Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Народная творчасць. Расонскі раён

Расоншчына ўваходзіць у буйны гісторыка-этнаграфічны рэгіён Беларусі – Паазер'е. Гэты край мае не толькі даўнюю гісторыю, але і глыбокія традыцыі песеннай культуры, сваю лакальную непаўторнасць.

Расонскі раён заўсёды прыцягваў увагу збіральнікаў і даследчыкаў фальклору. У розны час у рэгіёне пабывалі Л. Фёдараў, Н. Гілевіч, 3. Мажэйка, Т. Якіменка, Т. Варфаламеева, I. Назіна, I. Сіневіч і іншыя.

Фальклор Расоншчыны сабраны і апублікаваны ў зборніках «Песні народных свят і абрадаў» Н. Гілевіча (1974), «Песні беларускага Паазер'я» 3. Мажэйкі (1981), у шматтомным выданні «Беларуская народная творчасць» Акадэміі навук Беларусі, захоўваецца ў рукапісных зборах даследчыкаў.

Песенны фальклор рэгіёна мае сваю самабытнасць і непаўторнасць. Песні ахопліваюць усе бакі жыцця і дзейнасці мясцовых жыхароў. Адны з іх звязаны з пэўнымі датамі земляробчага календара («калядныя», «валачобныя», «купальскія», «жніўныя»), другія – з падзеямі асабістага жыцця («вясельныя», «хрэсьбінскія»), некаторыя выконваюцца проста для душы, «абы калі».

Каляндарна-земляробчыя песні маюць асаблівую значнасць у народным усведамленні. На Расоншчыне іх называюць «надобныя». Гэта значыць, якія «надобна» спяваць толькі ў вызначаную пару года.

Гадавы песенны каляндар адкрываюць Каляды («Калёды»). 3 прыняццем хрысціянства царква прымеркавала да Каляд святы нараджэння Хрыстова, святога Васіля (стары Новы год) і Вадохрышча. Напярэдадні гэтых свят спраўляюцца тры куцці, рытуальныя трапезы.

Неад'емную частку калядных свят складаюць абходы двароў аднавяскоўцаў з пажаданнямі гаспадарам добрага ўраджаю, дастатку ў доме, шчасця ў сям'і. Увечары калядоўшчыкі, пераапрануўшыся і размаляваўшыся, каб іх ніхто не пазнаў, заходзяць у кожны двор і спяваюць спецыяльную песню:

Ішла каліда упярод ражства, Коліда, коліда!

Зайшла яна к хазяіну,

К хазяіну, к Іванічку.

– Ці ты спіш, ці адпачываіш?

Калі спіш, дак бог з табою.

А ня спіш – дак адчыні вакно,

Адчыні вакно, паглядзі ў яго,

Што на тваім двары дзеіцца:

Сам бог ходзіць, шатры ставіць.

У першым шатры – ясны месіц,

У другім шатры – ясна сонца,

У трэцім шатры – дробны звёзды.

Ясны месіц – сам хазяін,

Ясна сонца – яго жонка,

Дробны звёзды – яго дзеткі.

Нясі, Ванька, гарэлку з клеці,

Цягні, Манька, кішкі з печы.

Масці кладку, заві ў хатку.

Ад авечкі – чвэрку грэчкі,

Ад свіначкі – саланіначкі,

Ад кароўкі – хоць палоўкі.

Запісана ў в. Сакалішча ад Н. I. Гарновай і Л.I. Кабылінскай.

Калядоўшчыкаў чакалі ў кожным двары, запрашалі іх у хату, рыхтавалі падарункі і былі вельмі задаволены, што тыя не мінулі двор.

Пашыраны на Расоншчыне і жартоўныя калядкі, якія звычайна спяваюць дзецям:

За мхом, за мхом, на пожанкі, Коліда, коліда!

Зялёная жабка кросны ткала.

Прышоў жа к ей чорны арачак.

– Ды й спех табе, зялёная жабка.

– Спасіба табе, чорны арачак.

– Што ж у цябе, жабка, нітачкі рвуцца?

– Што ж у цябе, рачак, вусікі дмуцца?

– Што ж у цябе, жабка, ножкі кароткі?

– Што ж у цябе, рачак, вочкі іззаду?

Зялёнаю жабку калясом сатруць,

Чорнага рачка рыбакі з'ядуць.

Запісана ў в. Забор'е ад Е. Ц. Шубанавай.

У калядныя вечары дзяўчаты варажылі пра сваю будучыню. Асабліва папулярная варажба «на сон». Перад тым, як легчы спаць, дзяўчына павінна пайсці за вадой, узяць з сабой замок і замкнуць яго перад калодзежам. Вярнуўшыся дадому, трэба пакласці ключ пад падушку, сказаць: «Суджаны-раджаны, прыхадзі каня паіць, у мяне ключ» і больш не гаварыць ні слова. Або палажыць пад падушку мыла, расчоску, ручнік і сказаць: «Суджаны-раджаны, прыхадзі мылам умывацца, расчоскай расчэсвацца, ручніком выцірацца». I суджаны абавязкова прывідзіцца.

У веснавы перыяд найважнейшыя даты былі звязаны са святамі Вялікдзень, Юр'я і Сёмуха (Троіца).

На Вялікдзень хрысціянская царква прымеркавала сваё галоўнае свята – Пасху (на Расоншчыне называюць «Паска»). Адзначаецца гэта свята ўрачыста. У суботні вечар жанчыны «ўчыняюць пірагі», пякуць спецыяльны каравай – «паску», гатуюць багаты стол. Самы галоўны пасхальны прадукт – чырвонае яйка. 3 яго пачынаюць рытуальнае снеданне, нясуць на Радаўніцу (аўторак другога тыдня пасля Пасхі) на могілкі, каб памінуць сваіх продкаў.

Мясцовыя жыхары памятаюць, што на Вялікдзень раней хадзілі валачобнікі. Гэты звычай пераклікаецца з аналагічным калядным абходам двароў. Валачобнікі заходзілі ў кожны двор і пелі «пасхальную песню»:

Світая паска, Хрыстос, сын божа васкрос!

Ці спіш-ляжыш?

Калі ня спіш,

Масці кладку,

Заві ў хатку,

Кварту гарэлкі,

Сыр на тарэлкі.

Запісана ў в. Гараўцы ад К. I. Пазняковай.

Гаспадары дзякавалі валачобнікаў абрадавымі падарункамі. Хадзілі з валачобнікамі і музыканты.

6 мая (23 красавіка па старым стылі) адзначаецца Юр'я (Ягор'я). Мясцовыя жыхары лічаць Юр'еў дзень самым галоўным веснавым святам. Раней менавіта ў гэты дзень упершыню пасля доўгай зімы ўрачыста выганялі ў поле жывёлу, праводзілі розныя заклінальныя, засцерагальныя дзеянні. «Кароўкі-бароўкі, хадзіце па лясу, не разбягайцеся нікуды» – з гэтым прыгаворам трэба было тройчы абысці статак. I песні спявалі на Юр'я, але, на жаль, яны не захаваліся.

Праз сем тыдняў пасля Вялікадня святкавалі Сёмуху (Тройцу). Першыя тры дні Тройцы жыхары Расоншчыны ходзяць на могілкі памінаць памерлых родзічаў, галосяць па іх.

У летнім каляндарна-абрадавым песенным цыкле найбольш вылучаюцца купальскія і жніўныя песні.

Купалле (Івана Купалу) святкавалі ўноч з 6 на 7 ліпеня. Днём перад купальскім святам дзяўчаты хадзілі збіраць зёлкі. Лічылася, што сабраныя на Купалу расліны, маюць лекавую моц. Па гэтых зёлках дзяўчаты варажылі: клалі пад падушку ці прымацоўвалі над ложкам. Зёлкі выкарыстоўвалі і для барацьбы з чараўнікамі, якія ў купальскую ноч быццам бы адбіралі ў кароў малако. Увечары дзе-небудзь за вёскай хлопцы і дзяўчаты раскладвалі вялікае вогнішча, уздымалі на шасце запаленае кола. Усю ноч вакол купальскага агню моладзь вадзіла карагоды і спявала песні. Найбольш пашыраныя з іх «Купала, Купала, дзе ты прыбувала?», «Сягоння Купала, заўтра Іван», «Ляцев чыжак чэраз рынак», «Как пасею мак, мак, канапелькі». Вось адна з гэтых песень:

Сівонні Купала, заўтра Йван.

Ці знаеце, хлопцы, што будзіць вам?

Пагоніця кошак у поля.

Кошкі на ёлкі скакаці,

Мальцы на кошак брахаці.

Лезьце, кошкі, далойкі,

Пагонім вас дамойкі.

Будзім кошак даіці,

Мальцам калатуху бяліці.

Запісана ў в. Янкавічы ад А. П. Трацко.

Жніво на Расоншчыне пачыналася з «зажынак». У час жніва на полі гучала шмат песень. Жанчыны «піялі» «Закаціся, сонейка, да за лес, за дуброўку», «Закурыўся да дробнінькі дожджык па чыстаму полю», «Палезла свякроўка на тын глядзець, а ці шыбка нявестка жнець», «Кругла, мала балоцівачка», «Пара, жонкі, дамоў ісці, паціряла заря ключы», «Красна сонца ніпагадліва: рана ўсходзіць, позна коціцца» і інш.

Завяршаюць каляндарна-земляробчы песенны круг Расоншчыны ярынныя песні, якія гучаць у час жніва яравога хлеба («Да літала яравая пчолка», «Грозна і тучкі сходзюцца ў кучкі»), і ільнавыя, «як лён ірвуць» («На гарэ лён, белы кужаль», «Як пры дарозе, як пры шырокай Маруся лён брала»).

Сямейна-абрадавы песенны цыкл звязаны з трыма асноўнымі этапамі жыццёвага шляху чалавека – уступленне ў шлюб, нараджэнне і смерць.

Вяселле – адна з самых вялікіх урачыстасцей у жыцці чалавека. На Расоншчыне, як і ў іншых рэгіёнах Беларусі, уласна вяселлю папярэднічаюць сватанне, запоіны («запіўкі»), дзе назначаецца дзень вяселля і дзявочнік («баяркі»), які адбываецца непасрэдна перад вяселлем, калі нявеста збірае сваіх сябровак-дзяўчат.

«Свадзёбны» музычны фальклор Расоншчыны вельмі цікавы і разнастайны. Кожнай дзеючай асобе і кожнаму этапу вяселля адпавядаюць свае песні. Значная частка іх адрасуецца галоўнай гераіні – маладой.

Шмат песень прысвечана свату. Гэта і жартоўныя «Ці любіш, сваточак, парасяціну?», «Сват у бані мыўся і штаны забыўся», і велічальная «А ў нашага свата прыгожая хата».

Хроснай маці спяваюць велічальную «Хросная мамка на куце, як золат персцінь на руцэ», а хроснаму бацьку – жартоўную «Хроснага татухны барада гарыць».

Характэрнай асаблівасцю паўночнабеларускага вяселля з'яўляецца традыцыя вясельных галашэнняў. У Расонскім раёне яны амаль не захаваліся, але памяць мясцовых жыхароў зберагла асобныя рысы гэтага рытуалу («Нявеста галасіла, як надзялялі, а маці – як праважала»).

Радаснай падзеяй у жыцці сям'і з'яўляецца нараджэнне дзіцяці. У гонар нованароджанага заўсёды ладзілася ўрачыстае застолле – «хрэсьбіны», дзе разам з песнямі, якія выконваюцца ў любы час, гучаць уласна хрэсьбінскія.

На Расоншчыне вельмі развіта традыцыя галашэнняў. Галосяць на вяселлі, галосяць па нябожчыку, і нават, калі адпраўляюць хлопца ў армію.

Значную частку музычнага фальклору Расоншчыны складаюць песні, якія не звязаны з абрадамі, святамі і абставінамі выканання. Яны гучаць «абы калі», «дзе хочаш», «дзе якая гульня», «у якой пірушкі». У гэтую шматлікую групу ўваходзяць песні жартоўнага зместу («Гарэлачка, мая белачка, як я цябе люблю», «А жонка мужа да знівірала, павяла ў поля да й прывязала»), песні пра горкае жыццё жанчыны з мужам-п'яніцам («Ой, пара дамоўкі ідці», «На гарэ жыта ні ярыцца, казалі, мой муж – ні п'яніца»), пра гаротную ўдовіну долю.

Добра памятаюць мясцовыя жыхары і так званыя «вечарынкі», дзе танцы пад акампанемент вясковых музыкантаў («Венгерка», «Джанджоха», «Субота», «Падэспань», «Зялёная рошча», «Полька») чаргаваліся з выкананнем прыпевак.

Музычныя фальклорныя традыцыі жывуць у побыце народных выканаўцаў. Яны і зберагаюць гэты бясцэнны скарб продкаў. Яркімі носьбітамі і захавальнікамі народных традыцый, свят і абрадаў з'яўляюцца А. П. Трацко і Г. А. Баграцова з в. Янкавічы, I. А. Малахава з в. Красты, В. Р. Астроўская з в. Гарбачэва, К. I. Пазнякова і А. В. Заенка з в. Гараўцы, В. П. Ліцвінава з в. Альбрэхтава, Н. I. Гарнова і Л. I. Кабылінская з аг. Сакалішча, А. М. Гаўрыленка і Г. М. Касарэўская з в. Старына, Е. Ц. Шубанава і М. Макарэнка з в. Забор'е, Л. X. Сакалоўская і Н.Ф. Казлова з в. Бухава і многія іншыя жыхары Расоншчыны.

Прапаганда нацыянальнага здабытку, народных традыцый і звычаяў з'яўляецца адным з важных накірункаў дзейнасці фальклорнага калектыву «Крыніца» пры Янкавіцкім СДК, народнага вакальна-харэаграфічнага ансамбля «Свяціца», узорнага фальклорнага ансамбля «Нежачкі», народнага клуба аматараў народнай песні «Вечарына» Клясціцкага СДК і іншых.

 

ЛІТАРАТУРА

1. Дулеба, Г. Гісторыя талакі на Расоншчыне / Г. Дулеба // Голас Расоншчыны. – 2009. – 8 верас. – С. 3.

2. Дулеба, Г. Жніўны рытуал Расоншчыны / Г. Дулеба // Голас Расоншчыны. – 2009. – 28 ліп. – С. 2.

3. Кавалёва, Н. «Горка рэдзька, ды ядуць, дрэнна замужам, ды ідуць» / Н. Кавалёва ; гутарыла А. Кірылава // Голас Расоншчыны. – 2013. – 27 ліп. – С. 8.

4. Народная культура Віцебшчыны: вывучэнне, захаванне, папулярызацыя : матэрыялы навукова-практычнай канферэнцыі, прысвечанай 165-годдзю М. Нікіфароўскага, 21 мая 2010 г. / рэдкал.: Л. Вакар [і інш.]. – Мінск : Нацыянальная бібліятэка Беларусі, 2012. – 235 с.

5. Народная культура Віцебшчыны : матэрыялы навукова-практычнай канферэнцыі «Працэсы мадэрнізацыі народнай культуры і вопыт устаноў культуры і адукацыі Віцебшчыны па захаванню традыцый», 26–27 мая 2005 г. / рэдкал.: Л. Вакар [і інш.]. – Віцебск : ВДУ імя П. М. Машэрава, 2007. – 272 с.

6. Сіневіч, І. Л. Песенная спадчына Расоншчыны / І. Л. Сіневіч // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Расонскага раёна / рэдкал.: Б. І. Сачанка [і інш.] ; мастак А. М. Хількевіч. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1994. – С. 542–546.