Бібліятэкі. Расонскі раён
- Подробности
- Створана 06.04.2020 11:38
- Адноўлена 06.04.2020 14:08
Дзяржаўная ўстанова культуры «Цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма Расонскага раёна» прадстаўлена раённай бібліятэкай, дзіцячай, сельскімі бібліятэкамі-філіяламі – 8, бібліятэкамі-клубамі – 2.
У 1926 годзе была заснавана раённая бібліятэка пры Народным Доме ў г. п. Расоны. Колькасць чытачоў складала 160 чалавек, кніжны фонд – 3087 экзэмпляраў. Працавала 20 перасовачных бібліятэк, якія перамяшчаліся па вёсках.
У 1937 годзе былі адкрыты хаты-чытальні.
З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны праца бібліятэкі была спынена. У 1947 годзе аднавілася. Для прыцягнення чытачоў праводзіліся чытацкія канферэнцыі, літаратурныя вечары, бібліяграфічныя агляды і іншыя мерапрыемствы.
У 1965 годзе быў адноўлены Расонскі раён. Раённая бібліятэка стала метадычным цэнтрам для ўсіх бібліятэк раёна. Вялікую ўвагу супрацоўнікі бібліятэкі надавалі выхаванню моладзі на прыкладах старэйшага пакалення. Павялічвалася колькасць чытачоў. У 1968 годзе кніжны фонд склаў 28789 экзэмпляраў, якімі актыўна карысталіся 1612 чытачоў.
Быў створаны сайт Расонскай ЦБС. У Расонскай ЦБС працуюць 23 работнікі.
Структура Расонскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы
бібліятэка-клуб Галубова (асаблівая ўвага надаецца рабоце з жыхарамі аддаленых вёсак. Для моладзі праводзяцца тэматычныя пазнавальныя і забаўляльныя мерапрыемствы);
бібліятэка-клуб Кавалі (пры правядзенні масавых мерапрыемстваў шырока выкарыстоўваюцца тэатралізаваныя прадстаўленні, гульнявыя элементы, конкурсныя праграмы);
Гарбачэўская бібліятэка-філіял № 6 (у бібліятэцы аформлена музейная экспазіцыя, прысвечаная знакамітаму земляку Яну Баршчэўскаму. З малодшымі школьнікамі вядзецца работа ў рамках дзіцячага клуба «Воробышек» – конкурсы, віктарыны, літаратурныя мерапрыемствы);
Дварышчанская бібліятэка-філіял № 16 (вялікая праца праводзіцца з работнікамі сельскай гаспадаркі, жыхарамі аддаленых вёсак);
Заборская бібліятэка-філіял № 10 (у рамках мэтавай праграмы «Бібліятэка – цэнтр міласэрнасці» бібліятэка працуе з інвалідамі, пажылымі і адзінокімі людзьмі. Супрацоўнічае з дзяржаўнай прыродаахоўнай установай «Эко-росы». Ажыццяўляе пошук і падборку краязнаўчых матэрыялаў пра славутасці на турыстычных маршрутах);
Клясціцкая бібліятэка-філіял № 24 (накірунак працы – краязнаўчы. Распрацаваны тэматычны план «Беларусь – мая Радзіма». З удзельнікамі краязнаўчага клуба «Вясёлка» праводзяцца цыклы краязнаўчых чытанняў, конкурсы знаўцаў роднай мовы, майстар-класы па ткацтве);
Краснапольская бібліятэка-філіял № 12 (бібліятэка працуе ў рамках мэтавай праграмы «Бібліятэка – цэнтр міласэрнасці». На працягу некалькіх гадоў пры бібліятэцы паспяхова працуе літаратурная гасцёўня «Сустрэча», частыя госці якой – самадзейныя паэты і мастакі);
Расонская раённая дзіцячая бібліятэка-філіял № 1 (дзейнічае экалагічны клуб «Книгочей – эколог» для дзяцей малодшага школьнага ўзросту);
Расонская цэнтральная раённая бібліятэка;
Сакалішчанская бібліятэка-філіял № 21 (пры бібліятэцы паспяхова працуе жаночы клуб «Гаспадыня». У плане работы клуба пазнавальныя, забаўляльныя мерапрыемствы, літаратурныя вечары, творчыя майстар-класы);
Сяляўшчынская бібліятэка-філіял № 18 (са старшакласнікамі мясцовай школы, якія ўваходзяць у краязнаўчае аб'яднанне «Нашчадкі», праводзіцца вялікая праца па прапагандзе народных промыслаў, народнай творчасці і кулінарнай спадчыны);
Янкавіцкая бібліятэка-філіял № 20 (цэнтральнае месца ў рабоце бібліятэкі адведзена адраджэнню беларускіх народных абрадаў. Праводзяцца святы народнага і праваслаўнага календара – Каляды, Масленіца, Купалле, Спас і некаторыя іншыя).
Структура Расонскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы: раённая бібліятэка, абанемент, чытальная зала, аддзел бібліятэчнага маркетынгу, аддзел камплектавання, апрацоўкі і арганізацыі адзінага фонду.
Бібліятэкі Расонскага раёна займаюцца не толькі зборам і захаваннем дакументаў і друкаваных выданняў, але і з'яўляюцца адукацыйнымі, навуковымі, культурнымі і інфармацыйнымі цэнтрамі.
Асноўная дзейнасць – бібліятэчна-бібліяграфічнае і інфармацыйнае забеспячэнне інфармацыяй жыхароў Расонскага раёна, прапаганда дзейнасці мясцовых заканадаўчых і выканаўчых органаў улады, садзейнічанне ў адраджэнні нацыянальнай культуры, захаванні гістарычнай і культурнай спадчыны, распаўсюджванні ведаў.
Публічны цэнтр прававой інфармацыі дае чытачам свабодны доступ да прававой інфармацыі, якая змяшчаецца ў дзяржаўных інфармацыйных рэсурсах: інфармацыйна-пошукавай сістэме «ЭТАЛОН», інтэрнэт-рэсурсах прававой тэматыкі, друкаваных і электронных выданнях.
Публічныя цэнтры прававой інфармацыі пры Расонскай цэнтральнай раённай, Клясціцкай, Краснапольскай і Сяляўшчынскай бібліятэках ажыццяўляюць супрацоўніцтва з мясцовымі органамі ўлады, падатковай інспекцыяй, цэнтрам занятасці, аддзеламі ўнутраных спраў, пракуратурай, судом, інспекцыяй па справах непаўналетніх, натарыяльнай канторай, установамі адукацыі. Напрамкі работы: арганізацыя бясплатных юрыдычных кансультацый; правядзенне мерапрыемстваў, якія садзейнічаюць прававой адукацыі, павышэнню прававой інфармаванасці і прававой культуры грамадзян.
У склад фонду Расонскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы ўваходзяць фонды раённай бібліятэкі, дзіцячай бібліятэкі і сельскіх бібліятэк-філіялаў.
Па стане на 1 студзеня 2020 года фонд налічвае 112557 экзэмпляраў.
Па змесце дакументы размеркаваны наступным чынам: (кнігі, брашуры – 101653, перыядычныя выданні – 9624, электронныя выданні – 306, аудыёвізуальныя і іншыя выданні – 1107, мастацкая літаратура – 74296, літаратура на беларускай мове – 34085 экзэмпляраў).
Бібліятэчны фонд складаецца з вялікай колькасці дакументаў, розных па відах, змесце і прызначэнні. Шырока прадстаўлена даведачная літаратура: энцыклапедыі, слоўнікі, даведнікі, навучальныя дапаможнікі. Да паслуг карыстальнікаў багаты выбар мастацкай літаратуры – ад класічнай да белетрыстыкі.
Аформлена падпіска на 65 найменняў перыядычных выданняў рознай тэматыкі (часопісы – 48, газеты – 17 найменняў).
Бібліятэкамі раёна аказваюцца платныя паслугі: камерцыйны абанемент, начны абанемент, ксеракапіраванне, каляровы друк, раздрукоўка фатаграфій, паштовак і інш.
Віртуальныя выставы
«Жыве ў сэрцах і памяці народнай» (П. М. Машэраў);
«Ствараючы прыгажосць сваімі рукамі»;
«Культура – тварэнне розуму і рук чалавечых»;
«Навінкі кніжных паліц»;
«Роднай зямлі шматгалоссе».
Бібліятэкі Расоншчыны выкарыстоўваюць новыя формы работы. Работнікі сумесна з удзельнікамі народнага клуба самадзейных паэтаў «Натхненне» арганізуюць «Бібліятэчны дэсант» у сельскія ўстановы культуры і адукацыі. У 2019 годзе была апрабавана такая форма работы, як паэтычны марафон. Першы з іх пад назвай «Ода Расонам» быў прымеркаваны да 465-годдзя з дня заснавання г. п. Расоны. У ім прынялі ўдзел прадстаўнікі працоўных калектываў райцэнтра. Расонская цэнтральная раённая бібліятэка стала удзельнікам міжнароднага адкрытага творчага вэб-марафона «Пушкін без межаў».
ЛІТАРАТУРА
1. Библиотека – маленький островок духовности / подгот. Н. Матулевская // Голас Расоншчыны. – 2014. – 1 лістап. – С. 9.
2. Бородулькина, А. «Любимый герой из сказок Виталия Бианки» / А. Бородулькина, И. Гореликова, М. Алексеева // Голас Расоншчыны. – 2017. – 28 кастр. – С. 9.
3. Бородулькина, А. Открыли секреты лесов / А. Бородулькина // Голас Расоншчыны. – 2017. – 25 сак. – С. 6.
4. Бородулькина, А. Юные читатели путешествовали «с белым корабликам» / А. Бородулькина // Голас Расоншчыны. – 2018. – 4 жн. – С. 8.
5. Галаўня, Л. Дзеля душы і духоўнага развіцця / Л. Галаўня // Голас Расоншчыны. – 2006. – 15 верас. – С. 2.
6. Гарэлікава, І. Песняру роднай мовы прысвячаецца... / І. Гарэлікава // Голас Расоншчыны. – 2017. – 8 ліп. – С. 9.
7. Гореликова, И. Александра Зайцева: «У библиотекаря не должно быть любимых авторов» / И. Гореликова // Голас Расоншчыны. – 2017. – 16 верас. – С. 8.
8. Гореликова, И. «Бабушкины сказки» / И. Гореликова, А. Бородулькина // Голас Расоншчыны. – 2017. – 2 снеж. – С. 3
9. Гореликова, И. Книга – лекарство для души / И. Гореликова // Голас Расоншчыны. – 2017. – 16 верас. – С. 5.
10. «Дети разные нужны – дети разные важны» / М. Алексеева [и др.] // Голас Расоншчыны. – 2017. – 3 чэрв. – С. 13.
11. Кириллова, Е. Библиотека – детям / Е. Кириллова, Т. Лопатина // Голас Расоншчыны. – 2017. – 18 лют. – С. 3.
12. Кириллова, Е. «Поможем и защитим» / Е. Кириллова, А. Бородулькина, И. Гореликова // Голас Расоншчыны. – 2017. – 19 жн. – С. 3.
13. Кірылава, А. Чытаць – значыць, выйсці ў людзі / А. Кірылава // Голас Расоншчыны. – 2012. – 20 студз. – С. 1.
14. Лапаціна, Т. З дабром і кнігай па жыцці / Т. Лапаціна // Голас Расоншчыны. – 2007. – 14 верас. – С. 1–2.
15. Лапаціна, Т. «Жыў-быў вожык» / Т. Лапаціна, А. Барадулькіна // Голас Расоншчыны. – 2017. – 5 жн. – С. 3.
16. Лебедзева, В. Носьбіты культуры, маралі, адукаванасці / В. Лебедзева // Голас Расоншчыны. – 2010. – 14 верас. – С. 1.
17. Лопатина, Т. «В гости к Шляхтичу Завальне» / Т. Лопатина, А. Бородулькина, И. Гореликова // Голас Расоншчыны. – 2017. – 12 жн. – С. 4.
18. Мовшева, Т. М. Детские книги вбирают в себя целый мир / Т. М. Мовшева, Г. Н. Струк ; беседовала М. Алексеева // Голас Расоншчыны. – 2013. – 30 сак. – С. 6.
19. Прудоўскі, Р. І кажуць людзі дзякуй / Р. Прудоўскі // Голас Расоншчыны. – 2006. – 12 снеж. – С. 3.
20. Рыбакова, Н. Праздник тех, кто любит и ценит книгу / Н. Рыбакова ; беседовала И. Гореликова // Голас Расоншчыны. – 2017. – 16 верас. – С. 5.
21. Скоп, В. Пераможца ў абласным этапе Рэспубліканскага экалагічнага форуму / В. Скоп // Голас Расоншчыны. – 2005. – 23 жн. – С. 2.
СПАСЫЛКІ
Афіцыйны сайт ДУК «Расонская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма»