Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Гісторыя. Лёзненскі раён. Вялікая Айчынная вайна

У пачатку вайны, з З да 10 ліпеня 1941 г. каля Лёзна і ў в. Чарнаручча працавалі ЦК КП(б)Б і СНК БССР, тут было сфарміравана 29 груп, якія былі адпраўлены за лінію фронту для разгортвання партызанскага руху на акупіраванай тэрыторыі.

У абарончых баях з фашыстамі на поўдзень ад Лёзна вызначылася 153-я стралковая дывізія і разрозненыя групы байцоў 229-й стралковай дывізіі, якія выйшлі з акружэння ў навакольныя лясы. 3 17 ліпеня 153-я дывізія ва ўмовах поўнага акружэння некалькі дзён вяла ўпартыя баі з праціўнікам. У раёне в. Дабрамыслі дзёрзкімі ўдарамі яна прарвала акружэнне, фарсіравала р. Чарніца і, прайшоўшы з баямі па тылах праціўніка, злучылася з часцямі Чырвонай Арміі. У ліку першых 4 злучэнняў была перайменавана ў 3-ю гвардзейскую стралковую дывізію.

Лёзненскі раён акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў ліпені, Лёзна – 17 ліпеня 1941 г. За час акупацыі яны правялі на тэрыторыі раёна карныя аперацыі № 95 (жнівень 1942 г.), «Серабрыстая ліса» № 37 (верасень 1942 г.), «Хоцемля–Аргуны» (кастрычнік 1942 г.), «Белы мядзведзь» (снежань 1942 г.), «Майская навальніца» (май 1943 г.), «Веснавы карагод» (май – чэрвень 1943 г.), «Дождж на сёмуху» (чэрвень 1943 г.); спалілі 29 вёсак (па іншых звестках 196).
Вёска Зоры Кавалёўскага сельсавета размяшчалася сярод лясоў. Усе 64 двары згарэлі ў вайну. Палілі вёску ў 1942 г., двойчы дапальвалі. За сувязь з партызанамі былі расстраляны 22 яе жыхары. Ніхто не вярнуўся з фронту. Так і не змагла пасля вайны поўнасцю падняцца, акрыяць спаленая вёска Зоры.

Мужчынскае насельніцтва вёскі Хоцемля Крынкаўскага сельсавета было ў партызанах, астатнія, хто застаўся ў вёсцы, дапамагалі ім, чым маглі. Вёску-партызанку палілі некалькі разоў. Аднак у пачатку кастрычніка 1942 г. у час правядзення карнай аперацыі «Хоцемля–Аргуны» расправа над ёй была асабліва жорсткай. Карнікі падпалілі вёску, сагналі сюды жыхароў з в. Чарнышы і расстралялі больш за 150 чалавек. Перад вызваленнем Лёзна, у кастрычніку 1943 г., былі спалены апошнія хаты.
У вёсцы Асташэва Яськаўшчынскага сельсавета да вайны было 40 двароў, 120 жыхароў. 30 верасня 1943 г., за некалькі дзён да вызвалення Лёзна, карны атрад акружыў вёску. Усіх, хто не паспеў уцячы, карнікі загналі ў хлеў і 2 лазні. У полымі жывымі гарэлі 120 дзяцей, жанчын, старых. Вёска Асташэва ў ліку 433 спаленых і адноўленых вёсак Беларусі занесена ў мемарыяльны комплекс Хатынь.

У вёсцы Бычкова Стасеўскага сельсавета да вайны было 68 двароў, пражывала 205 чалавек. 3 жыхарамі вёскі карнікі расправіліся ў некалькі прыёмаў – спачатку знішчылі мужчын, пазней, восенню 1943 г., старых, жанчын і дзяцей, усяго 42 чалавекі.
Каля 1400 лёзненцаў былі вывезены на прымусовыя работы ў Германію, большасць з іх прайшла праз усе жахі і выпрабаванні, якія выпалі на долю вязняў Бухенвальда, Майданака, Асвенцыма, Дахау, іншых фашысцкіх канцлагераў. Нямногім суджана было застацца жывымі. 13 красавіка 1944 г. у фашысцкім канцлагеры Флігегарт нарадзіўся беларускі паэт і журналіст Уладзімір Лісіцын, дзіцячыя гады якога прайшлі ў в. Пагосцішча Крынкаўскага сельсавета на радзіме яго бацькоў.
На тэрыторыі Лёзненскага раёна дзейнічалі Лёзненскія падпольныя райкамы КП(б)Б і ЛКСМБ, партызанскія брыгады «Аляксея» (з красавіка 1944 імя Данукалава), Лёзненская, 14-я, 19-я і 16-я Смаленская, 1-я брыгада імя Заслонава, 1-я Беларуская брыгада, асобныя атрады «Меч» і А. С. Пятрова, партызанскі полк «Трынаццаць», С. У. Грышына.

Першая антыфашысцкая маладзёжная група з 14 чалавек была створана ў жніўні 1941 г. у в. Веляшковічы. Узначалілі яе Т. А. Дубоўка (сакратар падпольнага райкама ЛКСМБ) і настаўнік мясцовай школы К. Грынкін. У хуткім часе такія групы былі арганізаваны ў в. Замшына, Альховік, Заверына. Да верасня 1942 г. у раёне было 17 падпольных антыфашысцкіх арганізацый.

Летам і восенню 1942 г. партызаны брыгады «Аляксея» разграмілі 7 гарнізонаў, 14 валасных упраў з паліцэйскімі ўчасткамі, у тым ліку ў Высачанах, Стасеве, Выдрэі, Каралёве, Бураках, Крынках, падарвалі і знішчылі ў засадах 32 аўтамашыны з грузамі і жывой сілай, у баях і засадах знішчылі 307 нямецкіх салдат і 24 паліцэйскіх. На льнозаводах у вёсках спалілі сыравіну і гатовую прадукцыю, вывелі са строю рухавікі. Падарвалі і разбурылі на дарогах 15 мастоў, з іх 3 чыгуначныя, спалілі харчовыя склады ў племгасе «Крынкі». 30 ліпеня 1942 г. партызаны разграмілі гарнізоны ў в. Шапурава і Будзянка, знішчылі 42 акупантаў, каля станцыі Выдрэя разбурылі чыгунку. Атрад партызан на чале з М. Р. Міхайлоўскім разбіў падраздзяленне карнікаў каля в. Міхайлова. У час аперацыі «рэйкавая вайна» партызаны 1-га батальёна Смаленскага палка І. Ф. Садчыкава 5 жніўня 1943 г. на ўчастку паміж станцыямі Лёзна і Завольша падарвалі каля 450 рэек.

Вызвалены раён войскамі 3-га Беларускага фронту ў выніку наступлення на віцебскім напрамку ў ходзе асенне-зімовай кампаніі 1943–1944 гг. і праведзенай Віцебска-Аршанскай (23–28 чэрвеня 1944 г.) наступальнай аперацыі. Лёзна і частка раёна вызвалены 10.10.1943 г. воінамі 91-й, 134-й і 158-й стралковых дывізій, 4-й знішчальнай процітанкавай артылерыйскай брыгады 39-й арміі, 47-й механізаванай брыгады, 28-й гвардзейскай танкавай брыгады 472-га гаўбічна-артылерыйскага палка і 1820-га самаходнага артылерыйскага палка рухомай механізаванай групы Калінінскага фронту. 5 часцям і злучэнням, якія вызначыліся пры вызваленні Лёзна, прысвоена ганаровае найменне «Лёзненскіх». Баявыя дзеянні па вызваленні паўднёвай часткі раёна вялі войскі 5-й арміі і 152-і ўмацаваны раён 11-й гвардзейскай арміі, часці якога 24 чэрвеня 1944 г. вызвалілі в. Бабінавічы, Лапіцкія, Сцяпаненкі і іншыя.

Пры вызваленні раёна вызначыліся Героі Савецкага Саюза: сяржант М. В. Акцябрская, маёр Ц. М. Арлоў, маёр А. І. Кальцоў, камандзір кулямётнага разліку П. Д. Рэшатаў, старшы сяржант У. Я. Смірноў, старшы лейтэнант М. П. Судакоў, сяржант А. Р. Томскі. Іх імёнамі названы вуліцы ў Лёзне. А таксама вызначыліся Героі Савецкага Саюза: малодшы лейтэнант С. А. Багамолаў, палкоўнік Д. К. Марозаў, старшы лейтэнант В. В. Осіпаў, капітан Г. Ф. Пацёмкін, старшы лейтэнант Л. П. Ціхмянаў, Д. М. Яблычкін, поўны кавалер ордэна Славы яфрэйтар М. П. Піценін.

У кнізе «Памяць. Лёзненскі раён» названы прозвішчы 14 982 савецкіх воінаў, якія загінулі пры абароне і вызваленні Лёзненскага раёна і пахаваны на яго тэрыторыі; прозвішчы 4238 воінаў-землякоў, што загінулі або прапалі без вестак на франтах вайны; прозвішчы 1404 партызан, падпольшчыкаў, асоб, якія садзейнічалі партызанскаму руху, членаў іх сем’яў, жыхароў партызанскіх зон і раёнаў, што падвергліся фашысцкаму тэрору. У кнізе таксама названы прозвішчы больш як 40 воінаў-землякоў, якія прайшлі дарогамі вайны і былі адзначаны ўрадавымі ўзнагародамі. Кніга «Памяць. Лёзненскі раён» выдадзена ў 1992 г. выдавецтвам «Беларуская Энцыклапедыя».

 

ЛІТАРАТУРА

1. Алейников, Е. С. Лежало Лиозно в руинах / Е. С. Алейников // Сцяг Перамогі (Лёзна). – 2013. – 10 кастр. – С. 4–5.

2. Архивы рассказывают // Сцяг Перамогі (Лёзна). – 2009. – 1 снеж. – С. 3.

3. Бараноўская, Л. Вызваленчыя баі на Лёзненшчыне / Л. Бараноўская // Сцяг Перамогі (Лёзна). – 1999. – 2 ліп. – С. 3.

4. Богомолов, С. На безымянной высоте… / С. Богомолов // Советская Белоруссия. – 1985. – 18 апр. – С. 3.

5. Буткевич, С. На Тихмяновской высоте / С. Буткевич // Витебский курьер. – 2004. – 19 нояб. – С. 3.

6. Дюжа, Н. «Небо кишело "птицами" с крестами» / Н. Дюжа, С. Осипова ; беседовал Д. Трофимычев // Белорусская нива. – 2012. – 22 июня. – С. 8–9.

7. Ермолаева, М. В мрачные годы фашистской оккупации / М. Ермолаева // Сцяг Перамогі (Лёзна). – 1998. – 3 лістап. – С. 2 ; 10 лістап. – С. 4.

8. Залесская, С. Решение подполковника Томина / С. Залеская // Белорусская нива. – 2005. – 23 июля. – С. 2.

9. Игнатенко, Т. Урок мужества на Тихмяновской высоте / Т. Игнатенко // Сцяг Перамогі (Лёзна). – 2013. – 15 кастр. – С. 2.

10. Орлов, Ф. Так это начиналось... / Ф. Орлов // Сцяг Перамогі (Лёзна). – 2008. – 21 чэрв. – С. 2.

11. Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Лёзненскага раёна / рэдкал.: І. П. Шамякін [і інш.] ; мастак А. М. Хількевіч. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1992. – 600 с. : іл.

12. Плещенкова, Т. Молодежь шла впереди / Т. Плещенкова // Сцяг Перамогі (Лёзна). – 2005. – 16 крас. – С. 2 ; 19 крас. – С. 2 ; 23 крас – С. 2.

13. Тихомирова, Н. История одной фотографии или Странички боевого пути 739 зенитного артиллерийского полка // Сцяг Перамогі (Лёзна). – 2010. – 2 ліп. – С. 3.

14. Чумакоў, П. Лёзненшчына ў гады вайны / П. Чумакоў // Сцяг Перамогі (Лёзна). – 1991. – 2 крас. – С. 2 ; 6 крас. – С. 2 ; 13 крас. – С. 2 ; 16 крас. – С. 3.