Гісторыя. Полацкі раён. Дарэвалюцыйны перыяд
- Подробности
- Створана 07.07.2017 08:40
- Адноўлена 10.07.2017 07:01
Упершыню Полацк названы ў «Аповесці мінулых часоў» пад 862 годам. Першапачаткова яго цэнтрам было гарадзішча на правым беразе р. Палата, дзе калісьці існавала паселішча днепра-дзвінскай культуры. Плошча дзядзінца складала каля 0,8 га. Вакол яго размяшчалася і неўмацаванае паселішча – перадграддзе з матэрыяламі VIII–IX ст., а таксама пасад IX–X ст. Існаванне Полацка ў IX–X ст. дае магчымасць меркаваць, што ў гэты час ужо фарміруецца самае старажытнае дзяржаўнае ўтварэнне эпохі феадалізму на тэрыторыі Беларусі – Полацкая зямля, межы якой значна перавышалі сучасныя межы Полацкага раёна. Такім чынам, пачынаючы з IX і да XIII ст. гісторыя Полаччыны неразрыўна звязана з гісторыяй г. Полацка і Полацкага княства.
Нягледзячы на тое, што Полацк упершыню ў пісьмовых крыніцах згадваецца ў IX ст., з першым князем, заснавальнікам асобнай полацкай дынастыі, мы знаёмімся толькі ў канцы X ст. У «Аповесці мінулых часоў» пад 980 г. значыцца наступнае паведамленне: «Бе бо Рогволод пришёль из-заморья, имяше власть свою в Полотьске...». У Лаўрэнцьеўскім летапісе сустракаем удакладненне сказанага: «О сих жа Всеславичих ище есть яко сказаша ведущим преж яко Рогволоду держащю и владеющю и княжщю в Полотьскую землю». Да гэтага часу сярод гісторыкаў вядуцца спрэчкі аб паходжанні Рагвалода. Некаторыя лічаць яго варагам, іншыя ж выводзяць з мясцовай дынастыі князёў. Але якім бы вынікам ні скончыліся спрэчкі, зразумела адно: у 80-я гады X ст. Полацк па моцы становіцца трэцім горадам на ўсходнеславянскіх абшарах, пасля Кіева і Ноўгарада.
Значнай падзеяй для Полаччыны ў канцы X ст. стала распаўсюджанне хрысціянства. Да хрысціянства на землях Полацкага раёна панавала язычніцкая сістэма вераванняў. Хрысціянізацыя Полацка і Полацкай зямлі пачалася, відаць, у канцы X ст. Некаторыя з навукоўцаў лічаць, што яшчэ да падзей 980 г. некаторыя з членаў княжацкага роду былі ўжо хрысціянамі. Так гэта было ці не, але застаюцца бясспрэчнымі два факты. Па-першае, епархія ў Полацку была ўтворана пасля 992 г. Па-другое, у адрозненне ад Кіева, хрышчэнне палачанаў не насіла гвалтоўнага характару. Хрысціянства, прынятае ў канцы X ст., яшчэ доўгі час з'яўлялася знешняй фармальнасцю. Спрадвечныя язычніцкія вераванні не саступалі свайго месца хрысціянству, таму апошняе рознымі сродкамі змагалася супраць традыцыйных вераванняў. На месцах, дзе калісьці былі капішчы, будаваліся цэрквы, каля святых дрэваў і месцаў – каплічкі, на святых камянях выбіваліся крыжы або на месцы гэтых камянёў ставіліся каменныя крыжы. I ўсё ж хрысціянства, хоць фармальна, але атрымала перамогу. Яго пазіцыі ўзмацніліся пасля будаўніцтва Усяславам Чарадзеем у 50-х гадах XI ст. Сафійскага сабора і заснавання ім і яго нашчадкамі шэрага манастыроў, першымі з якіх можна лічыць: Бельчыцкі, Спаса-Ефрасіньеўскі, Барысаглебскі, Прадцечанскі. Асветніцкая дзейнасць такіх падзвіжнікаў, як Ефрасіння Полацкая, спрыяла замацаванню хрысціянскіх каштоўнасцей сярод мясцовага насельніцтва.
Вяртаючыся да палітычнай гісторыі Полаччыны, заўважым, што звесткі пра яе ў многім залежаць ад летапісных крыніц. Менавіта з іх мы даведаліся аб аднаўленні Полацкай княжацкай дынастыі сынам Рагнеды Ізяславам і аб яго смерці ў 1003 г., аб пачатку кіравання новага князя Полацкай дынастыі Брачыслава і шмат аб чым іншым. Але аб тым, што ў сярэдзіне XI ст. цэнтр старажытнага Полацка быў перанесены на правы бераг Заходняй Дзвіны пры ўпадзенні ў яе Палаты, нам расказалі археалагічныя крыніцы. 3 гэтага часу горад атрымлівае новы імпульс да развіцця. Яго цэнтр – дзядзінец абкружаецца валамі, умацаванымі драўлянымі сценамі з вежамі. Расце і пасад горада. Яго плошча ў XI ст. складала каля 20 га. Эканамічная моц садзейнічала знешнепалітычнай актыўнасці Полацка, асабліва пры княжанні Брачыслава Ізяславіча (1003–1044 гг.) і Усяслава Чарадзея (1044–1101 гг.). Полацкае княства пры гэтых князях дасягае найвышэйшага росквіту. Барацьба за панаванне на шляху «з варагаў у грэкі» прывяла да прамых сутыкненняў Полацка з Кіевам і Ноўгарадам, як гэта было ў 1021 г. і пазней. Але нягледзячы на гэта, каб не даць ворагу таптаць Полацкую зямлю, князі ўдзельнічалі ў шэрагу паходаў кіеўскага князя і да 1066 г. захоўвалі з ім мір, а разам з тым і сваю незалежнасць. Падзеі 1067 г., асабліва бітва на Нямізе і палон Усяслава Чарадзея, прывялі да істотных наступстваў. Першае – Полацкае княства на пэўны час страціла незалежнасць і свайго князя. Замест яго быў прызначаны кіеўскі намеснік. Другое – цэнтр Полаччыны быў аслаблены эканамічна з дзвюх нагод: шмат аратаяў загінула ў сутычках з кааліцыяй, якую ўзначальваў кіеўскі князь, бо каб супрацьстаяць ворагу, акрамя прафесійнай дружыны, якая налічвала не больш за 1500 чалавек, відаць, склікалася вясковае апалчэнне; да таго ж з-за барацьбы кіеўскіх князёў супраць Усяслава разараліся полацкія ваколіцы. Красамоўна аб апошняй акалічнасці сведчыць паход у 1078 г. чарнігаўскага князя Уладзіміра Манамаха і наўгародскага князя Святаполка з ардой полаўцаў на Полацк. I хоць Полацк не быў узяты, усе яго ваколіцы былі спалены, шмат людзей трапіла ў палон. Пасля гэтых падзей мы амаль не сустракаем ніякіх звестак аб Полацку да канца XI ст., што, відаць, тлумачыцца паслабленнем яго знешнепалітычнай актыўнасці.
XII стагоддзе ў гісторыі Полаччыны было яшчэ больш трагічным, чым папярэдняе, і прайшло ва ўмовах міжусобнай барацьбы князёў. Першы ж год прынёс бяду. «В лето 6609 (1101) преставися Всеслав, Полоцкий князь, месяца апреля, в 14 день, в 9 час дне, в среду», –запісана ў летапісе. У яго засталося шасцёра сыноў. Усяслаў пакінуў ім у спадчыну галоўную мэту свайго жыцця – барацьбу за незалежнасць Полаччыны і ўмацаванне яе межаў. Таму нядзіўна, што ў 1102 г. полацкі князь Барыс пайшоў у паход на яцвягаў, а ў 1106 г. – на земгалаў.
I тут узнікае знакамітае пытанне аб Барысавых камянях, тры з якіх знаходзіліся каля Полацка. На ўсіх гэтых вялікіх па памерах камянях паабапал васьміканцавога крыжа выбіты аднолькавы надпіс: «Господи помози рабу своему Борису». Адны з гісторыкаў меркавалі, што гэтыя камяні і неабходна звязваць з паходамі Барыса ў 1102 і 1106 гг., другія ж схіляліся да думкі, што камяні пастаўлены іншым полацкім князем Барысам падчас голаду 1127 і 1128 гг. Але як было на самой справе, пакуль што дакладна невядома.
Новыя імкненні Полацка да незалежнасці зноў выклікалі незадавальненне кіеўскіх князёў. I вось у 1127 г. на чале з князем Мсціславам накіроўваецца кааліцыйнае войска, каб разрабаваць Полаччыну і пазбавіць Полацк незалежнасці. Для больш паспяховага выніку паходу было вырашана адначасова нанесці ўдар па значных абарончых пунктах: Заслаўю, Лагойску, Барысаву і Друцку, а потым рушыць на Полацк. Князям удалося ажыццявіць задуманае, і вось яны зноў пад сценамі Полацка, і зноў рабуецца і паліцца ваколіца. I толькі адзінае выратоўвае Полацк ад бяды. Па патрабаванню кіеўскіх князёў і са згоды веча быў выдадзены ворагам князь Давыд з сынамі і пазней сасланы ў Візантыю. Замест яго быў прызначаны правіць у Полацку кіеўскі стаўленік – князь, які ў хуткім часе быў зменены адным з полацкіх князёў. Пасля гэтай падзеі звесткі пра Полацк у летапісах сустракаюцца радзей і радзей. На Полаччыне атрымалі далейшае развіццё міжфеадальныя ўсобіцы і раздробленасць.
У гэтых умовах у Полацку ўзвышаецца роля веча, якое, па сутнасці, кіруе ўсімі сферамі жыцця. Так, у 1151 г. веча выганяе з Полацка князя Рагвалода Барысавіча і бярэ Расціслава Глебавіча, менскага князя. У 1158 г. па рашэнню таго ж веча адхіляецца ад кіравання князь Расціслаў і зноў вяртаецца Рагвалод Барысавіч, які робіць безвыніковую спробу прагнаць з Менска Расціслава Глебавіча. Пасля паражэння пад Менскам Рагвалод, ведаючы, што яго чакае веча, у Полацк не вяртаецца. У Полацку стаў правіць Васілька Святаславіч. У гэты час горад слабее і падпадае пад палітычны ўплыў Смаленскага княства. Так, у 1167 г. палачане разам са смаленцамі і суздальцамі ўдзельнічаюць у барацьбе супраць Ноўгарада. Некаторы час Полацк знаходзіўся ў палітычнай залежнасці ад растова-суздальскіх князёў і ў 1174 г. прыняў нэпасрэдны ўдзел у паходзе Андрэя Багалюбскага на Кіеў. Неабходна адзначыць, што да канца XII ст. паступова міжусобныя спрэчкі паміж полацкімі князямі заціхаюць, аб чым сведчыць той факт, што ў 1180 г. адбыўся сумесны паход шасці князёў Полаччыны на Друцк дзеля ўмацавання адзінства княства.
А адзінства гэтае зрабілася неабходным перад новай пагрозай з захаду, нечаканай як для Полацка, так і для ўсёй Беларусі. А пачыналася ўсё даволі проста. У 1186 г. сціплы прапаведнік Мейнард папрасіў дазволу ў полацкага князя Уладзіміра весці хрысціянскую пропаведзь сярод ліваў. Потым яго справу прадоўжыў прапаведнік Бертольд, які быў забіты і на змену яму з'явіўся біскуп Альберт, а разам з ім і крыжацкая пагроза. Альберт, каб замацаваць свой уплыў на полацкіх землях, у 1201 г. у вусці Заходняй Дзвіны будуе крэпасць Рыгу. Пачынаецца доўгая і зацятая барацьба Полацкага княства супраць крыжакоў. Многія з жыхароў, што жылі ў той час на тэрыторыі сучаснага Полацкага раёна, склалі за Радзіму свае галовы і абаранілі (як не раз дасюль) пакутную зямлю, якой яшчэ давядзецца сказаць сваё слова і ў XIII, і ў XIV, і ў XV стагоддзях.
У сярэдзіне XIII ст. пульс гістарычных падзей пачынае адчувацца на паўднёвым захадзе Беларусі. Навагрудак пачынае збіраць беларускія землі. Полацк саступае яму сваё гістарычнае месца. Палітычнае аслабленне Полацка праявілася і ў тым, што баярская алігархія стала запрашаць на праўленне літоўскіх князёў. Пры такім падыходзе стала зразумела, што нядоўга засталося Полацку быць вольным ад маладой дзяржавы – Вялікага княства Літоўскага.
3 сярэдзіны XIII ст., калі ў Полацку з'явіўся першы літоўскі князь, пачаўся працэс паступовай інтэграцыі полацкіх земляў у магутную дзяржаву еўрапейскага сярэднявечча – Вялікае княства Літоўскае, Рускае, Жамойцкае.
Працэс гэты быў няпросты і заняў прыкладна паўтары сотні гадоў. Войны прыцягвалі першачарговую ўвагу летапісцаў, таму мы ведаем пра іх многа. Калі ворагі трымалі Полацк у аблозе, найбольшую шкоду і спусташэнні яны прыносілі менавіта яго ваколіцам. Яны рабаваліся, а насельніцтва бязлітасна знішчалася ці выводзілася ў палон.
3 пачатку XIII ст. сур'ёзным праціўнікам Полацкага княства на захадзе становяцца нямецкія крыжакі. Пачаўшы з нападаў на яго ўскраіны, яны ўжо ў першай палове XIV ст. спрабуюць захапіць Полацк.
Надзвычай цяжкім часам для Полаччыны стала другая палова XIV ст. Апошні полацкі князь Андрэй Альгердавіч вызначаўся ваяўнічым і амбіцыйным характарам, вёў частыя войны з суседзямі і актыўна ўдзельнічаў у міжусобіцах. У адказ на дзеянні Андрэя ў 50-я гады XIV ст. дзве выправы на Полацк здзейснілі пскавічы. Хоць у час княжання Андрэя крыжакі, здаецца, і не рабілі больш спробаў захапіць сталіцу Полацкага княства, аднак яны ўсё ж непакоілі яго заходнія ўскраіны.
3 40-х гадоў XV ст. на Полаччыне нарэшце ўсталяваўся доўгачаканы мір. Пакуль Полацкая зямля разам з усім Вялікім княствам Літоўскім спажывала яго плён, на ўсходзе дужэў прэтэндэнт на валоданне Падзвіннем і іншымі «рускімі» землямі дзяржавы – Масква. Напрыканцы XV – у першай палове XVI ст. ВКЛ пяць разоў вяло з ёй цяжкія войны. Не ўсе яны закранулі Полацкі край, але і тыя, што пракаціліся па ім, пакінулі свой нядобры след.
Нягледзячы на войны, пошасці і голад, палачане кожны раз вярталіся ў апусцелыя вёскі і з новай сілай браліся за аднаўленне разбураных вайной хат і гаспадарак, каб зноў і зноў наладжваць мірнае жыццё.
Полаччына вельмі рана ўключылася ў міжнародную гаспадарчую сістэму, і ў першую чаргу ў міжнародны гандаль. Спачатку палачане карысталіся вельмі зручным геаграфічным становішчам сваіх земляў і ўзбагачаліся за кошт збору пошлін з купецкіх караванаў, што праходзілі па тэрыторыі Полаччыны, у асноўным па Дзвіне. Самі яны як пасрэднікі, відаць, таксама ўдзельнічалі ў гандлі. Пра аб'ёмы і характар таварапатокаў, якія праходзілі праз Полацк у раннім сярэднявеччы, дае ўяўленне манетны скарб, які быў знойдзены ў 1973 г. каля в. Казьянкі. Ён быў схаваны ў 40-я гады X ст. і налічваў тысячы арабскіх сярэбраных манет (дырхемаў), з якіх захавалася, на жаль, толькі частка – 7588 штук. Паступова палачане пачалі гандляваць і таварам, на які была багатая іх уласная зямля. Футры і воск, драўніна і попел, збожжа і крупы былі асноўнымі прадуктамі вывазу з Полаччыны, увозілі галоўным чынам соль, селядцы, тканіну ды іншыя рамесныя вырабы. Гандаль Полацка меў ярка выяўлены транзітны характар: яго асноўнымі партнёрамі, нягледзячы на ўсе войны і палітычныя катаклізмы, былі на захадзе – рыжскія купцы, а на поўначы і ўсходзе – Пскоў, Вялікі Ноўгарад, Смаленск. Не выключана, што палачане вялі гандаль і з Масквой.
3 цягам часу ў структуры эканомікі Полаччыны ўсё большую вагу набывала сельская гаспадарка і асабліва вытворчасць збожжа. Гандаль збожжам аказаўся выгаднай справай, і на Полаччыне пачынаюць актыўна займацца вырошчваннем хлеба. У сувязі з гэтым вырасла каштоўнасць апрацаванай глебы – раллі. Разам з ёй узрасло значэнне рабочай сілы. Каб забяспечыць гарантаваную і рэгулярную апрацоўку сваёй зямлі, пануючы клас дзяржавы – феадалы – праводзіць палітыку запрыгоньвання сялянства, г. зн., з аднаго боку, сяляне прымацоўваюцца да зямлі і такім чынам пазбаўляюцца права свабоднага пераходу ад аднаго землеўладальніка да другога, а з другога – трапляюць у асабістую залежнасць да феадала-землеўладальніка. Працэс гэты быў, аднак, вельмі паступовы ды працяглы, і ў XVI ст. на Полаччыне было яшчэ шмат свабодных («вольных») сялян.
Вялікае княства Літоўскае так, відаць, і не змагло б вярнуць Полаччыну, калі б не тыя змены, якія адбыліся ў яго статусе. Дзяржава, знясіленая шматгадовай барацьбой з моцным ворагам, была вымушана пайсці на цесны палітычны саюз з суседнім Каралеўствам Польскім. Унія, заключаная ў Любліне 1 ліпеня 1569 г., фактычна скасоўвала дзяржаўную незалежнасць ВКЛ і ўтварала новую федэратыўную дзяржаву – Рэч Паспалітую. Яе кароль, Стэфан Баторый, распачаў актыўныя ваенныя дзеянні на ўсходзе краіны. 11 жніўня 1579 г. ён падышоў да Полацка, а 30 жніўня ўзяў яго. Полаччына зноў злучылася з беларускімі землямі, але ўжо ў складзе новай дзяржавы.
Першая палова XVII ст. была ў асноўным мірнай для Полаччыны, толькі ў чэрвені 1633 г. расійскія войскі раптоўна напалі на яе землі і падпалілі Полацк. Затое вайну сярэдзіны гэтага стагоддзя палякі нездарма назвалі «патопам». Не інакш як сапраўдным крывавым патопам стала яна для Падзвіння.
У 1654 г. расійскі цар Аляксей Міхайлавіч распачаў вайну супраць Рэчы Паспалітай. Адной з першых яе ахвяр стаў Полацк, узяты 17 чэрвеня. 3 самага пачатку трынаццацігадовага панавання Расіі на полацкіх землях стаўленне мясцовага насельніцтва да новай улады было неадназначнае. Частка шляхты прысягнула Аляксею Міхайлавічу, і з яе былі сфарміраваны цэлыя палкі, якія ваявалі на баку цара, частка ж не захацела рабіць гэтага. Багацейшыя паехалі ў незахопленыя раёны дзяржавы, бяднейшыя – хаваліся па лясах.
Наступствы вайны для Полаччыны былі жахлівыя. Паводле некаторых падлікаў, калі да вайны ў Полацкім ваяводстве жыло 162 478 чалавек, дык пасля яе – 40 930. Страты насельніцтва склалі, такім чынам, 74,8 %. Аднак горад Полацк і яго ваколіцы пацярпелі яшчэ больш, чым ваяводства. Так, калі да вайны ў Полацку налічвалася 1500 «дымоў», дык пасля яе – 102, іх колькасць скарацілася на 93,2 %. У мястэчку Экімань да вайны было 136 «дымоў», пасля – 14, страты склалі 89,7 %.
Не абмінулі Полаччыну таксама і падзеі Паўночнай вайны (1700–1721 гг.), хоць яе наступствы і не былі такімі катастрафічнымі, як наступствы папярэдняй.
Мірнае жыццё, якое з XVIII ст. надоўга ўсталявалася на разбуранай войнамі Полацкай зямлі, не было такім ужо спакойным і лёгкім для яе жыхароў.
Уся ўлада ў Рэчы Паспалітай XVIII ст. належала шляхце. Яна вельмі высока цаніла свае «залатыя вольнасці» і не дапускала да іх нікога. Слабая каралеўская ўлада была бездапаможная ў барацьбе са шляхецкай анархіяй, якая літаральна захліснула краіну. Часта шляхта сама вырашала свае спрэчкі, не звяртаючыся да паслуг суда. Нярэдка гэта рабілася з дапамогай зброі, напады аднаго шляхціца на маёнтак другога сталі справай звычайнай і нагадвалі сапраўдныя мінівойны. Падчас такіх нападаў пакутавала не столькі шляхта, колькі яе падданыя – сяляне, бо паліліся іх хаты, рабавалася іх маёмасць, забіралася іх жывёла. Не такімі ўжо рэдкімі былі і выпадкі забойства сялян.
Пры гэтым трэба адзначыць, што ў XVIII ст. сяляне ўжо былі прыгоннымі і не маглі пераходзіць ад аднаго землеўладальніка да другога. Яны таксама па закону не мелі права валодаць зямлёй.
Вось што ўяўляла панская гаспадарка, на якой павінны былі працаваць прыгонныя сяляне (паводле звестак 1766–1767 гг.). Маёнтак Мяніца належаў пану Антонію Сяляве і складаўся, апрача самой Мяніцы, яшчэ з вёсак Астравенец, Глыбачка, Заполле, Падгор'е (ці Лазоўка і Баравыя), Машчоны, Папоўка. У Мяніцы знаходзілася панская сядзіба: стары дом, свіран, фальварак, пякарня, даржнік з дзесяці хлявоў, дзве стайні, пры іх хлявок, паветка, адрына і іншыя пабудовы, сырніца, скарбец. За ім пачынаўся сад. Былі пры сядзібе таксама гумно, бровар, а пры ім лазня і хлеў. Побач з сядзібай стаяла карчма. Каля Папоўкі, якая тады называлася Папоўшчынай, стаяў млын.
У в. Астравенец жылі сяляне па прозвішчах Корсак, Коршун, Шліпёнак, Васілішын, Касач, Каўронак; у Глыбачцы – Корсакі, Коршуны, Каўронкі, Касачы; у Заполлі – Коршуны, Бладычкі, Жалейкі, Шарыпы, Машчоны, Корсакі, Лупенкі; у Лазоўцы (ці Лазове) – Буздыкі, Альхімёнкі, Коршуны, Папко, Андрыёнчыкі; у Машчонах – Машчоны (ці Машчуны); у Баравых – Баравыя і Коршуны; у Папоўцы – Кубліцкія і Корсакі. Усе яны неслі цэлы шэраг павіннасцяў на карысць пана.
У канцы XVIII ст. Рэч Паспалітая ўступіла ў паласу глыбокага крызісу, які ахапіў многія сферы жыцця. Краіну маглі выратаваць толькі карэнныя рэформы. Магнаты і шляхта, аднак, не жадалі іх праводзіць ды ахвяраваць нават часткай сваіх правоў і прывілеяў на карысць цэнтральнай улады ды іншых слаёў насельніцтва.
Дзяржава хуткімі крокамі ішла насустрач сваёй гібелі.
За тым, як страчвае апошнія сілы Рэч Паспалітая, назіралі Расія, Аўстрыя і Прусія. У 1772 г. яны праводзяць першы падзел Рэчы Паспалітай. Кожная краіна далучыла да сваіх земляў частку яе тэрыторыі. Да Расійскай імперыі адышла Паўночная (правы бераг Дзвіны) і Усходняя Беларусь.
23 кастрычніка 1772 г. быў выдадзены ўказ, паводле якога ўсе далучаныя да Расіі землі былі падзелены на тэрытарыяльна-адміністрацыйныя адзінкі, якія існавалі тады ў імперыі. Былі створаны Пскоўская і Магілёўская губерні. У першую ўвайшлі 5 правінцый: дзве расійскія (Пскоўская і Велікалуцкая), дзве беларускія (Полацкая і Віцебская), а таксама адна латышская (Дзвінская). Губернскім цэнтрам Пскоўскай губерні была прызначана Апочка.
Указам ад 14 жніўня 1776 г. Пскоўская губерня была перайменавана ў Полацкую, а з яе складу былі выведзены 2 расійскія правінцыі. Такім чынам, з'явілася Полацкая губерня з цэнтрам у Полацку, якая складалася з правінцый Полацкай, Віцебскай і Дзвінскай.
22 ліпеня 1773 г. у Полацкай правінцыі, тады яшчэ толькі частцы Пскоўскай губерні, былі вылучаны 2 павятовыя цэнтры: Себеж і Невель, а ўказам ад 22 сакавіка 1777 г. уся Полацкая губерня была падзелена на 11 паветаў: Полацкі, Дрысенскі (ці, як у дакуменце, Дрызінскі), Себежскі, Невельскі, Дынабургскі (цэнтр – сучасны Даўгаўпілс), Рэзіцкі (цэнтр – сучаснае Рэзекне), Люцынскі (цэнтр – сучасная Лудза), Віцебскі, Веліжскі, Гарадоцкі (ці, як у дакуменце, Гарадзецкі) і Суражскі.
У 1793 г. адбыўся другі падзел Рэчы Паспалітай, паводле якога да Расійскай імперыі адышла Цэнтральная Беларусь, у тым ліку і частка Полацкага ваяводства, якая пасля 1772 г. заставалася ў складзе Рэчы Паспалітай. У хуткім часе яна была ўключана ў склад Полацкага і іншых паветаў губерні. Адміністрацыйныя межы тагачаснага Полацкага павета і сучаснага Полацкага раёна блізкія.
Указам ад 12 снежня 1796 г. Павел I правеў новы падзел імперыі на губерні, паводле якога губерні Полацкая і Магілеўская злучаліся ў адну. Яна атрымала назву Беларускай, а цэнтрам новай губерні стаў Віцебск.
Праіснавала яна, аднак, нядоўга: указам ад 27 лютага 1802 г. Беларуская губерня была зноў падзелена на дзве: цэнтрам першай, як і раней, стаў Магілёў, а вось у Полацк губернскае праўленне вяртаць не сталі, і яно засталося ў Віцебску; у выніку ўся губерня атрымала назву Віцебскай. Яна праіснавала да 1924 г. і за ўвесь гэты час спазнала невялікія тэрытарыяльна-адміністрацыйныя змены.
3 далучэннем беларускіх земляў да Расійскай імперыі з'яўляюцца першыя статыстычныя іх апісанні.
Пра дынаміку росту насельніцтва Полацкага павета ў канцы XVIII – першай палове XIX ст. можна меркаваць па наступных лічбах (праўда, трэба ўлічваць, што ў дадзены перыяд яго плошча мянялася). У 1780 г. у Полацкім павеце жыло 26 490 «душ» (гэта значыць асобаў мужчынскага полу). У 1796 г. павет налічваў ужо 30 385 «душ», у 1804 г. – 63 526 чалавек (31 087 мужчын і 32 439 жанчын), а ў 1808 г. – 69 282 (34 092 мужчыны і 35 190 жанчын). Руска-французская вайна 1812 г., неўраджай і голад пасляваенных гадоў, а таксама эпідэмія халеры 1831 г. нанеслі, аднак, такія значныя страты насельніцтву павета, што яшчэ ў 1842 г. яно налічвала толькі 68 740 чалавек (35 169 мужчын і 33 571 жанчына).
У 1808 г. у Полацкім павеце налічвалася 4 праваслаўныя царквы і капліцы (1 мураваная і 3 драўляныя), 6 каталіцкіх касцёлаў (3 мураваныя і 3 драўляныя), 3 яўрэйскія школы (усе драўляныя) і 96 уніяцкіх храмаў (таксама ўсе драўляныя).
Полацк быў цэнтрам уніяцкай епархіі, а недалёка ад горада, у сяле Струнне, знаходзілася летняя рэзідэнцыя полацкага архіепіскапа. Тут у 1809 г. быў пахаваны адзін з апошніх уніяцкіх мітрапалітаў і адначасова полацкі архіепіскап Іраклій Лісоўскі. Полацкі сабор 1839 г. прыняў рашэнне аб скасаванні уніі, і ўсе ўніяты былі пераведзены ў праваслаўе.
Полаччына і пасля далучэння да Расійскай імперыі заставалася ў асноўным аграрным краем, хоць былі тут і прамысловыя прадпрыемствы. У 1842 г. у Полацкім павеце (без г. Полацка) налічвалася 2 медзеплавільныя заводы (яны выраблялі прадукцыі на 5500 руб. у год), 1 кафляны (на 1500 руб.), 2 цагельныя (на 574 руб.), 3 гарбарныя (на 1060 руб.) і 1 паташны (на 185 руб.). У 1859 г. засталіся 1 медзеплавільны (выпускаў прадукцыі на 300 руб. у год) і 3 гарбарныя (на 690 руб.) заводы.
Сельская гаспадарка была вельмі кансерватыўнай галіной эканомікі. Вялася яна старымі метадамі. Яшчэ на пачатку XIX ст. аралі сохамі, а баранавалі баронамі, зробленымі з сасновых і яловых сукоў. Жыта малолі на ручных жорнах. Хлеб сеялі як яравы (больш), так і азімы, але ўраджаі былі нізкія. У Віцебскай губерні досыць часта здараліся неўраджаі: з 10 гадоў 3 бывалі неўрадлівымі. Нярэдкай з'явай быў і голад.
Моцным штуршком у развіцці сельскай гаспадаркі павінны былі стаць карэнныя змены ў становішчы сялянства, якое ўсё яшчэ заставалася прыгонным. Эксплуатацыя памешчыкамі сваіх сялян дасягала ў шэрагу выпадкаў проста невыносных умоў для апошніх. Так, у 1846 г. віцебскаму, магілёўскаму і смаленскаму генерал-губернатару даносілі, што некаторыя памешчыкі і арандатары Полацкага павета пакідаюць сялянам для працы на ўласных палетках толькі адзін дзень на тыдні, таму іх палі і агароды стаяць неапрацаваныя, незасеяныя, а ўжо хутка пасля жніва ў іх «рэдка можна сустрэць кавалак печанага хлеба». Становішча на вёсцы напружвалася ўсё больш і больш. Сяляне чакалі волі. У 1847 г. сярод прыгонных Себежскага і Дрысенскага паветаў распаўсюдзіліся чуткі, быццам той, хто пэўны час адпрацуе на будаўніцтве Мікалаеўскай чыгункі, атрымае свабоду .Пачаліся масавыя ўцёкі сялян разам з сем'ямі і маёмасцю ў раёны будаўніцтва. Рух гэты распаўсюдзіўся і на Полацкі павет. Станавілася ўсё больш відавочна, што прыгоннае права дажывае свае апошнія гады.
У другой палове XIX – пачатку XX ст. тэрыторыя сучаснага Полацкага раёна ўваходзіла ў склад Полацкага павета – Арцейкавіцкая, Банонская, Замшанская, Мікалаеўская, Петрапаўлаўская, Струнская, Тураўлянская, Юравіцкая воласці; Лепельскага – Бабыніцкая, Варонецкая, Ветрынская, Нацкая, Чарствяцкая; Дрысенскага – Дзёрнавіцкая, Каменская; Гарадоцкага – Уладзімірская воласць.
Паводле дадзеных першага ўсеагульнага перапісу насельніцтва Расійскай імперыі 1897 г., у Полацкім павеце пражывала 141 841 чалавек: 70 127 мужчын і 71 714 жанчын. Насельніцтва было шматнацыянальным. Тут жылі беларусы, рускія, украінцы (усіх 119 413 чал.), палякі (2795), літоўцы (305), латышы (1721), немцы (298), яўрэі (17 140). У павеце налічвалася 3608 дваран, 586 прадстаўнікоў духавенства, 345 купцоў 27 420 мяшчан, 109 328 сялян, 509 чалавек іншых саслоўяў. Па канфесійнай адзнацы насельніцтва павета размяркоўвалася наступным чынам: праваслаўныя – 102 197, стараверы – 5953, рыма-католікі – 14 835, пратэстанты – 1612, іудзеі – 17 178.
Полацкі павет большай часткай размяшчаўся па правабярэжжы Заходняй Дзвіны і толькі невялікая частка выходзіла на яе левы бераг.
На рубяжы 50–60-х гадоў XIX ст. крызіс феадальна-прыгонніцкай сістэмы і рост вызваленчых настрояў выклікалі рэвалюцыйную сітуацыю, якая прывяла да сялянскай рэформы 19 лютага 1861 г. – адмены прыгоннага права.
На Полаччыне рэформа праводзілася на аснове «Агульнага палажэння» і аднаго з «Мясцовых палажэнняў». Паводле «Агульнага палажэння» сяляне атрымлівалі асабістую свабоду і права распараджацца сваёй маёмасцю. За памешчыкамі замацоўваліся ўсе землі, але яны мусілі аддаць сялянам на сталае карыстанне (за павіннасці – паншчыну, аброк) сядзібу і палявы надзел «для забеспячэння іх быту і для выканання іх абавязкаў перад урадам і памешчыкам». Сяляне атрымалі права выкупу сядзібы і, са згоды памешчыка, палявога надзелу. Сяляне, якія выкупілі свае надзелы, называліся сялянамі-ўласнікамі, астатнія – часоваабавязанымі сялянамі.
Пасля выхаду з-пад прыгону па-ранейшаму вялікім цяжарам на сялянскія гаспадаркі клаліся шматлікія падаткі і павіннасці. Самым буйным грашовым зборам былі выкупныя плацяжы па 66 кап. за дзесяціну прыдатнай надзельнай зямлі. Так званыя грамадскія зборы ішлі на ўтрыманне валасной адміністрацыі і суда, урачэбнага і ветэрынарнага персаналу, цэркваў і г. д. па 44,9 кап. з дзесяціны надзельнай зямлі.
Вялікае месца ў жыцці сялян займалі натуральныя павіннасці (дарожная, падводная, паліцэйская і інш.). Дарожная павіннасць заключалася ў спраўным утрыманні замацаваных за сялянамі паштовых, ваенных, грунтовых дарог, у пабудове і рамонце мастоў, плацін, у пракладванні грэбляў. Па падводнай павіннасці сяляне абавязаны былі пастаўляць падводы з праваднікамі для чыноў паліцыі, жандармерыі, суда, для перавозкі вайскоўцаў, хворых арыштантаў, земскай пошты. Права на падводы мелі таксама сялянскія ўрачы, фельчары, павітухі, ветэрынары і г. д.
Пасля адмены прыгоннага права былі праведзены рэформы дзяржаўнага ладу: ваеннай справы, органаў суда і пракуратуры, сістэмы гарадскога самакіравання, народнай асветы, цэнзуры і інш.
У першае парэформеннае дваццацігоддзе вядучае месца ў гаспадарках памешчыкаў займала вытворчасць збожжа. Беларусь у другой палове 70-х гадоў становіцца важным раёнам экспарту збожжа.
У памешчыцкіх гаспадарках пачалі распаўсюджвацца севазвароты, выкарыстоўвацца і сельскагаспадарчыя машыны. Паступова таварны характар набылі таксама жывёлагадоўля, ільнаводства. За парэформенны перыяд узрасла пасяўная плошча пад бульбу. Жывёлагадоўля, агародніцтва, садоўніцтва развіваліся галоўным чынам у гаспадарках памешчыкаў і заможных сялян.
Важным накірункам спецыялізацыі памешчыцкай гаспадаркі было вінакурства. У 1886 г., па дадзеных абследавання статыстычнымі ўстановамі, вінакурныя заводы былі ў вёсках Банонь, Прыхабы, Рудня, Саланевічы, у маёнтках Экімань, Туроўль, Чырвоны Рог, Казімірова, Туржэц, у мястэчку Ветрына быў піўзавод.
Развіццё капіталістычнага рынку залежала ад стану шляхоў зносін і сродкаў сувязі. У 70–90-я гады рачным транспартам перавозіліся сотні тысяч пудоў грузаў, галоўным чынам лесаматэрыялы, дровы, збожжа. У гандлі лесам вядучую ролю адыгрывала рака Заходняя Дзвіна, у 1865 г. па ёй прайшло 13,3 тыс. плытоў.
У 1866 г. быў пабудаваны ўчастак Рыга-Арлоўскай чыгункі Дзвінск – Полацк – Віцебск, а на ім чыгуначныя станцыі Баравуха і Полацк. Асноўнымі прадметамі пагрузкі і адпраўкі былі лесаматэрыялы, сельскагаспадарчыя прадукты.
У 1897 г. у гандлі Полаччыны было занята больш за 1300 чалавек. 3 іх больш за палову гандлявалі сельскагаспадарчай прадукцыяй, каля 130 чалавек – лесам, будаўнічымі матэрыяламі і палівам, звыш 200 чалавек – прамысловымі матэрыяламі.
У гэты час актывізавалі дзейнасць магазіны і лаўкі. Лаўкі меліся ў вёсках Маліна Рудня, 2 лаўкі ў в. Арэхаўна, па 3 лаўкі ў мястэчках Бабынічы і Гомель.
3 сярэдзіны 40-х гадоў XIX ст. з'яўляецца паштова-тэлеграфная сувязь. Яна выклікала да дзеяння падарожныя карчмы. У 1886 г. яны былі ў вёсках Белае, Юравічы, Ветрына, Ропна.
У 1886 г. у в. Маліна Рудня Банонскай воласці працавалі цвікавы і папярова-кардонны заводы, у в. Гурнаполле Тураўлянскай воласці – дзягцярны завод, у Спаскім жаночым манастыры – цагельны завод.
Акрамя гэтых прадпрыемстваў, працавалі вадзяныя млыны ў вёсках Саланевічы, Экімань, у маёнтках Туроўль, Якаўкі, мястэчку Гомелі, у памесці Вусце, ветраны і паравы млыны былі ў в. Маліна Рудня. Тут пачала ўзрастаць і колькасць насельніцтва.
Аднак, нягледзячы на значныя поспехі ў развіцці сельскай гаспадаркі ў парэформенныя дзесяцігоддзі, перабудова яе на капіталістычны лад да пачатку XX ст. далёка не завяршылася. Характар вытворчых адносін у многім вызначаўся ў вёсцы кабальнай адпрацовачнай сістэмай. У 1898 г. у Полацкім павеце з 650 маёнткаў і фальваркаў толькі ў 247 гаспадарылі самі ўладальнікі, прычым у многіх выпадках на аснове палавіншчыны. У 199 маёнтках зямля здавалася ў арэнду, у 24 – на ўзворванне.
У 1874–1875 гг. дэмакратычная моладзь распачала «хаджэнне ў народ». Пунктам, што прыцягнуў увагу народнікаў у Беларусі, была в. Гараны Полацкага павета, дзе знаходзіўся маёнтак, частка якога належала А. I. Вярыга (па мужу Філіп). Яе стрыечная сястра К. К. Брэшка-Брашкоўская, актыўная ўдзельніца народніцкага руху, задумала план стварэння сельскагаспадарчай фермы для работы на ёй інтэлігентных людзей. Такую ферму са згоды А. I. Вярыга і вырашана было арганізаваць у Гаранах. Члены «Кіеўскай камуны», адным з арганізатараў якой была Брэшка-Брашкоўская, падтрымалі гэтае мерапрыемства. У лістападзе 1873 г. К. К. Брэшка-Брашкоўская і В. Ф. Фішар прыехалі ў Гараны з мэтай арганізаваць узорную ферму і пункт для прапаганды У студзені 1874 г да іх прымкнуў В. Г. Кукушкін, пазней I. I. Кабліц, М. Ф. Цвінева, В. П. Рагачоў, Л. А. Тэтэльман. Яны прабылі ў Гаранах нядоўга. Звестак аб іх прапагандысцкай дзейнасці няма, але вядома, што летам 1874 г. яны прапагандавалі ў іншых месцах.
Летам 1874 г. у Гараны прыехала група кіеўскіх народнікаў: Т. П. Стронская, Т. Д. Даўжанская, I. Пятровіч. Але гэтая група не затрымалася доўга. Арганізатар фермы К. К. Брэшка-Брашкоўская летам 1874 г. падалася «ў народ» у Херсонскую губерню.
Нялегкія ўмовы жыцця, цяжар прыгонніцкіх перажыткаў, малазямелле вымушалі сялян пакідаць абжытыя мясціны і ў пошуках лепшай долі, свабоднай зямлі перасяляцца ў Сібір, іншыя раёны імперыі. Але самавольныя перасяленні былі забаронены. Час ад часу выдача дазволаў на перасяленні прыпынялася.
У канцы XIX ст. пісьменнасць у Полацкім павеце складала 16,3 %. У 1892/93 навучальным годзе ў Полацкім павеце было 17 царкоўнапрыходскіх школ: у вёсках Белае, Струнне, Сосніца, Экімань, Шацілава і інш., 13 школ граматы ў вёсках Базылева, Верхачэнне, Забалоцце, Залессе, Запруддзе, Зюзіна і інш. У царкоўнапрыходскіх школах навучалася 574 хлопчыка і 82 дзяўчынкі, у школах граматы – 99 хлопчыкаў і 39 дзяўчынак 3 іх – праваслаўных 637 хлопчыкаў і 105 дзяўчынак, 27 хлопчыкаў католікаў і 19 лютаран.
Да пачатку рэвалюцыі 1905–1907 гг. у Полацку дзейнічала сацыял-дэмакратычная арганізацыя. У лютым 1905 г. яна распаўсюдзіла адозву «Да сялян», якую паліцыя выявіла ў вёсках Абалонне, Асінаўка, Зялёнка, Вялікія Жарцы, Лютаўка і інш.
У студзені – сакавіку 1905 г. у павеце адбылося 18 сялянскіх выступленняў. Сярод сялян в. Канашы палітычную агітацыю вёў рабочы Полацкага млына «Гамерня» Мікалай Пятроў, у Юравіцкай воласці – рабочы М. Ракіцёнак, у Аляксандраўскай – Я. Навуменка і В. Жаглоў. Яны распаўсюджвалі сацыял-дэмакратычную літаратуру, заклікалі да ўзброенага паўстання. Услед за гарадскімі рабочымі, сялянамі ў барацьбу за звяржэнне царызму ўключыліся сезонныя рабочыя. Летам 1905 г. на чыгуначным участку Полацк – Дрэтунь баставала каля трох тысяч працуючых.
Рэвалюцыйны рух на вёсцы прымаў усё больш арганізаваныя формы. Сяляне секлі панскі лес, захоплівалі сенажаці і пашу. Адбыўся шэраг буйных сутыкненняў, у якіх удзельнічалі сяляне вёсак Барова, Васільева, Казімірова і інш. Сяляне вёсак Чарнаручча, Чарнаполле і Шастова, жыхары хутара Кароўнікі правялі масавыя парубкі лесу ў маёнтку Казімірова і лясной дачы Экімань.
3 кастрычніка 1905 г. па студзень 1906 г. зафіксавана 38 выступленняў сялян.
Забастовачная барацьба ў павеце працягвалася і ў другой палове 1906 г., у 1907 і 1908 гг. Па-ранейшаму пераважалі вырубкі лесу, траўленне жывёлы на панскіх землях, у асобных выпадках і захопы ворыўнай зямлі і лугоў. Мелі месца таксама забастоўкі сельскагаспадарчых рабочых, адмовы ад выплаты падаткаў, ад выканання розных павіннасцей, падпальванне будынкаў, убранага хлеба і сена. Прычым, нягледзячы на тое, што ў сялянскіх выступленнях працягваўся спад, як сведчаць статыстычныя даныя, у 1907 г. у Полацкім і Лепельскім паветах (куды ўваходзілі вёскі сучаснай тэрыторыі раёна), колькасць іх была ўсё ж высокай.
Вясной 1907 г. сяляне мяст. Гомель самавольна захапілі і ўзаралі ўчастак зямлі ў суседнім панскім маёнтку, прагналі панскіх касцоў і для сябе скасілі панскія лугі. У 1908 г. сяляне вёсак Вуглы, Гараны, Плігаўкі, Заполле і іншых самавольна пасвілі жывёлу на лугах уладальніцы маёнтка Ухвішча. Паліцыі з вялікай цяжкасцю ўдалося, і толькі часова, спыніць «сялянскае самаўпраўства».
У сакавіку 1908 г. сяляне в. Мачулішча зрабілі самавольную парубку ў маёнтку Крашуты. Калі панскія служачыя паспрабавалі перашкодзіць парубшчыкам, то на дапамогу ім прыйшлі сяляне суседняй в. Дудчына.
Створаная напярэдадні рэвалюцыі 1905–1907 гг. Полацкая арганізацыя РСДРП у гады спаду рэвалюцыйнай актыўнасці панесла вялікія страты: частка яе членаў загінула ў барацьбе, дзесяткі былі арыштаваны і сасланы ў Сібір, многія, ратуючыся ад праследаванняў, вымушаны былі пакінуць родныя мясціны. Да пачатку 1908 г. Полацкая сацыял-дэмакратычная арганізацыя часова спыніла сваё існаванне. I толькі асобныя яе члены працягвалі працаваць у глыбокім падполлі.
У 1914 г. пачалася першая сусветная вайна. Яна пагоршыла і без таго цяжкае становішча большасці сялян. У Полацкім павеце, які знаходзіўся ў прыфрантавой паласе, праводзіліся масавыя мабілізацыі на абарончыя работы, рэквізіцыі для патрэб арміі жывёлы, хлеба, фуражу. Увесь цяжар клаўся перш за ўсё на плечы беднякоў і сераднякоў. У снежні 1916 г. сяляне в. Гамзялёва забілі стражніка, які прыехаў іх абіраць. Такія ж акцыі мелі месца і ў іншых вёсках.
У канцы 1916 – пачатку 1917 г. у Расіі зноў склалася рэвалюцыйная сітуацыя. Вайна паказала поўную няздольнасць царскай манархіі кіраваць краінай. Рэзка абвастрылася гаспадарчая разруха. У гарадах усё больш адчуваўся недахоп прадуктаў. 3-за адсутнасці паліва, сыравіны спыняліся прамысловыя прадпрыемствы. Мільёны людзей, перш за ўсё сем'і рабочых, галадалі. Армія не атрымлівала зброі, боепрыпасаў і цярпела паражэнне за паражэннем. I калі Расію абляцела вестка аб звяржэнні цара і перамозе буржуазна-дэмакратычнай рэвалюцыі ў Петраградзе, у вёсках Полаччыны адбыліся мнагалюдныя сходы сялян у падтрымку. У асобных месцах пачалі ствараць сельскія і валасныя камітэты.
25 красавіка Полацкі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў на аб'яднаным пасяджэнні абмяркоўваў пытанне «Аб харчовым становішчы ў горадзе і павеце». Дэпутаты ад рабочых і салдат абвінавачвалі павятовы і гарадскі прадуктовыя камітэты ва ўдзеле ў спекуляцыі прыпасамі і іх раскраданні. Было прынята рашэнне: «Прыступіць да ўліку наяўных прадуктаў у прыватных гандляроў, а рэквізіцыю ў вёсцы пачаць з буйных землеўладальнікаў».
6 чэрвеня 1917 г. павятовы камісарыят і павятовая ўправа праводзілі ў Полацку з'езд прадстаўнікоў валасных харчовых камітэтаў. Не было прынята ніякіх дзейсных рашэнняў. Бальшавікі прапаноўвалі ліквідаваць землеўладанне памешчыкаў і аддаць зямлю сялянам. Сяляне самавольна пачыналі захопліваць землі памешчыкаў, прымяняючы сілу ў адносінах да асабліва ненавісных памешчыкаў і іх стаўленікаў. У Полацкім павеце былі сканцэнтраваны падраздзяленні 15-га уланскага палка. Але стрымаць сялянскія выступленні было ўжо немагчыма.
Вясной і летам 1917 г. у многіх валасцях павета ўзамен старых валасных праўленняў сталі ўзнікаць валасныя камітэты.
ЛІТАРАТУРА
1. Асвяцінскі, Г. Б. Абарончыя сістэмы старажытнай Полаччыны / Г. Б. Асвяцінскі. – Віцебск : Віцебскі сшытак, 2002. – 20 с.
2. Бацькаўшчына : зборнік гістарычнай літаратуры / уклад. С. С. Панізнік. – Мінск : Юнацтва, 1997. – 286 с. : іл.
3. Гурина, И. Н. Развитие торговли в Полоцком округе в 1920-1930 годах / И. Н. Гурина // Труды молодых специалистов Полоцкого государственного университета / УО «Полоцкий государственный университет». – Новополоцк, 2009. – Вып. 34. – С. 27–30.
4. Таляронак, К. А. Жыццё беларускіх яўрэяў у вёсцы Варонічы [Полацкага раёна] ў XIX – першай палове XX стагоддзя / К. А. Таляронак // Труды молодых специалистов Полоцкого государственного университета / УО «Полоцкий государственный университет». – Новополоцк, 2009. – Вып. 34. – С. 93–96.
5. Цвірка, К. Край легенд: Паядынак з крыжакамі / К. Цвірка // Маладосць. – 2003. – № 11. – С. 148–154.
6. Штыхов, Г. В. Города Полоцкой земли : IX-XIII вв. / Г. В. Штыхов. – Мінск : Наука, 1978. – 160 с. : іл.
7. Янушкевіч, А. М. Дэмаграфічная сітуацыя на Полаччыне ў 60-70-я гг. ХVІ ст. / А. М. Янушкевіч // Весці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Серыя гуманітарных навук. – 2002. – N 3. – С.53–56.