Помнікі прыроды. Ушацкі раён
- Подробности
- Створана 14.05.2020 13:42
- Адноўлена 14.05.2020 09:51
На тэрыторыі паўночнай Беларусі, у тым ліку на Ушаччыне, шырока распаўсюджаны валуны. Іх з'яўленне абумоўлена мацерыковымі зледзяненнямі. Валуны, з'яўляючыся адметнай часткай ландшафту, здаўна ўвайшлі не толькі ў матэрыяльную, але і духоўную культуру беларусаў. У значнай ступені культавыя валуны звязаны з ушанаваннем аб'ектаў прыроды, вераваннямі, што асобныя камяні з'яўляюцца або раней былі жывымі істотамі і інш. Адным з такіх камянёў-ахвярнікаў з'яўляецца валун, які знаходзіцца ў кіламетры ад в. Цётча і паўсотні метраў ад берага воз. Павулле, у падножжа азёрнай тэрасы вышынёй каля 1,8 м. Побач з ім яшчэ 12 валуноў. Камяні ляжаць нераўнамерным ланцугом, выцягнутым уздоўж берага з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход. Іх падрабязна апісаў беларускі геолаг, краязнаўца Э. А. Ляўкоў.
Усяго ва Ушацкім раёне налічваецца 5 помнікаў прыроды.
Геалагічнымі помнікамі прыроды Рэспубліканскага значэння з'яўляюцца валуны вёсак Глыбачка і Сарочына:
валуны «Бярозаўскія» знаходзяцца за 5 км на паўднёвы захад ад в. Глыбачка (Ушацкі сельсавет), за 50 м ад аўтамабільнай дарогі Ушачы – Усвея.
валун «Глыбачанскі» знаходзіцца за 1 км на паўднёвы захад ад в. Глыбачка (Глыбачанскага сельсавета), на раллі, каля аўтамабільнай дарогі Глыбачка – Сонькін Рог.
валун «Сарочанскі» знаходзіцца за 1,5 км на поўнач ад в. Сарочына, у 15 м ад аўтамабільнай дарогі Мінск – Полацк.
Гідралагічным помнікам прыроды мясцовага значэння ў раёне з'яўляецца «Крыніца Баркаўшчына» (1999). Знаходзіцца за 200 м на поўдзень ад в. Вашкова на тэрыторыі Ушацкага лясніцтва ДЛГУ «Ушацкі лясгас».
З культам вады звязана пакланенне крыніцам і калодзежам. Святы калодзеж з цудатворнай вадой ёсць каля в. Стайкі Вялікадолецкага сельскага Савета. Побач з ім калісьці была Свята-Ільінская царква.
ЛІТАРАТУРА
1. Дучыц, Л. У. Дахрысціянскія культавыя мясціны Ушаччыны / Л. У. Дучыц // Памяць: Ушацкі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Г. К. Кісялёў [і інш.] ; уклад. М. М. Кірпіч ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Белта, 2003. – С. 34–37.
2. Дучыц, Л. Помнікі мінулых стагоддзяў / Л. Дучыц // Патрыёт (Ушачы). – 2002. – 9 студз. – С. 3.
3. Ляхоўская, К. Бярозаўскія валуны / К. Ляхоўская // Витебские вести. – 2018. – 24 февр. – С. 7.
4. Ляўкоў, Э. А. Ахвярнік / Э. А. Ляўкоў // Маўклівыя сведкі мінуўшчыны / Э. А. Ляўкоў. – Мінск : Навука і тэхніка, 1992. – С. 127–130.
5. Особо охраняемые природные территории Витебской области = Асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі Віцебскай вобласці = Specially protected natural territories of the Vitebsk region : [инф. сб.] / [сост. Г. Горланов]. – [Б. м.] : [Б. и.], [Б. г.]. – С. 9, 25.