Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Гісторыя. Полацкі раён. Вялікая Айчынная вайна

 

У пачатку Вялікай Айчыннай вайны на Полацкім напрамку наступала 3-я нямецкая танкавая група генерал-палкоўніка Г. фон Гота, якая да 4 ліпеня 1941 г. дасягнула рубяжа Лепель – Ула – Полацк. Адным з апорных пунктаў асноўнага рубяжа стратэгічнай абароны, што пачала аднаўляцца яшчэ ў мірны час на Заходнім фронце, стаў Полацкі ўмацаваны раён. Больш за 3 тыдні стрымлівалі праціўніка воіны 174-й стралковай дывізіі 62-га стралковага корпуса 22-й арміі, гарнізон Полацкага ўмацаванага раёна, часці і падраздзяленні Чырвонай Арміі, якія прыбывалі сюды пасля выхаду з акружэння, пад агульным камандаваннем камбрыга А. І. Зыгіна.

16 ліпеня 1941 г. Полацкі раён быў акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі і яго тэрыторыя ўвайшла ў зону армейскага тылу групы армій «Цэнтр». Ажыццяўляючы жахлівы план знішчэння людзей, гітлераўцы арганізавалі лагеры ваеннапалонных у вёсках Баравуха 1-я, Баравуха 2-я, Ветрына. Акупанты правялі на тэрыторыі Полацкага і былога Ветрынскага (пасля вайны большая яго частка ўключана ў склад Полацкага) раёнаў 13 карных аперацый, найбольш буйныя з якіх у 1942 г. – № 12, 15, 34, 95, «Страла», «Сокал»; у 1943 г. – «Зімовы лес», «Грамавы ўдар», «Заяц-бяляк», «Зімовае чараўніцтва», «Генрых», «Лівень», «Клетка малпы».

За час акупацыі ў Полацкім раёне спалена 209 вёсак, з іх 52 не адрадзіліся; усяго загінула 36 188 чалавек (разам з ваеннапалоннымі). На прымусовыя работы ў Германію вывезена 4414 чалавек. Калі да вайны на Полаччыне пражывала 89 646 чалавек, то пасля вызвалення (на 01.01.1945) тут засталося 41 941 чалавек. На тэрыторыі Полацкага раёна загінула 29 тыс. ваеннапалонных.

На тэрыторыі раёна дзейнічалі Полацкія і Ветрынскія падпольныя райкамы КП(б)Б і ЛКСМБ, Полацкае антыфашысцкае падполле, вялі барацьбу з акупантамі партызанскія брыгады 3-я Беларуская, «Няўлоўныя», імя Чапаева, імя Варашылава, А. М. Крыўскага, Смаленскі партызанскі полк, асобна дзейныя атрады «Баявы», «Трэція», спецгрупы асобага назначэння «Неўскага», «Зайцава», «Палоннага», «Данскога», «Грозныя», «Удалыя», «Яблыкава»; выдаваліся падпольныя газеты «Бальшавіцкі шлях», «Чырвоная звязда».

Восенню 1942 г. была створана Полацка-Лепельская партызанская зона. У яе ўваходзілі тэрыторыя Ушацкага, частка Лепельскага, Ветрынскага, Бешанковіцкага, іншых раёнаў Віцебскай, Пліскага раёна Вілейскай абласцей, якую кантралявалі партызаны. Да канца 1943 г. было вызвалена 3,2 тыс. км2, каля 1220 населеных пунктаў. Пад аховай партызан знаходзілася больш за 73,5 тыс. мірных жыхароў, у тым ліку каля 7,5 тыс. бежанцаў з іншых раёнаў. У канцы 1943 – пачатку 1944 гг. зону ўтрымлівалі 16 партызанскіх брыгад.

Са снежня 1943 г. кіраўніцтва іх дзеяннямі і каардынацыю ажыццяўляла аператыўная група ЦК КП(б)Б і БШПР. Яна мела сталую сувязь з 1-м Прыбалтыйскім фронтам праз прадстаўніка БШПР сакратара ЦК КП(б)Б І. І. Рыжыкава, з партызанскімі злучэннямі суседніх зон.

У зоне была адноўлена Савецкая ўлада, базіраваліся Ушацкі, Лепельскі, Ветрынскі, Докшыцкі, Пліскі, Бешанковіцкі, Сіроцінскі падпольныя райкамы партыі і камсамола, выдаваліся 6 раённых і 2 шматтыражныя газеты. Падтрымлівалася двухбаковая сувязь з Вялікай зямлёй; каля вёсак Сержаны, Двор Пліна, Ушацкага льнозавода дзейнічалі партызанскія аэрадромы. Працавалі 2 шкіпінарна-дзягцярныя заводы, ганчарнае, 80 кавальска-слясарных, 54 гарбарныя, 48 сталярна-бандарных прадпрыемстваў, 3 электрастанцыі, 6 млыноў, 20 маслазаводаў.

Гітлераўцы неаднойчы спрабавалі ліквідаваць зону, зімой 1943–44 гг. правялі 5 карных аперацый, буйнейшую – у красавіку – маі 1944 г. Полацка-Лепельская зона была пад кантролем партызан амаль да поўнага вызвалення тэрыторыі рэспублікі ад нямецка-фашысцкіх акупантаў.

Партызанскія брыгады Полаччыны прынялі ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні «рэйкавай вайны», якая пачалася на ўсіх чыгунках Беларусі. Так, у час 1-га яе этапу (03.08. – 15.09.1943) было ўзарвана на чыгунцы Полацк – Маладзечна 10 132 рэйкі, Полацк – Невель – 1285, Полацк – Дзвінск – 3406, Полацк – Віцебск – 1058 рэек. У ходзе 2-га этапу толькі партызаны брыгады імя Варашылава на чыгунцы Ветрына – Празарокі падарвалі і пашкодзілі звыш 800 рэек. У ноч на 20 чэрвеня 1944 г. народныя мсціўцы Беларусі, у тым ліку і Полаччыны, правялі 3-і этап «рэйкавай вайны». Рух варожых войск на чыгунках Маладзечна – Полацк і Полацк – Дзвінск быў паралізаваны.

3 самага пачатку акупацыі Полаччыны на яе тэрыторыі пачаў разгортвацца падпольны антыфашысцкі рух. Падпольныя групы ўзніклі ў вёсках Сіцянец (Гара; кіраўнік П. П. Бяляўскі), Бабовікі (Я. Х. Сташкевіч, загінуў), Казімірова (Ф. Максімаў), Домнікі (Філіпаў), Дрэтунь (М. Д. Свірыдзенка, Н. Е. Фалалееў), Труды (Р. І. Чарткоў, А. Я. Марчанка), Забор'е (П. Лапко), Юравічы (Д. А. Зублеў), Залессе (К. М. Макараў, загінуў), Узніцы (П. Р. Кірыленка, У. Н. Давыдзенка) і інш.

Полацкі раён вызвалялі войскі 1-га Прыбалтыйскага фронту ў ходзе асенне-зімовай кампаніі 1943–44 гг. і Полацкай наступальнай аперацыі. Баявыя дзеянні вялі войскі 4-й Ударнай і 6-й гвардзейскай армій, а таксама 1-ы танкавы корпус. Гарадскі пасёлак Ветрына вызвалены 29 чэрвеня 1944 г. 159-й танкавай брыгадай 1-га танкавага корпуса, г. Полацк – 4 ліпеня 1944 г. У баях за вызваленне раёна ўдзельнічалі таксама 16-я Літоўская, 21-я гвардзейская, 28-я Невельская, 166-я, 200, 357, 378-я і інш. стралковыя дывізіі.

Шэраг воінаў Чырвонай Арміі, якія ўдзельнічалі ў вызваленні Полаччыны, сталі Героямі Савецкага Саюза, некаторыя ўдастоены гэтага звання пазней: М. Ф. Аляксандраў (званне прысвоена 24.03.1945), А. І. Баксаў (22.07.1944), А. С. Бычок (загінуў 07.05.1944; званне Героя Савецкага Саюза прысвоена 05.11.1944, пасмяротна), С. Ф. Вазнясенскі (загінуў 03.07.1944; званне Героя Савецкага Саюза прысвоена 24.03.1945), М. К. Васільеў (15.05.1946), М. М. Вінаградаў (загінуў 03.07.1944; званне Героя Савецкага Саюза прысвоена 24.03.1945, пасмяротна), І. М. Жагранкоў (загінуў 03.07.1944; званне Героя Савецкага Саюза прысвоена 24.03.1945), А. Жанзакаў (загінуў 30.06.1944; званне Героя Савецкага Саюза прысвоена 22.07.1944, пасмяротна), П. С. Кавалёў (22.07.1944), М. С. Канавалаў (22.07.1944), А. П. Лабачоў (22.07.1944), Ф. К. Лысенка (загінуў 22.02.1945; званне Героя Савецкага Саюза прысвоена 24.03.1945, пасмяротна), П. К. Мацвееў (22.07.1944), В. Л. Няклюдаў (05.11.1944), В. П. Нячаеў (23.02.1945), В. В. Осіпаў (29.06.1945), А. М. Пузікаў (22.07.1944), У. С. Рублеўскі (загінуў 03.07.1944; званне Героя Савецкага Саюза прысвоена 24.03.1945, пасмяротна), А. А. Рудноў (29.06.1945), П. Ц. Сушкоў (загінуў 30.06.1944; званне Героя Савецкага Саюза прысвоена 22.07.1944), І. А. Філацьеў (загінуў 01.07.1944; званне Героя Савецкага Саюза прысвоена 22.07.1944), І. Я. Чугуноў (23.04.1945).

Кавалерамі ордэна Славы 3 ступеней сталі З. Х. Амінаў і Д. Маркаўскене.

На Полаччыне нарадзіліся Героі Савецкага Саюза А. А. Барэйка (нар. 26.01.1898 у в. Дубраўка, вызначыўся ў верасні 1943 г. у бітве за Днепр, званне прысвоена 15.01.1944), Д. Д. Валенцік (нар. 23.02.1907 у в. Райкава, удзельнік савецка-фінляндскай і Вялікай Айчыннай войнаў, званне прысвоена 07.05.1940), С. М. Канашэнка (нар. у 1909 г. у в. Узніцы, вызначыўся ў верасні 1943 г. у баях за Днепр, загінуў 24.09.1943 г., званне прысвоена 03.06.1944), Л. С. Корнеў (нар. у 1915 г. у в. Спас-Слабада, вызначыўся ў верасні 1944 г. у баях на тэрыторыі Польшчы, загінуў 20.10.1944, званне прысвоена 24.03.1945); Т. С. Марыненка (нар. 25.01.1920 г. у в. Сухі Бор, разведчыца і сувязная партызанскай брыгады «Няўлоўныя», загінула 02.08.1942, званне прысвоена 08.05.1965), А. А. Мінін (нар. 28.08.1924 г. у в. Арлея, вызначыўся ў Беларускай наступальнай аперацыі «Баграціён», званне прысвоена 24.03.1945), М. Г. Падсаднік (нар. 01.01.1922 г. у в. Вуглы, у час вайны з верасня 1943г. да красавіка 1945 г. зрабіў 106 баявых вылетаў на разведку, штурмоўку і бамбардзіроўку жывой сілы і тэхнікі праціўніка, званне прысвоена 18.08.1945); кавалер ордэна Славы 3 ступеней А. К. Марозаў (нар. 23.01.1905 г. у в. Якубава, вызначыўся ў баях на тэрыторыі Прыбалтыкі і Усходняй Прусіі).

Беларускі паэт Мікола Сямашка (Мікалай Пятровіч) нарадзіўся ў 1914 г. у в. Барылы. Працаваў у Ветрынскай райгазеце, Беластоцкай абласной газеце «Вольная праца». Друкаваўся з 1932 г. Выдаў зборнік вершаў «Шчырасць» (1939 г.). Загінуў у першыя дні вайны ў баях пад Оршай.

У кнізе «Памяць. Полацкі раён» названы прозвішчы 6599 савецкіх воінаў, якія загінулі ў 1941–44 гг. і пахаваны на тэрыторыі раёна; 5604 прозвішчы воінаў-землякоў, што загінулі ці прапалі без вестак на франтах вайны; 3219 прозвішчаў партызан, падпольшчыкаў, асоб, якія садзейнічалі партызанскаму руху, членаў іх сем'яў і мірных жыхароў – ахвяр фашысцкага тэрору.

У гэтай кнізе названа таксама 1331 прозвішча воінаў-землякоў, якія прайшлі дарогамі вайны і вярнуліся дамоў.

Сотні жыхароў раёна ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі СССР.


ЛІТАРАТУРА

1. Бриль, Д. В блокаду / Д. Бриль // Полацкі веснік. – 2009. – 30 чэрв. – С. 7.

2. Дементьев, В. Р. Полоцкий укрепрайон / В. Р. Дементьев // Полацкi веснік. – 2005. – 21 чэрв. – С. 2.

3. Кучко, М. И останется память... / М. Кучко // Рэспубліка. – 2005. – 3 мая. – С. 1, 7.

4. Новицкий, И. Невидимый фронт Великой Отечественной / И. Новицкий // Полацкi веснік. – 2006. – 5 ліп. – С. 2.

5. Полацкі раён // Памяць Беларусі : рэспубліканская кніга / рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 2005. – С. 208–211.

6. Пивоварчик, С. А. Организация обороны советских войск на «Линии Сталина» в Беларуси летом 1941 г. // Веснік Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта. Серыя 1. Гісторыя, філасофія, паліталогія, сацыялогія. – 2009. – № 3. – С. 41–48.

7. Поляков, С. Полоцк – крепость : к 65-летию героической обороны Полоцка / С. Поляков // Полацкi веснік. – 2006. – 5 ліп. – С. 4.

8. Савіцкі, А. Мост паплыў па Дзвіне / А. Савіцкі // Літаратура і мастацтва. – 2004. – 30 студз. – С. 4.

9. Чарняўская, С. Партызанскі рух на Полаччыне / С. Чарняўская // Полацкі веснік. – 2002. – 2 ліп. – С. 2.