Гісторыя. Сенненскі раён. Пасляваенны перыяд
- Подробности
- Створана 24.10.2017 08:40
- Адноўлена 03.04.2024 09:37
На працягу многіх вякоў Сенненшчына не ведала такога спусташэння, як за гады Вялікай Айчыннай вайны. Нямецка-фашысцкія акупанты разрабавалі калгасы, саўгасы, МТС, спалілі больш за 3 тыс. дамоў. У былым Сенненскім раёне яны знішчылі або вывезлі ў Германію 114 трактароў, 9 тыс. галоў буйной рагатай жывёлы, 6 тыс. коней. Было знішчана 1707 жылых будынкаў, 2549 падворных пабудоў, страчана шмат хатняй жывёлы. Амаль кожная сям'я панесла людскія страты.
Вялікую дапамогу пацярпеламу раёну аказала дзяржава. 3 многіх куткоў Савецкага Саюза на чыгуначныя станцыі Багушэўская i Бурбін пачалі прыбываць вагоны з харчаваннем, будаўнічымі матэрыяламі, абсталяваннем, сельскагаспадарчай тэхнікай, насеннем. За 1945–1946 гг. у калгасы раёна паступіла 1089 коней, 2117 галоў буйной рагатай жывёлы, больш за 4 тыс. цэнтнераў насення, 20 трактароў, 13 аўтамашын.
Паступова на Сенненшчыне пачало адраджацца жыццё. У грудах металу, абломках баявых машын механізатары знаходзілі дэталі i збіралі першыя трактары. У прыстасаваных памяшканнях адкрываліся школы, клубы i магазіны. Узорвалася i засявалася ператвораная ў залежы за час вайны зямля. У 1946 г. пасяўныя плошчы збожжавых культур у раёне складалі 76 працэнтаў даваеннага ўзроўню, а 15 калгасаў асволі амаль 16 тыс. гектараў мяккага ворыва, а таксама адноўлены 161 ферма буйной рагатай жывёлы, 160 авечкагадоўчых i 9 конегадоўчых ферм. За два гады ў раёне пабудавана 1080 жылых дамоў.На Сенненшчыне былі адноўлены 2 ільнозаводы, 2 спіртзаводы, дрэваапрацоўчы камбінат, маслазавод, лесапункт, прамкамбінат, усе калгасы i саўгасы. Славіўся прыгарадны калгас «Шлях сацыялізму», які ўзначальваў вопытны камандзір сельскагаспадарчай вытворчасці Б. Грынявецкі. Буйной па тым часе гаспадаркай быў калгас «Чырвоны пуцілавец». Пераадольвалі пасляваенныя цяжкасці i рабочыя саўгаса «Полымя». Давалі прадукцыю цагельны i вапняковы заводы, працавалі лесапільня, млын. Рабочыя за кароткі тэрмін пабудавалі электрастанцыю, радыёвузел на 350 кропак, клуб са стацыянарнай кінаўстаноўкай, дзіцячыя яслі, лазню. Да 1948 г. было адноўлена больш за 1 тыс. кв. м. жылля.
У сувязі з павелічэннем вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі больш упэўнена пачалі развівацца прамысловыя перапрацоўчыя прадпрыемствы: маслазавод, iльнозаводы. Нарошчваліся вытворчыя магутнасці іншых прамысловых прадпрыемстваў, на ix устанаўлівалася новае абсталяванне. Умацоўвалася матэрыяльна-тэхнічная база калгасаў i саўгасаў, школ, культурна-асветных, медыцынскіх устаноў.
У 1966–1975 гг. у г. Сянно пабудаваны біяхімічны завод – прадпрыемства па вытворчасці лізіну, які прымяняецца для ўзбагачэння кармоў. Здадзены ў эксплуатацыю цагельны завод у в. Папоўка. Нарошчвала магутнасці Багушэўская мэблевая фабрыка. За кошт тэхнічнага пераўзбраення вытворчасці, зніжэння сабекошту прадукцыі з прыбыткам працавалі Сенненскі i Багушэускі льнозаводы, камбінат будматэрыялаў, лясгас, лесапункт Аршанскага леспрамгаса i іншыя.
У 1971–1975 гг. у райцэнтры былі пабудаваны Дом быту, раённая бальніца, вузел сувязі, аўтобусная станцыя, рэдакцыя i друкарня, школа № 1 на 940 вучнёўскіх месцаў, інтэрнат міжкалгаснай будаўнічай арганізацыі. Толькі ў г. Сянно ўзведзены 94 жылыя дамы, з'явіліся новыя вуліцы: Юбілейная, Піянерская, Камсамольская, Зялёная.
Умовы для сельскагаспадарчай вытворчасці на Сенненшчыне складаныя. Зямельныя ўгоддзі большасці калгасаў i саўгасаў характарызуюцца рэзкай перасечанасцю рэльефу, захмызнячанасцю, пераўвільгатненнем глеб i дробнай контурнасцю палёў. Правядзенне меліярацыйных работ патрабавалася на плошчы ў 67,3 тыс. гектараў. Пытаннямі паляпшэння зямель у раёне займалася Сенненская ПМК-33.
Значнае месца ў раёне займалі пасевы бульбы i лёну. Штогод калгасы i саўгасы пастаўлялі дзяржаве 17–18 тыс. т. бульбы. У лепшыя гады калгасы i саўгасы прадавалі дзяржаве больш за 1 тыс. т. ільнасемя i 2400–2800 т. ільновалакна. Па вытворчасці малака лепшых паказчыкаў дабіваліся штогод жывёлаводы калгасаў «Сцяг Перамогі», імя Карла Маркса, імя Гастэлы, «Чырвоны пуцілавец». Сапраўдныя фабрыкі мяса дзейнічалі ў калгасах «Кастрычнік», «Бальшавік», «Ледневічы», саўгасах імя Гараўца, «Багушэўскі», «Янова».
У сувязі з умацаваннем матэрыяльна-тэхнічнай базы сельскай гаспадаркі змяніліся аблічча вёсак, характар сялянскай працы. У вёсцы з'явіліся такія спецыялісты, як інжынер-электрык, прараб, у калгасах i саўгасах працавалі дыпламаваныя спецыялісты сельскай гаспадаркі. Па стане на 1 студзеня 1976 г. у сельскай гаспадарцы раёна працавала 570 спецыялістаў, з ix 139 чалавек з вышэйшай i 137 – з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй: аграномы, 98 заатэхнікаў, 97 інжынераў-механікаў, 59 эканамістаў.
20 студзеня 1960 г. далучаны г. п. Багушэўскі і 7 сельсаветаў скасавнага Багушэўскага раёна. У 1999 г. у Сенненскім раёне 12 сельсаветаў, 336 сельскіх населеных пунктаў.
У рамках рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця сяла ў 2005–2010 гг. у Сенненскім раёне былі пабудаваны 10 аграгарадкоў. У 2009 годзе ўведзена ў эксплуатацыю сучасная малочнатаварная ферма на 530 галоў. На 2015 год у раёне дзейнічала 5 сярэдніх школ, 7 навучальна-педагагічных комплексаў «дзіцячы сад – сярэдняя школа», 3 навучальна-педагагічныя комплексы «дзіцячы сад – базавая школа», 3 школы мастацтваў, 2 школы-інтэрнаты, 5 дашкольных устаноў, цэнтры: сацыяльна-педагагічны, карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, раённыя цэнтр культуры і народнай творчасці, Цэнтр дзяцей і моладзі, гарпасялковы і 5 сельскіх дамоў культуры, Дом рамёстваў, 11 сельскіх клубаў, 2 сельскія клубы-бібліятэкі, 20 бібліятэк, сельская бібліятэка-музей этнаграфіі, раённы гісторыка-краязнаўчы музей. Для заняткаў фізкультурай і спортам працуюць фізкультурна-спартыўны комплекс, стадыён, 16 спартыўных залаў, 17 спартыўных ядраў, 10 іншых спартыўных пляцовак, лыжаролерная траса, біятлоннае стрэльбішча і іншыя.
На пачатак 2024 года ў раёне дзейнічаюць прадпрыемствы сельскай гаспадаркі, харчовай і дрэваапрацоўчай прамысловасці. Сельскагаспадарчую вытворчасць у раёне прадстаўляюць 6 адкрытых акцыянерных таварыстваў, сельскагагаспадарчае ўнітарнае прадпрыемства «Дружбінец», сельскагаспадарчае ўнітарнае прадпрыемства «Саўгас імя Машэрава» (вядучае сельскагаспадарчае прадпрыемства, якое спецыялізуецца ў асноўным на вытворчасці свініны), філіял «Віцебская вопытная меліярацыйная станцыя». На іх долю прыпадае 98 % сельскагаспадарчай прадукцыі. Колькасць сялянска-фермерскіх гаспадарак складае 23 адзінкі.
У раёне дзейнічаюць два прамысловыя прадпрыемствы – Сенненскае УП ЖКГ (вытворчасць цеплавой энергіі і лесаматэрыялаў) і Багушэўскае КУПБА «Прэстыж» (вытворчасць швейных вырабаў).
У раёне 5 устаноў дашкольнай адукацыі, 10 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі (уключаючы комплексы «дзіцячы сад – школа»). Дзейнічаюць іншыя ўстановы адукацыі: ДУДА «Сенненскі раённы цэнтр дзяцей і моладзі», ДУА «Цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Сенненскага раёна», ДУА «Сацыяльна-педагагічны цэнтр», Сенненскі дзіцячы дом.
Працуюць 33 установы культуры: раённы цэнтр культуры і народнай творчасці, 13 сельскіх дамоў культуры (у тым ліку клубаў-бібліятэк), Дом рамёстваў, раённы гісторыка-краязнаўчы музей, 3 дзіцячыя школы мастацтва, 15 бібліятэк, сектар па нестацыянарных формах абслугоўвання насельніцтва.
У сістэме аховы здароўя значнае месца займаюць цэнтральная раённая бальніца і раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі. Для заняткаў фізкультурай і спортам ёсць фізкультурна-спартыўны комплекс, навучальна-спартыўная ўстанова «Сенненская СДЮШАР».
Выдаецца газета «Голас Сенненшчыны». Дзейнічае ўстанова «Турыстычны інфармацыйны цэнтр "Сянно"».
У раёне прадстаўлены 3 рэлігійныя канфесіі, якія налічваюць 16 рэлігійных абшчын, з іх: 10 праваслаўных, 1 рымска-каталіцкая, 2 евангельскія хрысціян-баптыстаў, 2 хрысціян веры евангельскай, 1 адвентыстаў Сёмага дня.
ЛІТАРАТУРА
1. 1945 – Да нашых дзён // Памяць: Сенненскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: У. С. Богаў [і інш.] ; уклад. С. В. Шайко ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Паліграфафармленне, 2003. – С. 505–583.
2. Бандарэвіч, В. Гісторыя раёна на старонках газеты / В. Бандарэвіч // Голас Сенненшчыны. – 2017. – 14 студз. – С. 6.
3. Берговина, Н. Послевоенное возрождение жизни / Н. Берговина // Голас Сенненшчыны. – 2022. – 22 лістап. – С. 8.
4. Буракова, Т. Гісторыя раёна на старонках газеты / Т. Буракова // Голас Сенненшчыны. – 2017. – 7 сак. – С. 4.
5. Гісторыя раёна на старонках газеты / падрыхт. Т. Буракова // Голас Сенненшчыны. – 2017. – 15 крас. – С. 4 ; 6 чэрв. – С. 5.
6. Днём разбирали завалы, вечером шли в кино / подгот. О. Бондаревич // Голас Сенненшчыны. – 2017. – 1 ліп. – С. 4.
7. Желтобрюхова, Б. Поле памяти / Б. Желтобрюхова // Голас Сенненшчыны. – 2022. – 4 кастр. – С. 5.
8. Карпова, О. Время подводить [сельскохозяйственные] итоги [Сенненского района] / О. Карпова // Голас Сенненшчыны. – 2023. – 21 кастр. – С. 2.
9. К новым свершениям // Сенно : ист.-экон. очерк / В. Г. Скопа. – Минск : Беларусь, 1978. – С. 52–57.
10. Криштопенко, Л. Жизненный путь достоин уважения / Л. Криштопенко // Голас Сенненшчыны. – 2023. – 10 кастр. – С. 5.
11. Мукомолова, Л. Подвели итоги, определили перспективы / Л. Мукомолова // Голас Сенненшчыны. – 2024. – 6 студз. – С. 2.
12. Мукомолова, Л. Работать максимально эффективно / Л. Мукомолова // Голас Сенненшчыны. – 2023. – 19 снеж. – С. 3.
13. Першыя мірныя перамогі // Голас Сенненшчыны. – 2019. – 2 ліп. – С. 4.
14. Сенненскі раён // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.] / рэдкал.: У. У. Андрыевіч [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2015. – Т. 6 : М–Я. – С. 342–343.
15. Сенненский район // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2011. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 2. – С. 451–454.
16. Сумко, А. Пасляваенная вясковая паўсядзённасць (па матэрыялах вуснай гісторыі Сенненшчыны) / А. Сумко // Сенненскі край: гісторыка-культурная спадчына рэгіёна : зборнік навуковых артыкулаў [навукова-практычнай канферэнцыі, ліпень 2022 г., г. Сянно, Віцебская вобласць] / уклад. А. В. Бараноўскі ; рэдкал.: В. Л. Лакіза [і інш.]. – Мінск : Беларуская навука, 2023. – С. 240–247.
17. Яўгенаў, А. Хто мы? Адкуль мы? / А. Яўгенаў // Голас Сенненшчыны. – 2017. – 26 жн. – С. 1, 3.
18. Яўгенаў, А. Трэба жывым / А. Яўгенаў // Голас Сенненшчыны. – 2020. – 3 сак. – С. 5.