Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Гісторыя, г. Ушачы. Рэвалюцыйныя падзеі і ўстанаўленне савецкай улады

 

Новую старонку ў гісторыі ушацкага краю адкрыў кастрычнік 1917 года. Ва ўзброеным паўстанні ў Петраградзе прымалі ўдзел многія жыхары г. п. Ушачы, сярод якіх: Іван Антонавіч Асташкевіч з вёскі Строкты быў унтэр-афіцэрам крэйсера «Расія», удзельнічаў у штурме Зімняга палаца; Якаў Дзям’янавіч Пугач з вёскі Наваселле працаваў на адным з Петраградскіх заводаў; Аляксандр Несцеравіч Полазаў з вёскі Звонь – чырвонаармеец Выбаргскай стараны; Ілля Апанасавіч Клопаў з вёскі Арэхаўна працаваў на параходным заводзе.

У сярэдзіне лістапада 1917 г. савецкая ўлада была ўстаноўлена ва Ушацкай воласці. Органамі самакіравання сталі павятовыя і валасныя Саветы. Саветы растлумачвалі змест Дэкрэта аб міры, абмяркоўвалі Дэкрэт аб зямлі, выносілі рашэнні аб канфіскацыі памешчыцкай зямлі; былі выбраны зямельныя камітэты. У пачатку студзеня 1918 г. ва Ушачах быў скліканы валасны з’езд Саветаў, на якім сабралася вельмі многа людзей. Усе гэта праходзіла ва ўмовах перамір’я на заходнім фронце. Але ў лютым 1918 г. германскія войскі перайшлі ў наступленне, занялі значную частку Беларусі і Ушаччыну. Разам з нямецкімі захопнікамі вярнуліся збеглыя са сваіх маёнткаў памешчыкі. Быў устаноўлены жорсткі рэжым. Нямецкія акупанты забралі ў насельніцтва Ушацкай воласці коней, кароў, авечак, фуражнае і харчовае зерне, прадукты харчавання і г. д. Але ў сярэдзіне лістапада 1918 года тэрыторыя Ушацкага раёна была поўнасцю ачышчана ад захопнікаў.

Устанаўленне савецкай улады выклікала палітычны і працоўны ўздым насельніцтва. Ствараліся валасныя і павятовыя рэвалюцыйныя камітэты, якія валодалі ўсёй паўнатой улады на месцах; фарміраваліся валасныя ваенныя камісарыяты. Першым валасным ваенкамам ва Ушачах быў Іван Дварцоў з вёскі Угрынкі.

1 сакавіка 1919 г. адбыўся V з’езд Саветаў Лепельскага павета, дэлегатамі ад валасцей былі: Іван Корабаў (Чарсцвяцкая), Кашыцкі (Ушацкая), Яршоў (Усайская), Кулакоў (Гутаўская), Карбоўскі (Кубліцкая).

Акрамя Саветаў, у вёсках ствараліся камітэты беднаты. Яны праводзілі актыўную барацьбу з кулацтвам у вёсках, бралі на ўлік і канфіскоўвалі лішкі збожжа ў кулакоў, вялі барацьбу са спекуляцыяй і самагонаварэннем.

25 верасня 1919 г. Кублічы і Ушачы былі захоплены польскімі інтэрвентамі. На тэрыторыі зноў аднавіўся акупацыйны рэжым. Кіраўнікі мясцовай савецкай улады пайшлі зноў у падполле; або перабраліся на неакупіраваную частку Ушаччыны. Пачалі стварацца партызанскія атрады – Апанаскавіцкі і Чарсцвяцкі. 14 мая 1920 г. часцямі Чырвонай Арміі былі вызвалены мястэчкі Ушачы і Кублічы.

Пасля грамадзянскай вайны мясцовыя ўлады Ушаччыны ўсю ўвагу звярнулі на ўздым сельскай гаспадаркі, расшырэнне пасяўных плошчаў. У снежні 1922 года адбыўся з’езд Саветаў Ушацкай воласці. Старшынёй валвыканкама зноў стаў В. С. Кучаронак. У красавіку 1923 г. праведзена новае адміністрацыйнае дзяленне і ўзбуйненне валасцей. З пяці валасцей – Ушацкай, Кубліцкай, Гутаўскай, Бельскай, Чарсцвяцкай была ўтворана Ушацкая, старшынёй зноў быў абраны Кучаронак В. С.

10 ліпеня 1924 года на сесіі УЦВК была прынята пастанова аб утварэнні Ушацкага раёна, у склад якога ўвайшлі Ушацкая, Бельская, Вялікадолецкая, Гутаўская, Кубліцкая, Чарсцвяцкая воласці. Старшынёй райвыканкама быў абраны Кавалеўскі.

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі ў былых памешчыцкіх маёнтках былі створаны таварыствы па сумеснай апрацоўцы зямлі (ТАЗ); ствараліся сельгаставарыствы, саўгасы. У 1925 г. ў раёне было 5 калектыўных гаспадарак. На 1 студзеня 1929 года ў раёне арганізавана 7 калгасаў, у 1933 годзе – 169 калгасаў. У 1931 г. была створана Ушацкая МТС.

З кожным годам развівалася эканоміка калгасаў і саўгасаў; пашыралася сямігадовая адукацыя, адкрываліся новыя бібліятэкі, хаты-чытальні, клубы. Значныя сацыяльна-эканамічныя і культурныя пераўтварэнні змянялі аблічча краю, стваралі ўмовы для далейшага развіцця. Але нападзенне гітлераўскай Германіі на Савецкі Саюз і акупацыя Беларусі нямецка-фашысцкімі захопнікамі прыпынілі гэты працэс.

 

ЛІТАРАТУРА:

1. Жданко, У. Крокі станаўлення / У. Жданко // Патрыёт (Ушачы). – 1969. – 14 жн. – С. 2–3.

2. Жыві, памяць ! // Патрыёт (Ушачы). – 1990. – 13 студз. – С. 2 ; 16 студз. – С. 2 ; 18 студз. – С. 3.

3. Клопаў, І. А. Шукалі шляхі станаўлення / І. А. Клопаў // Патрыёт (Ушачы). – 2003. – 10 снеж. – С. 2

4. Міхайлаў, А. Ёсць у рэвалюцыі пачатак / А. Міхайлаў // Патрыёт (Ушачы). – 1987. – 24 лют. – С. 1–2.

5. Памяць: Ушацкі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Г. К. Кісялёў [і інш.] ; уклад. М. М. Кірпіч ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Белта, 2003. – 640 с. : іл.

6. Траццяк, І. Што згубілі, што знайшлі / І. Траццяк // Патрыёт (Ушачы). – 1994. – 10 снеж. – С. 2.

7. Якімаў, М. Ушацкая воласць / М. Якімаў // Патрыёт (Ушачы). – 1970. – 23 ліп. – С. 2.

8. Третьяк, И. Ушаччина тридцатых годов / И. Третьяк // Патрыёт (Ушачы). – 2012. – 17 лістап. – С. 2.