Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Гісторыя. Расонскі раён. Дарэвалюцыйны перыяд

У другой палове IX стагоддзя некаторыя ўсходнеславянскія плямёны пачалі аб'ядноўвацца вакол Кіева, ва Усходняй Еўропе да сярэдзіны X ст. Утварылася вялікая дзяржава – Кіеўская Русь. Паміж Кіевам і Ноўгарадам на тэрыторыі паўночнай Беларусі знаходзіўся бацька беларускіх гарадоў – Полацк. Тэрыторыя Расоншчыны адна з першых увайшла ў склад Полацкай зямлі. Была на мяжы з Наўгародскай зямлёй, што засведчана назвай вёскі Межава на паўночным захадзе ад воз. Нешчарда.

Пры кіраванні князя Усяслава Брачыславіча (1044–1101) Полацкая зямля набыла найбольшую магутнасць і стала галоўным канкурэнтам Кіева.

У XII стагоддзі Полацк быў сталіцай асобнай дзяржавы, якая займала амаль палову тэрыторыі сучаснай Беларусі. Полацк стаяў на шляху да стварэння сярэдневяковай рэспублікі, дзе княжацкая ўлада была абмежавана дзейнасцю веча – агульнага сходу палачан для вырашэння розных пытанняў, у тым ліку і выбараў князя.

Полацк вёў цяжкую барацьбу са знешнімі ворагамі. 3 пачатку XIII стагоддзя палачане разам з лівамі, латгаламі, эстамі і іншымі плямёнамі змагаліся супраць нямецкіх рыцараў, што ўварваліся ва Усходнюю Прыбалтыку.

Полацкае баярства ў XII – пачатку XIII стагоддзя аслабіла ўладу мясцовай княжацкай дынастыі, але не здолела стварыць трывалую дзяржаву. Яно баялася актыўнасці гараджан дэмакратычнага полацкага веча і агрэсіі крыжакоў, таму пайшло на кампраміс з літоўскімі феадаламі і запрасіла іх у другой палове XIII стагоддзя ў горад.

У Полацку княжыў Таўцівіл, які быў пляменнікам князя Вялікага княства Літоўскага Міндоўга. Ён выступаў саюзнікам наўгародцаў, дапамагаючы ім у барацьбе з нямецкімі рыцарамі. Таўцівіл прыняў праваслаўе, імкнуўся засвоіць больш высокую культуру палачан. Полацкая зямля карысталася аўтаноміяй у складзе новай феадальнай дзяржавы – ВКЛ.

У сярэднія вякі тэрыторыя сучаснага Расонскага раёна належала да Полацкага ваяводства і гістарычна яе лёс быў аднолькавы з гэтым славутым у беларускай гісторыі горадам.

На захад і паўднёвы захад, у ніжнім цячэнні Дзвіны, размяшчалася Лівонія – тэрыторыя Латвіі і Эстоніі, падпарадкаваная нямецкім рыцарам. Галоўную ваенную сілу Лівоніі складаў нямецкі ордэн. Маскоўскай дзяржаве належала нязначная палоска на беразе Фінскага заліва з вусцем Нявы. Палітыка маскоўскага цара Івана IV (Грознага) была накіравана на далучэнне Лівоніі да Маскоўскай дзяржавы. Урад Маскоўскай дзяржавы вырашыў дабівацца выхаду да Балтыйскага мора ваенным шляхам.

У студзені 1558 г. маскоўскае войска перайшло граніцу. Пачалася працяглая Лівонская вайна (1558–1583). У барацьбе за Лівонію супраць Масквы аб'ядналіся Польшча, Вялікае княства Літоўскае, Швецыя.

У час Лівонскай вайны ўрады варожых бакоў вялікае стратэгічнае значэнне надавалі Полацку, справядліва лічылі яго ключом не толькі ад Лівоніі, але і ад Вялікага княства Літоўскага. Таму побач з умацаваным Полацкам у 1566–1567 гг. былі пабудаваны новыя замкі-крэпасці. Пра іх сакратар караля Рэчы Паспалітай Стэфана Баторыя Гейдэнштэйн пісаў у сваёй хроніцы: «Па дарозе ў Пскоў пры зліянні рэк Дрысы і Нішчы стаяў замак Сокал насупроць літоўскіх замкаў Дзісны і Дрысы. Далей стаяў замак Нешчэрда над возерам тае ж назвы, за 30 тысяч крокаў ад Заволачча; Сітна – па дарозе ў Пскоў у верхняй частцы Полаты...»

Пасля таго, як Полацк быў захоплены рускім войскам, паводле загаду Івана Грознага была ўзведзена крэпасць Нешчарда на мысе, які далёка ўваходзіў у аднайменнае возера. 13 снежня 1579 года полацкі ваявода Іван Дарагастайскі, які быў на баку Стэфана Баторыя, падышоў да замка. Маскоўцы ўпарта абараняліся. Драўляны замак быў падпалены з усіх бакоў. У час штурму ад мяча і агню загінула больш за 2000 яго абаронцаў. У палон былі ўзяты 4 маскоўскія ваяводы і 1000 чалавек.

За 4 км на захад ад в. Старыца Заборскага сельсавета ва ўрочышчы Гарадок на мысе возера Нешчарда цяпер засталіся толькі рэшткі некалі добра ўмацаванага замка. На гары на вышыні 25 м размешчана пляцоўка памерам 65X20 м. На плошчы 2 га прасочваюцца рэшткі разаранага культурнага пласта – рэшткі вала.

У 1566 г. пры зліцці р. Дрыса з ракой Нішча таксама па загаду рускага цара была пабудавана крэпасць Сокал. Яна лічылася адной з найбольш умацаваных на маскоўскай граніцы. Паводле малюнка С. Пахалавіцкага, крэпасць мела 11 вежаў, была абкружана валамі і драўлянымі сценамі. Глыбокі роў ішоў ад адной ракі да другой. Замак Сокал праіснаваў толькі 13 гадоў.

У 1569 г. паводле Люблінскай уніі Вялікае княства Літоўскае і Польшча аб'ядналіся ў адну дзяржаву – Рэч Паспалітую. Аб'яднанне ваенных сіл на аснове Люблінскай уніі дазволіла каралю Стэфану Баторыю правесці наступленне супраць Маскоўскай дзяржавы. У 1578 г. войскі Рэчы Паспалітай з'явіліся ў паўднёвай частцы Лівоніі і авалодалі некалькімі гарадамі. У наступным годзе Баторый рушыў да Полацка. Яму давялося асаджаць горад на працягу трох тыдняў.

Іван Грозны прыйшоў з войскам у Пскоў і даведаўся аб асадзе Полацка. Цар адразу паслаў да Полацка адборную частку свайго войска пад камандай Барыса Шэіна і Фёдара Шарамецева. Апошнія, пераканаўшыся, што ў Полацк прайсці нельга, бо ўсе дарогі заняты палякамі, спыніліся ў Сокале. Адсюль яны нападалі на польскія абозы, якія накіроўваліся па правіянт. Кароль паслаў супраць маскоўскага войска Хрыстафора Радзівіла і Яна Глябовіча з некалькімі адборнымі атрадамі коннікаў. Абаронцы Сокала зачыніліся ў крэпасці. Але конніцы Рэчы Паспалітай удалося распачаць бой з маскоўскімі коннікамі амаль каля самых сцен крэпасці. Пасля невялікіх страт з абодвух бакоў палякі захапілі некалькі палонных і вярнуліся пад Полацк да караля.

Між тым асада Полацка працягвалася. Стэфан Баторый, паабяцаўшы вялікую ўзнагароду, угаварыў венграў падкрасціся да сцен Полацка і падпаліць іх з усіх бакоў. Асаджаныя не маглі патушыць пажар на працягу ўсяго дня. Сам Стэфан Баторый з большай часткай войска стаяў на дарозе, якая вяла да Сокала, і назіраў, каб маскоўскія ваяводы не выйшлі з крэпасці на дапамогу Полацку. Два дні працягваўся бесперапынны штурм полацкіх умацаванняў войскам Баторыя. Пасля перагавораў горад быў здадзены.

Амаль да канца 18 ст. тэрыторыя Беларусі ўваходзіла ў склад Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. У 1772 г. адбыўся першы падзел Рэчы Паспалітай паміж Расіяй, Прусіяй і Аўстрыяй. Да Расіі адыші Латгалія і паўночна-ўсходнія землі Беларусі з Полацкага, Віцебскага, Мсціслаўскага ваяводстваў. Такім чынам, Расоншчына апынулася ў складзе Расійскай імперыі.

У выніку другога (1793) і трэцяга (1795) падзелаў Рэч Паспалітая была ліквідавана як дзяржава. Перастала існаваць таксама Вялікае княства Літоўскае. Гэтыя змены на палітычнай карце тагачаснай Еўропы ў далейшым былі выкарыстаны Напалеонам. Паводле Тыльзіцкага міру 1807 г., пасля перамогі французскіх войскаў у руска-пруска-французскай вайне 1806–1807 гг. на польскіх землях, якія раней адышлі да Прусіі, было створана герцагства Варшаўскае – зручны плацдарм для нападзення на Расію.

12 чэрвеня 1812 года французская армія перайшла рускую граніцу і накіравалася да цэнтраў імперыі – Масквы і Пецярбурга.

На захопленай французамі тэрыторыі Расоншчыны – у сучасных Янкавіцкім, Сакалішчанскім і Клясціцкім сельсаветах – узніклі партызанскія атрады. Мясцовыя сяляне былі праваднікамі і разведчыкамі, а часам удзельнічалі і ў баявых аперацыях супраць асобных салдат ці невялікіх груп праціўніка.

14 ліпеня французскі корпус маршала Удзіно заняў Полацк і рушыў на поўнач па дарозе на Пецярбург.

Вітгенштэйн выступіў з раёна Дрысы на Каханавічы, каб перагарадзіць непрыяцелю шлях да Себежа і атакаваць французаў у фланг.

Авангардам рускага корпуса камандаваў генерал-маёр Я. П. Кульнеў, які ўдзельнічаў у руска-турэцкай, руска-шведскай войнах.

18 ліпеня на світанні авангард корпуса I. X. Вітгенштэйна, які складаўся з Данскога казачага, Гродзенскага гусарскага, 25-га і 26-га егерскіх палкоў і конна-артылерыйскай роты, пераправіўся цераз раку Свольна ля в. Кацярынава і пачаў рухацца па дарозе да в. Клясціцы.

Тым часам Удзіно ў 11 гадзін раніцы заняў Клясціцы, дзе і спыніўся, не маючы звестак аб руху рускіх. Ён паслаў на разведку адзін полк па дарозе да Себежа, а дывізію генерала Леграна – да сялібы Якубова. Тут каля 2 гадзін дня авангард Кульнева раптоўна атакаваў войскі Удзіно. Завязалася бітва. Вітгенштэйн, які атрымаў звесткі аб сустрэчы Кульнева з французамі, накіраваў яму на дапамогу 23-і і 24-ы егерскія палкі з артылерыйскай ротай. Астатнія войскі рускага корпуса атрымалі загад паскорана прасоўвацца да Якубова.

У 5 гадзін дня Кульнеў выцесніў варожых стралкоў з лесу на дарозе з Альхаваткі і заняў Якубова. Потым французы зноў захапілі гэтую сялібу, але пазней былі выбіты з яе.

Генерал Легран атакаваў 25-ы егерскі полк, але моцны агонь рускай артылерыі, якая часта мяняла агнявыя пазіцыі, даў магчымасць палку ўтрымацца на рубяжах ля ўскрайку лесу да прыбыцця новага падмацавання – 23-га і 24-га егерскіх пяхотных палкоў з 14-й батарэйнай ротай. Вечарам 18 ліпеня да французаў у Якубова падышла дывізія генерала Вердзье, якая паступіла ў рэзерв Леграна.

Карыстаючыся падмацаваннем, войскі Удзіно адціснулі стралковы ланцуг Кульнева і павялі атаку на цэнтр рускіх войск. Пазіцыя французаў, абмежаваная з аднаго боку густым лесам, а з другога – сялібай Якубова, не дазволіла ім выставіць больш за 12 гармат, а рускія войскі мелі магчымасць сустрэць праціўніка агнём двайной колькасці артылерыі, што прымусіла ворага з вялікімі стратамі адысці за вёску.

Рускія войскі перахапілі ініцыятыву, ударылі ў штыкі і адціснулі з пазіцый спачатку цэнтр, а потым і левае крыло войскаў Удзіно. Французы пачалі адступаць па ўсёй лініі і паспрабавалі затрымацца на пясчаных узвышшах правага берага ракі Нішча, але вымушаны былі адысці за яе і заняць пазіцыі на левым беразе ля в. Клясціцы. У 8 гадзін раніцай 19 ліпеня рускія авалодалі правабярэжжам ракі і размясціліся супраць непрыяцельскіх пазіцый.

Адзіны мост цераз раку ля в. Клясціцы, які мог служыць для пераправы, знаходзіўся пад артылерыйскім агнём французскіх батарэй і густога ланцуга стралкоў, якія заселі ў дамах вёскі.

Рускае камандаванне вырашыла абысці праціўніка з правага фланга і накіраваць да в. Гвазды кавалерыю генерала Балка з Рыжскім драгунскім палком, а генерала Кульнева – з Гродзенскім гусарскім і Ямбургскім драгунскім палкамі – да ракі Нішча вышэй Гваздоў. Удзіно зняўся з пазіцый ля в. Клясціцы і адступіў назад у Полацкім напрамку. Клясціцкі мост быў падпалены.

Для праследавання праціўніка быў накіраваны генерал Кульнеў з Гродзенскім гусарскім, Ямбургскім драгунскім палкамі і зводным грэнадзёрскім батальёнам 14-й дывізіі з 4 лёгкімі гарматамі.

Дывізія генерала Сазонава, як рэзерв, пачала рухацца за авангардам. Пад націскам атрада Кульнева корпус Удзіно паспешліва адступіў да Сівошына.

Быў захоплены амаль увесь абоз Удзіно і каля 900 чалавек палонных. Непрыяцель, які пераправіўся ў гэты час за раку Дрыса ля Сівошына, размясціўся за 4–5 кіламетраў адтуль ля в. Баяршчына, паміж двума азёрамі – Ланье і Клешна.

Атрад Кульнева неадступна праследаваў адступаўшага ворага. На світанні 20 ліпеня ля в. Баяршчына яго авангард сутыкнуўся з галоўнымі сіламі французскага корпуса і пацярпеў паражэнне.Ля в. Сівошына Кульнеў быў смяротна паранены і памёр на поле бітвы 20 ліпеня.

Удзіно зноў пачаў рухацца да в. Клясціцы. Наперадзе ішла дывізія генерала Вердзье. Ля в. Галоўчыцы французаў сустрэў корпус Вітгенштэйна. У гэтай бітве (21 ліпеня) войскі Удзіно пацярпелі сур'ёзнае паражэнне і былі вымушаны адступіць назад за раку Дрыса ля Сівошына, дзе яны спалілі мост і сялібу.

Корпус Удзіно пад націскам рускіх войск адступаў да Полацка, дзе размясціўся на пазіцыях і вёў абарончыя і наступальныя аперацыі. На рацэ Свольна 30 ліпеня Удзіно паспрабаваў атакаваць рускія войскі пад кіраўніцтвам генерала Даўрэ, але быў адбіты. Рускія таксама не здолелі заняць Полацк.

У бітве пад Клясціцамі прымалі ўдзел каля 17 тысяч рускіх войскаў, якія нанеслі паражэнне 20-тысячнаму французскаму корпусу. Гэта быў першы поспех рускай арміі ў пачатку Айчыннай вайны 1812 г.

У гонар перамогі пад Клясціцамі адзін з рускіх палкоў атрымаў назву «Клясціцкі». Полк меў свой знак і афіцыйна называўся «6-ы гусарскі Клясціцкі генерала Кульнева полк». Гэта быў, бадай, адзіны выпадак у рускай арміі, калі імя невялікай вёскі было прысвоена вайсковаму падраздзяленню.

У 2-й палове XIX – пачатку XX стагоддзя тэрыторыя сучаснага Расонскага раёна ўваходзіла ў склад Аляксандраўскай, Уладзімірскай, Увазнясенскай, Еўфрасіннеўскай і Мікалаеўскай валасцей Полацкага павета, Клясціцкай воласці Дрысенскага павета, некалькіх населеных месцаў Арцейкавіцкай (Полацкі павет) і Юхавіцкай (Дрысенскі павет) валасцей Віцебскай губерні.

Невялікія пасёлкі і хутары ў той час займалі амаль усю тэрыторыю сучаснай Расоншчыны. На кожныя паўтары вярсты прыходзіўся населены пункт. Усяго насельніцтва тут было 39–40 тысяч чалавек. Асноўная маса – беларусы (у валасцях Полацкага павета – 73,1 %, у Клясціцкай воласці – 86 %).

Пасля адмены прыгоннага права ў 1861 г. захавалася буйное памешчыцкае землеўладанне. На тэрыторыі Расоншчыны ў канцы XIX стагоддзя найбольш буйныя ўладанні мелі памешчыкі Р. Аксалон (маёнтак Межава, 136 дзесяцін зямлі), С. Гласко (маёнтак Станіславова, 128 дзесяцін ворыва, 800 – лесу, фальварак Гарадзішча, 105 дзесяцін зямлі), Усвайской (маёнтак Галубова, 300 дзесяцін зямлі), Ю. Трафімовіч (маёнтак Краснаполле, 288 дзесяцін ворыва і 1676 – лесу), А. Башняк (маёнтак Шнітаўка, 188 дзесяцін ворыва і 102 – лесу), Разгонава (маёнтак Сакалішча, 407 дзесяцін ворыва), дваранін фон Ташэ (маёнтак Казімірова, 140 дзесяцін зямлі).

Першапачатковае надзяленне зямлёй сялян часткі Віцебскай губерні, у т. л. Дрысенскага павета, праводзілася ў адпаведнасці з правіламі аднаго з Мясцовых палажэнняў. Сяляне атрымалі ў падворнае карыстанне ўсе сядзібныя і палявыя землі і ўгоддзі, якімі карысталіся да 19 лютага 1861 года. Сяляне іншых паветаў, у тым ліку і Полацкага, на падставе ўказа ад 2 лістапада 1863 г. атрымалі землі і ўгоддзі ў абшчыннае карыстанне, тут падушныя надзелы зямлі вызначаліся ў памерах 5 дзесяцін – вышэйшы, 1,6 дзесяціны – ніжэйшы.

Да пачатку XX стагоддзя найбольшага размаху набыў працэс расслаення сялянства. У выніку страты сялянскай беднатой надзельнай зямлі вялікая яе колькасць сканцэнтравалася ва ўладанні заможнай часткі сялян.

У Полацкім павеце 61,5 % сялянскіх двароў былі абшчыннымі, у Дрысенскім – толькі 6,3 %. Такім чынам, усходняя частка сучаснага Расонскага раёна вызначалася абшчынным землекарыстаннем, а заходняя – падворным.

Асноўнымі сельскагаспадарчымі культурамі, якія вырошчвалі ў сялянскіх гаспадарках, былі азімае і яравое жыта, бульба, кармавыя травы, расліны. У Полацкім павеце вялікая роля адводзілася развядзенню ільну, тэхніка апрацоўкі якога была вельмі прымітыўнай. Большасць гаспадарак спецыялізавалася на бульбаводстве. Калі для бедных сялян бульба была галоўным прадуктам харчавання, то ў заможных яна выкарыстоўвалася на корм жывёле. У выніку развіваліся мяса-малочная жывёлагадоўля і свінаводства. Акрамя таго, бульба па выгадных цэнах збывалася на вінакурныя заводы. Існаванне віннай дзяржаўнай манаполіі прыносіла памешчыкам вялікія прыбыткі. Яны пастаўлялі ў казну вядро спірту па цане 58,5 капейкі, у той час як купцам з таргоў спірт збываўся па 30 капеек за вядро. Вінакурэнне хутка пашыралася. Калі ў 1858 г. у валасцях Полацкага павета было 20 вінакурняў, то ў пачатку XX стагоддзя – 95. Амаль усе яны належалі памешчыкам і з'яўляліся буйнымі капіталістычнымі прадпрыемствамі. Збожжа для вінакурэння перараблялася на млынах. Вадзяныя млыны былі ў маёнтках Антонава, Абітокі, Краснаполле, Сакалішча, Клясціцы, паравы млын – у фальварку Прагулянка.

Сельская гаспадарка ўсё шырэй уцягвалася ў рыначныя адносіны. Памешчыкі імкнуліся перабудоўваць свае гаспадаркі і адкрывалі ў маёнтках невялікія фабрыкі і заводы. Так, у маёнтку Галубова працавалі 3 гарбарныя заводы, 1 – у маёнтку Грачушчына, у маёнтку Казімірова – цагельны завод.

Кожны няўрод, голад і іншыя бедствы вымушалі бедных сялян шукаць заробкі ў іншых месцах. Некаторыя з іх за крыніцу даходаў абралі саматужныя промыслы – вытворчасць глінянага посуду, вырабаў з дрэва, лёну, пянькі, воўны. Іншыя ішлі за межы Беларусі, наймаліся на будаўніча-дарожныя работы, у шахты і руднікі, сплаўлялі лес.

Сваімі вырабамі сяляне гандлявалі на базарах і кірмашах, даты правядзення якіх, як правіла, супадалі з праваслаўнымі святамі.

3 будаўніцтвам у канцы XX стагоддзя чыгунак роля кірмашоў зменшылася. Развіваўся гандаль у крамках і вялікіх крамах. У пачатку XX стагоддзя на тэрыторыі Полацкага і Дрысенскага паветаў крамы дробнага гандлю былі ў фальварку Белае, маёнтках Абітокі, Хоцькава, у вёсках Забор'е, Гарбачэва, Слабада, Булывіва, Сяляўшчына, Кудзіна, Кастрывава, Межава, Шуляціна, у мястэчку Юхавічы і інш. У Клясціцах былі аптэкарскі магазін і 3 крамы. Акрамя таго, у многіх вёсках існавалі хлебазапасныя магазіны. Вялікі даход дваранам, купцам, заможным сялянам прыносілі піцейныя дамы і корчмы, якія былі амаль у кожнай вёсцы.

У пачатку XX стагоддзя ўзмацнілася барацьба сялян за зямлю, якая прымала ў асноўным формы самавольнага захопу яе ў памешчыкаў. Найбольш распаўсюджанымі былі патравы, пасьба жывёлы на палетках памешчыкаў, парубкі лясоў.

Вясной і летам 1905 г. адной з форм аграрнага руху было адмаўленне ад выканання натуральных і грашовых павіннасцей, захоп зямель памешчыкаў. Так, сяляне в. Масцішча (маёнтак Юхавічы) захапілі землі ў А. Клейнберга, узаралі іх і адмовіліся ад уплаты арэнды. 226 жыхароў в. Гарбачэва прынялі пастанову аб канфіскацыі памешчыцкіх, царкоўных і казённых зямель, іх падзеле, аб спыненні казённых павіннасцяў і ўвядзенні бясплатнага навучання. Арганізатарам быў пецярбургскі рабочы Задзвінскі. Былі выпадкі адмаўлення ад выканання натуральных павіннасцей на карысць казны. Летам 1905 г. у валасцях Дрысенскага павета сяляне адмовіліся адбываць дарожную павіннасць і не сталі рамантаваць дарогу на Полацка-Себежскім тракце.

Уздым народнага руху выліўся ў кастрычніку 1905 г. ва Усерасійскую палітычную стачку, якая ахапіла ўсю краіну і ў снежні перарасла ва ўзброенае паўстанне.

У пачатку 1906 г. яшчэ адбываліся асобныя сялянскія выступленні. Сяляне шэрагу вёсак Уладзімірскай воласці секлі лес у маёнтку Жальцы. Да восені рух паступова скараціўся, з кастрычніка – пайшоў на спад.

У канцы XIX – пачатку XX стагоддзя царскі ўрад працягваў праводзіць на Беларусі палітыку русіфікацыі. Адкрываліся рускамоўныя і школы царкоўнага ведамства (на Расоншчыне – у вёсках Мурагі, Сакалішча), якія павінны былі выхоўваць насельніцтва ў духу адданасці самадзяржаўю і праваслаўю. У 1869 г. у Расонах было заснавана мужчынскае народнае вучылішча, у 1870 г.– жаночае. У 1864 г. народнае вучылішча адкрылася ў в. Сакалішча, у 1870 г.– у в. Забор'е.

Пачатковую адукацыю на Расоншчыне давалі Гарбачэўскае, Тродавіцкае, Дварышчанскае, Шуляцінскае, Клясціцкае, Юхавіцкае народныя вучылішчы. У в. Шалашнікі, мястэчку Юхавічы былі адкрыты школы пісьменнасці, у мястэчку Юхавічы – яўрэйская школа. Нягледзячы на адкрыццё новых школ і вучылішчаў, колькасць дзяцей школьнага ўзросту, якія наведвалі школу, складала ў Полацкім павеце сярод хлопчыкаў 19,2 %, сярод дзяўчынак – 4,2 %, у Дрысенскім павеце адпаведна 20,4 % і 7,4 %.

Існавала сетка цэркваў і касцёлаў. Цэрквы былі ў маёнтках Крашуты, Ларыёнава, у вёсках Забор'е, Прошкава, Сітна, Тродавічы, Дворышча, Сакалішча, Галоўчыцы, Расоны, Гаропля, Парэчча, Катрынава, Клясціцы, у мястэчку Юхавічы, касцёлы – у вёсках Гарбачэва, Дзмітраў Мост. У склад кожнага прыхода ўваходзіла некалькі сотняў прыхаджан, так, у Клясціцкім прыходзе налічвалася 1210 чалавек.

Летам 1914 г. пачалася Першая сусветная вайна, якая прынесла беларускаму народу цяжкія выпрабаванні. 3 лета 1915 г. значная тэрыторыя Беларусі стала арэнай ваенных дзеянняў.

Да канца 1916 г. распад ахапіў усе галіны эканомікі краіны. Буржуазія, эканамічная роля якой вырасла ў гады вайны, імкнулася да падзелу палітычнай улады з царызмам, рэвалюцыйны крызіс стаў агульнанацыянальным.Лютаўская рэвалюцыя 1917 г. ліквідавала царскае самадзяржаўе.

 

Бітва пад Клясціцамі. Петэр фон Гесс. Выява з сайта http://www.museum.ruГенерал-маёр Я. П. Кульнёў вядзе ў атаку гусар Гродзенскага палка пад Клясціцамі. М. Самакіш. Выява з сайта https://pro100-mica.dreamwidth.orgСмерць генерала Кульнёва. Гравюра В. Храмцава. Выява з сайта https://pro100-mica.dreamwidth.org

 

ЛІТАРАТУРА

1. Алексеева, М. Листая страницы истории... / М. Алексеева / Голас Расоншчыны. – 2017. – 1 ліп. – С. 9.

2. Бектинеев, Ш. И. Клястицкие бои 1812 / Ш. И. Бектинеев // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.] / редкол.: Г. П. Пашков [и др.]. – Минск : БелЭн, 2007. – Т. 4 : Картография–Миноговые. – С. 90–91.

3. Зямля нашых продкаў // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Расонскага раёна / рэдкал.: Б. І. Сачанка [і інш.] ; мастак А. М. Хількевіч. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1994. – С. 22–55.

4. Кузяков, Д. Ф. Битва под Клястицами: неизвестные штрихи / Д. Ф. Кузяков ; беседовала Т. Лопатина // Голас Расоншчыны. – 2012. – 21 ліп. – С. 8.

5. Минина, А. В. Сражение под Клястицами – первая крупная победа русского оружия / А. В. Минина // Гісторыя і грамадазнаўства. – 2012. – № 8. – С. 50–51.

6. Подлипский, А. М. Смерть генерала Кульнева: легенда, которая легко опровергается / А. М. Подлипский // Віцебскія старажытнасці : матэрыялы навуковай канферэнцыі, [20–21 кастрычніка 2011 г., 14–15 лістапада 2012 г., г. Віцебск] / рэдкал.: Г. У. Савіцкі, В. А. Шышанаў, Н. Ю. Шаркоўская. – Мінск, 2013. – С. 155–157.

7. Сеньков, В. Петрополя спасатель / В. Сеньков // Віцьбічы = Витьбичи. – 2012. – 23 авг. – С. 5.

8. Старый Архивариус. Война 1812 года и Беларусь / Старый Архивариус // Архівы і справаводства = Архивы и делопроизводство. – 2012. – № 4. – С. 144–156.

9. Трофимычев, Д. Россонские холмы, сгубившие Кульнева... / Д. Трофимычев // Белорусская нива. – 2012. – 15 авг. – С. 7.

10. Чаплина, М. Непобедимые Клястицы / М. Чаплина // Народная газета. – 2012. – 9 жн. – С. VI.

11. Ярошевич, К. Российскую империю спасли... под Клястицами: сражение в июле 1812 года на Россонщине предопределило исход Отечественной войны / К. Ярошевич // Белорусская нива. – 2011. – 3 дек. – С. 15.