Раслінны і жывёльны свет. Лепельскі раён
- Подробности
- Створана 27.11.2017 10:42
- Адноўлена 16.01.2018 10:55
Прыродная расліннасць Лепельскага раёна належыць да Заходне-Дзвінскай геабатанічнай акругі і Ашмянска-Мінскай геабатанічнай акругі (на паўднёвым захадзе).
На тэрыторыі пераважаюць хваёва-шыракалістыя (змешаныя) лясы. Расліннае покрыва па характары ўздзеяння на глебу і інш. прыкметах падраздзяляецца на тры фармацыі: лясную, лугавую, балоцістую.
Лясы займаюць 93,4 тыс. га, што складае 51,3 % ад усёй тэрыторыі раёна. Яны характарызуюцца высокай удзельнай вагой хваёвых – 47,5 %; яловых – 13,8 %; бярозавых – 20,4 %; чорнаальховых – 11,1 %; шэраальховых – 3,6 %; асінавых – 2 %; ясянёвых – 0,8 %; дубовых – 0,7 %; іншых – 0,1 %; 12,7 % лясоў – штучныя, пераважна хваёвыя насаджэнні. Лясы багатыя на ягады, грыбы, лекавыя расліны.
Натуральныя лугі і паша займаюць трэцюю частку тэрыторыі раёна. Пераважаюць нізінныя заліўныя лугі. Лугі і паша з'яўляюцца прыроднымі кармавымі ўгоддзямі.
Агульная плошча балот – каля 32 тыс. га, з іх 13,3 тыс. га верхавыя, 18,3 тыс. га нізінныя, каля 360 га пераходныя. Найбольшыя балотныя масівы: Домжарыцкае, Пастрэжскае, Мох Верхавіна, Берашчанскі Мох, Града, Піскавацікі. Нізінныя балоты жывяцца грунтовымі водамі. Для іх характэрны чарот, асака, трыснёг, аер і інш. Верхавыя балоты ўтвараюцца з нізінных. На іх растуць пушыца, хвошч, багун, чахлая сасна і інш.
У Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь занесены баранец звычайны, мнаганожка звычайная, альдраванда пухіраватая, перелеска высакародная, каменяломнік балотны, першацвет веснавы, купальнік горны, наперстаўка буйнакветкавая, ладдзян трохнадрэзаны, тайнік сэрцападобны, асака заліўная, шпажнік чарапіцавы, чараўнік двухлісты.
Жывёльны свет вельмі разнастайны. У лясах водзіцца лось, дзік, ліс звычайны, воўк, казуля, янотападобны сабака, рысь, заяц-бяляк і заяц-русак, вавёрка, тхор, куніца, выдра, норка, андатра.
З ахоўных жывёл сустракаюцца буры мядзведзь, барсук, скапа, змеяед, беркут, арлан-белахвост, сапсан, белая курапатка, чорнаваллёвая гагара, чорны бусел, дзербнік, вялікі кулон, даўгахвостая няясыць, трохпальцы дзяцел, гогаль, пустальга, шэры журавель, шэры саракуш, чаротная рапуха.
ЛІТАРАТУРА
1. Бышнев, И. И. Среди пущ и болот белорусской земли: Березинский биосферный заповедник = Amongst Dense Forests and Bogs of Belarus: Berezinski biosphere reserve : фотоальбом / И. И. Бышнев, В. С. Ивкович, С. М. Плыткевич. – Минск : Рифтур, 2005. – 112 с.
2. Грэчка, І. Край міфаў / І. Грэчка // Настаўніцкая газета. – 2017. – 29 жн. – С. 14–15.
3. Дзяменцьеў, В. А. Прырода Беларусі : (фізіка-геаграфічны агляд) / В. А. Дзяменцьеў, А. Х. Шкляр, О. Ф. Якушка. – Мінск : Дзяржаўнае вучэбна-педагагічнае выдавецтва Міністэрства асветы БССР, 1959. – 315 с.
4. Януш, І. Расліны і жывёлы / І. Януш // Лепельскі край. – 2005. – 2 верас. – С. 5.
5. Януш, І. Ю. Прыродная характарыстыка Лепельскага раёна / І. Ю. Януш // Памяць :Лепельскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Э. Н. Гнеўка [і інш.] ; склад. В. Я. Лінікіна ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Беларусь, 1999 – С. 597–598.