Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Народная творчасць. Полацкі раён, г. Полацк

 

У песенным фальклоры Полаччыны шырока прадстаўлены купальскія, жніўныя, талочныя, песні, песні сямейных свят – вясельныя і радзінныя, разнастайныя па тэматыцы: лірычныя, жартоўныя, баладныя і іншыя. Усе яны адлюстроўвалі быт сялян.

У гадавым крузе народных каляндарных абрадаў і святкаванняў першае месца займалі Каляды. Яны святкаваліся з 24 снежня па 6 студзеня (па старым стылі) і праходзілі весела і святочна.

На працягу ўсіх Каляд спраўляліся 3 куцці. Першая праводзілася з вялікай урачыстасцю і атрымала назву «Вялікай куцці». 3 ёй звязана ў народзе шмат прыкмет, звычаяў, варожбаў. У в. Ухвішча, напрыклад, былі запісаны такія: падсохлы верх куцці за вячэрай здымаюць і аддаюць курам, каб добра яйкі неслі; зачарпнуўшы першую лыжку куцці, гаспадар стукае ў акно і кліча мароз «ісці куццю есці», каб не марозіў ячмень, пшаніцу, гарох і г. д.

Добра звараная куцця служыла прыкметай багатага ўраджаю. Каб авечкі не адбіваліся ад дому і прыходзілі ў свой двор, пасля вячэры не мылі лыжкі, звязвалі іх баваўнянай ніткай і пакідалі на стале.

У час Каляд усе клопаты селяніна былі скіраваны на тое, каб з дапамогай розных магічных дзеянняў, традыцыйных для каляднага абраду, забяспечыць будучы ўраджай, ад якога цалкам залежаў дабрабыт гаспадароў.

3 другога дня калядных свят пачыналі хадзіць калядоўшчыкі, вадзіць «казу». У палачан, як наогул у беларусаў, каза ўшаноўвалася, як даўца ўраджаю:

Дзе каза ходзіць, там жыта родзіць,

Дзе не бывае, там палягае.

Здаўна на Полаччыне існуе і праводзіцца народная калядная гульня «Жаніцьба Цярэшкі». Яшчэ 19 снежня, на свята Міколы, збіраюцца ў хаце моладзь і старэйшыя людзі. Сярод старэйшых выбіраюцца «бацька» і «маці». За час, які застаўся да свята, яны падбіраюць пары сярод хлопцаў і дзяўчат. Праводзілася гэтая гульня на першы і другі дзень Каляд.

У першы дзень, 7 студзеня, увечары ўсе збіраліся ў хаце: бацька, маці, нявесты, жаніхі, госці. Пачыналася вечарына. Маці і бацька злучалі пары. Хлопцаў ставілі ў адзін рад, насупраць іх – дзяўчат. Па чарзе дзяўчаты лавілі хлопцаў, а потым хлопцы дзяўчат. Злучаныя пары танцавалі «Лявоніху».

На працягу вечарыны спявалі песні.

Валачобныя песні займалі прыкметнае месца ў народнай паэзіі. Яны спяваліся ў час велікодных абходаў двароў спецыяльнымі групамі спевакоў.

Вось валачобны спеў, запісаны ў в. Ухвішча:

А Генечку, Хрыстос, сын Божы, Хрыстос.

Масці кладку, Хрыстос, сын Божы,

Хрыстос.

Заві ў хатку, Хрыстос, сын Божы,

Хрыстос.

Кладу яек, Хрыстос, сын Божы, Хрыстос.

Сыр на талерку, Хрыстос, сын Божы,

Хрыстос.

Чарку гарэлкі, Хрыстос, сын Божы,

Хрыстос.

У валачобнікаў асобныя песні ёсць да гаспадара, гаспадыні, маладзіц, удоў, сірот, дзяцей.

Напрыклад, у в. Залессе была запісана «Масленіца». Масленіца, Маслёнка, Сырніца – гэта свята праводзін зімы і сустрэчы вясны, свята сонца і радасці.

3 саломы, паперы, каляровых анучак і стужак робіцца вялікая баба, якой малююць вочкі, нос, бровы, вусны. Затым апранаюць ёй кофту, спадніцу, фартух. У адну руку кладуць блін, у другую – падмазку. Такую бабу носяць па вёсцы і спяваюць:

Ідзі, зіма, да Кракава,

Зноў ты прыйдзеш, аднакава.

Ідзі, зіма, да Кіева,

Ты б нам лета пакінула.

Ідзі, зіма, да крынічкі

Ды забірай рукавічкі.

Заходзяць у двары, віншуюць гаспадароў са святам, жадаюць: «Сырна вам, маслена вам!» і спяваюць:

У нас сёння Масленіца,

Прыляцела ластавіца,

Села-пала на жэрдачку,

Шчабятала вестачку.

Бліны – галоўны пачастунак на Масленіцу, таму што яны вельмі падобныя да сонца, якому людзі вельмі рады пасля зімы. Спявалі многа песень, каталіся з горкі на санках, каб «доўгім рос лён», на тройках коней.

На Полаччыне адрадзілася старажытнае народнае свята «Гуканне вясны». Пачынаецца яно 14 сакавіка:

Благаславі, маці,

Вясну заклікаці,

Вясну заклікаці, зіму замыкаці.

Зіму можна ў каморку,

Вясну-красну на вуліцу.

На ціхае лета, на буйнае жыта.

У поўдзень моладзь збіралася гуртам і ішла за ваколіцу. Выбіралася высокае месца, таму што яно першае вызвалялася з-пад снегу, падсыхала, адсюль далёка было відаць, а песні-гуканні даносіліся аж да суседніх вёсак:

Ой, выйдзем на горку

Ды паклічам Бога

Адамкнуць зямліцу,

Выпусціць расіцу.

Хлопцы збіралі з усёй вёскі ўсялякую старызну: лапці-стопкі, старыя калёсы, бароны – зносілі ў адно месца і распальвалі вогнішча. Тым самым яны палілі надакучыўшую зіму, ачышчалі зямлю. Дзяўчаты зачыналі песні-гуканні, асноўны змест якіх: замыканне зімы і адмыканне вясны.

Своеасаблівым працягам сустрэчы вясны быў дзень 22 сакавіка, калі адзначаліся Саракі. Меркавалася, што да гэтага дня з далёкіх краёў дадому вяртаецца 40 выраяў. Жанчыны выпякалі з цеста сорак галушак або піражкоў у выглядзе птушак. Дзеці бегалі па вёсцы, трымалі галушкі высока ў руцэ, або нанізвалі іх на пруток, залазілі на страху і спявалі:

Ой ты, вясна, ты красна,

Што ты, вясна, прынесла?

Прынясла траву-расіцу,

А на дзеваняк красіцу.

Ой ты, вясна, ты красна,

Што ты, вясна, прынесла?

Маладухам па сыночку,

А старым людзям па пянёчку,

Малым дзеткам па яйку,

Красным дзеўкам па вянку.

Увечары рытуальнае печыва трэба было з'есці.

Купальскія і жніўныя песні звычайна складаюць аснову летняга каляндарнага цыкла. Яны вабяць сваімі паэтычна ўзнёслымі малюнкамі роднай прыроды, сялянскай працы, вечна жывой марай народа аб шчасці, дабрабыце. Вось якія купальскія песні пяюць у в. Багатырская:

Купала, Купала, дзе ты прабывала?

У Полацку на рынку таргі таргавала.

Таргі таргавала, у таткі купляла,

У таткі купляла – свёкру прадавала.

У таткі за капейку, свёкру за сто рублёў.

Пятрова ночка невялічка, ой-то, ой-то.

Я й малада ноч не спала, ой-то, ой-то.

Шаўковы шнуры сучыла, ой-то, ой-то.

Я й таму сялу прадавала, ой-то, ой-то.

Свайму мілому прадавала, ой-то, ой-то.

А вось купальская песня, якая нарадзілася на Ветрыншчыне:

Ішла Купала сялом, сялом.

Сказала дзеўкам: «Здароў, здароў».

Дзеўкі Купалу не спазналі,

Купалцы «здраствуй» не сказалі.

Купальскія і жніўныя песні вабяць не толькі зместам, паэзіяй, але і добрымі мелодыямі і арыгінальнай, своеасаблівай на Полаччыне, манерай выканання, калі адну і тую ж музычную фразу па чарзе выконваюць некалькі груп спявачак. Менавіта так выконвалі гэтыя песні Л. Д. Ганзулёва, М .П. Пракапенка, М. Н. Тумашова, В. У. Пісюкова з вёсак Сякераўшчына і Чаромушкіна, П. Драздова, М. А. Драздова, Е. Я. Бурдзенка, Е. А. Валькова, Т. I. Барсукова з вёсак Дразды і Пазнякова.

Галоўнай захавальніцай фальклорнай паэтычнай спадчыны Полаччыны па праве лічылася Я. Я. Драздова з в. Багатырская, бо столькі песень, прыпевак, вершаваных народных выказванняў не ведаў, мабыць, ніхто. Памятае і многія дзедаўскія звычаі. У 82 гады яна спявала сваім высокім, на дзіва чыстым і моцным голасам беларускія народныя песні.

У вёсках Полаччыны захаваліся народна-бытавыя формы вяселля, але ж у параўнанні з пачаткам XX стагоддзя яны моцна трансфармаваліся.

У сучасным вяселлі прысутнічаюць традыцыйныя персанажы – сват са сваццяй, сябры маладых (шаферы, дружкі і інш.). Асаблівую цікавасць заўсёды выклікаюць жартоўныя выкупы – выкуп месца за сталом для жаніха, выкуп варот і г. д. Цэнтральны момант сучаснага вяселля, таксама як і старадаўняга, – дзяленне каравая, адорванне маладых. На традыцыйным вяселлі гэты рытуал быў самым відовішчным, маляўнічым. Выпечка каравая суправаджалася спецыяльнымі каравайнымі песнямі. Каравай, паводле народных уяўленняў, – сімвал урадлівасці. Дзялілі яго з жартамі, гумарам, пажаданнямі маладым і іх бацькам здароўя, дабрабыту, працавітасці і г. д. Добрыя народныя традыцыі працягваюцца і ў нашы дні, хоць у асобных выпадках мае месца іх скажэнне.

У в. Астроўшчына В. К. Семянец расказвала, як праходзілі заручыны: каб ажаніць сына, бацькі прыглядаліся да дзяўчат. Калі якая была даспадобы, казалі сыну, што пара ісці ў сваты. 3 жаданнем сына амаль не лічыліся. У сваты ішлі бацька, маці, сын, сват, свацця, а таксама жанатыя браты і швагры. Сватоў бралі кемлівых, вострых на язык. Хадзілі ў сваты звычайна ў суботу, позна ўвечары, каб ніхто не бачыў. 3 сабой бралі гарэлку. Заходзілі ў хату, дзе жыве дзяўчына, і прасілі дазволу адпачыць з дарогі. Старэйшы сват казаў, што яны ходзяць цялушку шукаюць. Пытаўся, ці ёсць у іх і ці будуць прадаваць. Бацька дзяўчыны адказваў, што ёсць, што калі ўпадабаеце, то можа і старгуемся. Пачынаўся торг.

Выводзілі, паказвалі дзяўчыну. Калі прыходзілі да згоды, гулялі заручыны. Маці маладой пачынала рыхтаваць стол. Дзяўчына збірала сваіх сваякоў. Садзіліся за стол, распівалі барыш. Гарэлку ставілі з абодвух бакоў. Дагаворваліся, калі гуляць вяселле, што даць дзяўчыне ў пасаг. Маці маладой вешала сватам наметкі, гэта маглі быць і адрэзы тканіны.

На заручынах спявалі вясельныя песні:

Кацілася зараначка з узгор'я,

Прасілася маладая Олечка з застолля:

– Пусці глядзець татулькава падвор'е,

Пусці слухаць, як музыкі граюць,

Пусці глядзець, як дзевачкі гуляюць.

– Была табе нядзелечка павольна,

Было глядзець татулькава падвор'е.

Вясельныя песні палатоўскіх сялян беражліва захавала памяць Н. Т. Храноўскай. Гэта яна перадала старажытныя спевы членам клуба «Спадчына».

Нам сягодні заручанькі Божа даў.

А заўтра для іх спякем бальшой каравай.

Знясем, звязем сем пудоў мукі, сто яец.

Будзець наша Кацечка на часовы стол лажыці.

Будзе яна ўсёй радзіне дзяліці.

Нешчаслівая гадзіна,

Нежаласлівая радзіна.

Проціў ночанькі вон ганяць

I дарожанькі не ўкажуць.

Адзін брацютка добры быў.

Ён дарожаньку ўказаў,

Вот табе, сястрыца, дарога –

Да свякроўкіна парога.

Вось табе, сястрыца, другая –

Да свякроўкіна Дуная.

А вось вясельная песня, запісаная са слоў Г. В. Васьковіч у в. Касары ў 1964 годзе.

Кукуе зязюля ў садочку,

Прыклала галоўку к лісточку.

Ой рана-раненька ў садочку.

Мне ў гэтым садочку не быці,

3 лісточка вадзіцы не піці.

Плакала дзевачка ў святліцы,

Прыкланя галоўку к сястрыцы.

Ой, рана-раненька к сястрыцы.

Мне ў гэтай святліцы не быці,

3 табою, сястрыца, не жыці.

Ой, рана-раненька не жыці.

Калісьці, дзясяткі гадоў назад, гэтыя жалобныя спевы былі звыклымі для полацкіх сялян. Сёння яны зусім бы забыліся, калі б не ўдзельнікі фальклорных калектываў Вароніцкага, Багатырскага сельскіх клубаў, якія аднавілі паэтыку напаўзабытага абраду.

Захавальнікамі неацэннага фальклорнага скарбу з'яўляюцца В. I. Марыненка, М. У. Трошына, М. В. Пыхтова з в. Зялёнкі, Ю. С. Гурэцкая з в. Сухі Бор, Л. Г. Быкоўская, Л. Ф. Перапечкіна, Е. П. Пашкевіч з в. Лукаўцы, А. А. Стрыкелева з в. Копавішча, А. Б. Булаўская з в. Заенкі, М. С. Жолудзева, А. А. Кулага з в. Азіна, В. У. Пісюкова з в. Багатырская, Г. I. Мартынава з в. Юравічы, Н. I. Кармалыс з в. Мураўшчына, Г. М. Крупская з в. Блізніца.

3 сямейна-абрадавага цыкла на Полаччыне захаваліся хрэсьбіны (або радзіны). На хрэсьбіны амаль што не запрашалі загадзя. Прыходзілі ў асноўным людзі старэйшага ўзросту ці жанчыны, у якіх ужо ёсць дзеці. Жонцы можна было ісці без мужа. Абавязкова павінна была прысутнічаць бабка. Яна прыходзіла са сваёй «бабінай кашай». Гаршчочак з кашай трэба было разбіць, і зрабіць гэта павінен быў кум. На які бок каша больш нахіналася (вывальвалася з разбітых чарапоў), з таго боку бабка пачынала частаваць гасцей кашай і браць за гэта грошы. Бацькі дзіцяці павінны былі адарыць бабку «за кашу». Існаваў абрад збору «на мыла». Для кожнага з гасцей спявалася песня. У в. Ухвішча, напрыклад, была запісана такая:

Цераз сеначкі, цераз сеначкі

ды ў істопачку,

Ай, ходзіць, стогніць млода Галечка.

(два разы)

Ой, просіць мілога яна свайго.

(два разы)

Ой, бяжы скарэй, ой бяжы скарэй за бабулечкай

I не кажы ты ёй нічагусенькі.

Толькі пацісні яе за праву ручаньку.

Наша бабулька, наша бабулька

дагадалася,

Ой, дагадалася.

Ай, бяжыць, ай бяжыць яна босая,

проставалосая.

Ай, просіць яна, спасі, Госпадзі, да дзве

душанькі.

(два разы)

Адну душаньку, адну душаньку

да й радзіначку,

Другую душаньку, другую душаньку – дзетку малую.

(два разы)

Абрад хрэсьбін папулярны таксама ў вёсках Экімань, Беразянец, Ухвішча, Багатырская, г. п. Ветрына і іншых.

Пахавальна-памінальны абрад, што звязаны з даўнім культам памерлых і больш познімі царкоўна-хрысціянскімі напластаваннямі, найбольш кансерватыўны, ён змяшчае шмат элементаў традыцыйнай абраднасці: кветкі, вянкі, жалобную працэсію, развітальнае слова, кіданне жменькі зямлі ў магілу, галашэнні, памінкі.

У апошнія гады атрымаў распаўсюджанне новы грамадзянскі абрад – Дзень памяці, які склаўся на аснове старадаўняга славянскага звычаю ўшанавання памяці памерлых. Звычайна на Полаччыне Дні памяці адбываюцца вясной і ўвосень.

У некаторых вёсках існуюць каляндарна-аграрныя святы: «Свята першай баразны» – праслаўленне працы аратага і карміцелькі-зямлі, праверка гатоўнасці хлебаробаў і тэхнікі да выхаду ў поле, «Свята першага снапа», «Свята ўраджаю», кірмашы.

 

ЛІТАРАТУРА

1. Бальшакова, А. Ідзе Каляда, калядуючы... / А. Бальшакова // Полацкі веснік. – 2016. – 8 студз. – С. 1, 3.

2. Весялуха, М. «Бярыце наша народжанае, а прывязіце – хрышчонае» / М. Весялуха // Звязда. – 2016. – 18 лістап. – С. 5.

3. Весялуха, М. «Прывезлі нявесту, як сонца...» / М. Весялуха // Звязда. – 2016. – 14 кастр. – С. 5.

4. Гавяйновіч, В. Іграй, гармонік! / В. Гавяйновіч // Полацкі веснік. – 2008. – 10 чэрв. – С. 5.

5. Гучыць гармонік звонкі над роднаю старонкай! / падрыхт. С. Чаркоўская // Полацкі веснік. – 2012. – 15 чэрв. – С. 11.

6. Красько Г. А. Аграрная магія ў сістэме валачобнай абраднасці беларусаў Падзвіння ў XIX – пачатку XX стагоддзя / Г. А. Красько // Труды молодых специалистов Полоцкого государственного университета / Министерство образования Республики Беларусь, Полоцкий государственный университет ; редкол.: Д. Н. Лазовский [и др.]. – Новополоцк, 2009. – Вып. 34 : Гуманитарные науки. – С. 62–64.

7. Крук, В. Сяргей і Вольга Сахаравы: невядомыя імёны ? / В. Крук // Полацкi веснік. – 2005. – 11 кастр. – С. 3.

8. Малашэня, Л. Мантулы па-блізніцку / Л. Малашэня // Витебские вести. – 2018. – 27 марта. – С. 4.

9. Малашэня, Л. «Полацкі сшытак»: фэст вялікіх магчымасцяў / Л. Малашэня // Народнае слова. – 2010. – 25 лют. – С. 2.

10. Малашэня, Л. Як матчын шэпт на вуха / Л. Малашэня // Народнае слова. – 2007. – 24 сак. – С. 4–5.

11. Малашэня, Л. Як у Завозер'і бярозку завівалі / Л. Малашэня // Витебские вести. – 2016. – 23 июня. – С. 19.

12. Марозава, В. А ў нас Кузьмінкі / В. Марозава // Полацкі веснік. – 2016. – 18 кастр. – С. 5.

13. Хутарная, Т. Скарбы зямлі полацкай / Т. Хутарная // Полацкі веснік. – 1999. – 18 мая. – С. 2.

14. Яско, А. Запрашаем на раўгеню / А. Яско // Сельская газета. – 2017. – 11 апр. – С. 11.