкі, Прошкаўскі, Свільскі, Стральцоўскі, Углоўскі.
У Глыбоцкім раёне працавалі на той час 4 млыны (у Глыбокім, Кашталянаўшчыне, Міхальцах і Шарабаях), торфазавод у в. Арэхаўна, 2 цагельныя прадпрыемствы ў вёсках Арэхаўна і Сарокі, у Глыбокім – смалярня, мылаварны і гарбарны заводы, швейная арцель «Кастрычнік», шавецкая арцель «Бальшавік», 2 электрастанцыі, цукерачная фабрыка, хлебапякарні, мясакамбінат.
У 1940 г. частка раней створаных калгасаў была аб'яднана, іх было цяпер 7. Так, калгас «1 Мая» Узрэцкага сельсавета налічваў 9 двароў, 22 калгаснікі, з іх 21 працаздольны, меў 220 га зямлі, у тым ліку 124 га ворыва, 53 га сенакосу, 22 га пашы. Тут было 9 галоў буйной рагатай жывёлы (валавы надой у 1940 г. склаў 6030 літраў малака), 12 коней, 6 свіней.
У калгасе імя Молатава Узрэцкага сельсавета было 13 двароў, 42 калгаснікі, у тым ліку 25 працаздольных, 365 га зямлі, з іх 170 га ворыва, 98 га сенажацяў, 61 га пашы. На жывёльным двары было 9 кароў, 16 коней, 4 авечкі, 2 свінні, 13 гусей, 17 качак.
У 1940 г. у раёне калгасамі было ўбрана збожжа з 536,5 га, лёну з 30 га, узнята 480 га зябліва, у т.л. 60,9 га трактарамі.
У 1940–1941 навучальным годзе ў Глыбоцкім раёне працавала 49 школ, у тым ліку 1 сярэдняя, 3 сямігадовыя, 45 пачатковых. У школах працавала 170 настаўнікаў, навучалася 5694 вучні. Восенню 1940 г. у Глыбокім быў адкрыты паляводчы сельскагаспадарчы тэхнікум.
У раёне былі райбальніца на 140 ложкаў, райамбулаторыя, сельскія бальніцы ў Залессі і Узрэччы на 10 ложкаў кожная, 2 сельскія амбулаторыі, 4 фельчарска-акушэрскія пункты ў Мамайскім, Верхняўскім, Літоўшчынскім і Дзеркаўшчынскім сельсаветах.
У Глыбокім функцыяніраваў дом сацыялістычнай культуры, у якім былі гурткі вывучэння статута ВЛКСМ, літаратурны, харавы, музычны, драматычны рускі і драматычны яўрэйскі.
У канцы 1939 г. пачаў дзейнічаць гарадскі камітэт у складзе 3 аддзелаў: камунальнага, фінансавага і працы. З'явіліся ў Глыбокім і бежанцы (прыкмета блізкай вайны), іх размяшчалі па кватэрах, ім і беднякам выдавалі бясплатныя абеды, 50 чалавек атрымалі грошы на набыццё адзення.
Няпростым было ў тыя дні жыццё: людзям прыходзілася прыстасоўвацца да сёмай па ліку ўлады за 23 гады. Радасць і гора, страх і надзея былі разам у іх жыцці. I яшчэ адчуванне пастаяннай трывогі: набліжалася вайна.
ЛІТАРАТУРА
1. Акімаў, А. Старонкі рэвалюцыйнай барацьбы / А. Акімаў // Шлях перамогі (Глыбокае). – 1966. – 18 студз. – С. 2.
2. Вандроўка па мястэчку / падрыхт. А. Хайноўская // Веснік Глыбоччыны. – 2014. – 5 ліп. – С. 6.
3. Галай, П. В. У складзе Польскай дзяржавы / П. В. Галай, А. П. Кур’яновіч, А. А. Тарыкаў // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Глыбоцкага раёна / рэдкал.: Б. І. Сачанка [і інш.] ; мастак А. М. Хількевіч. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1995. – С. 131–139.
4. Гісторыя // Глыбокае. Глыбоцкі раён / пад. рэд. М. М. Кандзерскага, М. П. Чарапкоўскага. – Мінск : Бонэм, 2004. – С. [6–9].
5. Дакументы сведчаць // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Глыбоцкага раёна / рэдкал.: Б. І. Сачанка [і інш.] ; мастак А. М. Хількевіч. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1995. – С. 116–117.
6. Дакументы сведчаць // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Глыбоцкага раёна / рэдкал.: Б. І. Сачанка [і інш.] ; мастак А. М. Хількевіч. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1995. – С. 139–143.
7. Пад сцягам кастрычніка // Глыбоччына. Зямля любімая навечна, дзе Доўгае і Беразвечча... / аўт. тэксту У. І. Бацкалевіч ; фота К. Л. Дробава [і інш.]. – Мінск : Літаратура і мастацтва, 2012. – С. 12–16.
8. Скрабатун, У. Сенсацыя: знойдзеная план-схема Глыбокага за 1934 год! / У. Скрабатун // Вольнае Глыбокае. – 2016. – 29 снеж. – С. 11.
9. Тариков, О. А. Зарницы в глубинах озер / О. А. Тариков. – Минск : Полымя, 1993. – 151 с. : ил.
10. Третьяк, С. Станция Зябки, год 1920: первый бой советских танкистов / С. Третьяк // Армия. – 2008. – № 2. – С. 50–52.
11. Час барацьбы і выпрабаванняў / П. К. Башко [і інш.] // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Глыбоцкага раёна / рэдкал.: Б. І. Сачанка [і інш.] ; мастак А. М. Хількевіч. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1995. – С. 111–116.