Гісторыя. Расонскі раён. Рэвалюцыйныя падзеі і ўстанаўленне савецкай улады
- Подробности
- Створана 25.10.2017 08:40
- Адноўлена 27.10.2017 10:59
Вестка аб перамозе лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. у Петраградзе, стварэнні Часовага ўрада і адрачэнні цара была прыхільна сустрэта насельніцтвам Расоншчыны. Надзеі на станоўчыя змены ў жыцці, развіццё новых эканамічных адносін выклікалі хвалю народных мітынгаў. У сакавіку яны адбыліся і на Расоншчыне – у вёсках Альбрэхтава, Тродавічы, Прыбыткі.
Вясной 1917 г. ва Увазнясенскай, Ефрасіннеўскай, Мікалаеўскай валасцях былі створаны сялянскія валасныя і вясковыя камітэты. У канцы мая на валасных сходах адбыліся выбары дэлегатаў на Полацкі павятовы сялянскі з'езд, асноўным патрабаваннем якога была перадача без выкупу ўсёй памешчыцкай зямлі як беднаму, так і заможнаму сялянству. 9 чэрвеня 1917 г. Полацкі павятовы з'езд сялянскіх дэпутатаў прыняў рэзалюцыю, у якой адзначалася, што ўся зямля перадаецца без выкупу ў карыстанне таму, хто яе апрацоўвае. Прыватная ўласнасць на зямлю адмянялася.
На фоне агульнай барацьбы за зямлю на Расоншчыне актыўна ішоў працэс самавольнага захопу памешчыцкіх зямель, лясоў. Вясной 1917 г. сяляне з вёскі Ніўё, Гальніца, Высокае насеклі будаўнічага лесу ў маёнтку «Чырвоны двор» і пачалі будаваць замест старых хацін новыя. Сяляне з в. Філатава падзялілі паміж сабой частку памешчыцкай зямлі ў фальварку Коракі і не падпарадкаваліся патрабаванню прыказчыка вярнуць яе.
У гэтых умовах у Мікалаеўскай і іншых валасцях адбываліся сялянскія сходы. У прынятых рашэннях аб зямлі ўказвалася, што практычнае выкананне гэтага пытання адкладаецца да Устаноўчага сходу і любыя самавольныя дзеянні забараняліся. Тым не менш самавольныя захопы зямель працягваліся.
Пасля Кастрычніцкага ўзброенага паўстання 1917 г. у Петраградзе ўлада на Расоншчыне ва ўмовах цяжкай класавай барацьбы паступова была сканцэнтравана ў бальшавіцкіх Саветах. Галоўнае пытанне рэвалюцыі – аграрнае – вырашалася на аснове ажыццяўлення Дэкрэта аб зямлі, які быў варожа сустрэты былымі яе ўладальнікамі. Адзначаліся выпадкі знішчэння імі сваёй маёмасці і жывёлы. Група памешчыкаў з асобных валасцей Расоншчыны і Невельскага павета сабралася ў фальварку Межна да памешчыка Запеніна і імкнулася аказаць супраціўленне прадстаўнікам улады. У валасцях Расоншчыны працягвалі існаваць земскія ўправы, сялянскія камітэты і іншыя органы кіравання, створаныя яшчэ Часовым урадам. Іх дзейнасць выклікала незадаволенасць Савецкай улады, якая стварала свае зямельныя камітэты. У канцы 1917 г. працавалі камісіі па развёрстцы зямельных, лясных і іншых угоддзяў у адпаведнасці з Дэкрэтам аб зямлі. Яны бралі на ўлік памешчыцкія маёнткі, праводзілі падрыхтоўчыя работы да іх падзелу.
Выбары валасных і сельскіх Саветаў на Расоншчыне праходзілі ў студзені – лютым 1918 г.
Старыя органы ўлады – валасныя земствы і іншыя ўстановы – распускаліся. Усе падведамасныя ім справы пераходзілі да валасных Саветаў рабочых, сялянскіх і салдацкіх дэпутатаў. У асобных валасцях старыя валасныя ўправы былі проста перайменаваны ў валасныя Саветы, але хутка такое становішча пачалі выпраўляць. Так, у Аляксандраўскай воласці 17 мая 1918 года ў такім Савеце былі праведзены новыя выбары. Перавыбіраліся і іншыя Саветы, якія не адпавядалі патрабаванням новай улады.
У першыя паслякастрычніцкія гады Расоншчына ў межах Віцебскай губерні з 7 лістапада 1917 года ўваходзіла ў склад Заходняй вобласці, з 13 верасня 1918 года – Заходняй камуны, з 1 студзеня 1919 года – БССР.
У канцы 1917 – пачатку 1918 гг. на Расоншчыне ішла арганізацыя атрадаў Чырвонай гвардыі. У студзені 1918 г. пункты па іх фарміраванні былі ў вёсках Сакалішча, Клясціцы. Пазней у в. Альбрахтава быў створаны занальны камітэт па фарміраванні чырвонагвардзейскіх атрадаў.
18 лютага 1918 года войскі Германіі, парушыўшы ўмовы перамір'я, пачалі наступленне і захапілі большую частку Віцебшчыны, у т. л. і Расоншчыны. У акупіраванай мясцовасці былі ліквідаваны ўсе рэвалюцыйныя парадкі, адноўлена прыватная ўласнасць на зямлю і прамысловыя прадпрыемствы. За супраціўленне нямецкім уладам учыняліся цяжкія расправы з насельніцтвам. Падаткамі была абкладзена ўся свойская жывёла.
Вясной 1918 г. сяляне паўсюдна стваралі ўзброеныя партызанскія атрады, якія змагаліся супраць іншаземцаў. У в. Альбрэхтава, цэнтры свабоднай ад акупацыі Увазнясенскай воласці, адбыўся сход сялян з Расон, Сяляўшчыны, Залюбежжа і іншых месцаў, які абвясціў мабілізацыю ўсіх мужчын, здольных насіць зброю, на барацьбу з германскімі войскамі. Такія ж рашэнні былі прыняты на сялянскіх сходах іншых вёсак ва Увазнясенскай, Клясціцкай, Ефрасіннеўскай і Уладзімірскай валасцях. Так было створана злучэнне партызанскіх атрадаў, у канцы сакавіка 1918 г. у ім было каля 5 тысяч байцоў. На чале злучэння стаў К. Ф. Гатоўскі, ураджэнец в. Залюбежжа Увазнясенскай воласці, удзельнік Першай сусветнай вайны, кавалер 2 Георгіеўскіх крыжоў. Штаб злучэння знаходзіўся ў в. Сяляўшчына. Фарміраваліся партызанскія атрады ў Арцейкавіцкай, Юхавіцкай валасцях. Востра стаялі пытанні ўзбраення партызан, і ў Вялікія Лукі, Невель, Петраград былі пасланы хадакі за зброяй. Усяго з Вялікіх Лук і Петраграда было атрымана 4500 вінтовак, 8 кулямётаў, 4 гарматы. Супраціўленне, аказанае партызанскімі атрадамі ва Увазнясенскай, Ефрасіннеўскай, Арцейкавіцкай і Уладзімірскай валасцях, спыніла прасоўванне нямецкіх войск на поўнач ад Полацка ў напрамку Себежа і Ідрыцы.
Летам 1918 г. на Расоншчыне на вызваленых ад немцаў тэрыторыях ствараліся камбеды – апорныя пункты дыктатуры пралетарыяту на вёсцы, каб усталяваць новую ўладу шляхам ліквідацыі палітычнага і эканамічнага ўплыву заможнага сялянства.
Пасля лістападаўскай рэвалюцыі 1918 г. у Германіі нямецкія войскі пакінулі тэрыторыю Беларусі.
У лютым 1919 г. цэнтральная і ўсходняя часткі Віцебшчыны, у тым ліку і Расоншчына, у якую ўваходзілі часткова Аляксандраўская, Уладзімірская, Увазнясенская, Ефрасіннеўская, Клясціцкая, Мікалаеўская, Юхавіцкая воласці, былі далучаны да РСФСР.
У складзе РСФСР тэрыторыя сучаснага Расонскага раёна была падзелена паміж Валадарскай, Пралетарскай, Чырвонаармейскай, Юхавіцкай валасцямі.
7 сакавіка 1924 года Віцебская губерня была далучана да БССР. 17 ліпеня 1924 года паводле пастановы ЦВК БССР «Аб адміністрацыйна-гаспадарчым дзяленні БССР» у складзе Полацкай акругі быў створаны Расонскі раён. 20 жніўня 1924 года раён быў падзелены на 10 сельсаветаў: Альбрэхтаўскі, Гарбачэўскі, Дзмітраўскі, Клясціцкі, Мілавіцкі, Парэцкі, Руднянскі, Сакалішчанскі, Сяляўшчынскі, Юхавіцкі. 4 жніўня 1927 года да раёна былі далучаны Краснаборскі, Круцікаўскі, Павалуцкі, Старадворскі, Тродавіцкі, Шніткаўскі сельсаветы ліквідаванага Краснаборскага раёна.
3 1924 г. на Расоншчыне стваралася сістэма ідэалагічнай асветы. Перасоўная школа па ліквідацыі палітычнай неадукаванасці, адкрытая паводле пастановы раённага камітэта кампартыі, праводзіла заняткі па палітасвеце з 5 да 8 гадзін вечара штодзённа, акрамя выхадных. Тут таксама чыталіся лекцыі агранамічнага цыкла.
Разбураная вайной гаспадарка патрабавала аднаўлення, адной з яе форм было абагуленне сялянамі маёмасці і стварэнне камун, таварыстваў па сумеснай апрацоўцы зямлі. Адной з першых на Расоншчыне была Мокаўская сельскагаспадарчая камуна.
У 1925 г. быў узяты курс на развіццё сельскагаспадарчай і крэдытнай кааперацыі, асноўнымі задачамі якой была арганізацыя крэдытаў, перапрацоўка і збыт сельскагаспадарчай прадукцыі, развіццё ўсіх форм калектыўнага земляробства, забеспячэнне сялянства сродкамі вытворчасці.
Першае крэдытнае сельскагаспадарчае таварыства ўзнікла ў красавіку 1923 г. у в. Альбрэхтава, дзе ўжо быў падобны вопыт (у дарэвалюцыйны час тут існавала даволі моцнае крэдытнае таварыства). Да снежня 1924 г. у раёне было 4 сельскагаспадарчыя і 3 спажывецкія таварыствы, якія аб'ядноўвалі каля 2 тысяч пайшчыкаў. У канцы 1926 г. узніклі Краснапольскае і Клясціцкае крэдытныя сельскагаспадарчыя таварыствы. Актыўнымі арганізатарамі таварыстваў у раёне на той час былі Фёдар Тогулеў, Лаўрэнцій Мінавіч Лапенка, Ксенія Міронаўна Грачуха і іншыя.
Крэдытныя сельскагаспадарчыя таварыствы стваралі ў раёне машынныя таварыствы, якія ўжо маглі купіць малатарні, арфы, ільнамялкі, парныя конныя плугі і іншы сельскагаспадарчы інвентар. Члены таварыстваў працавалі на грамадскіх пачатках, бясплатна. 3 агульнага фонду плацілі толькі машыністу. Машынныя таварыствы былі ў вёсках Альбрэхтава і Сяляўшчына. На 1 кастрычніка 1925 года ў раёне меліся 92 конныя, 25 ручных малатарняў, 156 арфаў. Быў пабудаваны млын з механічным прывадам, 8 вадзяных млыноў, 66 кузняў.
Да верасня 1929 г. у раёне было 12 калгасаў, 1 камуна, 4 меліярацыйныя, 19 машынных таварыстваў, 4 таварыствы па сумеснай апрацоўцы зямлі, 2 малочныя арцелі, якасна вырасла крэдытная кааперацыя.
3 колькасным ростам калгасаў паўстала праблема механізацыі сельскай гаспадаркі. Калгасы набывалі тэхніку, у тым ліку і трактары, у дзяржавы на льготных умовах, атрымліваючы для гэтага крэдыты. Было вырашана ствараць машынна-трактарныя станцыі, якія на Расоншчыне з'явіліся ў красавіку 1931 г. Да Вялікай Айчыннай вайны ў раёне МТС былі ў Расонах, Краснаполлі і Клясціцах. У Расонах на 1931 г. на МТС было 4 малатарні, 20 трактароў.
Працэс пераводу сельскай гаспадаркі на калгасныя рэйкі працягваўся, аднак звышзадача суцэльнай калектывізацыі ў Расонскім раёне да Вялікай Айчыннай вайны так і не была вырашана. У 1936 г. ёю было ахоплена 88,9 % сялянскіх гаспадарак, у 1937 г. у раёне было каля тысячы аднаасобных гаспадарак. Нягледзячы на ўсе намаганні, за два месяцы 1937 г. у калгасы ўступіла толькі 30 гаспадарак.
У 1938 г. Расонскі раён увайшоў у склад створанай Віцебскай вобласці. На 1 студзеня 1941 года ў раёне было 16 сельсаветаў: Альбрэхтаўскі, Гарбачэўскі, Дзмітроўскі, Заборскі, Клясціцкі, Краснаборскі, Круцікаўскі, Мілавіцкі, Парэцкі, Руднянскі, Сакалішчанскі, Старадворскі, Сяляўшчынскі, Тродавіцкі, Шніткаўскі, Юхавіцкі.
ЛІТАРАТУРА
1. Алексеева, М. Листая страницы истории... / М. Алексеева // Голас Расоншчыны. – 2017. – 1 ліп. – С. 9.
2. Буракоў, В. Кастрычнік на Расоншчыне В. Буракоў // Камуністычны шлях (Расоны). – 1981. – 10 лістап. – С. 2.
3. Дулеба, Г. З гісторыі школ Расонскага раёна [1917–1925 гады] / Г. Дулеба // Голас Расоншчыны. – 2007. – 9 студз. – С. 2.
4. З нашай гісторыі // Голас Расоншчыны. –1991. – 17 студз. – С. 3.
5. Кожар, Н. Нашы замлякі чырвонагвардзейцы / Н. Кожар // Камуністычны шлях (Расоны). – 1984. – 23 лют. – С. 2.
6. Матулевская, Н. Россонщина весёлая, звонкая, певучая... / Н. Матулевская // Голас Расоншчыны. – 2016. – 6 лют. – С. 5.
7. Прудоўскі, Р. Нам – 80 : [з гісторыі раёна] / Р. Прудоўскі // Голас Расоншчыны. – 2004. – 2 ліп. – С. 4
8. Час барацьбы і выпрабаванняў // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Расонскага раёна / рэдкал.: Б. І. Сачанка [і інш.] ; мастак А. М. Хількевіч. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1994. – С. 56–112.