Раслінны і жывёльны свет. Шумілінскі раён
- Подробности
- Створана 21.05.2018 09:54
- Адноўлена 25.05.2018 09:11
Па характары расліннасці Шумілінскі раён адносіцца да паўднёвай падзоны таёжна-лясной зоны. Раслінны покрыў складаюць лясы і хмызняк, лугавая і балотная расліннасць, расліннасць вадаёмаў і сінатропных раслінных груповак. Асобна вылучаюць групу культурных раслін.
На працягу цэлага гістарычнага перыяду пад уздзеяннем гаспадарчай дзейнасці чалавека змянілася размяшчэнне лясных масіваў, лугоў і балот, іх суадносіны і склад. У цэлым флора налічвае каля 1300 відаў вышэйшых раслін.
Прыродны склад лясоў вельмі разнастайны: сасна, елка, дуб, ясень, клён, ліпа, бяроза, вольха шэрая і чорная, асіна. Пераважаюць хвойныя лясы і змешаныя. Самая распаўсюджаная парода – сасна, а сярод драбналістых – бяроза. У падлеску сасновых лясоў расце ядловец, ляшчына, бузіна, крушына і інш. Травяніста-хмызняковы ярус звычайна ўтвараюць чарніцы, брусніцы, пажарніца, чабор, талакнянка, ландыш, суніцы, розныя віды папарацей, хвашчоў, дзеразы і інш.
Сярод ельнікаў найбольш тыповымі з’яўляюцца кіслічныя і чарнічныя. У ельніках сустракаецца прымесь дубу, ясеню, ліпы, вязу. У падлеску – часцей за ўсё ляшчына, крушына, рабіна, чаромха. Часта сустракаюцца маліна, каліна.
У травяніста-хмызняковым ярусе, як правіла, растуць брусніцы, чарніцы, дзягіль, хвошч лясны, дзераза гадавая, кісліца, асака, папараць-арляк, злакі, імхі.
Шыракалістыя лясы ў раёне маюць нязначнае распаўсюджванне: дуброва на 125 га і ясеннікі – у Шумілінскім лясніцтве. У апошнія гады ў Казьянскім, Шумілінскім, Обальскім і Мікалаеўскім лясніцтвах з’явіліся насаджэнні лістоўніцы еўрапейскай. Лясы раёна пераважна сярэдняўзроставыя – 28686 га, 12554 га маладняку.
Многія віды раслін лесу занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь: баранец звычайны, званочак шыракалісты, лінея паўночная, цыбуля мядзведжая (чарамша), тайнік яйцападобны.
Лугавую расліннасць раёна складаюць заліўныя і сухадольныя лугі. Да расліннасці заліўных лугоў адносяцца гусялапка, едкі казялец, васілёк лугавы, трасунка сярэдняя, цімафееўка, трыснёг, вятроўнік і розныя віды асакі. Сустракаюцца герань крывава-чырвоная, панікніца рачная, святаяннік лекавы, гарлянка, дуброўка прамастаячая, светнік зязюльчын, чына лугавая.
На лугах сухадольных травастой бяднейшы, пераважна духмяны каласок, трасунка, аўсяніца чырвоная, канюшына паўзучая і ворыўная, нівянік звычайны. А вось у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь занесены лугавыя расліны: шпажнік чарапіцавы, рагулькі высокія, ятрышнік мужчынскі, пустапялёснік зялёны, касач сібірскі, цыбуля-скарада, старасцень водны, першацвет высокі і інш.
Своеасаблівая расліннасць балот раёна. Па структуры яны падзяляюцца на тры тыпы: верхавыя, пераходныя і нізінныя. Тыповыя расліны балот – асака, аер, чарот, трыснёг, багульнік, журавіны, брусніцы, дурніцы (буякі), расянка, імхі. 3 дрэў сустракаюцца вольха, бяроза, сасна, вярба і інш. Чырвоную кнігу балот складаюць вярба чарнічная, журавіны драбнаплодныя, расіца прамежкавая, марошка прысадзістая, бяроза карлікавая, пуханос альпійскі і інш. Чырвоная кніга вадаёмаў багатая на вадзяны арэх (чылім), хару лямцавую, хару грубую, гідрылу кальчаковую і інш.
Усяго па Шумілінскім раёне дакладна вядомы 33 ахоўваемыя віды раслін, грыбоў, водарасцяў і лішайнікаў, з іх 1 від адносіцца да 1-й катэгорыі аховы, 9 – да 2-й, 18 – да 3-й і 5 – да 4-й катэгорыі.
Абсалютная большасць відаў вядома толькі з аднаго месцазнаходжання і ўсяго для 6 вядомы дзве і больш мясцін. Частка дакладна вядомых месцазнаходжанняў відаў раслін, пацверджаных гербарным матэрыялам, патрабуюць пераправеркі, паколькі матэрыял збіраўся 30 і больш гадоў назад і сучасная трансфармацыя магла прывесці да знікнення гэтых папуляцый.
Жывёльны свет Шумілінскага раёна вельмі разнастайны. Пераважаюць віды лясной зоны, хаця сустракаюцца і прадстаўнікі стэпаў. Фаўна раёна налічвае боль як 50 відаў млекакормячых, каля 250 відаў птушак, 6 відаў паўзуноў, 10 відаў земнаводных, болып як 30 відаў рыб, некалькі дзесяткаў відаў беспазваночных.
У лясах з ліку насякомаедных жывуць вожык, крот, буразубка, з грызуноў распаўсюджаны мышы, вавёркі, арэшнікавая і садовая соні, заяц-бяляк, заяц-русак. Акрамя таго ў нашых лясах водзяцца дзікі, ваўкі, лісы, грацыёзныя казулі і прыгажун лось, можна сустрэць высакароднага (еўрапейскага) аленя. Рэдкія госці ў лясах барсук, рысь, гарнастай і самы буйны драпежнік – буры мядзведзь. Па берагах рэк Обаль, Чарнаўка, Будавесць, Баброўка будуюць свае хаткі і плаціны бабры. Каля вадаёмаў Ценіца, Канаплянка, Мошна жывуць андатра, вадзяная выдра, еўрапейская і амерыканская норкі.
Самы чаканы госць вясны – насельнік палёў жаўранак, вясной часта прама з-пад ног можа вылецець з лугавой травы спуджанае сямейства курапатак, у хмызняках «дзярэ горла» драч. Палюбілі нашы лясы дзятлы і дразды, цецерукі і глушцы, зязюлі і мухалоўкі, сойкі і берасцянкі, іншыя птушкі. Бліжэй да чалавечага жылля туляцца вераб'і, ластаўкі, галубы, шпакі, буслы, гракі, салаўі.
Багатыя на рыбу нашы рэкі і сажалкі. Самы буйны прадстаўнік – сом – водзіцца ў рацэ Заходняя Дзвіна, вельмі часта сустрэнеш шчупака, акуня, ловіцца плотка, карась, лешч, лінь, мянтуз і больш дробная рыба. 3 паўзуноў сустракаюцца некалькі відаў яшчарак, вуж, гадзюка, з прадстаўнікоў земнаводных – лягушкі і жабы. Разнастайны і шматлікі свет насякомых: мурашкі, чмялі, мухі, камары, стракозы, матылькі, жукі і інш.
У Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь з прадстаўнікоў жывёльнага свету занесены буры мядзведзь, рысь звычайная, барсук, якія жывуць у заказніку «Казьянскі», чорны бусел, арол-вужаед, малы арлец, вялікі арлец, арол-маркут, скапа, шэры журавель і інш.
ЛІТАРАТУРА
1. Ивановский, В. В. Хищные птицы Белорусского Поозерья : монография / В. В. Ивановский. – Витебск : ВГУ, 2012. – 209 с.
2. Красная книга Республики Беларусь: животные: редкие и находящиеся под угрозой исчезновения виды диких животных / редкол.: И. М. Качановский [и др.]. – 4-е изд. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2015. – 320 с. : ил.
3. Красная книга Республики Беларусь: растения: редкие и находящиеся под угрозой исчезновения виды дикорастущих растений / редкол.: В. В. Андриевич [и др.]. – 4-е изд. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2015. – 448 с. : ил.
4. Природа Беларуси : энциклопедия : в 3 т. / редкол.: В. Ю. Александров [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2014. – Т. 3 : Растения, грибы, животные. – 464 с. : ил.
5. Раслінны і жывёльны свет // Гісторыка-краязнаўчы курс «Наша Шуміліншчына». Шуміліназнаўства / уклад.: В. А. Падляшчук [і інш.]. – Віцебск : Віцебская абласная друкарня, 2010. – С. 29–32.
6. Редкие биотопы Беларуси / А. В. Пугачевский [и др.]. – Минск : Альтиора – Живые краски, 2013. – 236 с.
7. Шумилинский район // Витебская область: природа, туризм, спорт, отдых = Vitebsk region: the nature, tourism, sport, rest / под общ. ред. Л. Л. Прокофьевой. – Витебск : Витебский Центр маркетинга, 2005. – С. 220–221.
8. Шумилинский район // Туристские регионы Беларуси / под общ. ред. И. И. Пирожника. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2008. – С. 203.
9. Шумілінскі раён / Ф. Ф. Бурак [і інш.] // Энцыклапедыя прыроды Беларусі : у 5 т. / рэдкал.: І.П. Шамякін [і інш.]. – Мінск : БелСэ імя П. Броўкі, 1986. – Т. 5 : Стаўраструм–Яшчур. – С. 390–391.