Бібліятэкі. Ушацкі раён
- Подробности
- Створана 12.05.2020 13:42
- Адноўлена 28.05.2020 11:13
Ушацкая раённая бібліятэка існуе з 1926 года. Будынак, у якім яна размяшчаецца, быў пабудаваны ў 1959 годзе. У бібліятэцы праводзіліся змястоўныя мерапрыемствы па ваенна-патрыятычным, эстэтычным выхаванні, вывучэнні «Маральнага кодэкса будаўніка камунізму», сельскагаспадарчай тэматыцы і інш.
8 мая 1974 года паводле пастановы ЦК КПСС «Аб павышэнні ролі бібліятэк у камуністычным выхаванні працоўных і навукова-тэхнічным прагрэсе» пачалася цэнтралізацыя масавых бібліятэк Міністэрства культуры. У снежні 1977 года была арганізавана Ушацкая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма. Ушацкая раённая бібліятэка стала цэнтральнай. Акрамя яе ў склад сістэмы ўвайшла Ушацкая дзіцячая бібліятэка і 35 сельскіх бібліятэк-філіялаў. У 1978 годзе Ушацкай раённай бібліятэцы было прысвоена імя Е. Лось.
У сярэдзіне 80-х гг. сетка бібліятэк была ўпарадкавана, былі зачынены невялікія бібліятэкі і пункты выдачы. На 1 студзеня 1986 г. Ушацкая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма налічвала 25 бібліятэк.
1 студзеня 2014 г. Ушацкая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма атрымала статус юрыдычнай асобы і стала называцца ДУК «Ушацкая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма». У структуру ўстановы ўвайшло 17 бібліятэк.
Структура Ушацкай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы
Арэхаўская бібліятэка-філіял № 22;
Вялікадолецкая бібліятэка-філіял № 4;
Вяркудская бібліятэка-філіял № 17;
Глыбачанская бібліятэка-філіял № 6;
Дзіцячая бібліятэка-філіял № 1;
Дубраўская бібліятэка-філіял № 9;
Жарская бібліятэка-філіял № 11;
Ільюшынская бібліятэка-філіял № 33;
Кубліцкая бібліятэка-філіял імя В. Быкава № 15;
Матырынская бібліятэка-філіял № 19;
Мосарская бібліятэка-філіял № 20;
Плінская бібліятэка-філіял № 23;
Сарочынская бібліятэка-філіял № 30;
Селішчанская бібліятэка-філіял № 26;
Слабодская бібліятэка-клуб;
Старасельская бібліятэка-філіял № 34;
Цэнтральная раённая бібліятэка імя Е. Я. Лось.
Фонд бібліятэчных дакументаў Ушацкай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы складае звыш 163 тыс. экзэмпляраў. Абслугоўваецца каля 9300 карыстальнікаў, кнігавыдача складае 177 730, колькасць наведванняў 63 360. Ушацкая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма абслугоўвае 68 % насельніцтва раёна.
Бібліятэкі сістэмы праводзяць пастаянную работу па захаванні і прымнажэнні інфармацыйных рэсурсаў, хуткім і якасным абслугоўванні карыстальнікаў.
Бібліятэкамі выкарыстоўваюцца розныя традыцыйныя і інавацыйныя формы работы для выканання адукацыйнай і інфармацыйнай функцый, а таксама для арганізацыі вольнага часу насельніцтва.
Акрамя абслугоўвання чытачоў, бібліятэкары раёна вядуць актыўную масавую работу. У бібліятэчнай сістэме працуе 16 аматарскіх аб'яднанняў рознай накіраванасці і для розных груп насельніцтва. Яны ўдзельнічаюць у прапагандзе дасягненняў айчыннай і сусветнай культуры, літаратуры, мастацтва, навукі, фарміруюць светапогляд, выхоўваюць эстэтычны густ і інш. Пры бібліятэках працуюць клубы па інтарэсах і захапленнях: краязнаўчыя і фальклорныя, літаратурна-мастацкія, гістарычныя, экалагічныя, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Але галоўным заўсёды застаецца цікавасць да кнігі. Кніга ў клубах па інтарэсах служыць крыніцай разнастайнай інфармацыі па ўсіх напрамках чалавечай дзейнасці, з'яўляецца сродкам задавальнення самых агульных культурных запытаў, сродкам зносін паміж людзьмі. Праз дзейнасць клубаў у бібліятэкі ёсць магчымасць прывіць чытачам густ да чытання, да самаадукацыі.
Бібліятэкары вядуць актыўную работу па папулярызацыі твораў знакамітых землякоў, выдатных майстроў роднага слова: П. У. Броўкі, В. У. Быкава, Р. І. Барадуліна, Е. Я. Лось, С. І. Законнікава, А. У. Салтука, Г А. Варатынскай, М. К. Мірановіча, В. В. Маслюка, Т. Д. Барадзёнак. Актыўна прапагандуецца кніга сярод падрастаючага пакалення.
Такія бібліятэкі-філіялы як Старасельская, Вялікадолецкая, Дубраўская, Вяркудская, Арэхаўская палепшылі сваё матэрыяльнае становішча.
Значна палепшылася матэрыяльна-тэхнічная база Ушацкай ЦРБ імя Е. Я. Лось. Каб адпавядаць патрабаванням сённяшніх чытачоў, паступова ўкараняюцца новыя тэхналогіі. На сённяшні дзень бібліятэка камп'ютарызавана, ёсць доступ у Інтэрнэт, аказваюцца платныя паслугі.
ЛІТАРАТУРА
1. Багдановіч, Н. Неабсяжны сусвет Скарыны / Н. Багдановіч // Патрыёт (Ушачы). – 2017. – 14 чэрв. – С. 4.
2. Багдановіч, Н. Ушачы – горад чытаючы / Н. Багдановіч // Патрыёт (Ушачы). – 2012. – 11 ліп. – С. 2.
3. Варатынская, Г. Аб чытачах – з павагай / Г. Варатынская // Патрыёт (Ушачы). – 2009. – 11 крас. – С. 3.
4. Варатынская, Г. Не пражыць без кніг / Г. Варатынская // Патрыёт (Ушачы). – 2002. – 25 верас. – С. 4.
5. Гарбаценка, Т. Чытанне – у нашых традыцыях / Т. Гарбаценка // Патрыёт (Ушачы). – 2013. – 14 верас. – С. 5.
6. Голуб, Л. Ф. Ушачская центральная районная библиотека / Л. Ф. Голуб // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2011. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 2. – С. 547–548.
7. Іванова, І. Бібліятэка сабрала сяброў / Г. Іванова // Патрыёт (Ушачы). – 2017. – 23 верас. – С. 5.
8. Іванова, Г. Кампліменты для сваіх мам / Г. Іванова // Патрыёт (Ушачы). – 2017. – 18 кастр. – С. 5.
9. Іванова, Г. Самыя актыўныя чытачы / Г. Іванова // Патрыёт (Ушачы). – 2017. – 6 верас. – С. 8.
10. Кавалеўская, К. З царства лічбаў – у храм літар / К. Кавалеўская // Патрыёт (Ушачы). – 2019. – 30 студз. – С. 4.
11. Кавалеўская, К. На сустрэчу з паэзіяй / К. Кавалеўская // Патрыёт (Ушачы). – 2018. – 28 сак. – С. 8.
12. Кавалеўская, К. Святло чытання запаліць у сэрцах / К. Кавалеўская // Патрыёт (Ушачы). – 2018. – 15 верас. – С. 5.
13. Камаркова, В. Ні дня без кнігі / В. Камаркова // Патрыёт (Ушачы). – 2017. – 16 верас. – С. 5.
14. Полазава, В. Спаборнічалі бібліятэкары / В. Полазава // Патрыёт (Ушачы). – 2012. – 14 студз. – С. 3.
15. Урбан, І. Лекары душ, пачуццяў і ўчынкаў – бібліятэкары / І. Урбан // Патрыёт (Ушачы). – 2005. – 14 верас. – С. 2.
16. Урбан, І. Я. Раённая бібліятэка / І. Я. Урбан // Памяць: Ушацкі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Г. К. Кісялёў [і інш.] ; уклад. М. М. Кірпіч ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Белта, 2003. – С. 513–516.
17. Урбан, І. Усё робіцца для чытачоў / І. Урбан // Патрыёт (Ушачы). – 2006. – 13 верас. – С. 2.
18. Чакушка, В. Калі паэзія натхняе / В. Чакушка // Витебские вести. – 2019. – 31 янв. – С. 23.