Гісторыя. г. Полацк. Пасляваенны перыяд
- Подробности
- Створана 06.05.2013 08:40
- Адноўлена 07.07.2017 12:01
Вайна прынесла вялікія пакуты і страты беларускаму народу. Не абмінула гэтая навала і Полацк. У руінах ляжала цэнтральная частка горада, было спалена Задзвінне, разбурана Запалоцце і пасёлак Грамы. Не працавала ніводнае прамысловае прадпрыемства. У цяжкім становішчы знаходзілася культурная спадчына старажытнага горада.
Гарадскі савет разлічваў галоўным чынам на энтузіязм палачан. Галоўная роля адводзілася партыйным і камсамольскім арганізацыям. Было створана 35 камсамольска-маладзёжных брыгад. Вялася расчыстка вуліц, падрыхтоўка будаўнічых пляцовак. Але не хапала будаўнічых матэрыялаў, тэхнікі, транспарту, кваліфікаваных рабочых. Тэрмінова патрэбна была дапамога на дзяржаўным узроўні. І вось нарэшце яна прыйшла. Было выдзелена 15 грузавых аўтамашын, 15 шафёраў, 5 т газы, 10 т бензіну, 20 палатак з печкамі, 10 кіпяцільнікаў і г. д.
Хаця і марудна, але Полацк узнімаўся з руін. У выніку рэканструкцыі былых сельскагаспадарчых майстэрняў пачало працаваць даволі буйное на той час прадпрыемства – ліцейна-механічны завод. Да канца 1947 г. у горадзе ўжо было адноўлена і пабудавана 22 прадпрыемствы: цагельны завод, завод будаўнічых дэталяў, рыбазавод, мэблевая фабрыка, гарпрамкамбінат, першая чарга электрастанцыі і г. д. У 1950 г. працавалі ўжо ўсе прадпрыемствы, што дзейнічалі ў горадзе да вайны. У 1956–1960 г. на іх устанавілі новае абсталяванне, станкі і механізмы.
Галоўным кірункам пры аднаўленні горада было вызначана пераўтварэнне яго ў прамысловы вузел. Але гэта не значыць, што аднаўляліся і будаваліся толькі прамысловыя прадпрыемствы. Да пачатку 1950-х гадоў у Полацку былі адноўлены і пабудаваны паліклініка, дзіцячыя яслі, кінатэатр на 600 месцаў, педагагічнае вучылішча, 3 сярэднія школы, сямігадовая школа на 280 вучняў. Працавалі 2 стацыянарныя і 20 перасоўных бібліятэк, на прадпрыемствах ствараліся клубы і чырвоныя куткі, спартыўныя залы і стадыёны.
Пачалося будаўніцтва грамадскіх і адміністрацыйных будынкаў, камунальна-бытавых прадпрыемстваў, культурна-асветных устаноў. На месцы старога вакзала вырас новы. Узняліся будынак летняга кінатэатра «Беларусь» у Задзвінні, вучэбны корпус сельскагаспадарчай школы, будынкі сярэдніх школ, дзіцячых садкоў. Вуліцы станавіліся шырэйшымі, узнікалі новыя плошчы і скверы. Вяліся будаўнічыя работы на ўскраінах горада: у Задзвінні, Запалоцці, Грамах. Тут узводзіліся карпусы прамысловых прадпрыемстваў, жылыя дамы, адміністрацыйныя будынкі.
Вялікія змены адбываліся ў цэнтральнай частцы горада. Была пашырана галоўная магістраль горада – вуліца К. Маркса, якая пазней стала праспектам. На ёй узніклі шматпавярховыя жылыя дамы. На скрыжаванні вуліц К. Маркса і Гогаля пачалася забудова Цэнтральнай плошчы (цяпер плошча Ф. Скарыны) з будынкамі гарадской гасцініцы «Дзвіна», Дома сувязі ды інш.
Амаль 9 гадоў Полацк быў абласным адміністрацыйным, прамысловым, культурна-асветніцкім цэнтрам. У гэты перыяд ён развіваўся асабліва хуткімі тэмпамі.
У 1950-я гады будаваўся аўтарамонтны завод. У канцы 1957 г. ён далучыўся да ліку дзеючых прадпрыемстваў. Завод быў добра абсталяваны на той час і ўжо ў наступным годзе пачаў працаваць на поўную магутнасць. Найбольш значнай будоўляй быў у гэтыя гады завод шкловалакна. Новыя вытворчыя карпусы атрымала і швейная фабрыка, што ўзнікла на базе прамысловай арцелі «Чырвоны маяк». На базе металаапрацоўчай арцелі ўтварылася яшчэ адно прадпрыемства – завод металафурнітуры. Ён выпускаў пячное і чугуннае ліццё і г. д.
У 1958 г. пачалося будаўніцтва нафтаперепрацоўчага завода. Вялікі размах будаўніцтва ў горадзе вызваў неабходнасць пашырэння і мадэрнізацыі цагельнага завода.
У 1961–1965 гг. вялося будаўніцтва мясакамбіната. У 1965 г. былі завершаны новыя карпусы кансервавага завода, камбіната хлебапрадуктаў. Першапачатковая ўвага надзялялася развіццю прамысловасці і будаўніцтву шматпавярховых жылых дамоў. Але нельга апраўдаць тое, што ў гэтыя мірныя пасляваенныя гады па-ранейшаму знішчаліся помнікі гісторыі і культуры, знішчалася наша спадчына.
У 1950-я гады былі зноў зачынены ўсе цэрквы. У 1954 г. спыніў сваё існаванне Спаса-Ефрасіннеўскі жаночы манастыр. У гэтыя гады быў знішчаны Стараверскі храм на Плігаўскай вуліцы (зараз вуліца Скарыны), падмуркі Барысаглебскага храма Бельчыцкага манастыра часоў Кіеўскай Русі, касцёл бернардынскага манастыра 18 ст., Мікалаеўскі сабор і частка будынку кадэцкага корпуса 17 ст.
У 1950-я – 1960-я гады ў жыцці Полацка адбываліся розныя падзеі. Гэта быў у многім супярэчлівы, але па-свойму і цікавы час. Цікавы тым, што людзі верылі, што наперадзе іх чакае светлая будучыня, верылі камуністычнай партыі. Здавалася, падставы для такой веры былі. У другой палове 1950-х гадоў станоўчыя рухі адбываліся ва ўсіх сферах жыцця. Запуск у космас першага штучнага спадарожніка Зямлі, першы атамны ледакол, поспехі ў развіцці атамнай энергетыкі пераконвалі людзей, што краіна мае вялікія магчымасці.
У 2-й палове 1960-х гадоў пачала ажыццяўляцца эканамічная рэформа. Скарачалася колькасць эканамічных паказчыкаў, якія прадпрыемствам прадпісваліся зверху. Цяпер міністэрствы планавалі аб'ём рэалізацыі прадукцыі, фонд заработнай платы, наменклатуру вырабаў, суму прыбытку, рэнтабельнасць. Права вызначэння тэмпаў росту, прадукцыйнасці працы, зніжэння сабекошту, колькасці працуючых было дадзена самім прадпрыемствам. У ліку першых на новыя ўмовы гаспадарання ў Полацку былі пераведзены завод шкловалакна, мясакамбінат, фабрыка мастацкіх вырабаў і піўзавод. Пазней падключыліся ўсе астатнія прадпрыемствы горада. Па выніках эканамічнага развіцця 2-я палавіна 1960-х гадоў (8-я пяцігодка) стала лепшай з усіх папярэдніх і наступных пяцігодак. У Полацку добрых поспехаў дабіліся калектывы завода шкловалакна, аўтарамонтнага і кансервавага заводаў, трэста № 16 «Нафтабуд», мантажнага ўпраўлення трэстаў «Нафтазаводмантаж» і «Нафтаспецбуд» і інш. Але выкарыстаць цалкам свае магчымасці прадпрыемствы не змаглі. Людзі стаміліся ад шматлікіх рэформаў і абяцанняў і паступова страчвалі веру ў іх. З пачатку 1970-х гадоў пачалі нарастаць цяжкасці ў развіцці народнай гаспадаркі ўсёй краіны. На XXIV з'ездзе КПСС было вырашана ўнесці змяненне ў эканамічную палітыку. На працягу 10 гадоў трэба было здзейсніць пераход да інтэнсіўных шляхоў развіцця вытворчасці. Але курс на на інтэнсіфікацыю не прынёс істотных змен: як і раней, рост прамысловай вытворчасці адбываўся ў асноўным за кошт увядзення новых прадпрыемстваў. Папоўнілася імі і прамысловасць Полацка. За 18 км ад горада ў маляўнічых яшчэ ў той час мясцінах Прыдзвіння хутка ўзняўся пасёлак будаўнікоў Полацкі. Забудоўваўся ён у асноўным прамысловымі карпусамі і шматпавярховымі дамамі. У пасёлку былі адкрыты школы, бальніца, паліклініка, 4 сталовыя, баня, камбінат бытавога абслугоўвання і г. д. У 1963 г. рабочы пасёлак Полацкі стаў горадам абласнога падпарадкавання і атрымаў новае імя – Наваполацк.
У Полацку ў 1985 годзе дзейнічала 20 прадпрыемстваў. Яны штодзень выпрацоўвалі прадукцыі больш чым на 900 млн. рублёў. Прадукцыя полацкіх прадпрыемстваў пастаўлялася ў раёны БАМа, Сярэдняй Азіі, цэнтра Расіі, Украіны, Прыбалтыкі і інш. Прадукцыя вытворчага аб'яднання «Шкловалакно» мела 1322 адрасаты, у т. л. за межамі СССР.
Полацк увесь час з'яўляўся буйным чыгуначным вузлом, які злучаў важныя эканамічныя цэнтры Беларусі з іншымі гарадамі і краінамі. У параўнанні з 1965 г. аб'ем грузаперавозак чыгуначнага вузла павялічыўся ў 1985 г. амаль у 1,3 раза і склаў 9070 млн. т/ км. Калі ў 1963 г. было перавезена 214,7 тыс. пасажыраў, то ў 1985 г. – 713 тыс.
У горадзе дзейнічала 17 аўтобусных маршрутаў, працягласць сеткі якіх склала 115 км. Акрамя ўнутрыгарадскіх дзейнічалі 51 прыгарадны і 36 міжгародніх маршрутаў.
З развіццём прамысловасці расла колькасць гарадскога насельніцтва. У асноўным гэта адбывалася за кошт сельскага насельніцтва, а таксама ў выніку натуральнага прыросту. Так, у 1946 г. у горадзе пражывала 20 тыс. чалавек, у 1959 г. – 42,7 тыс. чалавек, у 1965 г. – 53 тыс., у 1979 – 72 тыс. чалавек, у 1986 – 79,3 тыс. чалавек.
За пасляваенныя гады адбыліся змены і ў адукацыйным узроўні палачан. Толькі за 1970-я гады па выніках перапісу 1970 і 1979 гг. колькасць гараджан, што мелі вышэйшую і сярэднюю адукацыю, павялічылася больш чым у 2 разы.
Росту адукацыйнага ўзроўню палачан садзейнічала праца школ і іншых навучальных устаноў горада. У 1946 годзе была адкрыта беларуская сярэдняя школа № 7. У 1951 г. у Полацку ўжо працавала 5 сярэдніх, 2 васьмігадовыя і 1 пачатковая школы. За перыяд з 1960 па 1980 гг. адкрылася яшчэ 14 школ, а ў 1985 г. іх налічвалася ўжо 17. У школах горада працавала больш за 700 настаўнікаў. Асаблівай павагай карысталіся А. А. Леанідава, Н. Ц. Забермаг, Г. М. Катушонак, П. А. Агурок і многія іншыя.
Атрымала новы будынак педвучылішча. У 1952–1958 гг. працаваў педагагічны інстытут.У 1954 г. адкрыта медыцынскае вучылішча. У 1956 г. створаны сельскагаспадарчы тэхнікум, ПТВ-2. Працавалі палітэхнікум, лясны тэхнікум, 3 сярэднія прафтэхвучылішчы. У гэтых навучальных установах навучалася больш за 4800 будучых спецыялістаў.
З абвяшчэннем суверэнітэту Рэспублікі Беларусь змяніліся грамадскія адносіны ў краіне, змянілася і жыццё старажытнага Полацка. Прынятыя меры па структурнай перабудове эканомікі не прынеслі паляпшэння складанай эканамічнай сітуацыі. З-за разрыву ранейшых сувязей узніклі цяжкасці ў матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні прамысловых прадпрыемстваў, не знаходзіла збыту іх прадукцыя. Скараціўся ўвод у дзеянне жылля. У 1990–1995 гг. крызісныя працэсы паглыбляліся. Нарастала беспрацоўе. У гэтых умовах пачалося фарміраванне рыначных структур. У 1990–1992 гг. было створана 140 прадпрыемстваў, заснаваных на розных формах уласнасці, з іх дзяржаўных – 52. Недзяржаўны сектар прадстаўлялі 88 суб'ектаў гаспадарання. У 1996 г. былі зарэгістраваны 142 новыя суб'екты гаспадарання, з іх 80 акцыянерных адкрытых таварыстваў, 48 малых прадпрыемстваў, 10 кааператываў і інш. У 1997 г. былі створаны 33 прадпрымальніцкія структуры, у 1998 г. – 106, у 2001 г. – больш за 150 фірмаў самых розных відаў дзейнасці.
З 1998 г. набылі асаблівае значэнне як для ўнутранага рынку, так і ў большай ступені для выхаду на знешні рынак пытанні якасці і канкурэнтаздольнасці прадукцыі, выпускаемай на полацкіх прадпрыемствах. Стабільна павышаным попытам у шматлікіх замежных спажыўцоў карыстаецца прадукцыя вытворчага аб'яднання «Шкловалакно».
У рэальным сектары эканомікі пачалося нарошчванне аб'ёмаў вытворчасці і развіццё жыцццёва важных галін, якія задавальняюць патрэбы насельніцтва. У 1999 г. аб'ём вытворчасці ўзрос на 13,3 %, у 2000 г. – на 11,6, у 2001 г. – на 11,8 %. Працягваюцца работы па развіццю сродкаў сувязі. З 1990-х гадоў адбываецца планамерная комплексная забудова раёна «Аэрапорт». Пабудаваны новы мост цераз р. Заходняя Дзвіна. З 1996 г. пачаліся работы па пераводу аб'ектаў і жыллёвага фонду горада на прыродны газ. Вялікі аб'ём работ выкананы па будаўніцтве артэзіянскага вадазабора «Заазер'е». Пабудаваны Дом правасуддзя, адкрыўся Палац шлюбу. Добраўпарадкоўваюцца вуліцы горада, удасканальваецца сетка маршрутаў гарадскіх аўтобусах.
Канкурэнцыю дзяржаўным прадпрыемствам гандлю ствараюць у горадзе прыватныя фірмы «Дыяна», «Дыёніс», «Кроун». Аднаўляе гандлёвую плошчу Полацкі рынак, у верасні 2001 г. адкрыўся гандлёва-рыначны комплекс «Стралецкі». У сферы бытавога абслугоўвання дзейнічаюць прадпрыемства «Полацкбыт», прыватныя фірмы і асобныя прадпрымальнікі. Установы аховы здароўя працуюць у складзе гарадскога тэрытарыяльнага медыцынскага аб'яднання.
Рэфармаванне адбылося і ў галіне адукацыі. Разам з агульнаадукацыйнімі школамі дзейнічаюць нацыянальныя гімназіі, адкрыты ліцэйскія класы. Асобныя сярэднія навучальныя ўстановы набываюць статус каледжаў, сельскагаспадарчы тэхнікум стаў эканамічным. З 1995 г. працуе аб'яднанне пазашкольнай і выхаваўчай работы з дзецьмі і падлеткамі. З 2000г. працуе Цэнтр развіцця дзіцяці.
Навукова-даследчай і асветніцкай установай стаў Нацыянальны полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік. Штогод праводзяцца фестывалі арганнай музыкі, а таксама старадаўняй і камернай музыкі «Званы Сафіі». З 1994 г. працуе Цэнтр рамёстваў і нацыянальных культур, з 1996 г. – дзіцячая школа мастацтваў. У 2000 г. адкрыты помнік нябеснай заступніцы Беларусі Ефрасінні Полацкай, у 2001 г. – помнік прашчурам-крывічам.
Горад на Дзвіне многа перажыў, многае пабачыў, і сучасныя дні – гэта толькі імгненні ў яго шматвяковай гісторыі.
ЛІТАРАТУРА
1. Каліноўскі, І. І. Полацк і яго ваколіцы / І. І. Каліноўскі ; пер. на англ. мову С. І. Русанавай, Н. С. Царык. – Мінск : Вышэйшая школа, 2005. – 143 с
2. Полоцк : исторический очерк / рэдкал.: П. Т. Петриков [и др.]. – Минск : Наука и техника, 1987. – 320 с.: іл.
3. У мірнай працы / Памяць : Полацк : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; склад. С. С. Чарняўская ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2002. – С. 693–716.
4. Шамов, В. П. Полоцк – город древний : историко-экономический очерк. / В. П. Шамов. – Минск : Полымя, 1987. – 109 с.