Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Рэкі. Сенненскі раён

 

Рэкі Сенненшчыны належаць да Верхнедняпроўскага гідралагічнага раёна. Буйных рэк няма. Агульная даўжыня 27 рэчак i ручаёў складае каля 300 км. Гушчыня натуральнай рачной ceткi – 0,43 км2. Агульная даўжыня асушальнай сеткі – 8,2 тыс. км, у тым ліку мaгістральных i падводных каналаў – каля 700 км, рэгуляцыйных каналаў – каля 500 км.

Абалянка – рака ў Талачынскім i Сенненскім раёнах, левы прыток Лучосы (бас. Заходняй Дзвіны). Даўжыня – 89 км. Плошча вадазбору – 809 км2. Сярэднегадавы расход вады ў вусці – 5 м3/с. Сярэдні нахіл воднай паверхні – 0,9 %. Пачынаецца на поўдзень ад в. Данілкава ў Талачынскім раёне на Аршанскім узвышшы, цячэ па Чашніцкай раўніне ў Сенненскім раёне, у ніжнім цячэнні – на мяжы з Віцебскім раёнам па Лучоскай нізіне. Асноўныя прытокі: Камянчанка, Нерайшанка, Чудзінка. Даліна трапецападобная, шырыня 0,6–0,8 км, у ніжнім цячэнні да 2 км. Пойма 2-баковая, шырыня 5–10 м. Рэчышча звілістае, шырыня 5–10 м. Каля в. Утрылава Талачынскага раёна на рацэ плаціна i Утрылаўская сажалка плошчай 27 га.

Адроў – рака ў Аршанскім, Сенненскім i Талачынскім раёнах, правы прыток Дняпра. Даўжыня – 75 км. Плошча вадазбору – 676 км2. Сярэднегадавы расход вады ў вусці – 4,4 м3/с. Сярэдні нахіл воднай паверхні – 0,9 %. Пачынаецца меліярацыйнай канавай каля в. Дубніцы Аршанскага раёна, вусце на паўднёвай ускраіне Оршы. Асноўныя прытокі: Kaмянiцa, Дзярноўка, Сакалянка, Барань (усе справа). Цячэ па Аршанскім узвышшы. Даліна выразная, да в. Пагост трапецападобная, ніжэй карытападобная, шырынёй 0,6–0,8 км. Пойма пераважна двухбаковая, шырынёй 0,1–0,3 км. Рэчышча ў вярхоўі на 12,5 км да в. Пількавічы Сенненскага раёна каналізаванае, далей звілістае, шырыня paкі ў межань 15–20 м. Берагі ў вярхоўі нізкія, у сярэднім і ніжнім цячэнні стромкія і абрывістыя, вышынёй 5–7 м, месцамі да 20 м.

Ардышэўка – рака ў Сенненскім i Лёзненскім раёнах, левы прыток р. Лучоса (басейн Заходняй Дзвіны). Даўжыня – 16 км. Плошча вадазбору – 93 км2. Сярэдні нахіл воднай паверхні – 1,6 %. Выцякае з возера Ардышава, цячэ па Лучоскай нізіне. Упадае ў Лучосу каля в. Кучыншчына Лёзненскага раёна.

Бярозка, Верхняя Крывіна – рака, правы прыток р. Крывінкі (басейн Заходняй Дзвіны). Даўжыня – 34 км. Плошча вадазбору – 330 км2. Сярэдні расход вады ў вусці – 2,9 м3/с. Сярэдні нахіл воднай паверхні – 0,5 %. Пачынаецца з возера Бярозаўскае, цячэ па Чашніцкай раўніне ў Сенненскім раёне i Полацкай нізіне ў Бешанковіцкім раёне. Упадае ў Заходнюю Дзвіну каля Бешанковічаў. Асноўныя прытокі – два ручаі без назваў (злева даўжыня 14 км, справа –15 км). Даліна і пойма невыразная, асабліва ў межах, дзе рака цячэ па балоце. Рэчышча ад в. Буднікі да в. Арляны на працягу 21 км каналізаванае, шырыня 8–20 м.

Вітунь – рака, левы прыток р. Бярозкі (басейн Заходняй Дзвіны). Даўжыня – 15,6 км. Пачынаецца за 0,5 км на захад да в. Кляпчэва, вусце за 1,8 км на паўночны ўсход ад в. Самсоны. Рэчышча ад вусця на 12,4 км каналізаванае.

Добрынка – рака, левы прыток Серакаратнянкі (басейн Заходняй Дзвіны). Даўжыня – 19 км. Плошча вадазбору – 112 км2. Сярэдні нахіл воднай паверхні – 2,8 %. Пачынаецца за 0,7 км на захад ад в. Аланцева (у верхнім цячэнні рака называецца Рышта), цячэ па лясістай мясцовасці ў межах Аршанскага ўзвышша і па Лучоскай нізіне. Асноўны прыток ракі Зерамнянка (справа). Упадае ў Серакаратнянку (левы прыток Лучосы) каля в. Роднае Сяло. Рэчышча ад вытоку на працягу 8,3 км каналізаванае. У ніжнім цячэнні на рацэ плаціна і сажалка.

Крывінка, Крывiна, Ніжняя Крывіна – рака ў Сенненскім, Бешанковіцкім раёнах, левы прыток Заходняй Дзвіны. Даўжыня – 34 км. Плошча вадазбору – 637 км2. Сярэднегадавы расход вады ў вусці – 3,8 м3/с. Сярэдні нахіл воднай паверхні – 0,8 %. Выцякае з возера Багданаўскае за 0,5 км на паўночны ўсход ад в. Запруддзе Сенненскага раёна, цячэ па Чашніцкай раўніне, вусце за 0,3 км на ўсход ад в. Верхняе Крывіна Бешанковіцкага раёна. Асноўны прыток р. Бярозка (справа). Даліна да в. Асавец (Бешанковіцкі раён) невыразная, ніжэй па цячэнні шырынёй 0,2–0,5 км. Пойма забалочаная, да в. Асавец шырынёй 2–3 км, ніжэй 50–100 м. Рэчышча ад вытоку на працягу 19,5 км каналізаванае, яго шырыня 4–8 м, у ніжнім цячэнні 10–15 м.

Немайцянка – рака, левы прыток р. Суботы (басейн Заходняй Дзвіны). Даўжыня – 24 км. Плошча вадазбору – 86,3 км2. Сярэдні нахіл воднай паверхні – 1,8 %. Пачынаецца на ўсход ад в. Каралі, вусце за 1,4 км на паўночны ўсход ад в. Серкуці. У верхнім цячэнні называецца Брус. Асноўны прыток – р. Палонка (справа). Рэчышча ад вытоку на працягу 5,5 км каналізаванае.

Нерайшанка – рака, правы прыток р. Абалянка (басейн Заходняй Дзвіны). Даўжыня – 16 км. Плошча вадазбору – 90 км2. Сярэдні нахіл воднай паверхні – 2,9 %. Пачынаецца на схілах Аршанскага ўзвышша за 0,5 км на паўночны захад ад в. Масяйкі.

Песачанка – рака, левы прыток р. Серакаратнянкі (басейн Заходняй Дзвіны). Даўжыня – 21 км. Плошча вадазбору – 57 км2. Сярэдні нахіл воднай паверхні – 2,2 %. Пачынаецца каля в. Калантаёва, вусце за 0,5 км на паўночны ўсход ад в. Шылы. Цячэ ў межах Чашніцкай раўніны. Рэчышча ад вытоку на працягу 1,3 км каналізаванае.

Рагожыца – рака ў Сенненскім i Чашніцкім (прывусцевая частка) раёнах у басейне Заходняй Дзвіны. Даўжыня – 13,4 км. Пачынаецца за 1,2 км на паўднёвы захад ад в. Мар'янова Сенненскага раёна, упадае ў возера Сцержань з поўдня за 2,5 км на паўночны ўсход ад в. Грыбіна Чашніцкага раёна. Рэчышча на працягу 5,2 км перад вусцем каналізаванае.

Свячанка – рака ў Сенненскім, Чашніцкім і Бешанковіцкім раёнах, правы прыток ракі Ула (басейн Заходняй Дзвіны). Даўжыня – 84 км. Плошча вадазбору – 551 км2. Сярэднегадавы расход вады ў вусці – 3,5 м3/с. Сярэдні нахіл воднай паверхні – 0,7 %. Выцякае ў возера Вялікае Святое за 1,6 км на ўсход ад в. Замошша, вусце за 1,8 км на захад ад в. Броды Бешанковіцкага раёна. Прытокі – р. Свінка (злева), невялікія pyчai i меліярацыйныя каналы. Цячэ праз азёры Хотлінскае, Маеўскае, Сцержань (да ўпадзення ў гэтае возера рака называецца Свяча), Слабадское. Даліна амаль на ўсім працягу трапецападобная, каля вытоку і возера Сцержань У-падобная; пераважная шырыня 0,2–0,4 км, каля азёр, праз якія працякае, пашыраецца да 1–1,5 км. Пойма двухбаковая, чаргуецца на берагах, шырыня 0,2–0,4 км, каля в. Вярхоўе і Броды Бешанковіцкага раёна адсутнічае. Рэчышча ад вытоку на працягу 10,6 км каналізаванае. Пераважная шырыня рэчышча 5–10 м, у ніжнім цячэнні – да 15 м.

Серакаратнянка – рака, левы прыток р. Лучосы (басейн Заходняй Дзвіны). Даўжыня – 24 км. Плошча вадазбору – 356 км2. Сярэдні нахіл воднай паверхні – 0,8 %. Выцякае з возера Дзевінскае (у некаторых даведніках за пачатак ракі прымаюцца сутокі рэк Добрынка i Зерамнянка за 1 км на ўсход ад в. Добрына, дзе яна вядома пад назвай Серакаротня), цячэ праз возера Серакаротня. Вусце за 0,5 км на паўночны ўсход ад в. Шылы. Асноўныя прытокі: р. Зелянуха (справа) i р. Песачанка (злева).

Субота – рака, левы прыток р. Абалянкі (басейн Заходняй Дзвіны). Даўжыня – 14 км. Плошча вадазбору – 133 км2. Сярэдні нахіл воднай паверхні – 5,3 %. Пачынаецца за 2 км на паўднёвы захад ад в. Вейна, вусце за 2,5 км на паўночны ўсход ад в. Серкуці. Рака цячэ ў межах Аршанскага ўзвышша. Упадае рака Немайцянка (злева).

Чарвінка – рака ў Сенненскім i Чашніцкім раёнах, правы прыток р. Усвейка (басейн Заходняй Дзвіны). Даўжыня – 23 км. Плошча вадазбору – 98 км2. Сярэдні нахіл воднай паверхні – 1,9 %. Пачынаецца каля в. Старая Беліца Сенненскага раёна, вусце за 1,5 км на паўднёвы захад ад в. Баркі Чашніцкага раёна. Цячэ ў межах Аршанскага ўзвышша. Рэчышча ў верхнім і ніжнім цячэнні на працягу 14,3 км каналізаванае.

Чудзінка – рака, правы прыток р. Абалянка (басейн Заходняй Дзвіны). Даўжыня – 12 км. Плошча вадазбору – 68 км2. сярэдні нахіл воднай паверхні – 2,1 % .Пачынаецца каля в. Пасад, вусце за 0,7 км на паўночны захад ад в. Дубайцы. Рэчышча на працягу 2,3 км ад вытоку і 5,6 км ад вусця ўверх каналізаванае.

Акрамя названых, ёсць яшчэ невялікія рэчкі: Арлянка, Брус, Зелянуха, Зерамнянка, Лучка (Турчанка), Паграбёнка, Палонка, Рудніца i на межах раёна – Лучоса i Усвейка.

Рака Крывінка, Сенненскі раён. Фотаздымак з сайта http://www.fotobel.byРака Адроў, Сенненскі раён. Фотаздымак з сайта https://ru.wikipedia.orgРака Абалянка, Сенненскі раён. Фотаздымак з сайта http://www.fotobel.by

 

ЛІТАРАТУРА

1. Блакітны скарб Беларусі : энцыклапедыя / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; маст.: Ю. А. Тарэеў, У. І. Цярэнцьеў. – Мінск : БелЭн, 2007. – 477 с. : іл.

2. Блакітная кніга Беларусі (водныя аб'екты Беларусі) : энцыклапедыя / рэдкал.: Н. А. Дзісько [і інш.] ; маст. В. Г. Загародні. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1994. – 415 с. : іл. – (Беларуская энцыклапедыя).

3. Ведайце і беражыце рэкі Сенненшчыны / падрыхт. Т. Буракова // Голас Сенненшчыны. – 2019. – 19 сак. – С. 6.

4. Гарбачоў, М. Жыві, Вітунь! / М. Гарбачоў // Голас Сенненшчыны. – 2006. – 14 ліп. – С. 4.

5. Природа Беларуси : энциклопедия : в 3 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. – Т. 2 : Климат и вода. – 504 с. : ил.

6. Рэкі і азёры // Памяць: Сенненскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: У. С. Богаў [і інш.] ; уклад. С. В. Шайко ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Паліграфафармленне, 2003. – С. 22–25.

7. Стэльмах, А. Майго жыцця рака – Абалянка / А. Стэльмах // Голас Сенненшчыны. – 2005. – 28 чэрв. – С. 2.