Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Помнікі археалогіі. Дубровенскі раён

 Археолагі ў гісторыі чалавецтва вылучаюць некалькі значных этапаў – каменны, бронзавы і жалезны вякі. Каменны век складаецца з палеаліту, мезаліту, неаліту. Палеалітычных помнікаў на тэрыторыі раёна да гэтага часу не знойдзена. Магчыма, тут адыгралі сваю ролю два фактары. Першы з іх – прыроднае асяроддзе. Як вядома, гэта тэрыторыя двойчы пакрывалася ледавіком у час дняпроўскага (320–115 тыс. г. н.) і валдайскага (105–14 тыс. г. н.). Даследаванні беларускіх геолагаў паказалі, што ў ледавіковы час было даволі суровае асяроддзе. Клімат быў рэзка кантынентальны, халодны і сухі. У перыяд максімальнага распаўсюджвання ледавіковага покрыва, якое ўяўляла сабой шматметровыя тоўшчы лёду, раёны, што ляжалі на поўдзень, ператварыліся ў лесавы тундрастэп. Крайняй ступені суровасці дасягнуў клімат 18–14 тыс. г. н. Прыродныя ўмовы набылі рысы «субарктычнай пустыні». У такім прыродным асяроддзі чалавек існаваць не мог. Але ў час межледавікоўя клімат быў больш спрыяльным для існавання людзей. Другі фактар, які спрычыніўся да адсутнасці палеалітычных помнікаў, – у час наступаў ледавікоў стаянкі першабытнага чалавека поўнасцю разбураліся. Шматлікія знаходкі касцей маманта, шарсцістага насарога і іншых прадстаўнікоў палеафаўны дазваляюць дапусціць, што палеалітычныя людзі жылі на тэрыторыі Дубровенскага раёна.

У час мезаліту паляванне было асновай існавання, галоўным заняткам насельніцтва. Паляванне давала чалавеку мяса, будаўнічы і паліўны матэрыял, адзенне і абутак. Займаўся старажытны чалавек таксама рыбалоўствам, збіральніцтвам. Жыў ён у эпоху мезаліту ў невялікіх наземных і паўзямлянкавых жытлах плошчай 10–20 м2.

Найбольш старажытным помнікам Дубровеншчыны з'яўляецца Мезалітычная стаянка каля в. Чыжоўка.

Неалітычныя стаянкі на Дубровеншчыне не вывучаліся. Археолагам вядомы толькі адзінкавыя знаходкі гэтага часу. Мяркуючы па даследаванай неалітычнай стаянцы каля г. Орша, на гэтай тэрыторыі пражывала насельніцтва верхнедняпроўскай неалітычнай культуры. З'явілася яно тут каля VII тысячагоддзя ад нашых дзён і існавала да V тысячагоддзя. Як і ў мезаліце, аснову гаспадаркі складалі паляванне, рыбалоўства і збіральніцтва. I толькі на заключных этапах эпохі пачалі развівацца земляробства і жывёлагадоўля. Насельніцтва сялілася на дзюнных узгорках поплыва і першай тэрасы Дняпра і яго прытокаў. Жытлы былі драўляныя паўзямлянкавыя (паглыбленыя ў глебу да 0,5 м), круглай і авальнай формы, плошча іх дасягала 8–12 м2. Каля жытлаў, як правіла, размяшчаліся агнішчы і ямы-сховішчы, у якіх захоўваліся ежа, паліва, сыравіна для вырабу прылад працы. Сустракаюцца на неалітычных паселішчах месцы апрацоўкі крэменю (майстэрні) і вырабу керамічнага посуду. Паходжанне верхнедняпроўскага неалітычнага насельніцтва звязана з днепра-дзяснінскай мезалітычнай культурай, таму на ранніх этапах неалітычныя крамянёвыя комплексы ўтрымліваюць чаранковыя пласцінчатыя наканечнікі стрэл, бакавыя, сярэдзінныя, вуглавыя разцы, канцавыя і авальныя скрабкі, вастрыі, скоблі, праколкі, авальнай формы сякеры. Для больш позніх помнікаў характэрны ромбападобныя і трохвугольныя наканечнікі стрэл і коп'яў, скрабкі на круглаватых адшчэпах, вуглаватыя разцы, нажы, свярдзёлкі, разнастайныя сякеры, цёслы, часта сустракаюцца маленькіх памераў пласцінкі і адшчэпы, апрацаваныя па краях крутой рэтушшу. Спачатку верхнедняпроўскае насельніцтва вырабляла тоўстасценны вострадонны посуд з прамымі сценкамі і прамымі або ледзь адагнутымі вонкі венчыкамі. Пазней з'явіліся шырокагорлыя пасудзіны з вострым ці круглаватым дном. У гліну, як правіла, дабаўлялі пясок, дробны кварц, радзей – раслінныя рэшткі, каб пры абпале посуд не трэскаўся.

Бронзавы век пачаўся на мяжы V і IV стст. ад нашых дзён. Выдзяляецца гэты перыяд у гісторыі тым, што з'яўляюцца вырабы з металу (бронзы). На паселішчах бронзавага веку сустракаюцца бронзавыя прылады працы, зброя, упрыгажэнні. Помнікі эпохі бронзы на Дубровеншчыне мала даследаваны. Беларускія археолагі лічаць, што гэта тэрыторыя ў час бронзы засялялася насельніцтвам сярэднедняпроўскай культуры. Займалася яно земляробствам і жывёлагадоўляй, а таксама паляваннем і рыбалоўствам. Для вырабу прылад працы выкарыстоўваліся крэйдавы крэмень, косць, дрэва. Сярод крамянёвых прылад трохвугольныя двухбакова апрацаваныя наканечнікі стрэл з прамой і выемчатай асновай, сярпы, цеслы, праколкі. Апрацоўвалі каменныя прылады працы рэтушшу і шліхтаваннем. Часта сустракаюцца ўпрыгажэнні, сярод якіх медныя і бронзавыя дыядэмы, шыйныя грыўны, бранзалеты, трубчатыя пронізкі, скроневыя кольцы, бурштынавыя падвескі. 3 гліны вырабляліся гаршкі, кубкі, слоікі, чашы з шарападобным ці яйкападобным тулавам, слоікападобныя пасудзіны з плоскім дном. У глінянае цеста дамешвалі пясок, шамот і дробны кварц. Верхняя частка посуду ўпрыгожвалася адбіткамі шнура, лінейнага ці зубчастага штампа, наразнымі лініямі, пазногцевымі ўцісканнямі, якія ўтваралі гарызантальныя і дыяганальныя рады арнаментаў. Жытлы насельніцтва сярэднедняпроўскай культуры былі наземныя, слупавой канструкцыі плошчай да 50 м і паўзямлянкавыя (плошча каля 10 м2). Пахавальны абрад – трупапалажэнне (галавой на захад у авальных ці прамавугольных ямах у скручаным становішчы на баку з падсыпкай попелу і охры) і трупаспаленне (на курганных могілках).

Значным крокам наперад з'явіўся пераход ад каменнага перыяду да эпохі жалеза. Паступова людзі асвоілі здабычу жалеза з балотных руд. Гэта была сапраўдная рэвалюцыя, якая рэзка павысіла гаспадарчы ўзровень. Асноўнымі гаспадарчымі галінамі ў гэты час былі земляробства і жывёлагадоўля, хаця побач з імі працягвалі існаваць паляванне і збіральніцтва. На тэрыторыі Беларусі жалезны век працягваўся ад VII ст. да н. э. да V ст. I тыс. н. э. Паўночную і цэнтральную Беларусь у I тыс. да н. э. і ў пачатку I тыс. н. э. засялялі плямёны так званых днепрадзвінскай і штрыхаванай керамікі культур. Насельніцтва гэтых археалагічных культур было балтамоўным, мела блізкія культурныя традыцыі (тып паселішчаў, домабудаўніцтва, вытворчасць керамічнага посуду), карысталася аднатыпнымі прыладамі працы, упрыгажэннямі. Носьбіты гэтых культур у дадзены гістарычны прамежак часу размяшчаліся адпаведна ў паўночнай (міжрэчча Дняпра і Заходняй Дзвіны) і паўднёвай (Верхняе Падняпроўе) частках Дубровенскага раёна. Для плямёнаў днепрадзвінцаў і штрыхавікоў характэрны першабытнаабшчынны лад з кроўна-родавымі сувязямі асобных абшчын, што пражывалі на т. зв. гарадзішчах-паселішчах, размешчаных на мысах рэк, у поймах на асобных пагорках. Гэтыя паселішчы ў значнай колькасці зберагліся на тэрыторыі раёна да нашага часу. Вядомы пад назвамі гарадзішчаў, гарадкоў, гарадцоў каля вёсак Баева, Баброва, Барадзіно, Вежкі, Дняпроўка (урочышча Германы), Каўровая (Дзяругі), Карабанавічы, Кісялі, Ляды, Ганчарова, Чырына, Стражава і інш. Частка гарадзішчаў была знішчана падчас розных будаўнічых работ, альбо сапсавана ў гады Вялікай Айчыннай вайны траншэямі і бліндажамі. Але тыя, што зараз існуюць, даюць выразнае ўяўленне аб месцы пасялення старажытных жыхароў раёна. Пляцоўкі гарадзішчаў былі невялікімі, памерам прыкладна 30х40 м, абнесены па краю частаколам з завостраных бярвенняў, шчыльна пастаўленых у адзін альбо два рады, аб чым сведчаць слупавыя ямы, выяўленыя падчас раскопак (напрыклад, на гарадзішчы каля в. Стражава).

Для насельніцтва ранняга жалезнага веку ў гэтым рэгіёне характэрнымі былі наземныя жытлы слупавой канструкцыі, якія на першым этапе складаліся з некалькіх камер (разлічаны на вялікую сям'ю), а пазней іх змянілі невялікія аднакамерныя пабудовы для малых сем'яў. Пабудовы гэтага часу размяшчаліся ўздоўж краю пляцоўкі гарадзішча блізка да частакола. Пры раскопках гарадзішча каля в. Дняпроўка (урочышча Германы) С. А. Дубінскім у 1928 г. былі выяўлены рэшткі бярвенняў хваёвага і дубовага дрэва, моцнаабгарэлыя, якія знаходзіліся ў ніжнім гарызонце культурнага пласта разам са штрыхаванай керамікай. Яны былі арыентаваны ўздоўж вала, насып якога перакрываў гэты гарызонт слоя, і таму з'яўляліся больш раннімі па паходжанні, чым пабудаваны вал. Відаць, гэта былі рэшткі жытлаў штрыхавікоў, якія пражывалі на гарадзішчы ў раннім жалезным веку. Асобных умацаванняў у выглядзе штучных валоў ці ірвоў на гарадзішчах у раннім жалезным веку не рабілася. Жыхары абмяжоўваліся прыроднай круцізной схілаў пагоркаў, на якіх мясціліся гарадзішчы, альбо глыбокімі, таксама прыроднымі, ярамі з дзвюх бакоў мыса.

Найбольш раннія матэрыялы гэтага часу выяўлены на гарадзішчы Вежкі. Паселішча было заснавана ў сярэдзіне – другой палове I тыс. да н. э. носьбітамі днепра-дзвінскай культуры. Пляцоўка гарадзішча была абкружана драўлянай сцяной, сляды якой прасочваюцца па наяўнасці ям ад слупоў і частаколу па яе схілах.

У раскопе II (1995 г.) у паўднёва-заходняй частцы выяўлены фрагмент жылой пабудовы, прамавугольнай у плане, памерамі 10x1,8–2 м, паглыбленай у мацярык на 0,4–0,6 м. Комплекс знаходак складаецца з архаічных ляпных неарнаментаваных гаршчкоў, прадметаў быту і гаспадаркі (наканечнікі стрэлаў, гарпуны, праколкі, амулеты), вырабленых з косці.

У апошняй чвэрці I тыс. да н. э. – пачатку I тыс. н. э. у асяроддзі насельнікаў лясной зоны Усходняй Еўропы шырока распаўсюджваецца здабыча жалеза з балотных руд, выкарыстанне каляровых металаў. Найбольш выразны рэчавы матэрыял гэтага часу прысутнічаў на гарадзішчах каля вёсак Карабанавічы і Вежкі: жалезныя і бронзавыя шпількі, грузікі дзякаўскага тыпу, сярпы, касцяныя наканечнікі стрэлаў, праколкі з косці, жаночае ўпрыгажэнне – спіралепадобная скроневая прывеска. Посуд, знойдзены тут жа на гарадзішчах, даволі аднастайны – гаршкі з адагнутай шыйкай і параўнальна выпуклым тулавам, альбо слоікавыя пасудзіны з прамымі альбо злёгку пакатымі сценкамі.

Разам з тым, па матэрыялах раскопак як на тэрыторыі раёна, так і на сумежных тэрыторыях Аршаншчыны, Магілёўшчыны, Смаленшчыны ў канцы I тыс. да н. э. – пачатку I тыс. н. э. назіраецца прасочванне ў Верхняе Падняпроўе насельніцтва з поўдня – носьбітаў культур мілаградскай, познезарубінецкай, а ў II–III ст. I тыс. н. э. – кіеўскай. На гэты факт указваюць знаходкі на Карабанавіцкім гарадзішчы ў ранніх пластах керамікі з акруглым днішчам, а таксама жытла ў выглядзе паўзямлянкі акруглай формы слупавай канструкцыі (элементы мілаградскай культуры). Падлога пабудовы была апушчана ў глыбіню на паўметры. Пасярэдзіне паглыблення стаяў апорны слуп дыяметрам 0,3 м. На адлегласці 3 м ад яго па кругу былі прасочаны сляды канаўкі, у якую ўтыркаліся жэрдкі, якія мацаваліся другім канцом на апорным слупе. Пабудова мела выгляд шатра. У заходняй частцы жытла былі прасочаны рэшткі адкрытага вогнішча. Да познезарубінецкага часу адносіцца знойдзены на гарадзішчах Карабанавічы і Вежкі прафіліраваны посуд з зашчыпамі і насечкамі па краю венчыка.

Пачынаючы з другой чвэрці I тыс. н. э. насельніцтва жалезнага веку Верхняга Падняпроўя і міжрэчча Дняпра і Заходняй Дзвіны, акрамя гарадзішчаў, асвойвае пад жыллё і гаспадарку землі, якія прылягаюць да гарадзішчаў. Гэтыя пасяленні адкрытага тыпу – селішчы – выдзяляюцца на разаранай зямлі колерам, – яны маюць арганічныя дамешкі ў грунце і таму цямнейшыя, чым навакольны грунт палёў. Прыкметы селішчаў гэтага часу выяўлены каля гарадзішчаў у вёсках Карабанавічы, Вежкі. Па звестках мясцовых жыхароў, у ваколіцах вёскі Стражава пры земляных работах былі адкапаны грунтавыя могілкі каля Дняпра, дзе разам з касцямі былі выяўлены гаршкі. Магчыма, гэта рэшткі могільніка адкрытага паселішча, якое змяніла пасяленне на гарадзішчы. Падчас пераходу насельніцтва з гарадзішчаў на адкрытыя паселішчы кроўна-родавыя сувязі страчваюць сваю сілу і ім на змену прыходзіць суседская абшчына, калі на адным пасяленні месцяцца прадстаўнікі некалькіх родаў. 3 гэтага часу ў недрах першабытнаабшчыннага ладу пачынаюць выспяваць элементы раннесярэдневекавых культур, пачынае фарміравацца гістарычны перыяд, які атрымаў назву «ваеннай дэмакратыі». Выхад насельніцтва на адкрытыя пасяленні дазволіў павялічыць плошчы пад пашу, узрасла жывёлагадоўля, сталі больш дасканалымі прылады працы, з'явілася магчымасць мець так званы прыбавачны прадукт, які забяспечваў роду, племені жыццёвы мінімум падчас неўраджаю, стыхійных ці ваенных страт. Адначасова вярхушка племені, роду ў асобе князя, старэйшын і ваеннай дружыны атрымлівала ў якасці «дароў» дадатковую частку ўраджаю, жывёл і іншых здабытых сіламі роду, племені сродкаў існавання. Гэта паступова вяло да расслаення жыхароў аднаго племені, іх нераўнапраўя, што замацоўвалася «звыклым правам», па якому жылі члены племені.

Перамены ў сацыяльным ладзе вялі да змен у побыце жыхароў. 3 сярэдзіны – пачатку другой паловы I тысячагоддзя н. э. (канец V–VII ст.) гарадзішчы ранняга жалезнага веку, якія былі пакінуты насельніцтвам падчас пераходу на адкрытыя пасяленні, зноў пачынаюць другі этап свайго існавання. Іх выкарыстоўваюць у некалькіх напрамках. На адным з гарадзішчаў размешчаны культавыя свяцілішчы, дзе члены аднаго племені пакланяюцца сваім багам, у якасці культавых мясцін выступаюць таксама лясныя пушчы, крыніцы з лячэбнай вадой і інш. Так, у Дубровенскім раёне існуе і зараз крыніца непадалёку ад Дуброўны, вядомая яшчэ па звестках XIX ст. у мясцовасці Грутава.

Іншыя гарадзішчы прыстасоўваліся пад схованкі падчас ваеннай небяспекі. Сюды збіраліся жыхары наваколля, тут укрывалі найбольш значную маёмасць роду, племені ад абрабавання ваяўнічымі суседзямі ці прышэльцамі з іншых зямель.

У VI–VII ст. гарадзішчы пачынаюць умацоўваць землянымі валамі, якія могуць мець унутрывальныя канструкцыі. На жаль, малая вывучанасць археалагічных помнікаў Дубровенскага раёна не дае магчымасці з вялікай доляй верагоднасці вызначыць, якія з гарадзішчаў, што яшчэ захаваліся, былі ўмацаваны абарончымі валамі менавіта ў гэты час. Аднак знешні выгляд гарадзішчаў і наяўнасць культурных напластаванняў трэцяй чвэрці I тыс. н. э. дазваляюць думаць, што на гарадзішчах Карабанавічы, Баева, Стражава, Вежкі, Барадзіно, Германы (Дняпроўка) першапачатковыя валы былі ўзведзены падчас фінальнай фазы ваеннай дэмакратыі, калі гэтыя гарадзішчы адыгрывалі ролю цэнтраў абшчын, з якіх складалася племя.

Па формах керамічных комплексаў, а таксама па некаторых іншых прыкметах, насельніцтва трэцяй чвэрці І тыс. н. э. у археалагічнай навуцы прынята падзяляць на асобныя культурныя масівы, якія адначасова размяшчаліся на сумежных тэрыторыях: у віцебскім Падзвінні і міжрэччы Заходняй Дзвіны і Дняпра – гэта Банцараўская культура, у смаленскім Падняпроўі – Тушамлінская, у магілёўскім – Калочынская. Як паказалі археалагічныя даследванні, тэрыторыя Аршанскага, Дубровенскага, часткова Талачынскага раёнаў з'яўляецца зонай сутыкнення і ўзаемнага пранікнення носьбітаў гэтых культурных масіваў. У выніку атрымаўся шэраг помнікаў, на якіх можна сустрэць у адным і тым жа слоі керамічны посуд, характэрны для дзвюх альбо ўсіх трох археалагічных культур. Усе гэтыя культуры вельмі падобныя паміж сабой і, магчыма, звязваюцца ў адну этнічную групоўку, дзе пераважае славянскі элемент. Гэта верагодна таму, што на працягу ўсяго I тыс. н. э. з поўдня па Дняпры і яго прытоках ішло напаўненне рэгіёна паўночна-ўсходняй Беларусі носьбітамі славянскага этнаса. Пры раскопках гарадзішчаў каля вёсак Стражава, Вежкі, Германы (Дняпроўка), выдзелены пласты, у якіх захаваліся матэрыялы, што адлюстроўваюць наяўнасць як Банцараўскай (Стражава), так і Калочынскай (Вежкі) археалагічных культур з мясцовымі, характэрнымі таксама для гарадзішчаў Аршаншчыны (Чаркасава), Талачыншчыны (Кісялі) асаблівасцямі ў керамічных комплексах.

У 3-й чвэрці I тыс. гарадзішча каля в. Вежкі стала цэнтрам славянскай (Калочынская культура) родавай абшчыны. Гаспадарчыя пабудовы на ім у гэты час размешчаны па перыметры пляцоўкі. Іх сляды прасочаны ў выглядзе абгарэлых бярвенняў, скапленняў каменняў і зерня. Адна з пабудоў выяўлена ў гарэлым слоі і мае памеры 1,8х1,4 м. Яна прамавугольнай формы, зрубнай канструкцыі і была перакрыта. У насыпе вала таксама сустракаецца аналагічная гэтаму слою кераміка. Яна ж прысутнічае і ў слоі, які адклаўся адначасова з існаваннем насыпу вала. Такім чынам, першапачаткова паселішча трэцяй чвэрці I тыс. н. э. на гарадзішчы каля в. Вежкі не было ўмацавана валам, а відаць, толькі тынам, аб чым гаворыць праслойка гарэлага дрэва ўздоўж насыпу вала. Пазней, але ў той жа перыяд, на ім узвялі вал, у аснове якога была невялікая каменная вымастка, а ўнутраная частка землянога вала мела таксама нейкія драўляныя канструкцыі. На гарадзішчы былі сустрэты разнастайныя бытавыя рэчы (пружынныя нажніцы, нажы, пінцэт, гліняныя прасліцы, якія надзяваліся на верацяно), наканечнікі стралы, дроцік. Асобна выдзяляюцца жаночыя ўпрыгажэнні: сярэбранае і некалькі бронзавых скроневых калец, дротавы пярсцёнак і пронізкі з бронзы, бурштынавыя каралі, фрагмент масіўнага літога бронзавага бранзалета з расшыранымі канцамі, арнаментаванага насечкамі. Аналагічныя ўпрыгажэнні шырока распаўсюдзіліся ў асяроддзі славянскага насельніцтва ад Ніжняга Дуная на захадзе да Дняпра на ўсходзе ў VI–VII ст. і часта сустракаюцца ў скарбах антаў, якія датуюцца гэтым часам. У верхнім пласце побач з керамікай, лепленай ад рукі, выяўлены фрагменты гаршкоў, якія таксама леплены ад рукі, але ўжо праўлены на кругавой падстаўцы («паваротны столік»). Аб гэтым сведчаць як характэрныя зацёкі на днішчах сасудаў, так і афармленне края верхняй часткі пасудзін. Гэта вельмі цікавая знаходка, улічваючы, што ў цэлым помнік можа датавацца не пазней VIII – пачаткам IX ст. Такім чынам, тут мы назіраем ранняе праяўленне развіцця тэхнікі ганчарнай вытворчасці – пераходны момант ад лепкі сасудаў ад рукі да фармавання іх на спецыяльных прыладах – правобразах ганчарнага круга.

Такім чынам, помнікамі археалогіі на Дубровеншчыне з'яўляюцца першабытная стаянка каменнага веку каля вёскі Лазараўка, мезалітычная стаянка каля вёскі Чыжоўка, гарадзішчы каля вёсак Баева, Баброва, Барадзіно, Вежкі, Дняпроўка (урочышча Германы), Каўровая (Дзяругі), Карабанавічы, Кісялі, Ляды, Ганчарова, Чырына, Стражава і інш., курганныя могільнікі, Дубровенскае замчышча.

Спіс помнікаў археалогіі

 

Знаходкі на гарадзішчы каля в. Карабанавічы. Фотаздымак з сайта http://www.dubrovno.by/Раскопкі на замчышчы горада Дуброўна. Фотаздымак з сайта http://www.dubrovno.by/Знаходкі з мезалітычнай стаянкі каля в. Чыжоўка. Фотаздымак з сайта http://www.dubrovno.by/Гарадзішча каля в.Вежкі. Фотаздымак з сайта http://www.dubrovno.by/Раскопкі на гарадзішчы каля в. Карабановічы 1995 год. Фотаздымак з сайта http://www.dubrovno.by/Знаходкі з паселішча каля в.Вежкі. Фотаздымак з сайта http://www.dubrovno.by

ЛІТАРАТУРА

1. Бакшанскi, П. Дыханне даўнiны сiвой / П. Бакшанскі // Дняпроўская праўда (Дуброўна). – 1998. – 14 сак. – С. 2.

2. Дубровенскі раён // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 259–270.

3. Замок // Города Беларуси. Витебщина: в некоторых интересных исторических сведениях / Ю. А. Татаринов. – Минск : Энциклопедикс, 2006. – С. 120–121.

4. Ксяндзоў, У. Ад каменнага да бронзавага веку / У. Ксяндзоў // Памяць: Дубровенскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: А. Я. Гаўруцікаў [і інш.] ; уклад.: А. Я. Гаўруцікаў, Р. П. Кахноўская ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Паліграфафармленне, 1997. – Кн. 1. – С. 19–22.

5. Рабцава, Н. Вежкаўскае гарадзішча / Н. Рабцава // Дняпроўская праўда (Дуброўна). – 2008. – 19 крас. – С. 6.

6. Фёдараў, К. Зямля нашых продкаў / К. Фёдараў // Дняпроўская праўда (Дуброўна). – 1999. – 10 лют. – С. 2.

7.