Народная творчасць. Сенненскі раён
- Подробности
- Створана 03.09.2019 12:23
- Адноўлена 03.09.2019 15:13
Ва ўсе часы традыцыйная культура захоўвалася ў народзе як дарагі скарб спадчыны, што складваўся вякамі. На Сенненшчыне да нашага часу захавалася шмат элементаў беларускай традыцыйнай абраднасці. Гэта святы земляробчага календара, сямейных абрадаў, якія па-ранейшаму займаюць сваё месца ў побыце, а таксама з'яўляюцца фальклорным жанрам для мастацкіх аматарскіх калектываў.
У гонар Каляды ў сем'ях наладжваюцца святыя вячэры – тры куцці: посная, багатая i вадзяная. Абавязковымі стравамі куцці з'яўляюцца крупяная каша, бліны. Лічылася, калі на багатую куццю на стале разнастайныя стравы, то летам будзе багаты ўраджай. Перад тым, як сесці за стол, гаспадыня выходзіць на ганак з міскай кашы i раскідвае яе па крупінцы на двары, кліча мароз есці кашу:
«Мароз, мароз, хадзі кашу есці,
каб ты добрым быў,
вясной да мяне не хадзіў,
не марозіў агуркоў, буракоў, гарбузоў».
Калядоўшчыкі са шчадраваннем ходзяць па вёсцы з музыкай, песнямі. Яны пераапранаюцца ў цыганоў, бабу, дзеда. Водзяць з сабой «казу», «мядзведзя», нясуць Віфліемскую зорку. Песнямі, пажаданнямі ўслаўляюць гаспадара дома. Заходзячы ў дом, рассыпаюць зерне з прыгаворкай:
«Сею, вею, рассеяваю, з калядою паздраўляю.
На новае лета хай родзіцца жыта,
пшаніца, усякая пашніца.
Слаўны гаспадар, піва табе варыці,
ды сыноў жаніці, пасаг збіраці,
дачок выдаваці».
Гаспадыня павінна пачаставаць калядоўшчыкаў блінамі i каўбасой.
Дзяўчаты ў калядную ноч варожаць, загадваюць на суджанага. Апоўначы выходзяць на вуліцу, абдымаюць плот. Калі колачкі ў пару, то дзяўчына выйдзе замуж. Кладучыся спаць, з трэсачак робяць калодзеж, ставяць шклянку вады каля ложка i прыгаворваюць: «Суджаны, ражаны, прыйдзі да майго калодзежа вады напіцца». Заканчваюцца Каляды вадзяной куццёй i асвячэннем вады на Хрышчэнне.
Праводзяць Масленіцу i сустракаюць вясну як у вёсках, так i ў райцэнтры. Наладжваюць народныя гулянні з катаннем на конях, запрэжаных у санкі, гушканне на арэлях, катанне з ледзяных горак, спальванне чучала 3імы. На свяце шмат народных гулянняў, забаў, песень.
Да нашых дзён захавалася традыцыйнае цяганне калодкі на Масленіцу. Хлопцы ўздоўж вуліцы цягнуць калодку, заходзяць з ей у хату да гаспадыні, прывязваюць ёй калодку да ног, прыгаворваючы:
«Цягалі мы калодку, цягалі.
Да цябе, гаспадынька, зайшлі.
Як наша вуліца доўгая,
няхай у цябе доўгі лён расце.
Як гэта калода тоўстая,
няхай будзе ўраджай вялікі.
Каб калоду адвязаць,
трэба выкуп добры даць».
Затым гаспадыня павінна даць выкуп – частаванне.
Вялікдзень на Сенненшчыне сустракаюць асабліва ўрачыста. Напярэдадні, у чысты чацвер, старанна прыбіраюць у хаце, фарбуюць яйкі. Яйка сімвалізуе сабой кругаварот i бясконцасць усякага адраджэння. Гаспадыня старанна рыхтуе святочныя стравы: каўбасы, вяндліну, пасхальны куліч. Па вёсках ходзяць валачобнікі. Яны песнямі, пажаданнямі ўслаўляюць прыход вясны, абуджэнне прыроды.
Святы захоўваюць на Сенненшчыне памяць пра памерлых продкаў. Асноўныя памінальныя Дзяды: Масленічныя, Траецкія, Восеньскія. На дзявяты дзень ад Вялікадня адбываецца ўшанаванне памерлых – Радуніца. Людзі старанна прыбіраюць могілкі, прыходзяць сем'ямі, запальваюць свечкі, у ціхай гутарцы ўспамінаюць адышоўшых у нябыт. На пяцідзясяты дзень ад Вялікадня – ушанаванне Святой Тройцы. Раней на Тройцу дзяўчаты збіраліся на лясной паляне, упрыгожвалі вяночкамі i стужкамі бярозкі, звязвалі ix макушкі парамі, вадзілі карагоды, загадвалі далейшы дзявочы лёс.
Да нашага часу з траецкага абраду дайшла традыцыя ўпрыгожваць зелянінай, галінкамі дрэў сваё жыллё. Гэта называецца «вешаць май».
Старадаўняе язычніцкае свята Купалле прымеркавана да летняга сонцастаяння. Звычайна купальскую ноч святкуюць на беразе вадаёмаў. Дзяўчаты водзяць карагоды, спяваюць пecнi, пускаюць вяночкі па вадзе. Абавязковым рытуалам Купалля з'яўляецца запальванне агню, праз які пераскокваюць хлопцы і дзяўчаты. Гэта дзея мае магічны сэнс, як ачышчэнне душы ад грахоў. Яшчэ на агні спальвалі ляльку Мару. Лічылася, што гэтым збаўлялі зямлю ад злых духаў.
Галоўнай падзеяй у жыцці селяніна заўсёды была ўборка ўраджаю. Жніво пачыналася ўрачыста, з абраду зажынак. Жанчыны, па-святочнаму апранутыя, выходзілі з сярпамі ў поле, зажынаючы першы сноп, звязвалі яго чырвонай стужкай i ставілі ў хаце пад абразамі. Гэты сноп захоўваўся да наступнага жніва. Пачынаючы жніво, прасілі Бога: «Дапамажы, Божа, жыцейка жаці, зерне малаціці, каравай спякаці, добрай долі ждаці».
Працавалі дружнай талакой, спраўлялі дажынкі, ушаноўвалі жней. Гаспадару жніва апраналі вянок з каласоў. Спявалі песнi, весяліліся. Выпякалі каравай са свежага хлеба, накрывалі па-святочнаму сталы.
У славянскіх плямёнаў часоў язычніцтва Ярыла лічыўся Богам урадлівасці і жыццёвых сіл прыроды. З прыняццем хрысціянства яго месца заняў хрысціянскі святы Юрый-Пераможац – Юрай, Юр'я, Ягорый, Ярыла. Па ўспамінах М. Васілеўскай (1848 года нараджэння; в. Мігуліна Сенненскага раёна), вясной на Юр'я выганялі статак на маладую веснавую траўку, запальвалі грамнічную свечку, абыходзілі з ёй жывёлу, клалі асвячонае яйка і праганялі па ім кароў і авечак. Сталая паважаная жанчына запявала, а ўсе хорам падхоплівалі песню-просьбу да Ярылы-Юр'я даць добры ўраджай, абараніць жывёлу ад хвароб, забяспечыць яе пладавітасць.
Пасля таго, як закончацца ўсе сельскагаспадарчыя работы, спраўляліся пакроўскія кірмашы, дзе селянін мог прадаць або абмяняць свой тавар. На кірмашах наладжваліся гульні, забавы, батлейкавыя прадстаўленні. Асноўныя элементы пакроўскіх кірмашоў дайшлі да нашага часу – гэта таргі i народныя гулянні.
Адметнае месца ў жыцці чалавека займаюць сямейныя абрады: радзіны, вяселле, улазіны, пахаванне.
Каб жаніць маладую пару, бацькі маладога засылалі сватоў да бацькоў дзяўчыны. Сваты дамаўляліся з бацькамі маладой. Звычайна заходзілі ў хату з такімі словамі:
«Мы купцы з далёкага краю,
па полі хадзілі, па каменейку,
па лесе, па карэнейку.
Хадзілі, з дарогі зблудзілі.
Прыбіліся к сялу, ды к вашаму двару.
Ці можна ў вас адпачыць,
ды вось аб чым пагаварыць.
Кажуць, наш бык да вашай цялушкі прывык.
Дай Бог даждаці – вашу цялушку нашаму быку прадаці».
Калі бацькі дзяўчыны згодны, яны частуюць сватоў i бласлаўляюць маладых на шлюб. Гэты фрагмент вясельнага абраду называюць заручынамі. Другая сустрэча сватоў называецца запоінамі. Самыя блізкія збіраюцца за сталом, дамаўляюцца аб дні жаніцьбы.
Пару адорвалі падарункамі, часцей з прыгаворкамі: «Дару хлебам-соллю, добрай доляй», «дару золатам, серабром – усялякім дабром», «дару грошай кашэль, каб не бiў мужык у каршэнь», «дару грошай кашалёк, каб нарадзіўся сынок», «дару хустку, каб нарадзіла дачушку».
Традыцыйная народная творчасць вывучаецца і распаўсюджваецца работнікамі культуры раёна.
Каштоўны ўклад у адраджэнне нацыянальнай спадчыны ўнеслі: Матрона Нікіфараўна Крупская (в. Рудкоўшчына), Надзея Іванаўна Пракаповіч (в. Нямойта), Надзея Цімафееўна Шыдлоўская, Зінаіда Захараўна Кекіш (в. Латыгаль), Таццяна Несцераўна Латышава (в. Лазова), Лізавета Прохараўна Калбянок, Ніна Фёдараўна Шляхто, Марыя Паўлаўна Бандарэвіч (в. Рулёўшчына), Ніна Сцяпанаўна Залецкая, Ганна Ягораўна Дабраўляніна, Валянціна Аляксееўна Шаматульская (в. Леснікова).
Прапаганда нацыянальнага здабытку, народных традыцый і звычаяў з'яўляецца адным з важных накірункаў дзейнасці народнага ансамбля «Вясёлыя музыкі», народнага ансамбля «Вечарынка», гуртоў «Ходцаўская кадрыля», «Абалянка» і іншых.
ЛІТАРАТУРА
1. Іванова, Л. Летняя ночка купальская / Л. Іванова // Голас Сенненшчыны. – 1998. – 18 ліп. – С. 2.
2. З матэрыяльнай і духоўнай спадчыны // Памяць: Сенненскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: У. С. Богаў [і інш.] ; уклад. С. В. Шайко ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Паліграфафармленне, 2003. – С. 571–578.
3. Народная культура Віцебшчыны: вывучэнне, захаванне, папулярызацыя : матэрыялы навукова-практычнай канферэнцыі, прысвечанай 165-годдзю М. Нікіфароўскага, 21 мая 2010 г. / рэдкал.: Л. Вакар [і інш.] – Мінск : Нацыянальная бібліятэка Беларусі, 2012. – 235 с.
4. Народная культура Віцебшчыны : матэрыялы навукова-практычнай канферэнцыі «Працэсы мадэрнізацыі народнай культуры і вопыт устаноў культуры і адукацыі Віцебшчыны па захаванню традыцый», 26–27 мая 2005 г. / рэдкал.: Л. Вакар [і інш.]. – Віцебск : ВДУ імя П. М. Машэрава, 2007. – 272 с.