Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Гісторыя. Расонскі раён. Вялікая Айчынная вайна

У пачатку Вялікай Айчыннай вайны ў раёне быў створаны знішчальны батальён на чале з начальнікам раённай міліцыі Ніжнікавым. Яго байцы ахоўвалі масты, дарогі, прамысловыя аб'екты. Знішчальныя атрады былі створаны і ў сельсаветах. У 1-й палавіне ліпеня тэрыторыю раёна абаранялі воіны 22-й арміі. Выключную стойкасць у баях паказала 112-я стралковая дывізія (камандзір-палкоўнік І. А. Капяк). Тэрыторыя Расонскага раёна была акупіравана захопнікамі ў ліпені, Расоны – 17 ліпеня 1941 года.

На Расоншчыне гітлераўцы правялі карныя аперацыі «Пантэра» № 32 (жнівень 1942 г.), «Заяц-бяляк» (студзень – люты 1943 г.), «Зімовае чараўніцтва» (люты – сакавік 1943 г.), «Генрых» (кастрычнік – лістапад 1943 г.).

За час акупацыі на тэрыторыі Расонскага раёна поўнасцю і часткова спалена 199 вёсак, з іх 6 (Ваўкова, Велле, Гарэлая Яма, Гуйды, Плігаўкі, Ражнова) не адрадзіліся.

6 лютага 1943 г. усе 52 двары вёскі Харытонава былі спалены, са 181 чалавека, якія жылі да вайны, 45 былі па-зверску знішчаны. У снежні 1943 г. 49 жыхароў былі расстраляны. На месцы расстрэлу насыпаны Курган Памяці.

10 лютага 1944 года ў вёску Гарбачэва ўварваўся карны атрад. Фашысты сагналі ў хлеў жанчын, старых і дзяцей і 4 сутак іх катавалі, потым расстралялі, трупы спалілі. Загінулі 120 чалавек.

Да вайны ў вёсцы Баканіха быў 41 двор. 1 лютага 1943 года было расстраляна і спалена 40 жыхароў. Восенню 1943 г. карнікі расстралялі 22 чалавекі, а на наступны дзень сагналі ў хату 86 жыхароў і падпалілі. Пасля вайны ў вёсцы засталася адна хата.

У першыя месяцы акупацыі ў вёсцы Юхавічы створаны гітлераўскі гарнізон і лагер ваеннапалонных, у якім трымалі 150 чалавек. У маі 1942 г. партызаны знішчылі гарнізон і ліквідавалі лагер ваеннапалонных. Гітлераўцы некалькі разоў нападалі на вёску, 6 лістапада 1942 года спалілі большую частку вёскі, а ў лютым 1943 г. канчаткова знішчылі яе. Уцалелыя жыхары в. Юхавічы перажылі зімовыя халады ў зямлянках ва ўрочышчах Святая Гара і Чортавы Бары. 10 красавіка 1944 года карнікі дабраліся да лагера жыхароў і закатавалі 250 жанчын, дзяцей і старых.

Каля 1500 жыхароў гарадскога пасёлка Расоны прайшлі праз жахі і выпрабаванні, якія выпалі на долю вязняў фашысцкіх канцлагераў.

На тэрыторыі Расонскага раёна дзейнічалі патрыятычнае падполле, падпольныя райкамы КП(б)Б і ЛКСМБ, партызанскія брыгады 1-я і 2-я Дрысенскія, 3-я Беларуская, 4-я Беларуская, 1-я – 12-я, 16, 20, 21-я Калінінскія брыгады, «За Савецкую Беларусь», імя Кароткіна, імя Леніна, імя Ракасоўскага, Расонская імя Сталіна, асобныя партызанскія атрады «Баявы», імя Чкалава, «Трэція».

Са жніўня 1941 г. да верасня 1942 г. дзейнічала Расонскае патрыятычнае падполле. Арганізатар і кіраўнік – настаўнік Расонскай сярэдняй школы П. М. Машэраў. Аб'ядноўвала 38 патрыётаў. Узначальваў арганізацыю камітэт з 10 чалавек. Да канца 1941 г. пад кіраўніцтвам камітэта створаны і дзейнічалі падпольныя групы ў вёсках Альбрэхтава (кіраўнік П. А. Альшанікаў), Грачушына (У. А. Яфрэменка), Ражнова (М. М. Іваноў), Пірагі (У. А. Хамчаноўскі), Шалашнікі (М. Я. і П. Я. Гігелевы), Клясціцы (С. П. Пархімовіч, І. М. Малахаў, Б. Я. Руба), Мілавіды (І. М. Марачкоўскі), Ізбішча, Роўнае Поле, Сінск, Фаміно, Юхавічы. Да вясны 1942 г. патрыятычнае падполле налічвала каля 150 членаў. Камітэт Расонскай арганізацыі падтрымліваў цесныя сувязі з Гарбачэва-Мурагоўскім, Заборскім, Межаўскім, Сакалішчанскім, Сельніцка-Краснапольскім падполлем.

Галоўнай сваёй задачай падпольшчыкі лічылі ўзброеную барацьбу з ворагам. Яны сталі ініцыятарамі разгортвання ў раёне масавага партызанскага руху. Збіралі зброю і боепрыпасы, вялі нарыхтоўку адзення, абутку, харчоў, медыкаментаў, перавязачных сродкаў і інш. Да восені 1942 г. амаль усе падпольшчыкі сталі партызанамі.

У маі 1942 г. партызаны разграмілі паліцэйскія ўчасткі і валасныя ўправы на тэрыторыі 10 сельсаветаў. 19 верасня 1942 года партызаны Расонскай брыгады імя Сталіна вымусілі гітлераўцаў пакінуць Расоны.

У Расонскім і суседніх з ім Асвейскім, частцы Дрысенскага і Полацкага раёнаў была створана Расонска-Асвейская партызанская зона з плошчай каля 10 тыс. км2 і насельніцтвам прыкладна 100 тыс. чалавек. На яе тэрыторыі дыслацыравалася 10 партызанскіх брыгад, 2 асобныя атрады, некалькі разведвальных і дыверсійных груп. У студзені 1943 года некалькі партызанскіх атрадаў ажыццявілі рэйд на тэрыторыю Латвіі і разграмілі гітлераўскі гарнізон у мястэчку Вецслабада. Каб ліквідаваць партызанскую зону, гітлераўцы правялі 2 карныя аперацыі запар. Аднак аб'яднаныя сілы партызанскіх брыгад і асобных атрадаў адстаялі тэрыторыю партызанскай зоны, выратавалі тысячы мірных жыхароў і нанеслі ворагу значны ўрон.

У час правядзення аперацыі «рэйкавая вайна» партызаны Расонскай брыгады імя Сталіна, 3-й Беларускай, байцы брыгад «Няўлоўныя», імя Ракасоўскага, 4-й Беларускай з 9 жніўня па 15 верасня 1943 года знішчылі 2913 рэек, пусцілі пад адхон 22 воінскія эшалоны.

Расонскі раён вызвалены войскамі 2-га і 1-га Прыбалтыйскіх франтоў у ходзе асенне-зімовай кампаніі 1943–1944 гг., Полацкай (29 чэрвеня – 4 ліпеня 1944 года) і Рэжыцка-Дзвінскай (10–27 ліпеня 1944 года) наступальных аперацый. Баявыя дзеянні вялі войскі 22-й арміі 2-га Прыбалтыйскага фронту, злучэнні і часці 83-га стралковага корпуса і 101-я асобная Казахская стралковая брыгада 4-й ударнай арміі 1-га Прыбалтыйскага фронту. Гарадскі пасёлак Расоны быў вызвалены 12 ліпеня 1944 года часцямі 19-й Дзвінскай стралковай дывізіі 22-й арміі, 119-й і 219-й Ідрыцкай стралковых дывізій 4-й ударнай арміі 2-га Прыбалтыйскага фронту ў час Рэжыцка-Дзвінскай аперацыі 1944 г.

На Расоншчыне нарадзіліся Героі Савецкага Саюза старшы лейтэнант С. І. Жукаў, старшы лейтэнант А. К. Шэлепень, кавалер ордэна Славы 3 ступеней сяржант П. І. Рубіс, генерал-маёр М. Д. Ходан.

У кнізе «Памяць. Расонскі раён» названы прозвішчы 2285 савецкіх воінаў, якія загінулі пры абароне і вызваленні Расонскага раёна і пахаваны на яго тэрыторыі; прозвішчы 3876 воінаў-землякоў, што загінулі ці прапалі без вестак на франтах Вялікай Айчыннай вайны; прозвішчы 5625 партызан, падпольшчыкаў, якія загінулі ці прапалі без вестак, асобаў, што садзейнічалі партызанскаму руху і падполлю, членаў іх сем'яў і мірных жыхароў – ахвяр фашысцкага тэрору.

У гэтай кнізе таксама названы прозвішчы 27 воінаў-землякоў, якія прайшлі дарогамі вайны і былі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі.

 

ЛІТАРАТУРА

1. Бородулькина, А. Воспоминания о суровой юности / А. Бородулькина // Голас Расоншчыны. – 2016. – 11 чэрв. – С. 6.

2. Гореликова, И. Верный сторож умиротворённой тишины... / И. Гореликова // Голас Расоншчыны. – 2017. – 24 чэрв. – С. 9.

3. Дорожник, подпольщик, диверсант, командир / подгот. А. Бородулькина // Голас Расоншчыны. – 2016. – 2 ліп. – С. 5.

4. Ішла вайна свяшчэнная // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Расонскага раёна / рэдкал.: Б. І. Сачанка [і інш.] ; мастак А. М. Хількевіч. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1994. – С. 113–513.

5. Лопатина, Т. Командиры россонских партизан / подготовила Т. Лопатина // Голас Расоншчыны. – 2014. – 12 ліп. – С. 8.

6. Маленькая победа и трофейные велосипеды / подгот. А. Бородулькина // Голас Расоншчыны. – 2016. – 7 мая. – С. 7.

7. «Много было тяжёлых боёв, но мы свято верили в победу...» / подгот. А. Бородулькина // Голас Расоншчыны. – 2016. – 21 мая. – С. 5.

8. Папкоўскі, Л. П. Расонскае патрыятычнае падполле / Л. П. Папкоўскі // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 2001. – Т. 13 : Праміле–Рэлаксін. – С. 358.

9. Россонский бой 1942 // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2011. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 2. – С. 412.

10. Россонский бой 1942 // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.] / редкол.: Г. П. Пашков [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2008. – Т. 6 : Пейзаж–Снегирёв. – С. 510.

11. Россонское антифашистское подполье // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2011. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 2. – С. 418.

12. Россонское антифашистское подполье // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.] / редкол.: Г. П. Пашков [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2008. – Т. 6 : Пейзаж–Снегирёв. – С. 511–512.

13. Россонско-Освейская партизанская зона // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2011. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 2. – С. 418–419.

14. Россонско-Освейская партизанская зона // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.] / редкол.: Г. П. Пашков [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2008. – Т. 6 : Пейзаж–Снегирёв. – С. 512.

15. Сельникско-Краснопольское подполье // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.] / редкол.: Г. П. Пашков [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2008. – Т. 6 : Пейзаж–Снегирёв. – С. 619.

16. Шумейка, М. Ф. Расонскі бой 1942 / М. Ф. Шумейка // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 2001. – Т. 13 : Праміле–Рэлаксін. – С. 358.

17. Языковіч, Э. Ф. Расонска-Асвейская партызанская зона / Э. Ф. Языковіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 2001. – Т. 13 : Праміле–Рэлаксін. – С. 358.