Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Геалагічная будова, карысныя выкапні, рэльеф. Сенненскі раён

 

Паверхня паўднёвай часткі ўзгорыста-платопадобная, у межах Аршанскага ўзвышша, паўночная і паўночна-заходняя часткі раўнінныя, з асобнымі ўчасткамі астраўных павышэнняў у межах Чашніцкай раўніны; на крайнім усходзе – Лучоская нізіна. Найвышэйшы пункт 263 м (каля в. Папіна), найбольш нізкая адзнака 154 м (урэз вады воз. Серакаротня каля в. Рыбнае).

У тэктанічных адносінах Сенненскі раён прымеркаваны да Аршанскай упадзіны. Зверху залягаюць марэнныя і водна-ледавіковыя адклады паазерскага, сожскага і бярэзінскага зледзяненняў магутнасцю ад 30–40 да 240 м (у ледавіковых лагчынах), ніжэй – дэвонскія пясчанікі, гліны, мергелі і даламіты – да 350 м, верхнепратэразойскія гліны, алеўраліты і пясчанікі – да 900–1000 м. Пароды крышталічнага фундамента на глыбіні 750–900 м на захадзе і 1200–1400 м ніжэй узроўня мора на ўсходзе.

Вядомы 184 радовішчы торфу з агульнымі запасамі 36,7 млн. тон (найбольшыя – Мох-Ніжняя Крывіна, Капланскі Мох, Крыпец, Кічынскае, Забоціна-Бярозка); 5 радовішчаў пясчана-жвіровага матэрыялу з запасамі 6,4 млн. м3 (найбольшыя – Воўсішчанскае, Латыгальскае, Дубнякоўскае, Яноўскае); 5 радовішчаў глін і суглінкаў з запасамі 5,2 млн. м3 (найбольшыя – Ракіта, Тупічанскае, Мелькавіцкае, Папоўскае); 3 радовішчы пяскоў з запасамі 24,2 млн. м3 (Маргойскае, Папоўскае-1, Мішчукоўскае). Зараз распрацоўваюцца Воўсішчанскае і Дубнякоўскае радовішчы.

Глебы сельскагаспадарчых угоддзяў: дзярновыя і дзярнова-карбанатныя – 0,7 %, дзярнова-падзолістыя – 57,8 %, дзярнова-падзолістыя забалочаныя – 19,8 %, дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя – 11,5 %, поймавыя (алювіяльныя) забалочаныя – 1,3 %, тарфяна-балотныя – 8,9 %; па механічным складзе: сугліністыя – 55,8 %, супясчаныя – 30 %, пясчаныя – 5,3 %, тарфяныя – 8,9 %. Плоскасная эрозія на 24,4 % плошчы ворных зямель, у тым ліку слабая на 18,8 %; 18,5% ворных зямель завалунена.

Балоты належаць да Гарадоцка-Чашніцкага тарфянога раёна, агульная плошча іх 15,4 тыс. га, з іх 0,7 тыс. га – вярховыя, 13,6 тыс. га – нізінныя, 11 тыс. га – пераходныя. Найбольшыя балотныя масівы: Мох-Ніжняя Крывіна, Хабоціна-Бярозка, Капланскі Мох, Замашанскі Мох, Рудзецкае.

Пад сельскагаспадарчымі ўгоддзямі 48,2 % тэрыторыі (33,8 % – ворныя землі, 13,7 % – сенажаці і пашы).

 

ЛІТАРАТУРА

1. Карысныя выкапні // Геаграфія Беларусі : энцыклапедычны даведнік / рэдкал.: Л. В. Казлоўская [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 1992. – С. 21–41.

2. Качкоў, Ю. П. Сенненска-Расонскі аграглебавы раён / Ю. П. Качкоў // Энцыклапедыя прыроды Беларусі : у 5 т. / рэдкал.: І. П. Шамякін [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – Т. 4 : Недалька–Стаўраліт. – С. 486.

3. Ландшафт, радовішчы, глебы // Памяць: Сенненскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: У. С. Богаў [і інш.] ; уклад. С. В. Шайко ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Паліграфафармленне, 2003. – С. 21–22.

4. Рэльеф і прыродныя раёны // Геаграфія Беларусі : энцыклапедычны даведнік / рэдкал.: Л. В. Казлоўская [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 1992. – С. 42–78.

5. Сенненскі раён / Ф. Ф. Бурак [і інш.] // Энцыклапедыя прыроды Беларусі : у 5 т. / рэдкал.: І. П. Шамякін [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – Т. 4 : Недалька – Стаўраліт. – С. 487–488.

6. Сенненскі раён // Рэспубліка Беларусь. Вобласці і раёны : энцыклапедычны даведнік / аўт.-склад. Л. В. Календа. – Мінск : БелЭн, 2004. – С. 156–158.

7. Сенненский район // Витебская область: природа, туризм, спорт, отдых = Vitebsk region: the nature, tourism, sport, rest / под общ. ред. Л. Л. Прокофьевой. – Витебск : Витебский Центр маркетинга, 2005. – С. 214–219.

8. Сенненский район // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2011. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 2. – С. 451–454.