Спіс помнікаў археалогіі. Глыбоцкі раён
- Подробности
- Створана 18.10.2018 09:34
- Адноўлена 14.10.2019 10:02
Курганны могільнік каля в. Мнюта
10 курганоў вышынёй 0,5–1 м, дыяметрам 3–4 м. Адзін курган вышынёй каля 2 м, дыяметрам каля 9 м. Выявіў у 1973 г. М. А. Ткачоў. Раскопкі не праводзіліся.
Курганны могільнік каля в. Бабруйшчына
Знаходзіцца пры ўездзе ў вёску, справа і злева ад дарогі ў в. Перавоз. 23 курганы дыяметрам 3–8 м, вышынёй 0,8 м, моцна аплылі. Выявіў у 1930-я гг. У. Галубовіч, абследавалі ў 1973 г. М. А. Ткачоў, у 1981 г. Л. У. Дучыц. Раскопкі не праводзіліся.
Курганны могільнік каля в. Баяры
Знаходзіцца за 2 км на захад ад вёскі, справа ад дарогі ў г. п. Падсвілле. 5 курганоў (пашкоджаны ямамі) вышынёй 1 м, дыяметрам 11–12 м. Выявіў і абследаваў у 1973 г. М. А. Ткачоў. Раскопкі не праводзіліся.
Курганны могільнік каля в. Вольшчына
Знаходзіцца за 1 км на паўднёвы ўсход ад вёскі, у раскарчаваным квартале лесу. 13 курганоў вышынёй 1,2–3 м, дыяметрам 8–12 м. Каля асновы насыпаў ёсць раўкі. Выявіў у 1972 г. М. А. Ткачоў, абследавала ў 1981 г. Л. У. Дучыц. Раскопкі не праводзіліся.
Курганны могільнік каля в. Вуглы
Знаходзіцца за 0,8 км на ўсход ад вёскі. 2 насыпы. Вышыня першага 1,5 м, дыяметр 7 м, другога адпаведна – 2 і 10 м. Адкрыў і абследаваў у 1972 г. М. А. Ткачоў. Раскопкі не праводзіліся.
Гарадзішча ў в. Галубічы
Знаходзіцца на паўночнай ускраіне вёскі. Пляцоўка авальная памерам 20x13 м, выцягнута з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход. Вышыня над наваколлем 15 м. Выявілі ў 1938 г. А. Цэгак-Галубовіч і У. Галубовіч, абследавалі ў 1939 г. Я. Н. Драздовіч, у 1982 г. Л. У. Дучыц. На паўночна-заходнім схіле прасочаны культурны пласт 0,3–0,4 м, знойдзены фрагменты ляпной і ганчарнай керамікі. Адносяцца да ранняга жалезнага веку і сярэднявечча.
Матэрыялы абследавання захоўваюцца ў Інстытуце гісторыі АН БССР.
Курганны могільнік каля в. Гатоўкі
Знаходзіцца за 0,3 км ад вёскі, на левым беразе р. Маргва, справа ад палявой дарогі ў в. Залезькі. 35 насыпаў вышынёй 0,8–1 м, дыяметрам 6–12 м. Вядомы з канца XIX ст. Даследавалі ў 1938–1939 гг. Цэгак-Галубовіч і У. Галубовіч, у 1972 г. М. А. Ткачоў, у 1981 г. Л. У. Дучыц. Пахавальны абрад – трупапалажэнне. Знойдзены бронзавыя пласціністыя бранзалеты, пярсцёнкі, бразготкі, ганчарны посуд. Належаў усходне-славянскім плямёнам, датуецца XI–XII ст.
Матэрыялы раскопак 1938–1939 гг. захоўваюцца ў Гісторыка-этнаграфічным музеі Літоўскай Рэспублікі.
Курган каля в. Гатоўкі
Знаходзіцца за 0,9 на ўсход ад вёскі, на левым беразе Маргвы. Вышыня 1,5 м, дыяметр 10 м. Адкрыў і абследаваў у 1972 г. М. А. Ткачоў.
Курганны могільнік каля в. Доўгае
Знаходзіцца за 0,4 км на захад ад вёскі. 75 насыпаў (некаторыя абкладзены камянямі) вышынёй 0,8–1,7 м, дыяметрам 6–10 м. Курганы добрай захаванасці. Выявілі ў 1938 г. А. Цэгак-Галубовіч і У. Галубовіч, абследаваў у 1972 г. М. А. Ткачоў. Раскопкі не праводзіліся.
Курганныя могільнікі каля в. Забор'е
Курганны могільнік-1. Знаходзіцца за 0,8 км на паўночны захад ад вёскі. 40 курганоў добрай захаванасці, вышынёй 0,8–3,2 м, дыяметрам 5–12 м. Вядомы з канца XIX ст. У 1974 г. Г. В. Штыхаў раскапаў 1 курган. Знойдзены шкілет, арыентаваны галавой на захад, жалезны нож, віты бронзавы бранзалет з завязанымі канцамі, ганчарны гаршчок. У 1981 г. абследавала Л. У. Дучыц. Датуецца XX ст., належаў крывічам.
Матэрыялы раскопак захоўваюцца ў Інстытуце гісторыі АН БССР.
Курганны могільнік-2. Знаходзіцца за 1 км на паўночны захад ад дарогі ў в. Юзухава, ва ўрочышчы Зялёнка. 28 курганоў вышынёй 0,8–3,2 м, дыяметрам 5–12 м. Абследаваў у 1972 г. М. А. Ткачоў. Раскопкі не праводзіліся.
Курганны могільнік каля в. Залессе
Знаходзіцца каля ўезду ў вёску з боку в. Зубкі, абапал дарогі, у хвойніку. 5 насыпаў добрай захаванасці, вышынёю 1–1,5 м, дыяметрам 6–10 м. Выявіў у канцы XIX ст. Ф. В. Пакроўскі, даследавалі ў 1938 г. А. Цэгак-Галубовіч і У. Галубовіч, абследаваў у 1972 г. М. А. Ткачоў, у 1981 г. Л. У. Дучыц. Знойдзены бронзавыя кольцы, пярсцёнкі, бранзалеты, жалезныя нажы і інш. Належаў усходнім славянам.
Матэрыялы раскопак 1938 г. захоўваюцца ў Гісторыка-этнаграфічным музеі Літоўскай Рэспублікі.
Гарадзішча ў в. Запруддзе
Знаходзіцца за 1 км на паўночны захад ад вёскі, на высокім пагорку. Пляцоўка памерам 40x50 м з боку поля ўмацавана валам, які цяпер моцна аплыў. Даследавалі ў 1956 г. Л. В. Аляксееў, у 1972 г. М. А. Ткачоў, у 1981 г. Л. У. Дучыц. Культурны пласт у агаленнях 0,8–0,9 м. Знойдзены ляпная кераміка, косці жывёл і шлакі.
Селішча ў в. Запруддзе
Знаходзіцца з усходу каля асновы гарадзішча. Плошча 0,5 га. Абследавалі ў 1972 г. М. А. Ткачоў, у 1981 г. Л. У. Дучыц. Культурны пласт да 0,3 м. Знойдзена ляпная кераміка. Гарадзішча і селішча адносяцца да ранняга жалезнага веку.
Матэрыялы абследавання захоўваюцца ў Інстытуце гісторыі АН БССР.
Гарадзішча ў в. Зарубіна
Знаходзіцца за 0,9 км на поўнач ад вёскі, за мастом цераз раку Аржаніца, на яе левым забалочаным беразе. Займае пагорак даўжынёй 80 м і шырынёй 35–40 м. Вышыня над поймай да 7 м. Валы не прасочваюцца. Выявіў у 1972 г. М. А. Ткачоў, абследавала ў 1981 г. Л. У. Дучыц. Культурны пласт у цэнтры пляцоўкі да 0,3 м, па краях – да 0,6–0,7 м, на паўднёвым краі ссунуўся на схіл гарадзішча і часткова на луг. Знойдзены фрагменты ляпной керамікі, перапаленыя косці жывёл і попел. Датуецца раннім жалезным векам.
Матэрыялы абследавання захоўваюцца ў Інстытуце гісторыі АН БССР.
Курганныя могільнікі каля в. Зарубіна
Курганны могільнік-1. Знаходзіцца на паўночнай ускраіне вёскі, справа ад дарогі, у хвойніку. Два насыпы вышынёй 1,3 м, дыяметрам да 10 м. Вядомы з канца XIX ст. Абследаваў у 1972 г. М. А. Ткачоў. Раскопкі не праводзіліся.
Курганны могільнік-2. Знаходзіцца за 0,4 км на поўнач ад вёскі. Тры курганы дыяметрам 10 м, вышынёй 1,3 м. Вядомы з канца XIX ст. Абследаваў у 1972 г. М. А. Ткачоў. Раскопкі не праводзіліся.
Курганны могільнік каля в. Крупені
Знаходзіцца за 1 км на ўсход ад вёскі, справа ад лясной дарогі з былога хутара Сукавацце ў бок урочышча Капавішча. 7 курганоў вышынёй 1,2–2 м, дыяметрам 6–12 м. Захаванасць добрая. Выявіў у 1972 г. М. А. Ткачоў. Раскопкі не праводзіліся.
Гарадзішча ў в. Латыголь
Знаходзіцца за 0,25 км на поўдзень ад вёскі, злева ад дарогі. Займае дзесяціметровы пагорак памерам 60x50 м. Валы адсутнічаюць, паўночны схіл штучна падрэзаны, астатнія пакатыя. Паўночны і заходні схілы зараслі бярэзнікам. Абследавалі ў 1938–1939 гг. А. Цэгак-Галубовіч і У. Галубовіч, у 1972 г. М. А. Ткачоў, у 1981 г. Л. У. Дучыц. У культурным пласце 0,2–0,3 м знойдзена ляпная кераміка. Адносіцца да ранняга жалезнага веку.
Матэрыялы абследавання захоўваюцца ў Інстытуце гісторыі АН БССР.
Курганны могільнік каля в. Мамаі
Знаходзіцца за 1,2 км ад вёскі, каля дарогі ў в. Хацілаўцы, на пагорку. Два курганы. вышыня першага 3 м, дыяметр 12 м, другога адпаведна 3 м і 12 м. Вядомы з канца XIX ст. Абследавалі ў 1938 г. А. Цэгак-Галубовіч і У. Галубовіч, у 1972 г. М. А. Ткачоў, у 1981 г. Л. У. Дучыц. Раскопкі не праводзіліся.
Курган каля в. Маргі
Знаходзіцца пры ўездзе ў вёску, за ручаём злева, на полі. Вышыня 1,3 м, дыяметр 6 м. Выявіў у 1972 г. М. А. Ткачоў, у 1981 г. Л. У. Дучыц.
Курганны могільнік каля в. Мосар
Знаходзіцца за 1,5 км на паўднёвы захад ад вёскі, за 0,5 км на поўдзень ад воз. Мосарскае, у лесе. Захавалася 10 насыпаў вышынёй 0,5–1,2 м, дыяметрам 6–8 м. Выявіў і даследаваў у канцы XVIII ст. В. Мінліх, які раскапаў 6 насыпаў. Пахавальны абрад – трупапалажэнне. Знойдзены бронзавыя бразготкі, рэшткі скураных папружак. Абследавала ў 1981 г. Л. У. Дучыц.
Матэрыялы даследаванняў В. Мінліха захоўваюцца ў Дзяржаўным Эрмітажы ў Санкт-Пецярбургу.
Курганны могільнік каля в. Нарушова
Знаходзіцца за 0,8 км на ўсход ад вёскі, на доўгай высокай градзе. 17 насыпаў вышынёй 0,8–1,3 м, дыяметрам 6–10 м. Адзін курган за 200 м на ўсход ад асноўнага могільніка. Выявіў Ф. В. Пакроўскі ў канцы XIX ст. У 1038 г. А. Цэгак-Галубовіч і У. Галубовіч раскапалі насып, пад якім на грунце знойдзены 3 шкілеты. Абследавала ў 1981 г. Л. У. Дучыц. Належыць полацкім крывічам, датуецца XI– XII стст.
Гарадзішча ў в. Падгаі
Мясцовая назва Гарадок. Знаходзіцца за 0,5 км на ўсход ад вёскі, на левым беразе в. Аржаніца. Займае паўночную частку марэннай грады, якая ўпіраецца ў раку. Памер выцягнутай з поўдня на поўнач пляцоўкі 90x30 м, вышыня над поймай 6–7 м. З усходу ўмацавана валам (ніжэй за пляцоўку) вышынёй 2 м, даўжынёй каля 30 м і ровам глыбінёй 2 м, шырынёй 7 м. З паўночнага боку гарадзішча – рэшткі вала вышынёю да 0,5–0,7 м і 2 тэрасападобныя выступы, якія абрываюцца рэчкай. Выявіў у 1967 г. Г. В. Штыхаў, даследаваў у 1973 г. М. А. Ткачоў, у 1981 г. Л. У. Дучыц. Культурны пласт у паўднёвай частцы пляцоўкі 1,1 м. Знойдзены кавалкі ляпной керамікі, попел і вуголле. Адносіцца да ранняга жалезнага веку.
Матэрыялы абследавання захоўваюцца ў Інстытуце гісторыі АН БССР.
Курганныя могільнікі каля в. Перавоз
Могільнік-1. Знаходзіцца за 1,5 км на ўсход ад вёскі, ва ўрочышчы Каменнае на левым беразе р. Шоша. 28 курганоў вышынёй ад 1 да 2 м, дыяметрам 5–11 м. Вядомы з канца XIX ст. Абследавалі ў 1972 г. М. А. Ткачоў, у 1981 г. Л. У. Дучыц. Раскопкі не праводзіліся.
Могільнік-2. Знаходзіцца за 2 км на ўсход ад вёскі, у лесе, ва ўрочышчы Пчальнік на беразе р. Шоша. 28 курганоў вышынёй ад 1 да 2 м, дыяметрам 5–11 м. Вядомы з канца XIX ст. Абследавалі ў 1972 г. М. А. Ткачоў, у 1981 г. Л. У. Дучыц. Раскопкі не праводзіліся.
Могільнік-3. Знаходзіцца насупраць могільніка-2, на правым беразе р. Шоша, у лесе. 20 курганоў вышынёй 1–2,5 м, дыяметрам 7–12 м. Абследавалі ў 1938–1939 гг. У. Галубовіч, М. А. Ткачоў, у 1981 г. Л. У. Дучыц. Раскопкі не праводзіліся.
Могільнік-4. Знаходзіцца пры ўездзе ў в. Перавоз, на ўскрайку лесу, уздоўж дарогі ў в. Маргі. 3 курганы-«валатоўкі» вышынёй да 2 м, дыяметрам да 12 м. Яшчэ адзін курган – пры выездзе з в. Перавоз у в. Бабруйшчына, за мостам, вышыня 2 м, дыяметр 8 м. Выявіў у 1893 г. Ф. В. Пакроўскі, абследавалі ў 1938–1939 гг. А. Цэгак-Галубовіч і У. Галубовіч, у 1972 г. М. А. Ткачоў, у 1981 г. Л. У. Дучыц. Раскопкі не праводзіліся.
Курган каля в. Пліса
Знаходзіцца насупраць канторы раённага аб'яднання Дзяржкамсельгастэхнікі. Вышыня 1,5 м, дыяметр 8 м. Адкрыў і абследаваў у 1972 г. М. А. Ткачоў.
Паселішча каля в. Пліса
Знаходзіцца за 0,5 км на паўднёвы ўсход ад вёскі, на краі першай надпоймавай тэрасы воз. Пліса (0,8–1,2 м над вадой). Памеры 60x30 м. Выявіў і даследаваў у 1981 г. Э. М. Зайкоўскі. Даследавана 144 м2 плошчы. Культурны пласт да 0,4 м. Знойдзены крамянёвыя прылады працы, фрагмент каменнай шліфавальнай пліткі, порыстая кераміка позняга этапу нарвенскай культуры (канец III тыс. да н. э.), кераміка з жарствой у цесце і ружанцавым арнаментам сосніцкай культуры (2-я палова II тыс. да н. э.), грубаляпны посуд культуры тыпу верхняга пласта Банцараўшчыны (XVI–VIII стст. н. э.).
Матэрыялы раскопак захоўваюцца ў Інстытуце гісторыі АН БССР.
Гарадзішча каля в. Псуя
Знаходзіцца на могілках. Выцягнута з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход. Памер пляцоўкі 150x45. Узвышаецца над наваколлем на 15 м. Выявілі ў 1970 г. мясцовыя краязнаўцы. Абследавала ў 1981 г. Л. У. Дучыц. Культурны пласт 0,7 м. Знойдзены фрагменты ляпнога посуду днепра-дзвінскай і штрыхаванай керамікі культур, косці жывёл. Датуецца VI ст. да н. э. – IV ст. н. э.
Матэрыялы абследавання захоўваюцца ў Інстытуце гісторыі АН БССР.
Курганны могільнік каля в. Рудніца
Знаходзіцца за 1 км на захад ад вёскі, у лесе. 6 насыпаў вышынёй 0,5–0,8 м, дыяметрам 5–7 м. Выявілі ў 1938 г. А. Цэгак-Галубовіч і У. Галубовіч, у 1981 г. Л. У. Дучыц. Раскопкі не праводзіліся.
Гарадзішча ў в. Свіла 1-я
Знаходзіцца за 1 км на паўночны захад ад вёскі, на высокім узгорку левага берага безназоўнай рэчкі-пратокі, якая злучае невялікае возера з воз. Пліска. Пляцоўка авальная, даўжынёй 100 м, узвышаецца над поймай на 18–20 м. Умацавана з кальцавымі валамі і 2 равамі. Унутраны вал (вышыня каля 1,3 м, шырыня ў ніжняй частцы каля 10 м) насыпаны па краі пляцоўкі, другі (вышыня 2–2,5 м, шырыня каля 10 м) – на схіле ўзгорка на 5 м ніжэй унутранага вала, трэці (знешні, вышыня 8–10 м) – уздоўж асновы ўзгорка. Равы размешчаны паміж валамі, іх глыбіня 1,5–2 м, шырыня 10–15 м. Пляцоўка і схілы ўзгорка зараслі лесам і хмызняком. Выявіў у 1893 г. Ф. В. Пакроўскі, абследавалі ў 1965 г. Г. В. Штыхаў, у 1972 г. М. А. Ткачоў, даследаваў у 1974 г. А. Р. Мітрафанаў. Раскапана 168 м2 плошчы. Культурны пласт 0,3–0,4 м. На мацерыку выяўлены 2 грунтавыя пахаванні з пахавальным абрадам трупаспалення. У адным знойдзены абломкі гаршкоў, 2 скроневыя кольцы і наканечнік утулачнай стралы з 2 шыпамі. Недалёка ад пахаванняў – гаспадарчая яма, запоўненая чорнай зямлёй, у якой было многа абпаленага зерня жыта. На дне ямы ляжалі рэшткі 2 гаршкоў і адзін цэлы, у ім таксама было зерне жыта. У яме знойдзены наканечнік тронкавай стралы, абломкі гаршкоў і гліняныя прасліцы. Гарадзішча датуецца IX ст. н. э. Верагодна, яно належала крывічам, з'яўлялася апорным пунктам пры асваенні новых зямель.
Курганны могільнік каля в. Свіла 1-я
Знаходзіцца за 1 км на паўночны захад ад вёскі. 60 насыпаў вышынёй 0,8–2 м, дыяметрам 6–10 м. Выявіў у 1893 г. Г. В. Штыхаў, абследавалі ў 1972 г. М. А. Ткачоў, у 1981 г. Л. У. Дучыц. Раскопкі не праводзіліся.
Курганны могільнік каля в. Скрабянец
Знаходзіцца на ўсходняй ускраіне вёскі, у хвойніку. Каля 200 насыпаў вышынёй 1,2–3 м, дыяметрам 6–11 м. Выявіў у 1973 г. М. А. Ткачоў, абследавала ў 1981 г. Л. У. Дучыц. Раскопкі не праводзіліся.
Курган каля в. Узрэчча
Знаходзіцца на паўночнай ускраіне вёскі. Вышыня 1,2 м, дыяметр 6 м. Выявіў у канцы XIX ст. Ф. В. Пакроўскі, абследавала ў 1981 г. Л. У. Дучыц.
Курганны могільнік каля в. Чарневічы
Знаходзіцца за 1,5 км на захад вёскі, у лесе. 30 насыпаў на левым і 66 на правым берагах р. Авута. Вышыня 1–3 м, дыяметр 5–10 м. Вакол курганоў добра прасочваюцца равочкі і перамычкі. У 1938–1939 гг. даследавалі А. Цэгак-Галубовіч і У. Галубовіч. Раскапана 79 насыпаў. Пахавальны абрад – трупаспаленне і трупапалажэнне. Знойдзены ляпныя і ганчарныя гаршкі, нажы, бранзалеты, пярсцёнкі, шкляныя пацеркі, серп, ключ і косці жывёл. У 1981 г. абследавала Л. У. Дучыц. Адносіцца да IX–XI стст, належаў крывічам.
Матэрыялы раскопак захоўваюцца ў Гісторыка-этнаграфічным музеі Літоўскай Рэспублікі ў Вільнюсе.
Курганны могільнік каля в. Шо
Знаходзіцца за 0,9 км на ўсход ад вёскі, у лесе справа ад дарогі ў Ліпава. 35 насыпаў вышынёй 1–3 м, дыяметрам 4–10 м. Даследавалі ў 1939 гг. А. Цэгак-Галубовіч і У. Галубовіч, раскапана 16 курганоў. У 15 шкілеты ляжалі ў падкурганных ямах, у 1 – на грунце. У 1 магільнай яме пад насыпам быў шкілет дзіцяці у багатым адзенні. На яго грудзях ляжала засцёжка падковападобнай формы, на бёдрах – рэшткі пояса ў выглядзе круглых і сэрцападобных металічных пласцінак з рэльефным штампавальным арнаментам і спражкі сэрцападобнай формы, на поясе – нож, на руках – пярсцёнкі, на правай руцэ – бранзалет, у нагах – вялікая сякера з шырокім лязом, паблізу магілы – чэрап барана. У іншых курганах знойдзены гладкія бранзалеты з вузкімі канцамі на правай ці левай руцэ, нажы, крэсіва, сякеры з шырокім лязом, наканечнікі коп'яў. У адным з пахаванняў знойдзены сярэбраны медальён – імітацыя арабскага дырхема канца X – пачатку XI стагоддзя. У 1981 г. абследавала Л. У. Дучыц. Курганы датуюцца XI–XIII стст., належалі полацкім крывічам.
Гарадзішча ў в. Шчаўкуны
Знаходзіцца за 0,5 км на паўночны ўсход ад вёскі, каля хутара Дварэц, на правым беразе р. Авута. Вышыня над поймай ракі 15–20 м. Пляцоўка памерам 120x20 м выцягнута з захаду на ўсход. Выявіў у канцы 1930-х гг. Я. Н. Драздовіч, у 1981 г. абследавала Л. У. Дучыц. Культурны пласт 0,6–0,7 м. У ім знойдзены рэшткі ляпной керамікі. Адносіцца да днепра-дзвінскай і штрыхаванай керамікі культур, датуецца VI ст. да н. э. – IV ст. н. э.
Матэрыялы абследавання захоўваюцца ў Інстытуце гісторыі АН БССР.
Гарадзішча ў в. Шыпы
Знаходзіцца за 2 км на ўсход ад вёскі, каля хутара Новае Запалаўе. Пляцоўка памерам 60x58 м, вышынёй да 9 м. З паўднёвага боку захаваліся рэшткі вала вышынёй 2 м. Выявілі ў 1938 г. А. Цэгак-Галубовіч і У. Галубовіч, абследавалі ў 1967 г. Г. В. Штыхаў, у 1981 г. Л. У. Дучыц. Культурны пласт 0,5–0,6 м. У ім знойдзены рэшткі арнаментаванай ляпной керамікі. Адносіцца да ранняга жалезнага веку.
Матэрыялы абследавання захоўваюцца ў Інстытуце гісторыі АН БССР.
ЛІТАРАТУРА
1. Археалагічныя помнікі // Гісторыя Залескага краю / Р. Шарыпкін. – Глыбокае : Вольнае Глыбокае, 2002. – С. 8–13.
2. Глыбоцкі раён // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 224–239.
3. Скрабатун, У. Археолагі знайшлі артэфакт, паходжанне якога і прызначэнне – не магчыма вытлумачыць / У. Скрабатун // Вольнае Глыбокае. – 2013. – 29 жн. – С. 4.
4. Терешонок, В. Пещера: чем больше знаешь, тем больше загадок / В. Терешонок // Рэспубліка. – 2012. – 19 студз. – С. 3.
5. Хайноўскі, А. «Здабыткі старасветчыны» Язэпа Драздовіча / А. Хайноўскі // Веснік Глыбоччыны. – 2018. – 13 кастр. – С. 6.
6. Хайноўскі, А. Сенсацыйная знаходка, альбо Зямля вяртае каштоўнасці / А. Хайноўскі // Веснік Глыбоччыны. – 2012. – 16 чэрв. – С. 3.
7. Хайноўскі, А. Таямнічы свет мінулага раскрывае свае сакрэты / А. Хайноўскі // Веснік Глыбоччыны. – 2012. – 16 чэрв. – С. 3.