Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Гісторыя. Полацкі раён. Рэвалюцыйныя падзеі і ўстанаўленне савецкай улады

 

Вестка аб узброеным паўстанні ў Петраградзе прыйшла на Полацкую зямлю 26 кастрычніка (8 лістапада па н. с.) 1917 г. У ім актыўны ўдзел прынялі многія ўраджэнцы Полаччыны, якія ў той час працавалі на петраградскіх прадпрыемствах або знаходзіліся там на вайсковай службе.

У складзе групы маракоў каля Зімняга Палаца быў Віктар Сцяпанавіч Барэйка. Ва ўзяцці Петрапаўлаўскай крэпасці і юнкерскага вучылішча ўдзельнічаў чырвонагвардзеец Васіль Яфрэмавіч Спірыдонаў. Матросам на лінкоры «Гангут» сустрэў рэвалюцыю Іван Васільевіч Пятроў. Качагарам-апальшчыкам доменнай печы на Абухаўскім заводзе працаваў Міхаіл Кірылавіч Іваноў. Сярод актыўных удзельнікаў рэвалюцыйных падзей таксама былі Фёдар Іванавіч Сысоеў, Васіль Рыгоравіч Аксяновіч, Сцяпан Пятровіч Брыль, Кірыла Рыгоравіч Каралькоў і інш.

Рэвалюцыйная ўлада атрымала падтрымку на сходах сялян, што прайшлі ў вёсках Полаччыны. Пачалі стварацца валасныя рэвалюцыйныя камітэты.

У канцы снежня па ініцыятыве бальшавікоў адбылося аб'яднанне Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў з Саветам сялянскіх дэпутатаў у Полацкі Савет рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў. Старшынёй Савета быў абраны бальшавік I. Л. Коган, але хутка яго змяніў Ф. П. Лук'янаў. У прэзідыум Савета апрача іх увайшлі члены армейскага камітэта М. С. Хамутоў, Д. Яфрэгаў, I. Ф. Свадкоўскі і С. Н. Чудоўскі, некалькі сялян – прыхільнікаў бальшавікоў і два левыя эсэры.

У канцы 1917 – пачатку 1918 г. пад кіраўніцтвам бальшавікоў былі падрыхтаваны і праведзены валасныя з'езды Саветаў, на якіх дэлегаты абралі валасныя Саветы і іх кіруючыя органы – валвыканкамы. У валасныя Саветы ў большасці былі абраны бальшавікі і іх прыхільнікі.

28 студзеня 1918 г. адкрыўся 1-ы павятовы з'езд Саветаў рабочых, сялянскіх і салдацкіх дэпутатаў. На ім былі абмеркаваны пытанні аб арганізацыі Полацкага павятовага Савета рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў, мабілізацыі ў народна-сацыялістычную гвардыю, разгледжана харчовае пытанне.

З'езд абраў выканаўчы камітэт Полацкага Савета. Старшынёй стаў бальшавік Д. П. Салаўёў. Як вышэйшы орган Савецкай улады на тэрыторыі павета з'езд распусціў павятовую земскую думу і ўправу, валасныя земствы, гарадскую думу і ўправу і перадаў іх функцыі адпаведным Саветам. Кіраўніцтва ўсімі галінамі гаспадарчага і культурнага жыцця на Полаччыне ўзяў у свае рукі павятовы выканаўчы камітэт Савета рабочых, сялянскіх і салдацкіх дэпутатаў. У час работы з'езда Саветаў дэлегаты-бальшавікі абралі Полацкі павятовы камітэт РСДРП(б), аформіўшы такім чынам Полацкую павятовую партыйную арганізацыю бальшавікоў.

Новы бальшавіцкі Полацкі Савет рабочых, сялянскіх і салдацкіх дэпутатаў адразу ж пасля сфарміравання прыступіў да пераўтварэнняў у эканамічным і культурным жыцці. Згодна з дэкрэтам СНК Савет нацыяналізаваў два лесапільныя заводы: адзін у маёнтку Казімірова, другі – у в. Нікалаева, паравы млын. Савет устанавіў кантроль над гандлем і вытворчасцю, цераз прадуктовую камісію прыняў на ўлік запасы прадуктаў, рэквізаваў іх для патрэб насельніцтва і арміі ў памешчыкаў і гандляроў, нарміраваў размеркаванне.

Полацкі Савет стварыў у сваім саставе аддзел народнай адукацыі. У адпаведнасці з пастановай СНК ад 11 снежня 1917 г. аддзел народнай адукацыі забраў 48 царкоўнапрыходскіх школ з духоўнага ведамства і прыступіў да ажыццяўлення рэформы народнай адукацыі. Школа была адлучана ад царквы, уведзена бясплатнае навучанне. Праводзіўся ўлік дзяцей школьнага ўзросту, непісьменнага дарослага насельніцтва, адкрылася некалькі новых школ. Аддзел народнай адукацыі ў той час узначальваў I. Ф. Свадкоўскі, які пазней стаў акадэмікам Акадэміі педагагічных навук РСФСР.

Але час мірных пераўтварэнняў скончыўся. У сувязі з набліжэннем нямецкіх войск Армейскі Савет 3-й арміі, які размяшчаўся ў Полацку, арганізаваў Ваенна-рэвалюцыйны камітэт пад старшынствам М. С. Хамутова. Было прынята рашэнне аб тэрміновай эвакуацыі на станцыі Дрэтунь выканкама павятовага Савета і членаў павятовага камітэта партыі бальшавікоў.

25 лютага 1918 г. пачалася акупацыя Полацкага павета. Нямецкія войскі захапілі Полацк і, выкарыстоўваючы чыгунку, спрабавалі расшырыць свой плацдарм, але чырвонагвардзейскія атрады і партызаны далі ім адпор. У бок Невеля наступленне праціўніка было спынена на беразе р. Палата чырвонагвардзейскім атрадам I. Ф. Шубіна, які стаў часткай рэгулярнай Чырвонай Арміі. У напрамку Віцебска немцы прасунуліся таксама толькі да першага воднага рубяжа. Чырвонагвардзейцы спынілі іх на беразе р. Сосніца, узарваўшы мост. Рух варожых войск на поўнач ад Полацка таксама быў спынены на р. Дрыса.

У сакавіку 1918 г. на тэрыторыі Полацкага павета была ўстаноўлена дэмаркацыйная лінія. Яна праходзіла на захад ад станцыі Гараны ў напрамку станцыі Палата, паварочвала на паўночны захад і ішла па р. Чарняя і далей па р. Дрыса ў напрамку станцыі Боркавічы. Дакладна яна абазначана не была. Як нашы, так і нямецкія войскі не стварылі тут суцэльнай лініі фронту, а трымалі толькі гарнізоны ў найбольш важных пунктах. Тэрыторыя павета аказалася разрэзанай на дзве часткі, прычым большая была акупіравана нямецкімі войскамі, і толькі восем валасцей поўнасцю або часткова заставаліся ў прыфрантавой паласе.

У першыя ж дні акупацыі немцы ліквідавалі ў захопленых валасцях органы Савецкай улады і ўстанавілі жорсткі рэжым. Камендатура выдала спецыяльны загад, згодна з якім памешчыкам у трохдзённы тэрмін вярталася ўсё канфіскаванае, па распараджэнні прадуктовых і зямельных камітэтаў, дабро або выручаныя за яго грошы. На гэта сяляне адказалі масавымі хваляваннямі. На акупіраванай немцамі частцы Полацкага павета разгарнулася партызанская барацьба. Ва ўсіх паўночных валасцях значная частка мужчын была ўзброена. Сяляне рылі акопы, узводзілі драцяныя загароды і разам з партызанамі вялі сапраўдныя баі з акупантамі. Усё насельніцтва жыло напружаным прыфрантавым жыццём.

У сакавіку 1918 г. Віцебскі губвыканкам стварыў аргбюро, у склад якога ўвайшлі Салаўёў, Студзянкоў і Сляпнёў. Ім было даручана правесці работу па аднаўленні дзейнасці Полацкага павятовага Савета на тэрыторыі васьмі неакупіраваных валасцей павета. У красавіку Полацкі павятовы Савет прыступіў да работы на станцыі Дрэтунь і пачаў весці падрыхтоўку надзвычайнага павятовага з'езда.

29 красавіка 1918 г. у Дрэтуні сабраўся 2-і надзвычайны з'езд Саветаў Полацкага павета. З'езд абраў часовы састаў выканкама Полацкага Савета. Бальшавікі – удзельнікі з'езда правялі выбары Полацкага павятовага камітэта партыі, старшынёй якога стаў Г. М. Студзянкоў.

20 мая ў Дрэтуні сабраўся 3-і з'езд Саветаў Полацкага павета. На ім прысутнічалі дэлегаты ад васьмі свабодных ад немцаў валасцей (Аляксандраўскай, Арцейкавіцкай, Уладзімірскай, Вазнясенскай, Дамнікоўскай, Ефрасіннеўскай, Мікалаеўскай і Юравіцкай). З'езд абраў пастаянны склад выканкама павятовага Савета з 20 чалавек. Старшынёй выканкама стаў Шаршнёў, намеснікам старшыні – К. Ф. Гатоўскі. У чэрвені бальшавікі абралі яго старшынёй Полацкай павятовай партыйнай арганізацыі, якую ён узначальваў да восені 1919 г.

З'езд прыняў рашэнне аб стварэнні баявых дружын і для ўмацавання сувязей з пагранвойскамі ўвёў у склад павятовага Савета прадстаўніка ад 3-га пагранатрада, штаб якога знаходзіўся на станцыі Палата. У пачатку ліпеня павятовы выканкам прыняў рашэнне аб камплектаванні роты чырвонаармейцаў для абароны Савецкай улады ў прыфрантавой частцы павета. Пачала працаваць павятовая міліцыя, начальнікам якой быў назначаны Быхавец. У ліпені ж былі створаны органы міліцыі ва ўсіх валасцях.

Павятовы камітэт РКП(б) і павятовы выканкам устанавілі сувязі з камуністамі і партызанскімі атрадамі, якія дзейнічалі на акупіраванай частцы павета. Да лета 1918 г. у Дамнікоўскай, Замшанскай і Банонскай валасцях былі арганізаваны паўстанцкія ячэйкі. Кіраўніцтва партызанскай барацьбой ажыццяўлялася як праз спецыяльных сувязных, так і з дапамогай кіруючых работнікаў павятовага камітэта РКП(б) і павятовага выканкама, якіх пасылалі на акупіраваную тэрыторыю. Са станцыі Палата нелегальна сталі паступаць газета «Правда», брашуры, адозвы і лістоўкі, звароты да жыхароў акупіраваных валасцей і нямецкіх салдат.

Згодна з рашэннем павятовага камітэта РКП(б), на неакупіраванай тэрыторыі фарміраваліся чырвонаармейскія часці. Яны займалі рубяжы абароны ўздоўж фронту. Па адным і групамі, часам цэлымі вёскамі на станцыі Палата і Гараны (тут размяшчаліся штабы чырвонаармейскіх часцей) прыходзілі сяляне з просьбай залічыць іх у Чырвоную Армію. Ішлі сюды людзі і з акупіраванай часткі павета. 29 мая 1918 г. пры Полацкім Савеце быў створаны павятовы камісарыят па ваенных справах, ваенным камісарам прызначаны К.Ф. Гатоўскі. Пры валасных Саветах ствараліся валасныя ваенкаматы. Да восені ва ўсіх неакупіраваных валасцях павета было ўведзена ваеннае навучанне моладзі. У кастрычніку 1918 г. у Полацкім павеце было 110 інструктараў усенавуча з ліку малодшых афіцэраў былой царскай арміі. Часці Чырвонай Арміі былі папоўнены за лік насельніцтва павета.

Восенню 1918 г. у Германіі пачалася рэвалюцыя. Германскае камандаванне стала паспешліва адводзіць войскі з Полаччыны. Раніцай 21 лістапада 1918 г. у Полацк уступілі часці Чырвонай Арміі. У той жа дзень быў арганізаваны Ваенна-рэвалюцыйны Савет пад старшынствам Д. П. Салаўёва. Ён як загадчык аддзела ўпраўлення губвыканкама быў накіраваны сюды для ўдзелу ў аднаўленні Савецкай улады. 22 лістапада павятовы камітэт РКП(б) прыняў рашэнне аб стварэнні свайго друкаванага органа «Красная газета», першы нумар якой выйшаў у той жа дзень.

Пачалася падрыхтоўка да склікання чарговага 4-га павятовага з'езда Саветаў рабочых і сялянскіх дэпутатаў. З'езд адкрыўся 26 снежня 1918 г. У ім удзельнічала 138 дэлегатаў, з іх 65 – бальшавікоў, 68 – спачуваючых бальшавіцкай партыі, 1 – левы эсэр і 4 – беспартыйныя.

Пасля вызвалення павета ад нямецкіх акупантаў пачалася нацыяналізацыя панскіх маёнткаў, былі створаны 15 савецкіх гаспадарак, таварыствы па сумеснай апрацоўцы зямлі і 3 камуны. Вырашэнню гэтых пытанняў вялікую ўвагу ўдзяліў павятовы зямельны з'езд, які адбыўся ў Полацку 26 лютага 1919 г. Адначасова праводзілася зямельная рэформа. Для аказання дапамогі вёсцы ў Полацку ў пачатку 1919 г. пры саюзе кааператываў на базе завода Корытца і невялікіх саматужных майстэрняў былі адкрыты майстэрні па рамонце і вырабе сельскагаспадарчага інвентару.

Кааперацыя паступова сканцэнтравала гандаль таварамі першай неабходнасці: соллю, газай, мылам, запалкамі, мануфактурай, у яе распараджэнне былі перададзены рэстараны і сталовыя.

Рабочыя калектывы стваралі падсобныя гаспадаркі, праводзілася калектыўная пасадка агародаў. Сем'ям чырвонаармейцаў, беднякам у вёсцы аказвалася дапамога насеннем і цяглавай сілай.

Аддзел народнай асветы ўзяў на ўлік і аб'явіў уласнасцю дзяржавы ўсе школьныя будынкі і іх маёмасць, правёў рэгістрацыю настаўнікаў і перапіс дзяцей школьнага ўзросту. Вясной 1919 г. у раёне функцыяніравала 4 дзіцячыя прытулкі і 4 дзіцячыя сады, адзін з іх – у в. Аўдошкавічы. Да пачатку 1920/21 навучальнага года на той частцы тэрыторыі Полацкага павета, дзе пазней склаўся Полацкі раён (без горада), працавалі 64 школы першай ступені, у якіх 81 настаўнік навучаў 2714 вучняў. Было адкрыта некалькі школ для рабочых і сялян. Бібліятэкі, хаты-чытальні, клубы сталі працаваць амаль ва ўсіх валасцях.

Уводзілася бясплатная медыцынская дапамога, стваралася і пашыралася сетка медыцынскіх устаноў. У Полацкім павеце работу па медыцынскім абслугоўванні насельніцтва ўзначальваў павятовы аддзел аховы народнага здароўя, які быў створаны ў 1918 г.

У 1919 г. Антанта арганізавала супраць Савецкай улады новыя ваенныя паходы. У красавіку 1919 г. Полацкі павет быў аб'яўлены прыфрантавой паласой. Усё працаздольнае насельніцтва актыўна працавала на рамонце і будаўніцтве дарог, перапраў і мастоў. На берагах Заходняй Дзвіны ўзводзіліся абарончыя збудаванні, капаліся акопы, «воўчыя ямы» і г. д.

У другой палове жніўня 1919 г. фронт наблізіўся да Полацка. У сувязі з гэтым быў створаны павятовы рэвалюцыйны камітэт, які 22 жніўня ўзяў усю ўладу ў павеце. У прыфрантавых валасцях пачалі арганізоўвацца валасныя рэўкамы.

23 жніўня савецкія ўстановы былі эвакуіраваны на станцыю Дрэтунь. 3 камуністаў і камсамольцаў, беспартыйных актывістаў былі сфарміраваны баявыя атрады і пераведзены на казарменнае становішча.

У верасні 1919 г. польскія войскі захапілі амаль усю левабярэжную частку Полацкага павета. Дзякуючы гераічнаму супраціўленню чырвонаармейскіх часцей 17-й стралковай дывізіі і сфарміраваных у Полацку атрадаў наступленне польскіх войск на поўнач было спынена на беразе Заходняй Дзвіны. Польскія войскі акупіравалі 7 валасцей павета: Нацкую, Арэхаўскую, Ветрынскую, Банонскую, Гомельскую, Вароніцкую, Тураўлянскую.

Уздоўж левага берага Заходняй Дзвіны вораг прасунуўся ва ўсходнім напрамку прыкладна на 20–25 км ад Полацка. 22 верасня варожы атрад колькасцю 200 чалавек паспрабаваў пераправіцца цераз Дзвіну каля станцыі Гараны. Палякі разлічвалі захапіць яе і адрэзаць полацкі вузел абароны ад Віцебска. Чырвонаармейскімі часцямі атрад быў цалкам захоплены ў палон. Пачалася пазіцыйная вайна, якая працягвалася восем месяцаў і нанесла Полацкаму павету велізарныя страты.

Зімой 1919 г. Чырвоная Армія на тэрыторыі Беларусі мела ўсяго каля 25 тыс. байцоў. На ўчастку фронту ад Апочкі да станцыі Баравуха абарону трымала 15-я армія, на ўчастку ад станцыі Баравуха, праз Лепель, Барысаў, Бабруйск да Парычаў – 16-я армія. На працягу зімы 1919 і вясны 1920 г. тут ішлі баі мясцовага значэння. Зноў Полацкі павет быў раздзелены лініяй фронту на дзве часткі. Яго жыхары зноў адчулі ўсе жахі акупацыі і прыфрантавога становішча.

Доўгі час абарону на тэрыторыі Полацкага павета трымалі часці 17-й пяхотнай дывізіі, штаб якой восенню 1919 г. знаходзіўся ў Полацку. Штаб 146-га палка быў размешчаны ў в. Сякераўшчына, а штаб 2-й брыгады, у склад якой уваходзіў полк, – у в. Юравічы. У сярэдзіне зімы 146-ы полк быў перамешчаны на ўчастак фронту ад в. Струнне да в. Гараны, а яго месца заняў 147-ы полк.

Асобныя атрады польскіх войск пранікалі на тэрыторыю павета. Настаўнік А. В. Кузьмічоў, які працаваў у той час у в. Баравуха 1-я, успамінаў, як аднойчы зімой 1919 г. польскія легіянеры пераправіліся праз Дзвіну па лёдзе і напалі на чыгуначную станцыю Баравуха 1-я. Яны абрабавалі і падпалілі станцыю і дамы прыстанцыйнага пасёлка.

10 снежня 1919 г. павятовы рэўкам паведамляў Рэўваенсавету 16-й арміі аб тым, што на тэрыторыі Гомельскай і Тураўлянскай валасцей у час акупацыі іх польскімі войскамі дзейнічалі мясцовыя партызанскія атрады. Партызаны вялі барацьбу з акупантамі і на тэрыторыі іншых акупіраваных воласцей Полацкага павета.

На ўсёй захопленай тэрыторыі павета палякі ўстанавілі жорсткі акупацыйны рэжым. У акупіраваных валасцях услед за польскімі войскамі з'явіліся памешчыкі. Яны зноў захапілі амаль усе маёнткі левабярэжнай Полаччыны, у якіх былі арганізаваны савецкія гаспадаркі, выганялі батракоў і беднякоў з панскіх сядзіб, адбіралі ў іх жывёлу, інвентар і іншую маёмасць, распраўляліся з сялянамі – членамі савецкіх гаспадарак.

У снежні 1919 г. у неакупіраваных валасцях Полацкага павета праходзілі з'езды валасных Саветаў. Удзельнікі з'езда Саветаў Замшанскай воласці 13 снежня 1919 г. прынялі пастанову: «...прыкласці ўсе сілы да абароны заваёў рэвалюцыі». Сяляне на працягу ўсёй вайны з буржуазнай Польшчай выконвалі планы харчразвёрсткі, забяспечвалі Чырвоную Армію транспартам, рабочай сілай для правядзення абарончых работ, папаўнялі яе рады.

У дні майскіх баёў Полаччыну наведаў камандуючы Заходнім фронтам М. М. Тухачэўскі. Ён сустрэўся з камандзірамі чырвонаармейскіх часцей, правёў нараду з членамі павятовага камітэта партыі і павятовага ваенна-рэвалюцыйнага камітэта. 14 мая 1920 г. войскі Заходняга фронту перайшлі ў наступленне. 15 мая ўся левабярэжная частка Полацкага павета была вызвалена. 20 мая павятовы рэўкам, які знаходзіўся да гэтага ў Дрэтуні, атрымаў прадпісанне вярнуцца ў Полацк.

Майскае наступленне Чырвонай Арміі на Заходнім фронце не было паспяховым. Палякам удалося адцясніць нашы войскі амаль на зыходныя рубяжы. На паўночным участку фронту Чырвоная Армія захавала Полацка-Дзісненскі плацдарм, які затым быў выкарыстаны для наступлення ў пачатку ліпеня 1920 г.

У канцы мая Чырвоная Армія пачала баявыя дзеянні на Паўднёва-Заходнім фронце. На заходнім фронце таксама рыхтавалася наступленне. Часці Чырвонай Арміі, якія знаходзіліся на полацкім участку фронту, у чэрвені атрымалі новыя падмацаванні.

Войскі Заходняга фронту пачалі наступленне 4 ліпеня. На Полацкім участку, які праходзіў уздоўж чыгункі Полацк–Маладзечна, каля станцыі Зябкі наступленне пачалося ў 6 гадзін раніцы адначасовым ударам некалькіх дывізій 15-й арміі. Да канца ліпеня польскія акупанты былі выгнаны з Полаччыны, якая ў той час уваходзіла ў склад РСФСР. Лінія граніцы прайшла месцамі за 25 км ад Полацка. Полаччына зноў стала прыгранічнай.

Насельніцтва Полаччыны вельмі добразычліва адносілася да Чырвонай Арміі. У пратаколе 14-га з'езда Саветаў і прадстаўнікоў вёсак Арцейкавіцкай воласці ад 25 студзеня 1920 г. адзначалася: «Мы, прадстаўнікі вёсак, будзем старацца ўсімі сіламі дапамагаць нашай доблеснай Чырвонай Арміі ўсім тым, што ў нас ёсць, сваёй уласнай працай, а таксама арганізаванасцю працоўных. Мы шлём брацкае прывітанне нашым братам, якія горда змагаюцца з прыслужнікамі і наймітамі капіталу. Няхай жыве наша Чырвоная Армія! Няхай жыве сусветная рэвалюцыя і брацкі саюз працоўных! Не забудзем усіх нашых братоў, якія аддалі самае дарагое – сваё жыццё, не забудзем і не будзем у іх у даўгу!».

28 мая 1920 г. адбыўся сход грамадзян Ветрынскай воласці, на якім пастанавілі: «У адказ на заклік савецкага ўрада, дапамагаючы Чырвонай Арміі, усім жыхарам мяст. Ветрына і навакольных вёсак выйсці на работу рамантаваць масты і дарогі і гэтым паскорыць рух войск, якія вядуць баі з палякамі». У валасцях абмяркоўваліся кандыдатуры грамадзян для службы ў Чырвонай Арміі і дастойных усёй вёскай адпраўлялі ў войска. У 1920 г. быў аб'яўлены трохтыднёвік дапамогі Чырвонай Арміі. У ім актыўны ўдзел прынялі жыхары Полацкага павета. Яны арганізавалі збор цёплых рэчаў для чырвонаармейцаў, адлічылі арміі частку сваёй заработнай платы.

Нямецкая, а потым польская акупацыя абумовілі цяжкае становішча ў сельскай гаспадарцы. У 1921 – 1922 гг. у павеце дзейнічалі кулацкія банды. Бандыты знішчалі савецкія ўстановы, кааператывы, школы, забівалі савецкіх работнікаў і мясцовых актывістаў. У барацьбе з бандыцкімі групамі ў Полацкім павеце актыўны ўдзел прымалі курсанты курсаў чырвоных камандзіраў, начальнікам якіх быў Я. Ф. Фабрыцыус. Да сярэдзіны 1922 г. банды ў асноўным былі ліквідаваны.

Пачалося размеркаванне зямель паміж працоўнымі. Частка зямель выдзялялася для арганізацыі саўгасаў, камун, арцеляў, тозаў.

На неакупіраванай частцы павета засталося толькі 2 саўгасы, у якіх налічвалася 207,5 дзесяцін зямлі, 14 коней і 35 кароў. Аднак у канцы 1920 г. колькасць саўгасаў рэзка ўзрасла. У снежні іх было ўжо 16 з зямельнай плошчай 2181 дзесяціна. Яны мелі 157 коней, 148 кароў, 20 свіней, 31 авечку. Саўгасы, камуны, арцелі, якія ствараліся на аснове буйных памешчыцкіх маёнткаў, выкарыстоўвалі іх землі, інвентар, жывёлу. На Полаччыне налічвалася 25 813 такіх гаспадарак.

23 студзеня 1921 г. адбыўся 1-ы надзвычайны з'езд валвыканкамаў, валасных камітэтаў працы, валземаддзелаў і старшынь сельскіх Саветаў. На ім з дакладам аб рашэннях 8-га Усерасійскага з'езда Саветаў выступіў дэлегат з'езда ад Полацкага павета, старшыня Полацкага павятовага камітэта РКП(б) А. Г. Бейлін.

У 1920 г. быў праведзены Усерасійскі перапіс насельніцтва, паводле якога ў Полацкім павеце пражывала 137 790 чалавек, з іх 103 334 беларусы, 21 583 рускія, 8617 яўрэяў, 2420 палякаў, 119 7 латышоў, 497 літоўцаў, 143 прадстаўнікі іншых нацыянальнасцей.

Восенню 1921 г. у Полацкі павет прыйшло некалькі эшалонаў з дзецьмі і бежанцамі, эвакуіраванымі з галадаючага Паволжа. 18 дзяцей пасялілі ў маёнтак Казела-Паклеўскіх, дзе знайшлі сабе прытулак многія дзеці. Пазней, у 1924 г., тут быў створаны дзіцячы гарадок імя У. I. Леніна. Працоўныя павета дапамагалі насельніцтву Паволжа. Члены партыі і прафсаюзаў адлічвалі аднадзённы паёк і аднадзённы грашовы заробак на карысць галадаючых. У газеце «Октябрьское эхо» – органе Полацкага павятовага выканкама і павятовага парткама за 28 верасня 1921 г. паведамлялася, што з 1 па 25 верасня 1921 г. Арцейкавіцкі валасны выканкам ахвяраваў 10 пудоў 2 фунты жыта, саўгас маёнтка Быкаўшчына – 7 пудоў 25 фунтаў, Юравіцкі валвыканкам – 48 пудоў 36 фунтаў жыта і 16 пудоў 14 фунтаў ячменю, Тураўлянскі валвыканкам – 25 пудоў жыта, Замшанскі валвыканкам – 24 пуды 25 фунтаў жыта, 1 пуд 23 фунты ячменю, 1 пуд 18 фунтаў бульбы, 10 фунтаў гароху, 9 фунтаў аўса.

У 1921 г. для кіраўніцтва кааператыўным гандлем на Полаччыне было створана спажывецкае таварыства, якое адкрыла шэраг сваіх магазінаў. Праз іх па больш нізкіх, чым рыначныя, цэнах насельніцтва (у першую чаргу пайшчыкі) забяспечвалася прадуктамі і таварамі першай неабходнасці. У пачатку 1924 г. у спажывецкім таварыстве было 1084 пайшчыкі, 4 гандлёвыя і 1 вытворчае прадпрыемства.

Згодна з пастановай Прэзідыума Усерасійскага ЦВК ад 15 лютага 1923 г., было праведзена новае раянаванне Віцебскай губерні, у склад якой уваходзіў Полацкі павет. 3 31 воласці шляхам аб'яднання было створана 13 валасцей, якія атрымалі назвы: Боркавіцкая, Бухарынская, Валадарская, Дрысенская, Калінінская, Кастрычніцкая, Ленінская, Першамайская, Пралетарская, Працоўная, Сялянская, Савецкая, Чырвонаармейская.

У 1924 г. адбылося далучэнне Полацкага павета да Беларусі. Адпаведна з пастановай 2-й сесіі ЦВК БССР ад 17 ліпеня 1924 г. быў уведзены новы адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел. Згодна з ім, замест губерняў, паветаў, валасцей былі створаны акругі, раёны і сельскія саветы ў новых межах. Днём стварэння Полацкага раёна лічыцца 17 ліпеня 1924 г. – дзень прыняцця пастановы 2-й сесіі ЦВК БССР. Па архіўных даных, Полацкі раён з цэнтрам у г. Полацк быў сфарміраваны 15 жніўня 1924 г.

Плошча Полацкага раёна складала ў той час 1818 км2, у ім налічвалася 834 населеныя пункты, 82 220 гаспадарак, пражывала 42 060 чалавек. У раёне было 15 сельсаветаў: Баярскі, Бельскі, Булаўскі, Верхачэнскі, Громаўскі, Дамнікоўскі, Экіманскі, Махіроўскі, Салоніцкі, Семянецкі, Сосніцкі, Сястронскі, Тураўлянскі, Шацілаўскі, Юравіцкі.

Прамысловасць раёна была развіта слаба. Працавалі шклозавод «Труды» (425 рабочых), кардонная фабрыка «Ільіч» у в. Ражаншчына. Мелася некалькі маламагутных лесапільных заводаў і невялікіх млыноў.

У 1924 г. быў арганізаваны райспажыўсаюз, тавараабарот якога спачатку складаў каля 37 тыс. руб., а праз год – ужо 121 тыс. руб.

У 1923 г. з 13 батрацкіх сем'яў была створана арцель «Новая ніва», якая аб'ядноўвала 10 коней, 13 кароў, 62 дзесяціны зямлі.

У 1924 г. у в. Экімань у былым маёнтку пана Мальчэўскага была арганізавана камуна «Чырвоная зорка». У сельгасбанку камунары ўзялі 500 руб., купілі кароў, адрамантавалі інвентар, выпісалі 8 газет. У камуне была створана парт'ячэйка на чале з Андрэем Іванавічам Авоціным. Камсамольскую ячэйку ўзначальваў Андзіжыеўскі. Першымі камунарамі былі Л. I. Авоціна, П. М. Салін, А. I. Дашкевіч, В. І. Шчадроў, Ф. Паўлоўскі, В. Ф. Штэйнберг.

У наступныя гады працягвалася абагульванне сялянскіх гаспадарак. Зразумела, што ў асноўнай масе сялянства не хацела і не было гатова абагульваць сваю маёмасць, таму арганізатарамі і ўдзельнікамі першых калектыўных гаспадарак былі галоўным чынам беднякі. У 1928 г. быў створаны калгас «Рассвет» у Сястронскім сельсавеце. Спачатку ў яго ўвайшло толькі 9 бядняцкіх гаспадарак.

Напярэдадні разгортвання суцэльнай калектывізацыі сельскай гаспадаркі ў Полацкім раёне мелася 78 малатарань, 113 веялак, 148 прывадаў, 20 сарціровак, 30 культыватараў, 5 сеялак, 3 жняяркі, 5 сенакасілак. На 4-й Полацкай раённай партканферэнцыі, якая адбылася 30 жніўня 1929 г., падкрэслівалася, што калектывізацыя ў раёне хутка пайшла толькі з пачатку 1928 г. У жніўні налічвалася 13 калгасаў. У кастрычніку іх стала ўжо 16 з плошчай апрацоўваемых зямель 8893 га. Было калектывізавана 10 % усіх сялянскіх гаспадарак. Яшчэ праз 2 месяцы колькасць калгасаў дасягнула 21 з плошчай зямель 10 091 га.

У 1928 г. на былых памешчыцкіх землях у в. Баручына быў створаны калгас, а потым, у 1929 г., калі была асушана першая тысяча гектараў зямлі, лугавая гаспадарка – на той час адзіны ў Полацкім раёне саўгас.

У Баярскім сельсавеце арганізуецца калгас «Новае жыццё», першым старшынёй якога стаў Сцяпан Восіпавіч Вістуноў.

У вёсках Багушэва, Антонавічы і Крукі ў жніўні 1929 г. група дэмабілізаваных чырвонаармейцаў, сярод якіх былі Іван Пабалазец, Васіль Іваноў, а таксама сяляне, стварылі калектыўную арцельную гаспадарку.

Арганізатарам калгаса «Чырвоная Сосніца» і яго першым старшынёй быў Карней Арцёмавіч Чарноў.

У 1929 г. вучні старэйшых класаў мясцовай школы ў мяст. Ветрына заснавалі арцель КІМ, цяпер гэта эксперыментальная база «Ветрынская». Старшынёй арцелі быў выбраны вучань 10-га класа Павел Дароўка. Брыгадзіры, рахункавод, звеннявыя таксама былі з вучняў: днём працавалі ў арцелі, а вечарам садзіліся за парты.

У в. Вераб'і беднякі аб'ядналіся ў калгас «Згода», у ім неўзабаве паявіўся першы ў раёне трактар «Фардзон». На былых землях пана Лісоўскага ў Варонічах стварылі сельгасарцель «Полымя». У Шпакоўшчыне на базе маёнткаў паноў Шантара і Абрапольскага арганізавалі арцель «Прымежнік».

У в. Лесава 7 сялянскіх гаспадарак аб'ядналіся ў сельгасарцель «Чырвоны сцяг». У ёй спачатку было 7 свіней і пара коней, невялічкая конная малатарня і каля 30 дзесяцін зямлі, але праз год, у 1930 г., прыбавілася яшчэ 47 двароў, ды і зямлі стала 300 га. Першым старшынёй сельгасарцелі быў Ягор Сямёнавіч Каспіровіч. У в. Лютаўка быў створаны калгас «Барацьба», у яго першымі ўступілі сяляне-беднякі Фёдар Стральцоў, Кацярына Казлова, Фруза Новікава – дэлегат 1-га з'езда жанчын Полаччыны. У 1930 г. у Сястронскім сельсавеце было 15 калгасаў.

Адзінаццаць гаспадарак з вёсак Альховікі, Гусакі, Баравыя, Пятрова, хутароў Рабчонкі, Вуглы, Зуі аб'ядналіся ў 1929 г. у калгас «Прагрэс». У лютым 1930 г. у ім было ўжо 82 гаспадаркі.

Калгас імя Крупскай Шпакоўшчынскага сельсавета аб'яднаў 12 гаспадарак з вёсак Гуськова, Сарочына, Карсюкі, Нача-Шаняўскага, Буцвілоўшчына, Карпіншчына ў сакавіку 1929 г., але фактычна пачаў працаваць толькі ў сакавіку 1930 г.

Свінаводчы саўгас «Банонь» меў 3 аддзяленні: Банонь, Бяздзедавічы і Нача-Шпакоўшчына. Агульная плошча зямельных угоддзяў складала 3936,17 га, рабочых коней было 130, трактароў – 6, 1 грузавы аўтамабіль, 215 кароў, 633 свінні. Саўгас «Варонічы» валодаў 1029 га зямлі, сельгасінвентару было мала, працавала 76 штатных рабочых.

Свой уклад у працэс калектывізацыі ўнёс і рабочы клас. Рабочыя-дваццаціпяцітысячнікі, накіраваныя ўзначаліць калектыўныя гаспадаркі, сталі праваднікамі дзяржаўнай палітыкі на месцах. Работа па мабілізацыі рабочых у калгасы пачалася ў лістападзе 1929 г. Паводле задання Калгасцэнтра СССР у Беларусі належала мабілізаваць 200 рабочых. Акрамя таго, 100 рабочых павінны былі прыбыць з Ніжняга Ноўгарада, з завода «Чырвонае Сормава». У Полацкай акрузе працавалі 34 дваццаціпяцітысячнікі, у тым ліку 6 – у Полацкім раёне. У 1930 г. старшынёй калгаса «Трактар» Верхачэнскага сельсавета быў Міхаіл Андрэевіч Смірноў, калгаса «Барацьба» Сястронскага сельсавета – Павел Фёдаравіч Іваноў, калгаса «Бальшавік» Дамнікоўскага сельсавета – Канстанцін Васільевіч Сосін, калгаса імя Сталіна Юравіцкага сельсавета – Іван Васільевіч Малькоў, калгаса «Парыжская Камуна» Шацілаўскага сельсавета – Мікалай Якаўлеў, сакратаром ячэйкі КП(б)Б камуны Экімань працаваў сормавец Мікалай Іванавіч Крабадзілаў.

Полацкая гарадская партыйная арганізацыя таксама ў першыя дні лютага 1930 г. накіравала 17 камуністаў у калгасы Полацкай акругі. Працоўныя г. Полацка аказалі дапамогу вёсцы ў набыцці новай тэхнікі, у прыватнасці трактароў. Рабочыя калектывы дапамагалі пры стварэнні МТС, абсталяванні рамонтных майстэрняў, падрыхтоўцы кадраў для калгасаў. У пачатку 1930 г. былі адкрыты шасцімесячныя курсы па падрыхтоўцы трактарыстаў.

Калектывізацыя праходзіла ў жорсткай барацьбе. У 1930 г. быў па-зверску забіты арганізатар калгаса «Зара новага жыцця» Бабыніцкага сельсавета Мікалай Захаравіч Мялешка, імя якога носіць калгас і сёння.

Адкрытыя хваляванні, маўклівы сабатаж, уцёкі з калгасаў сталі звычайнымі ў вясковай рэчаіснасці. Дзяржаўны апарат быў падключаны да навядзення «парадку». Адбываліся масавыя арышты, расстрэлы, высылкі ў папраўча-працоўныя лагеры, калоніі, спецпаселішчы раскулачаных сем'яў і тых, хто выступаў супраць мерапрыемстваў партыі і ўрада ў вёсцы, зрываў хлебанарыхтоўкі. Вялікую групу складалі беспадстаўна абвінавачаныя ў шпіянажы на карысць Польшчы жыхары прыгранічных вёсак. У Полацкім і Вытрынскім раёнах было рэпрэсіравана больш за тысячу чалавек.

Важным напрамкам калектывізацыі стала стварэнне машынна-трактарных станцый. У Полацкім раёне было 3 МТС, якія налічвалі 85 трактароў і многа іншай сельскагаспадарчай тэхнікі. Манапольна валодаючы тэхнікай, МТС рабілі калгасы цалкам залежнымі ад дзяржавы. Больш таго, з пачатку 1933 г. улада ў вёсцы фактычна перайшла да надзвычайных органаў – палітаддзелаў МТС. Яны актыўна займаліся арганізацыяй калгасаў, падбіралі старшынь, загадчыкаў жывёлагадоўчых комплексаў, брыгадзіраў і іншых кіруючых работнікаў.

На 01.01.1934 г. у калгасы былі аб'яднаны 9549 бядняцка-серадняцкіх гаспадарак, або 55,4 % усіх гаспадарак раёна. У 1935 г. у раёне было ўжо 149 калгасаў, якія аб'ядналі 83,3 % агульнай колькасці гаспадарак. Самымі буйнымі калектыўнымі гаспадаркамі ў гэты перыяд былі «Чырвоная горка», «Кастрычнік» Булаўскага сельсавета і імя Сталіна Юравіцкага сельсавета. Нездавальняюча ішла калектывізацыя ў Экіманскім – 13,8 %, Громаўскім – 21 %, Семянецкім – 23 %, Нацкім – 32 %, Шацілаўскім – 34 %, Тураўлянскім – 37 % сельсаветах. У 1936 г. быў калектывізаваны 91 % бядняцка-серадняцкіх гаспадарак. Калгасы і саўгасы сталі асноўнымі вытворцамі сельскагаспадарчай прадукцыі.

У гады другой пяцігодкі ў Полацкім раёне, як і па ўсёй краіне, быў падхоплены стаханаўскі рух. У 1935 г. у раёне налічвалася 43 стаханаўцы. Сярод іх П. В. Барановіч – брыгадзір паляводчай брыгады калгаса «Савецкая Беларусь» Махіроўскага сельсавета, Г. П. Гіндзелева – свінарка калгаса «Усходы Леніна» Салоніцкага сельсавета, М. В. Драбкова – даярка калгаса «Гігант» Баярскага сельсавета, Я. Г. Жукаў – брыгадзір паляводчай брыгады калгаса «Чырвонае Муштарова» Верхачэнскага сельсавета, В. Ф. Камянко – брыгадзір паляводчай брыгады калгаса імя Куйбышава Васільеўскага сельсавета, I. Я. Лашкоў – конюх калгаса імя Фрунзе Баярскага сельсавета, Г. П. Рыбакова – цялятніца калгаса «Трактар» Верхачэнскага сельсавета, Ф. К. Кухарэнка – трактарыст Ветрынскай МТС, В. Д. Ціхоўская – даярка калгаса імя Варашылава Шпакоўшчынскага сельсавета.

Ініцыятарам сацыялістычнага спаборніцтва пад дэвізам «Тону льновалакна з гектара» выступіла У. Н. Лапенка, звеннявая калгаса імя Сталіна Маласітнянскага сельсавета, па яе пачыне ў 1936 г. на Полаччыне працавала 208 звенняў «тысячніц».

У чэрвені 1935 г. раёны Беларусі, што гранічылі з Польшчай, зноў аб'ядналі ў 4 акругі. Была адноўлена Полацкая акруга, у склад якой увайшло 5 раёнаў: Асвейскі, Ветрынскі, Дрысенскі, Полацкі і Расонскі. У 1938 г. Пастановай Прэзідыума ЦВК БССР акругі ліквідавалі, быў уведзены абласны падзел. Полацкі раён з 20 лютага 1938 г. па 20 верасня 1944 г. уваходзіў у склад Віцебскай вобласці.

У 1939–1940 гг. тэрыторыя Полацкага раёна складала 2,2 тыс. км2. На ёй размяшчаліся 963 населеныя пункты, у якіх налічвалася 13 865 двароў і пражывала 55 080 чалавек. У раёне функцыяніравала 150 калгасаў, адзін саўгас «Палата», 116 неабагуленых сялянскіх гаспадарак. Полацкі раён па колькасці жывёлы займаў адно з вядучых месцаў у вобласці: 20 120 галоў буйной рагатай жывёлы, 11 259 свіней, 19 106 авечак, 6285 коней. Раён у год пастаўляў дзяржаве 4000 ц мяса і да 25 000 ц малака. Раён абслугоўваўся трыма МТС: Полацкай, Бельскай і Трудаўской, у якіх на 01.01.1940 г. налічвалася 17 камбайнаў, 86 трактароў, 30 сеялак, 25 зернемалацілак, 23 ільноцерабілкі, 14 аўтамашын. Акрамя таго, 9 трактароў і 1 камбайн меў саўгас «Палата», 6 трактароў і 49 аўтамашын было ў калгасах.

У раёне паспяхова развівалася прамысловасць на мясцовай сыравіне: торфаздабываючая, лесанарыхтоўчая, цагельная, дрэваапрацоўчая, харчовая, а таксама па перапрацоўцы прывазных матэрыялаў – металаапрацоўчая, шавецкая.

Функцыяніравала густая сетка сярэдніх, сямігадовых і пачатковых школ: у 90 школах вучылася 8455 чалавек, працавала 370 настаўнікаў. Дзейнічалі 2 дзіцячыя сады на 50 месцаў, 14 ясляў на 357 месцаў.

У 1940 г. у раёне меліся 2 комплексныя (з радзільнымі аддзяленнямі) бальніцы на 39 ложкаў, 7 калгасных радзільных дамоў на 27 ложкаў, 9 фельчарска-акушэрскіх пунктаў.

Дзейнічала 29 клубаў, 26 бібліятэк, адна стацыянарная кінаўстаноўка, 20 паштова-тэлеграфных прадпрыемстваў, тэлефанізаваны былі ўсе 19 сельсаветаў.

 

ЛІТАРАТУРА

1. Бруцкі, А. Стрэл у сэрца / А. Бруцкі // Белорусская нива. – 2006. – 2 нояб. – С. 3–4.

2. Копыл, С. Полоцкая твердыня / С. Копыл // Армия. – 2008. – № 5. – С. 39–41.

3. Памяць : Полацкі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / уклад. С. С. Чарняўская ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Вышэйшая школа, 1999. – 700 с. : іл.

4. Полоцкий район // Республика Беларусь : энциклопедия : в 6 т. / редкол.: Г. П. Пашков (гл. ред.) [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2008. – Т. 6 : Пейзаж–Снегирёв. – С. 172–174.