Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Гісторыя. Талачынскі раён. Дарэвалюцыйны перыяд

У IX–X стст. склалася раннефеадальная дзяржава Кіеўская Русь з цэнтрам у Кіеве. У 1-й чвэрці XIст. Ноўгарад, Тураў, Полацк спрабавалі аддзяліцца ад Кіева. Пасля смерці Уладзіміра Манамаха (1125) Кіеўская Русь распалася на самастойныя дзяржаўныя ўтварэнні, у тым ліку аддзялілася і Полацкае княства, у склад якога ўваходзілі землі Талачыншчыны. Яно існавала ў X–XIII стст. у басейне Заходняй Дзвіны, Бярэзіны, Нёмана на тэрыторыях сучасных Віцебскай, паўночнай часткі Мінскай і Магілёўскай абласцей. Найбольшымі гарадамі княства былі Полацк, Віцебск, Мінск, Друцк, Барысаў, Ізяслаўль (Заслаўе), Лагожск (Лагойск). Выгаднае размяшчэнне на водных шляхах (заходне-дзвінскае адгалінаванне шляху «з варагаў у грэкі») садзейнічала яго хуткаму эканамічнаму і культурнаму развіццю. Найбольшага росквіту Полацкае княства дасягнула пры князю Усяславу Брачыславічу, а пасля яго смерці ў 1-й палавіне XIIст. распалася на некалькі самастойных удзельных княстваў, у тым ліку Мінскае, Віцебскае, Друцкае, Лагожскае, Ізяслаўскае. Сярод іх паступова стала набіраць сілу Друцкае княства з цэнтрам у Друцку (летапісны Дрютеск, Друтеск, Друческ). 3 гэтым княствам непарыўна звязана старажытная гісторыя Талачынскага раёна. 3 канца XIIIст. тэрыторыя, якую займае сучасны Талачынскі раён, у складзе Вялікага княства Літоўскага. У спісе гарадоў гэтага княства, змешчаным ва Уваскрасенскім летапісе, значыцца і горад «Обльче» (цяпер в. Абольцы Талачынскага раёна).

Дакладная дата заснавання Талачына невядома, але ўпершыню ён упамінаецца ў 1433 г. як мястэчка ў складзе Вялікага княства Літоўскага. Геаграфічнае размяшчэнне яго было вельмі зручным. На той час Талачын уваходзіў у Аршанскі павет Віцебскага ваяводства, праз яго ішоў бойкі гандаль Маскоўскай дзяржавы з гарадамі Вялікага княства Літоўскага і Польшчай.

Шлях, што пралягаў праз Талачыншчыну з Захаду на Усход, быў не толькі гасцінцам для купцоў і падарожнікаў. У неспакойныя гады міждзяржаўных войнаў і княжацкіх міжусобіц па ім пракатваліся смерць і спусташэнне. У руска-літоўскую вайну 1507–1508 гг. праз Талачыншчыну прайшлі рускія войскі, а потым пад націскам большых сіл Вялікага княства Літоўскага яны з баямі пакінулі Барысаў і Талачын і адкаціліся да Оршы. Пасля «вечнага міру» 1508 г. вайна ўспыхнула зноў і з пераменным поспехам бакоў працягвалася з 1512 да 1522 гг. Не мінаючы Талачыншчыны, войскі Вялікага княства Літоўскага даходзілі да Оршы, а войскі рускай дзяржавы – да Мінска. У час руска-польскай вайны 1632–1634 гг. праз талачынскія землі прайшло да Смаленска 25-тысячнае войска Рэчы Паспалітай. Не абмінула Талачыншчыну і вайна 1654–1667 гг. паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай за Беларусь і Украіну. Як і ў іншых войнах, сяляне зведалі і мабілізацыі, і паборы, і рабаўніцтва, і пажары, і смерць.

Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 г. граніца паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай прайшла па рацэ Друць. Усходняя частка Талачына ўвайшла ў склад Расійскай імперыі і стала называцца Стары ці Рускі Талачын, заходняя (за р. Друць) – Зарэчны ці Новы Талачын – да 1793 г. асталася ў складзе Рэчы Паспалітай.

Цяжкім выпрабаваннем для Талачыншчыны была Айчынная вайна 1812 г. Французы нанеслі вялікія страты Талачыну і наваколлям. Разбурэнне краю дасягнула крайняй мяжы. Вёскі Кацэвічы, Гастынічы, Манастыры, Еўлахі, Жукнева, Варанцэвічы, Палачанка, Башарова, Любанічы, Рэчкі, Плоскае, Вялікія Козкі, Малыя Козкі, Красілава, Сані, Валькі, Сакалянка, Пярэвалачня, Зарэчча, Марцюхова, Кучына, Астрашапкі і многія іншыя былі разбураны, вёскі Маляўка, Нарцызава, Славені, Курапава, Яблынька, Коханава і іншыя спалены. У Талачыне былі спалены 2 касцёлы, казённы паштовы двор, 30 крам, 56 сялянскіх двароў і інш.

Да сярэдзіны XIX ст. ва ўмовах крызісу феадальна-прыгонніцкай сістэмы сельская гаспадарка прыйшла ў заняпад. Прыгонніцтва, голад і галеча выклікалі рэзкае абвастрэнне класавай барацьбы ў вёсцы. Сялянскі рух у краіне прымаў усё больш вострыя формы, што вымусіла царызм правесці рэформу 1861 г. па адмене прыгоннага права. Рэформа была праведзена ў інтарэсах памешчыкаў–прыгоннікаў і не дала ніякай палёгкі сялянам. Напярэдадні рэформы і пры складанні ўстаўных грамат памешчыкі адабралі ў сялян амаль усе лепшыя землі. У краіне пачаліся сялянскія паўстанні, якія закранулі і Талачыншчыну.

16 мая 1861 г. дваранскі прадвадзіцель даносіў копыскаму спраўніку з вёскі Абольцы, што сяляне памешчыка Іосіфа Заржэцкага адмаўляюцца выконваць павіннасці, зацверджаныя ў«Палажэннях», і гэтым спыняюць палявыя работы. Размова ішла аб сялянах з вёсак Абольцы, Крывыя, Пішчакіна, Кісялёва і інш.

Улады жорстка распраўляліся з непакорнымі. Паўстанні падаўляліся сілай. Некаторыя беларускія вёскі былі заселены сялянамі з Расіі. Адной з такіх вёсак на Талачыншчыне была в. Загараддзе. Яе карэнныя жыхары, якія не засталіся ў баку ад трывожных падзей 60-х гадоў, былі выселены за межы Беларусі. Сама ж вёска была заселена 15 сялянскімі сем’ямі з Разанскай губерні.

Сялянскія выступленні і пагроза аграрнай рэвалюцыі прымусілі царскія ўлады пайсці на пэўныя ўступкі: рэформа 1861 г. праводзілася на тэрыторыі Беларусі на больш выгадных для сялянства ўмовах. Аднак становішча яго заставалася цяжкім. Нізкі ўзровень вытворчасці, малазямелле, горшыя зямельныя надзелы, што памешчыкі вылучылі сялянам, былі прычынаю частых неўраджаяў. Сялянам хлеба хапала часам да студзеня–лютага і то пры ўмовах, што ў хлеб дамешвалі мякіну, кветкі канюшыны. Многія з сялянскіх сем’яў не мелі кароў і іншай жывёлы. У 1900 г. на тэрыторыі сучаснага Талачынскага раёна не было ніводнага ветурача. Сяляне, замучаныя галечай, малазямеллем, голадам, пакідалі родныя мясціны, ехалі ў Сібір, за мяжу. Так, у 1897–1905 гг. з Сенненскага павета ў Заходнюю Сібір перасялілася 288 сялянскіх сем’яў, у тым ліку з Талачына, вёсак Забалацце, Пярэвалачня, Маціёва і інш.

Пасля адмены прыгоннага права развіццё капіталізму на Беларусі паскорылася. Зрухі, якія адбываліся ў эканамічным жыцці краіны, не абмінулі і Талачыншчыну. У 1871 г. быў адкрыты Смаленска–Брэсцкі ўчастак Маскоўска–Брэсцкай чыгункі. Дарога прайшла ў трох кіламетрах ад Талачына, дзе была пабудавана чыгуначная станцыя. На працягу 1881 г. тут было адпраўлена і прынята адпаведна 161 і 62 тысячы пудоў грузаў. Вывозілі ў асноўным жыта, ячмень, авёс, а таксама льняное і канаплянае семя, лясныя матэрыялы ў Рыгу, Лібаву.

У 2-й паловеXIX ст. на Талачыншчыне працавалі фабрыкі і заводы: крухмальныя ў Юзафполлі і маёнтку Рацава, 3 гарбарныя ў Талачыне, сукнавальныя ў вёсках Крывое, Галошаўка, Пярэвалачня, крупадзёрныя ў Маляўцы, Лемніцы, Галошаўцы, чыгуналіцейны, кафляны і цагельны заводы ў маёнтку Лемніца, цагельня ў в. Мураўнічы. Усе яны былі ва ўладанні мясцовых паноў, мелі нізкі тэхнічны ўзровень. Была пашырана саматужная вытворчасць: кушнерская ў Высокім Гарадцы, Талачыне, Нарцызаве, Запруддзі, Замошшы, Воўкавічах; рымарская ў Загацці, Талачыне і інш.; кравецкая ў Алёнавічах, Жураўлях, Казігорцы, Абольцах, Чыгляях, Марцюхове, Коханаве, Звянячах, Валосаве, Маціёве, Славенях, Табароўшчыне, Талачыне і інш.; шавецкая ў Абольцах, Талачыне, Коханаве, Манастырах, Славенях і інш.; сталярная ў Талачыне, Коханаве, Галошаўцы; кавальская ў Абольцах, Талачыне. Народная адукацыя і медыцынскае абслугоўванне былі на нізкім узроўні.

Сетка навучальных устаноў расла слаба. Першае вучылішча было адкрыта ў Старым Талачыне ў 1863 г. На яго ўтрыманне сялянскае грамадства выдзеліла 200 руб. У 1878–1879 навучальным годзе тут займалася 29 хлопчыкаў і 4 дзяўчынкі. У 1868 г. было адкрыта Коханаўскае, а ў 1869 – Зарэчнаталачынскае народныя вучылішчы. У наваколлях Талачына было некалькі царкоўнапрыходскіх школ, двухгадовыя земскія школы ў вёсках Пляшыўцы і Падбярэззе. Паводле перапісу насельніцтва 1897 г. у Сенненскім павеце, куды ўваходзіла значная частка тэрыторыі сучаснага Талачынскага раёна, пісьменных было 11,9 %.

У 1870 г. у раёне Талачына ўзнікла эпідэмія халеры. Шмат людзей памерла. Улады вымушаны былі адкрыць у Коханаве бальніцу, а ў Талачыне ў канцы XIXст. была адкрыта аптэка. Але гэтыя меры не задаволілі патрэб насельніцтва ў медыцынскім абслугоўванні. На медыцыну казна выдзяляла мізэрныя сродкі, не было кваліфікаваных урачоў (на ўвесь Сенненскі павет у пачатку XXст. былі толькі 4 фельчары). Таму сярод працоўных была высокая смяротнасць.

Паводле перапісу 1897 г. у мястэчку было 2614 жыхароў, у пачатку XX ст.– 3714 жыхароў, 391 жылы дом, у тым ліку 6 цагляных пабудоў, 2 гарбарныя, цагельны, піваварны заводы, гута, млын, школа, 2 народныя вучылішчы, бясплатная народная чытальня павятовага камітэта апякунства аб народнай цвярозасці, бібліятэка Стараталачынскага мяшчанскага таварыства, паштова-тэлеграфная кантора, якая мела аддзяленні ў Коханаве і Абольцах.

У пачатку XXст. у Расіі склалася рэвалюцыйная сітуацыя. Прамысловы крызіс 1900–1905 гг., руска-японская вайна 1904 г. узмацнілі галечу народных мас. У 1902 г. была наладжана паштовая перасылка «Іскры» ў Талачын па некалькіх адрасах. 28чэрвеня 1903 г. у в. Славені былі раскіданы пракламацыі, у сувязі з чым Магілёўскім губернскім жандарскім упраўленнем было ўзбуджана дазнанне. У 1905 г. прыхільнікамі «Іскры» была створана Талачынская арганізацыя РСДРП. Яна ўваходзіла ў Палескі камітэт РСДРП, падтрымлівала цесныя сувязі з Магілёўскай,Аршанскай і інш. партыйнымі арганізацыямі, узначаліла барацьбу працоўных Талачына ў час рэвалюцыі 1905–1907 гг.

У гады Першай сусветнай вайны становішча насельніцтва Талачыншчыны яшчэ пагоршылася. У выніку адпраўкі на фронт больш як палавіны працаздольных мужчын многія гаспадаркі засталіся зусім без работнікаў. Скараціліся пасевы жыта, пшаніцы, бульбы. Праводзілася масавая рэквізіцыя ў насельніцтва жывёлы, фуражу, харчовых прадуктаў. Бяссэнсавасць імперыялістычнай вайны, пагаршэнне матэрыяльнага становішча, недахоп прадуктаў харчавання, разруха выклікалі незадаволенасць народных мас. У краіне складвалася новая палітычная сітуацыя, узмацняўся рэвалюцыйны рух. Лютаўская буржуазна-дэмакратычная рэвалюцыя паклала канец самаўладдзю, прывяла да стварэння рэспублікі. Аб перамозе рэвалюцыі ў Петраградзе хутка стала вядома на Беларусі. У гарадах рабочыя правялі дэманстрацыі, раззброілі паліцыю і жандараў, вызвалілі палітвязняў, узялі пад кантроль дзяржаўныя ўстановы, скінулі царскую адміністрацыю, паўсюдна ствараліся Саветы, якія ажыццяўлялі дэмакратычныя пераўтварэнні.

 

ЛІТАРАТУРА

1. Зямля нашых продкаў // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Талачынскага раёна / рэдкал.: І. П. Шамякін [і інш.] ; мастак А. М. Хількевіч. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1988. – С. 21–63.

2. Историческая справка // Толочинский район : [фотоальбом]. – Новополоцк : Молодечкин О. В., 2015. – С. 2.

3. Страницы истории // Толочин : историко-экономический очерк / А. А. Шнейдер. – Минск : Беларусь, 1982. – С. 3–5.

4. Страницы истории // Толочинский район : справочно-информационные материалы / отв. рэд. О. В. Молодечкин. – Новополоцк : Молодечкин О. В., 2010. – С. 3–4.

5. Талачын // Нашы гарады / У. А. Малішэўскі, П. М. Пабока. – Минск : Народная асвета, 1991. – С. 175–177.

6. Талачын // Рэспубліка Беларусь. Вобласці і раёны : энцыклапедычны даведнік / аўт.-склад. Л. В. Календа. – Мінск : БелЭн, 2004. – С. 161–163.

7. Толочин // Города Беларуси. Витебщина: в некоторых интересных исторических сведениях / Ю. Татаринов. – Минск : Энциклопедикс, 2006. – С. 17–23. – (Беларусь историческая).

8. Толочин // Моя Толочинщина : страницы истории / А. А. Шнейдер. – Минск : Бизнесофсет, 2006. – С. 30–65.

9. Толочин // Синеокая Толочинщина: история, экономика, культура, памятные места / А. А. Шнейдер. – Минск : Бизнесофсет, 2009. – С. 15–18.

10. Цурко, У. Талачынская зямля ў канцы XVIII – першай палове XIX стагоддзя / У. Цурко // Сцяг Ільіча (Талачын). – 1997. – 1 лют. – С. 2.

11. Шнэйдар, А. Скрозь даль часоў / А. Шнэйдар // Сцяг Ільіча (Талачын) – 1986. – 20 лістап. – С. 3.

 

СПАСЫЛКІ

12. История [Электронный ресурс] // Толочинский районный исполнительный комитет. – Режим доступа: http://tolochin.vitebsk-region.gov.by/ru/new_3/. – Дата доступа: 09.11.2017.