Гісторыя. Сенненскі раён. Дарэвалюцыйны перыяд
- Подробности
- Створана 24.10.2017 08:40
- Адноўлена 17.09.2024 09:46
Тэрыторыя сучаснага Сенненскага раёна ў старажытнасці была заселена славянамі-крывічамі і ўваходзіла ў склад Полацкага княства – самага ранняга на беларускіх землях дзяржаўнага ўтварэння. Крывічы жылі пераважна ў вёсках, аднак на выпадак варожых набегаў мелі і ўмацаваныя гарадзішчы, якія з часам ператварыліся ў гарады – цэнтры княжацкіх удзелаў. Адным з такіх старадаўніх крывіцкіх цэнтраў з'яўляецца Лукомль.
Неспакойна жылося насельніцтву Сенненшчыны ў старадаўнія часы. Полацкае княства, якое мела выхад па Заходняй Дзвіне да Балтыкі, сапернічала з Ноўгарадам і Кіевам. 3 канца 1120-х гг. у Полацку вялікую ролю пачало адыгрываць веча, якое вырашала важнейшыя палітычныя пытанні.
У пачатку XIV ст. уся Полацкая зямля ўвайшла ў склад Вялікага княства Літоўскага (ВКЛ). Першыя князі ВКЛ не парушылі раней усталяванага тут дзяржаўнага і грамадскага ладу. Яны пакідалі на ўдзелах мясцовых князёў, задавальняючыся іх васальнай залежнасцю. Лукомскае княства аказалася ўцягнутым у барацьбу за правы праваслаўнай шляхты, супраць акаталічвання.
З канца XV ст. вялікія князі маскоўскія пачалі адваёўваць памежныя землі. Такім нападам падвяргалася і Сенненшчына.
У сярэдзіне XVI ст. Сянно, Беліца і Палонка ўваходзілі ў склад Віцебскага ваяводства. Да сярэдзіны XVI ст. большая частка тэрыторыі сучаснага Сенненскага раёна занята была непраходнымі лясамі, дзе вялося шмат звяроў. Паляванне было важным заняткам насельніцтва. Паляванне на каштоўных звяроў давала вялікую колькасць футра, якое складала важны прадмет гандлю. Існаваў унутраны гандаль паміж мястэчкамі і сельскімі паселішчамі.
Да сярэдзіны XVI ст. палова ворнай зямлі Сенненшчыны была ў дзяржаўнай маёмасці, а другая палова належала буйным і дробным феадалам. Так, напрыклад, вялікае сяло Алексінічы ў сярэдзіне XVI ст. належала Сапегам.
У выніку заключэння Люблінскай уніі 1569 г. Сенненшчына, як і ўсе землі Вялікага княства Літоўскага, увайшла ў склад Рэчы Паспалітай. Маючы ў цэлым станоўчыя палітычныя вынікі для ВКЛ, унія садзейнічала аднак паланізацыі шляхты і гарадскога насельніцтва, пашырэнню каталіцызму.
У сярэдзіне XVII ст. у Сянно паявіўся новы ўладальнік, яго набылі буйныя магнаты Сапегі, якім ужо належала ў акрузе некалькі сёл.
У першай палове XVII ст. адбывалася далейшае павелічэнне паншчыны. Расла яна як у магнацкіх уладаннях, так і ва ўладаннях дробнай і сярэдняй шляхты. Акрамя паншчыны, шырокае распаўсюджванне мелі гвалты, талокі, загоны – надзвычайныя работы, якія былі звязаны са жнівом, сенакосам, ворывам, рамонтам млыноў, грэбляў, гацяў.
У 20–30-я гг. XVII ст. на Беларусі адбываліся выступленні сялян і гарадской беднаты супраць феадальна-прыгонніцкага ўціску. Многія далучаліся да казакоў. Пасланцы Багдана Хмяльніцкага, пераапранутыя гандлярамі, жабракамі, манахамі, у 1648 г. прыходзілі на Беларусь, заклікаючы сялян да сумеснай барацьбы супраць магнатаў і шляхты. Антыфеадальныя выступленні сялян былі задушаны, але незадаволенасць сялян сваім становішчам прымушала іх шукаць падтрымкі на ўсходзе.
Другая палова XVII ст. характарызуецца ўзмацненнем каталіцкай царквы як афіцыйнай у Рэчы Паспалітай. Акрамя кляштара ордэна францысканцаў, які быў пабудаваны ў 1690 г. у Сянно, праз 60 гадоў быў узведзены дамініканскі манастыр у Беліцы.
Не паспела поўнасцю аднавіцца сельская гаспадарка пасля вайны 1654–1667 гг., як на Беларусь прыйшла новая навала. Паўночная вайна Расіі са Швецыяй у 1-й чвэрці XVIII ст. яшчэ больш пагоршыла эканамічнае становішча на Беларусі, якая стала арэнай барацьбы ваюючых бакоў. Праз Сенненшчыну праходзілі рускія войскі, што суправаджалася паборамі і бясчынствамі, асабліва з боку казакоў. Пасля Паўночнай вайны вельмі марудна аднаўлялася сельская гаспадарка, эканамічнае ажыўленне назіралася ў асноўным у прыватнаўласных мястэчках і гарадах. Сянно да сярэдзіны XVIII ст. належала Сапегам, а затым перайшло да буйных магнатаў Агінскіх. Раздзіраемая ўнутранымі супярэчнасцямі, знясіленая войнамі, Рэч Паспалітая была падзелена паміж больш моцнымі суседнімі краінамі.
Пасля першага падзелу (1772 ) да Расіі адышлі частка Полацкага ваяводства на правым беразе Дзвіны, Віцебскае і Мсціслаўскае ваяводствы, памежныя тэрыторыі Мінскага ваяводства (Рагачоў, Гомель, Прапойск). 3 новых правінцый была створана Магілёўская губерня на чале з губернатарам генералам Кахоўскім. Полацкі і Віцебскі паветы былі далучаны да Пскоўскай губерні, аддадзенай пад кіраванне генералу Крачэтнікаву.
У 1773 г. Сянно было аб'яўлена павятовым цэнтрам Магілёўскай губерні. У 1778 г. зацверджаны план горада, а ў 1781 г. горад атрымаў герб: «в зеленом поле две золотые косы в знак изобилия сеном, от которого сей город и названье свое получил». Як і ў кожным павеце, тут быў утвораны павятовы суд і ў ім так званая ніжняя расправа, у якой судзіліся недваранскія элементы: дзяржаўныя сяляне, што жылі ў былых старостаўскіх маёнтках, даволі шматлікі тут слой стараабраднікаў і вольныя людзі. Для дваран існавала верхняя расправа. Былі ўведзены таксама дваранская апека, павятовы спраўнік, або каштан, павятовыя казначэй, каморнік і доктар з вучнямі і іншыя павятовыя ўстановы і пасады. Для іх дзейнасці быў пабудаваны драўляны дом. У 1783 г. была адкрыта паштовая кантора.
Далучэнне ўсходняй часткі Беларусі да Расіі не сустрэла ніякіх перашкод. Насельніцтва прыняло прысягу і нават большасць беларускай шляхты не выявіла ніякіх варожых адносін да Расіі. 3 сярэдзіны XVIII ст. Сянно належала буйным магнатам Агінскім і заставалася прыватнаўласніцкім горадам.
Складаючы палову мужчынскага насельніцтва, яўрэі ў канцы XVIII – пачатку XIX ст. займаліся гандлем, трымаючы большую частку лавак і пітных устаноў, а таксама трымалі ў арэндзе невялікія маёнткі, былі арандатарамі ў буйных магнатаў Агінскіх, якім належала Сянно і некалькі сёлаў. У 1826 г. Сянно перайшло да графа Серакоўскага.
У 1812 г. Расія падверглася ваеннаму нашэсцю французскай арміі. Не абмінула гэтая навала і Сенненшчыну. Насельніцтва падверглася рабаванню. Французы забіралі коней, жывёлу, прадукты харчавання, абкладалі насельніцтва непасільнымі падаткамі і кантрыбуцыяй. На ваенныя патрэбы забіралі збожжа, сена, гарэлку, кажухі, абутак і інш. Усё гэта заносілася ў раскладачныя ведамасці, якія складаліся ў Магілёве і накіроўваліся ў паветы. За невыкананне паставак насельніцтва сурова каралася. Калі заможная, асабліва спаланізаваная, шляхта звязвала з Францыяй надзеі на аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772 г., то сялянства ўсходняй часткі Беларусі аказвала французам супраціўленне. Яно пакідала свае дамы і цэлымі вёскамі накіроўвалася ў лясы. Захаваліся дакументы, якія сведчаць пра размах партызанскага руху ў Багушэўску і акрузе.
Інвентары сведчаць, што ў большасці маёнткаў надта пашыранай была паншчына ў шэсць дзён: тры дні «работы мужчынскай» і тры дні «работы жаночай». Акрамя таго, сяляне павінны былі выконваць дадатковыя павіннасці. Гэта выклікала незадаволенасць, яны ўцякалі ад сваіх памешчыкаў. Такое становішча было да адмены прыгоннага права ў1861 г.
Прамысловасць у той час амаль не існавала. У мястэчку меліся два невялічкія гарбарныя і адно дрэваапрацоўчае прадпрыемствы. Некаторыя буйныя памешчыкі мелі невялікія бровары, дзе перапрацоўвалі частку збожжа на гарэлку і спірт. Дастатковая колькасць лясоў давала магчымасць выпрацоўваць смалу, дзёгаць і паташ. Нарыхтоўкай лесу і яго сплавам займаліся яўрэі. Гандаль не быў вельмі развіты, бо Сянно знаходзілася далека ад асноўных шляхоў зносін.
У 1848 г. у Сянно была занесена халера, ад якой памерла 118 гараджан і вельмі многа жыхароў навакольных вёсак. У 1860 г. здарыўся вялікі пажар, які знішчыў амаль усе драўляныя будынкі. Паколькі ў горадзе было толькі тры мураваныя пабудовы, то горад давялося будаваць нанова.
Асвета ў XVIII – першай палове XIX ст. была развіта слаба. Існавалі яўрэйская школа і вучылішча пры кляштары францысканцаў, заснаваным у 1609 г. Была школа пры кляштары базыльянаў у Беліцы. Недалёка ад г. Сянно знаходзілася Горы-Горацкая земляробчая школа, дзе рыхтавалі спецыялістаў як для дзяржаўных землеўладанняў, так і для маёнткаў. 3 40-х г. XIX ст. у вёсках адкрываліся пачатковыя школы, але ў Сенненскім павеце такіх школ было мала. Царскі ўрад не вельмі клапаціўся аб простых людзях. Да 1864 г. Сянно ўсё яшчэ заставалася прыватнаўласніцкім горадам, даходаў у гарадскую казну не паступала. У той час у горадзе пражывала 1007 мужчын і 723 жанчыны.
У пачатку XX ст. пачаўся працэс беларускага Адраджэння. З'явіліся першыя масавыя беларускія газеты «Наша доля» і «Наша Ніва». Адкрываліся першыя беларускія школы. У гэты час вельмі яскрава праяўляецца талент выдатных класікаў беларускай літаратуры Я. Купалы, Я. Коласа, А. Пашкевіч (Цёткі). Са снежня 1903 г. да вясны 1904 г. Я. Купала працаваў на Сенненшчыне ў маёнтку Беліца.
Яшчэ горш, чым асвета, было наладжана медыцынскае абслугоўванне насельніцтва. Бывалі выпадкі, калі эпідэміі ахоплівалі да 30 населеных пунктаў, як, напрыклад, брушны тыф у 1905 г. У выніку такога становішча працягласць жыцця была невысокай.
У эканамічным жыцці сенненскай вёскі пэўную ролю адыграла сталыпінская аграрная рэформа, бо тут абшчыннае землеўладанне складала 86,7%.
Талачынская арганізацыя РСДРП распаўсюджвала сярод насельніцтва Сенненшчыны адозвы Магілёўскай раённай арганізацыі Палескага камітэта РСДРП аб узмацненні барацьбы супраць памешчыкаў і капіталістаў. Адным з кіраўнікоў сялянскіх выступленняў быў слесар Пуцілаўскага завода Афанасій Іванавіч Шыбека, які прыбыў на радзіму з Пецярбурга. Пад яго кіраўніцтвам жыхары вёсак Луг, Леснікова Раснянскай воласці ў колькасці 300 чалавек 27 лістапада прыйшлі ў маёнтак Барок памешчыка Каралька і прагналі ўсіх рабочых, патрабуючы павышэння заработку.
У 1906 г. на Сенненшчыне мелі месца неаднаразовыя выступленні сялян, высечкі лесу, прычым сяляне аказвалі ўзброенае супраціўленне карным атрадам. Нягледзячы на разгул рэакцыі, рух «за зямлю і волю» працягваўся. У 1907–1909 гг. у 5 паветах Віцебскай і Магілёўскай губерняў адбыліся 163 сялянскія выступленні, накіраваныя супраць хутарызацыі.
У гэты час вялікую работу сярод насельніцтва праводзілі бальшавікі. Пад уплывам іх прапаганды навабранцы і сялянская моладзь грамілі маёнткі, вінныя крамы, склады.
Голад і разарэнне прынесла працоўным Першая сусветная вайна. 3 самага пачатку вайны беларускія губерні былі аб'яўлены на ваенным становішчы, царскія ўлады ўвялі тут люты рэжым тэрору. Да пачатку ўсеагульнай мабілізацыі былі прыведзены ў баявую гатоўнасць паліцыя і жандармерыя. Але гэта не дапамагло. Гады, якія папярэднічалі вайне, характарызаваліся ўзмацненнем рэвалюцыйнай барацьбы беларускага сялянства з царызмам, памешчыкамі і кулакамі. Сталыпінская ж рэформа, не знішчыўшы прыгонных перажыткаў, яшчэ больш узмацніла расслаенне сялянства, абвастрыла класавыя супярэчнасці ў вёсцы. Глыбіня народнага гневу і нянавісці да эксплуататараў і самадзяржаўя найбольш яскрава выявілася з аб'яўленнем мабілізацыі. У той ці іншай форме хваляванні ахапілі 20 з 35 беларускіх паветаў.
У Сенненскім павеце былі разгромлены 11 казённых вінных крам і 12 маёнткаў, а ў Пачаевічах і Ходцах, апроч таго, правялі масавую парубку памешчыцкіх лясоў і падпалілі пасевы збажыны. Карны атрад у Сенненскі павет узначаліў асабіста губернатар. Ён аддаў загад падвяргаць удзельнікаў нападаў на памешчыцкія маёнткі лупцоўцы розгамі і спальваць іх жыллё і маёмасць.
Найбольш цяжкія страты вайна нанесла сялянскай гаспадарцы, асабліва бядняцкім і серадняцкім дварам. Сярод фактараў, якія адмоўна паўплывалі на стан сельскай гаспадаркі, трэба перш за ўсё назваць памяншэнне колькасці рабочых рук на вёсцы.
На сялянскіх гаспадарках таксама цяжка адбывалася перамяшчэнне бежанцаў і армейскіх атрадаў з абозамі, якія на сваім шляху забіралі харчаванне, фураж, спусташалі пасевы, сенажаці. Так, толькі ў 1914–1915 гг. цераз Магілёўскую губерню прайшло больш за мільён бежанцаў. На прадметы першай неабходнасці існавала небывалая дарагавізна. Забеспячэнне харчаваннем да пачатку 1917 г. было цалкам дэзарганізавана. Такім чынам, імперыялістычная вайна паскорыла працэс збяднення працоўных. На пачатак 1917 г. насельніцтва апынулася на мяжы голаду.
Натуральным вынікам усяго сацыяльна-эканамічнага і палітычнага развіцця Расіі ў першыя два дзесяцігоддзі XXст., нарастаючага па ўсёй імперыі рэвалюцыйнага руху, з'явілася падзенне ў лютаўскія дні 1917 г. самадзяржаўя. Улада перайшла да Часовага ўрада.
ЛІТАРАТУРА
1. Ад прадзедаў спакон вякоў...: Сенна, 1442 / [В. В. Бандарэвіч, В. М. Лісоўская]. – [Б. м.] : [б. в.], 2013. – 194 с.
2. Ад часоў першабытных – 1917 // Памяць: Сенненскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: У. С. Богаў [і інш.] ; уклад. С. В. Шайко ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Паліграфафармленне, 2003. – с. 27–72.
3. Кисляков, А. Инвентари: следы прошлого / А. Кисляков // Голас Сенненшчыны. – 2024. – 25 чэрв. – С. 5.
4. Кисляков, А. Огнем и мечом. Два эпизода из жизни сенненской шляхты / А. Кисляков // Голас Сенненшчыны. – 2023. – 28 лют. – С. 5.
5. Ляшук, С. Июнь на Трактирной / С. Ляшук // Витебские вести. – 2023. – 24 янв. – С. 12.
6. Мосин, А. Первая мировая война: Сенненщина и сенненцы / А. Мосин // Голас Сенненшчыны. – 2019. – 24 верас. – С. 4.
7. Отличились в Первой мировой / подгот. Т. Буракова // Голас Сенненшчыны. – 2019. – 15 студз. – С. 5.
8. Першы доктар медыцыны лекаваў на Сенненшчыне / падрыхт. В. Бандарэвіч // Голас Сенненшчыны. – 2017. – 31 студз. – С. 4.
9. Страницы прошлого // Сенно : ист.-экон. очерк / В. Г. Скопа. – Минск : Беларусь, 1978. – С. 5–11.
10. Яўгенаў, А. Прамысловасць на аснове перапрацоўкі сельгаспрадукцыі / А. Яўгенаў // Голас Сенненшчыны. – 2017. – 23 мая. – С. 3.
СПАСЫЛКІ