Рамёствы. Сенненскі раён
- Подробности
- Створана 03.09.2019 11:39
- Адноўлена 03.09.2019 15:39
Сенненшчына – жыватворны край для вывучэння гісторыі, хоць многае знішчана часам і людзьмі. Даследаваннем займаюцца гісторыкі, мастакі, журналісты. У апошні час у раёне новы штуршок атрымала развіццё краязнаўства, рамёстваў і промыслаў. Народныя рамёствы, традыцыі – гэта падмурак, на якім стаіць, будуецца жыццё. Веданне мінулага дапамагае зразумець сучаснасць, усвядоміць і прадбачыць будучыню.
Кожны год на тэрыторыі Сенненскага раёна адраджаюцца традыцыйныя тэхналогіі ганчарства, народнага касцюма, ткацтва. Вядзецца навуковая сістэматызацыя і апрацоўка этнаграфічных фондаў, матэрыялаў па ўсіх відах традыцыйных рамёстваў, якія існавалі на Сенненшчыне. Сабрана багатая калекцыя тканін, ручнікоў, абрусаў, посцілак, у тым ліку традыцыйнага ладу. Наладжваюцца сувязі з майстрамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва раёна.
Пры Сенненскім Доме рамёстваў працуюць гурткі па саломапляценні, вышыўцы, ткацтве, роспісу па дрэве, кераміцы, ткацтве габеленаў і выцінанцы. На тэрыторыі раёна асноўнымі напрамкамі таксама з'яўляюцца – кераміка і ганчарства. Майстры займаюцца даследаваннем этнаграфічнай спадчыны раёна і праводзяць практычныя заняткі з дзецьмі па вырабе традыцыйных форм з гліны. З 1998 года пры Сенненскім Доме рамёстваў дзейнічае клуб майстроў «Натхненне». Клуб мае салон-краму «Сенненскія сувеніры», дзе можна набыць творы народных майстроў.
Значным напрамкам дзейнасці сенненскіх майстроў з'яўляецца адраджэнне мясцовага народнага касцюма. Падчас раённых экспедыцый былі знойдзены асобныя часткі жаночага строя. На аснове гэтых знаходак, а таксама са слоў старэйшых жыхароў вёсак майстры Дома рамёстваў аднавілі народныя строі Сенненскага раёна. Так, вядома, што асноўнай сыравінай для вырабу адзення былі валокны льну, скура, воўна жывёл. Ткалі пераважна на двух, чатырох нітах палатняным, саржавым перапляценнямі. Арнаментавалі тканіны вышываннем, браным тканнём. Адзін з традыцыйных і найбольш пашыраных комплексаў жаночага адзення Сенненскага рэгіёна складаўся з кашулі, спадніцы, фартуха, пояса і хусткі. Традыцыйны комплекс мужчынскага адзення складаўся з ільняной кашулі, «нагавіц» (штаноў), пояса, саламянага капелюша, валенай магеркі, світы, кажуха. Народнае адзенне – з'ява не толькі мастацкая, матэрыяльная, але і духоўная. На сягонняшні момант у Доме рамёстваў створаны ўсе ўмовы для далейшага сістэматычнага збору этнаграфічнага, навуковага матэрыялу па гэтым накірунку.
Сёння ва ўсіх ўстановах культуры раёна арганізуюцца і праводзяцца выставы, семінары, сустрэчы, кірмашы. Аказваецца насельніцтву і шэраг паслуг для сямейных рытуалаў: выраб сувеніраў з удзелам маладых падчас вяселля, памятных медальёнаў на нараджэнне немаўляткі і г. д.
ЛІТАРАТУРА
1. Бандарэвіч, В. На Сенненшчыне аднавілі ўнікальную калекцыю народнага касцюма / В. Бандарэвіч // Голас Сенненшчыны. – 2016. – 25 кастр. – С. 1, 8.
2. Квашко, В. Я. Калекцыя народных строяў Сенненскага Дома рамёстваў / В. Я. Квашко // Народны тэкстыль і адзенне Віцебшчыны : матэрыялы навукова-практычнай канферэнцыі, Лепель, снежань 2013 г. / [рэдкал.: Л. У. Вакар і інш.]. – С. 72–75.
3. Квашко, В. Я. Рэгіянальныя адметнасці народнага строя Сенненскага раёна / В. Я. Квашко // Народная культура Віцебшчыны: вывучэнне, захаванне, папулярызацыя / рэдкал.: Л. Вакар, Л. Кернажыцкая, В. Шышанаў. – С. 58–60.
4. Народныя майстры і мастакі Віцебшчыны / Л. У. Вакар [і інш.]. – Віцебск : Віцебская абласная друкарня, 2011. – 439 с.
5. Рагін, Я. Анатомія глінянай архаікі / Я. Рагін // Культура. – 2017. – 19 жн. – С. 12.
6. Сенненский район // Соломенных дел мастера Витебщины / Н. Л. Федористова, И. П. Хитько, М. П. Шерикова. – Витебск : САМПО, 2009. – С. 112.
7. Сенненскі строй – традыцыйны комплекс беларускага народнага адзення Падзвіння, які бытаваў ў XIX – пачатку XX ст. // Народны тэкстыль і адзенне Віцебшчыны : матэрыялы навукова-практычнай канферэнцыі, Лепель, снежань 2013 г. / [рэдкал.: Л. У. Вакар і інш.]. – С. 195–196.